Вялікі кулён
Вялікі кулён | |
Клясыфікацыя | |
---|---|
Царства | Жывёлы |
Тып | Хордавыя |
Кляса | Птушкі |
Атрад | Сеўцападобныя |
Сямейства | Бакасавыя |
Род | Кулёны |
Від | Вялікі кулён |
Бінамінальная намэнклятура | |
Numenius arquata (L., 1758) | |
Арэал | |
Гнездаваньне Сустракаецца | |
Вялікі кулён (Краншнэп[1]; па-лацінску: Numenius arquata) — від птушак зь сямейства бакасавых. За апошнія дзесяцігодзьдзі колькасьць птушкі ў Эўропе ўстойліва памяншаецца. У 2008 годзе вялікі кулён атрымаў ахоўны статус Міжнароднага саюзу аховы прыроды і прыродных багацьцяў.
Апісаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікі кулён мае памеры ад 50 да 60 см і важыць ад 575 да 1000 г[2]. Размах крылаў складае ад 80 да 100 см. Характэрнай рысай віду зьяўляецца доўгая і выгнутая ўніз дзюба. Саміца зазвычай крыху буйнейшая за самца, а ейная дзюба яшчэ больш доўгая і выгнутая. Ногі доўгія з шырока расстаўленымі пальцамі, што дазваляе птушцы спакойна вандраваць па вільготных мясьцінах. Афарбоўка вялікага кулёна хутчэй сьціплая, апярэньне вар’юецца ад бэжава-карычневага да шэра-карычневага з разнастайнымі палоскамі і крапінкамі.
Распаўсюджаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гняздуюць у багністых і іншых вільготных мясцовасьцях. Узімку яны пражываюць ля ўзьбярэжжаў, у глыбіні матэрыка — на лугох і поймах.
Асноўны арэал — Паўночная і Цэнтральная Эўропа, а таксама Брытанскія выспы. У зімовы час гэтыя птушкі зьдзяйсьняюць пералёты на ўзьбярэжжы Заходняй і Паўднёвай Эўропы. Сустракаюцца таксама ў вялікай частцы Азіі, іхні арэал даходзіць да Байкалу і Маньчжурыі на ўсходзе і Кыргыстану на поўдні.
Харчаваньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Харчуюцца казуркамі, чарвякамі і малюскамі, якіх яны падбіраюць з зямлі сваёй доўгай дзюбай. Пры гэтым яны ўжываюць дзюбу таксама ў якасьці пінцэту, каб дастаць сьлімакоў ці ракушкі зь іхніх цьвёрдых абалонак.
Размнажэньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гнёзды будуюць адкрыта на зямлі, на купіне травы або асакі, якая выступае з вады. У пляскатых заглыбленьнях робяць высьцілку з сухое травы або асакі і пер’я. Гнёзды лёгка даступныя для драпежнікаў з-за свайго наземнага разьмяшчэньня.
У кладцы зазвычай чатыры яйкі. Вельмі рэдка сустракаюцца кладкі з трох або пяці яек. Першыя кладкі зьяўляюцца ў апошняй дэкадзе красавіка. На працягу 28—30 дзён бацькі па чарзе грэюць яйкі. Пры зьяўленьні небясьпекі (заўважвае набліжэньне чалавека за некалькі сотняў мэтраў) птушка пакідае гняздо, адходзіць на бясьпечную адлегласьць і ўзьлятае. Актыўна атакуе ў паветры варонаў, крумкачоў і драпежных птушак, якія залятаюць на тэрыторыю калёніі.
Птушаняты па вылупленьні адразу пачынаюць бегаць і шукаць казурак і чарвякоў.
На Беларусі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Колькасьць вялікага кулёна складае каля 950—1200 параў на гнездаваньні. У ліпені-жніўні адлятае ў вырай: у больш цёплыя мясьціны Заходняе Эўропы, басэйн Міжземнага і Касьпійскага мораў.
Грамадзкая арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» абрала вялікага кулёна птушкай 2011 году.
Гэты від занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь і ахоўваецца законам. |
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Кулоны // БЭ. — Мн.: 1999 Т. 9. — С. 8.
- ^ Нікіфараў М. Вялікі кулон Чырвоная кніга Беларусі Праверана 31 жніўня 2024 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Сяргей Куркач. Даўгадзюбы вялікі кулён стаў беларускай птушкай году-2011 // «Звязда» №4 (26868) 11 студзеня 2011
- Птицы Белоруссии: Справочник-определитель гнёзд и яиц / М. Е. Никифоров, Б. В. Яминский, Л. П. Шкляров. — Мн.: Выш. шк., 1989. — 479 с. — 15 000 ас. — ISBN 5-339-00209-8
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Numenius arquata — таксанамічная інфармацыя