Сялянства

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Сяля́нства (селянін — жыхар сяла) — стан непасрэдных вытворцаў, якія вядуць сельскую гаспадарку сіламі сваёй сям’і, уласнымі прыладамі і цяглавай сілай на сваёй або арандаванай зямлі. Склалася на аснове аддзяленьня рамяства ад земляробства пры распадзе першабытнага грамадзтва і ўсталяваньні прыватнай уласнасьці(en) на сродкі вытворчасьці. Мае ўласьцівыя душэўныя рысы: прыхільнасьць да традыцыі ў вытворчасьці, побыце і сьвядомасьці; схільнасьць да мясцовай замкнёнасьці. Складала асноўную частку насельніцтва і істотна ўплывала на разьвіцьцё сельскагаспадарчага(en) грамадзтва дакапіталістычнага і раньнекапіталістычнага часу. З разьвіцьцём вытворчых сілаў пры грамадзкім падзеле працы(en) бярэ ўдзел у таварна-грашовых дачыненьнях і зазнае маёмаснае расслаеньне. У значнай ступені з уласнага асяродзьдзя ўтварыла гарадзкі слой наёмных работнікаў і прадпрымальнікаў. Са Старажытнасьці мае маёмасна-ўладныя супярэчнасьці зь землеўладальнікамі ў сувязі з адасобленасьцю землекарыстаньня(en). З узьнікненьнем дзяржавы вырашэньне гэтых супярэчнасьцяў ажыцьцяўляецца шляхам сельскагаспадарчай рэформы(en)[1].

У прамысловым грамадзтве(en) ва ўмовах разьвітога рынку зьяўляецца малалікім слоем (у 1990-я гг. сельская гаспадарка забясьпечвала занятасьць 1,2% працаздольнага насельніцтва Брытаніі, 4% — Нідэрляндаў і 6% — Нямеччыны). Пры памяншэньні дзелі ў насельніцтве сялянства замяняе пераважна натуральнае(en) (звычаёвае) гаспадараньне на чыста таварнае (фэрмэрскае, капіталістычнае), скіраванае выключна на збыт. У разьвіцьцёвых краінах(en) найчасьцей складае большую частку задзейнічанага ў гаспадарцы насельніцтва(en) (у 1990 гг.: Кенія — каля 80%, Індыя — 65%, Кітай — 60%). Пры распадзе пазямельнай грамады яднае свае гаспадаркі пры дапамозе каапэрацыі. У СССР каапэраваньне падмянялася прымусовай калектывізацыяй. У выніку індустрыялізацыі(en) дзель сельскага насельніцтва СССР скарацілася да 34% на 1987 год[1].

Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сялянства склалася ў Беларусі ў канцы 1-га — пачатку 2-га тысячагодзьдзя ад нараджэньня Хрыстова. За часам фэадалізму было адным з 2 асноўных станаў грамадзтва поруч з фэадаламі. У Вялікім Княстве Літоўскім, куды Беларусь уваходзіла з 13—14 стагодзьдзяў, знаходзілася ў маёмасна-прававой залежнасьці ад ураду, шляхты і цэркваў у сувязі з карыстаньнем іх зямлёй за выкананьне павіннасьцяў (аброк, пашчына і чынш). Цягам 15—16 стагодзьдзяў замацаваньне прыгоннага права(en) ператварыла ў рознай ступені залежнае ад фэадалаў сялянства (айчызныя людзі, дваровыя сяляне, закупы(uk), каланыя, пахожыя людзі(ru)) у адзіны прыгонны стан, які на справе апынуўся ва ўласнасьці фэадалаў. У апошняй чвэрці 18 ст. шляхта валодала 65% сялянскіх гаспадарак, урад — 24,6%, цэрквы — 10,4%[1].

У Расейскай імпэрыі, куды Беларусь увайшла ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай (1772—1795), прыгоннае права скасавалі паводле сялянскай рэформы 1861 году. У выніку пачалося маёмаснае расслаеньне сялянства на кулацтва і безьзямельных батракоў. Паводле перапісу 1897 году(en), дзель сельскага насельніцтва ў Беларусі склала 86,5% (5774 тыс.). Пасьля Кастрычніцкага перавароту 1917 году бальшавіцкі ўрад разьмеркаваў частку адабранай у памешчыкаў зямлі сярод без- і малазямельнага сялянства. Калектывізацыя 1930 — пачатку 1950-х гг. суправаджалася раскулачваньнем(en) (расьсяляньваньнем) і пазбавіла сялянства асабістай уласнасьці на зямлю. У выніку індустрыялізаваньня і ўрбанізаваньня сельскае насельніцтва (калгасьнікі і работнікі саўгасаў) пасьлядоўна скарачалася: 1939 г. — 7057 тыс. (79,2%), 1959 г. — 5575 тыс. (69,2%), 1979 г. — 4297 тыс. (44,9%), 1999 г. — 3084 тыс. (30,7%)[1].

Зь сялянства паходзіць большасьць сучаснага гарадзкога насельніцтва (інтэлігенцыя, работнікі і службоўцы). Ад часу аднаўленьня незалежнасьці Беларусі 25 жніўня 1991 году калгасы і саўгасы ператвараюцца ў долевыя прадпрыемствы (акцыянэрнае таварыства і каапэратыў) паводле ўмоваў рынкавай гаспадаркі, што надалей скарачае занятасьць на іх. Утвараецца слой індывідуальных прадпрымальнікаў (фэрмэрства), якія наймаюць работнікаў[1].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г д Міхаіл Нікіцін. Сялянства // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2002. — Т. 15. — С. 341-342. — 552 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0251-2