Мікалай Радзівіл «Руды»
Партрэт Мікалая Радзівіла «Рудога», XVII ст. | |
Герб «Трубы» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 1512 Нясьвіж |
Памёр | 27 красавіка 1584 Вільня |
Пахаваны | |
Род | Радзівілы |
Бацькі | Юры Радзівіл Барбара з Колаў |
Жонка | Кацярына з Івінскіх |
Дзеці | Мікалай, Крыштап |
Дзейнасьць | дыплямат, палітык |
Мікалай Радзівіл (мянушка «Руды»; 1512, Нясьвіж — 27 красавіка 1584, Вільня) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Падчашы вялікі літоўскі (1544—1551), лоўчы вялікі літоўскі (1546—1554), ваявода троцкі (1550—1566) і віленскі (1566—1579), гетман (1553—1566 і з 1577) і канцлер вялікі літоўскі (1566—1579).
Па сьмерці бацькі (1541) атрымаў вялікую спадчыну, у тым ліку Біржы, Жупраны, Дубінкі і дзясяткі іншых маёнткаў. За заслугі перад радзімай быў узнагароджаны местамі Барысавам, Лідай, Мазыром, Ашмянамі, Койданавам і іншымі тэрыторыямі. Князь Сьвятой Рымскай Імпэрыі на Біржах і Дубінках (1574).
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Зь біржанска-дубінкаўскай лініі роду Радзівілаў, сын Юрыя «Геркулеса», гетмана вялікага літоўскага, і Барбары з Колаў. Меў сястру Барбару і стрыечнага брата Мікалая «Чорнага».
Атрымаў хатнюю адукацыю, ведаў беларускую[1], польскую і лацінскую мовы.
Браў удзел у вайне з Маскоўскай дзяржавай (1534—1537 гады), у тым ліку ў аблозе Старадуба (1535 год).
Значна павялічыў свой уплыў у дзяржаве ў выніку шлюбу сястры Барбары зь вялікім князем Жыгімонтам Аўгустам (1547 год). У 1549 годзе атрымаў правы вялікакняскага намесьніка з рэзыдэнцыяй у Вільні. Дзеяў разам з стрыечным братам Мікалаем «Чорным».
З 1561 году браў удзел у Інфлянцкай вайне. Камандаваў войскам Вялікага Княства ў пераможнай бітве на рацэ Уле (1564 год).
Быў супраціўнікам Люблінскай уніі і прыхільнікам захаваньня самастойнасьці Вялікага Княства Літоўскага ў складзе саюзнай дзяржавы Рэчы Паспалітай. Даводзіў каралю: «Якая ж гэта будзе унія Літвы з Польшчай, калі ад Літвы адарвалі шмат рэгіёнаў дэкрэтамі. Пасьля гэтага можна сказаць, што Літвы больш не існуе, а разам з гэтым і нейкай уніі». Ад’язджаючы з Кракава пасьля таго, як скончыліся перамовы, з болем і горыччу сказаў: «Нават вораг падчас перамір’я не парушае ўласнасьці, а нас, жывучых у вечным міры і братэрстве з вамі, вы, палякі, пазбавілі гэтага права. Справядлівасьці на зямлі мала! Але Бог такой няпраўды з намі не прапусціць: рана альбо позна, але расплата будзе!»[2]. У далейшым на Люблінскі сойм не паехаў і не падпісаў акту ўніі[1].
У часе кампаніі Стэфана Баторыя падтрымаў новага гаспадара. Узяў Вэндэн і Вялікія Лукі, браў удзел у аблозе Пскова.
Адным зь першых сярод уплывовых магнатаў прыняў кальвінізм, істотна паўплываў на пашырэньне і прапаганду рэфармацыйных ідэяў. Заснаваў найвышэйшую школу для кальвінісцкай моладзі. Шмат вядомых палітычных і рэлігійных дзеячоў прысьвяцілі яму свае творы. Нават пісьменьнікі-каталікі славілі яго за перамогу пад Вулай.
У шлюбе з Кацярынай Івінскай меў сыноў Мікалая і Крыштапа.
Памёр у Вільні ў 1584 годзе. Спачыў у Дубінках у кальвінскім зборы.
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
З Амбраскай калекцыі дасьпехаў, 1601 г.
-
Невядомы мастак, XVII ст.
-
Невядомы мастак, 1721 г.
-
Г. Ляйбовіч, 1758 г.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Грыцкевіч А. Радзівіл Мікалай // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 493.
- ^ Шышыгіна-Патоцкая К. Нясвіж і Радзівілы. — Менск: «Беларусь», 2007. [1]
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — 591 с. — ISBN 985-11-0214-8
- Шышыгіна-Патоцкая К. Нясвіж і Радзівілы. — Менск: «Беларусь», 2007. — 240 с.: іл. ІSBN 978-985-01-0740-4.
- Нарадзіліся ў 1512 годзе
- Памерлі 27 красавіка
- Памерлі ў 1584 годзе
- Пахаваныя ў Летуве
- Канцлеры вялікія літоўскія
- Гетманы вялікія літоўскія
- Ваяводы віленскія
- Нарадзіліся ў Нясьвіжы
- Радзівілы
- Лоўчыя вялікія літоўскія
- Падчашыі вялікія літоўскія
- Князі Сьвятой Рымскай імпэрыі (Рэч Паспалітая)
- Сьвецкія сэнатары Рэчы Паспалітай
- Памерлі ў Вільні
- Старосты ашмянскія
- Старосты барысаўскія
- Старосты лідзкія
- Старосты мазырскія
- Ваяводы троцкія
- Кальвіністы Вялікага Княства Літоўскага