Перайсьці да зьместу

Круглае

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта састарэлая вэрсія гэтай старонкі, захаваная ўдзельнікам Red Winged Duck (гутаркі | унёсак) у 14:31, 30 лістапада 2018. Яна можа істотна адрозьнівацца ад цяперашняй вэрсіі.
Круглае
трансьліт. Kruhlaje
Новая Траецкая царква
Новая Траецкая царква
Герб Круглага Сьцяг Круглага
Першыя згадкі: 1524
Горад з: 2017
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Магілёўская
Раён: Круглянскі
Вышыня: 175 м н. у. м.
Насельніцтва: 7648 чал. (2018)[1]
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2234
Паштовы індэкс: 213188
СААТА: 7242501000
Нумарны знак: 6
Геаграфічныя каардынаты: 54°14′52.57″ пн. ш. 29°47′47.90″ у. д. / 54.2479361° пн. ш. 29.7966389° у. д. / 54.2479361; 29.7966389Каардынаты: 54°14′52.57″ пн. ш. 29°47′47.90″ у. д. / 54.2479361° пн. ш. 29.7966389° у. д. / 54.2479361; 29.7966389
Круглае на мапе Беларусі ±
Круглае
Круглае
Круглае
Круглае
Круглае
Круглае
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Кру́глае — места ў Беларусі, на рацэ Друці. Адміністрацыйны цэнтар Круглянскага раёну Магілёўскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 7648 чалавек[1]. Знаходзіцца за 78 км на паўночны захад ад Магілёва, за 19 км ад чыгуначнай станцыі Талачын (лінія Ворша — Менск). Вузел аўтамабільных дарог на Магілёў, Воршу, Шклоў, Талачын, Бялынічы.

Круглае — даўняе мястэчка гістарычнай Аршаншчыны (частка Віцебшчыны).

Гісторыя

Вялікае Княства Літоўскае

Першы пісьмовы ўпамін пра Круглае як вёску Аршанскага павету Віцебскага ваяводзтва датуецца 1524 годам. У гэты час маёнтак знаходзіўся ў валоданьні Палубінскіх[2]. У 2-й палове XVI ст. Круглае перайшло да Нарушэвічаў, пазьней Дэмбінскіх, Расьцінскіх, Ломскіх. У 1621 году Юры Ломскі прадаў яго канцлеру Льву Сапегу. У 1667 годзе маёнтак перайшоў да князя Аляксандра Палубінскага.

Паводле інвэнтароў, складзеных у 1669 і 1673 гадох, Круглае мела статус мястэчка і налічвала 72 двары. Па сьмерці А. Палубінскага ў 1679 годзе маёнтак перайшоў да Яны Тэадоры Нарушэвіч, якая ўзяла другі шлюб зь Янам Агінскім. У XVIII ст. мястэчка належала іхным нашчадкам. На 1743 год — 60 двароў.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

Паштовая станцыя

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Круглае апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Магілёўскім павеце Магілёўскай губэрні. Мястэчка знаходзілася ў валоданьні К. Дашкавай і налічвала 41 двор; тут працавалі броварны завод і палатняная фабрыка. На 1785 год — 86 двароў, дзейнічалі 2 царквы, працавалі 2 млыны, сукнавальня, вінакурны завод і мураваная крама. У вайну 1812 году ў Круглым месьцілася галоўная кватэра расейскіх войскаў на чале з М. Кутузавым. У 1834 годзе ў мястэчку пачала працаваць гарбарня, у 1852 годзе — яшчэ адна.

На 1846 годзе ў мястэчку Кругае было 76 двароў, таксама існаваў аднайменны фальварак. На 1880 год — 119 будынкаў, дзейнічала царква, працавалі народная вучэльня, жыдоўская школа і 3 млыны, штогод праводзіліся 3 кірмашы. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у мястэчку было 185 двароў, дзейнічала царква і юдэйская малітоўная школа, працавалі народная вучэльня, царкоўнапрыходзкая школа, 2 вадзяныя млыны, крападзёрка, сукнавальня, 15 крамаў і заезны двор; у фальварку — 2 двары, працавалі крухмальны завод і млын. У 1913 годзе ў мястэчку было 193 двары, працавалі скарбовая вінная крама і лячэбны пакой. Праз Круглае праходзіў паштовы тракт з Талачына ў Магілёў, працавала паштовая станцыя, якая ў 1914 годзе мела 10 коней.

Найноўшы час

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Круглае абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яно ўвайшло ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Круглае вярнулі БССР, дзе яно стала цэнтрам раёну (у 1931—1935 гадох уваходзіла ў склад Талачынскага раёну, у 1959—1966 гадох — Бялыніцкага раёну). У 1925 годзе статус паселішча панізілі да вёскі, у гэты час тут было 250 двароў. У Другую сусьветную вайну з 8 ліпеня 1941 да 28 чэрвеня 1944 году вёска знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.

11 сакавіка 1967 году Круглае атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу. 25 студзеня 2002 году афіцыйна зацьвердзілі местачковы герб. 19 сьнежня 2016 году ўлады Магілёўскай вобласьці пастанавілі надаць Кругламу статус места[3], рашэньне набыло сілу 17 студзеня 2017 году[4].

Насельніцтва

Дэмаграфія

  • XVIII стагодзьдзе: каля 1751 году — 328 чал.[5]; 1784 год — 462 чал.; 1785 год — 590 чал.
  • XIX стагодзьдзе: 1846 год — 483 прыгонныя ў мястэчку Круглым і 21 радзіна ў фальварку Круглым; 1880 год — 528 чал.; 1897 год — 1366 чал. у мястэчку Круглым і 53 чал. у фальварку Круглым[6]
  • XX стагодзьдзе: 1909 год — 1302 чал.[7]; 1923 год — 1622 чал.; 1925 год — 1344 чал.; 1997 год — 8,1 тыс. чал.[8]; 1998 год — 8,1 тыс. чал.[9]
  • XXI стагодзьдзе: 2006 год — 7,3 тыс. чал.; 2008 год — 7,2 тыс. чал.[10]; 1 студзеня 2009 году — 7,3 тыс. чал.; 2009 год — 7529 чал.[11] (перапіс); 2016 год — 7620 чал.[12]; 2017 год — 7617 чал.[13]; 2018 год — 7648 чал.[1]

Рэлігія

Мэмарыяльны камень

У Круглым дзейнічаюць царква Сьвятой Тройцы і касьцёл Сьвятога Язэпа.

Адукацыя

У Круглым працуюць сярэдняя школа, школа-інтэрнат, 5 дашкольных установаў.

Мэдыцына

Мэдычнае абслугоўваньне ажыцьцяўляе лякарня.

Культура

Крама

Дзейнічаюць дом культуры, 2 бібліятэкі, моладзевы цэнтар, дом рамёстваў.

У мястэчку выдаецца раённая газэта «Сельскае жыцьцё».

Забудова

У паваенны час у Круглым будаваліся пераважна драўляныя дамы сядзібнага тыпу. Мястэчка разьвіваецца паводле генэральнага пляну 1975 году і праекту дэталёвага плянаваньня, у аснову якіх закладаўся прынцып расчыненьня забудовы ў бок Друці. Жылы масіў канцэнтруецца галоўным чынам у цэнтры і ў паўднёвай частцы мястэчка, узводзяцца чатырох- і пяціпавярховыя дамы. Прамысловая зона сфармавалася ў паўночнай частцы.

Эканоміка

Прадпрыемствы лёгкай і харчовай прамысловасьці. У прамысловай зоне працуюць аддзяленьне Магілёўскага малочнага камбіната, ААТ «Круглянскі льнозавод». У мястэчку разьмяшчаецца камбінат будаўнічых матэрыялаў, ільноапрацоўчы і масларобны заводы.

Турыстычная інфармацыя

Помнік падпольнікам

Інфраструктура

Дзейнічае Круглянскі гістарычна-краязнаўчы музэй. Спыніцца можна ў местачковай гасьцініцы[14].

Славутасьці

  • Помнікі: Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан; Помнік падпольнікам ВАВ.

Страчаная спадчына

  • Могілкі татарскія[15]

Асобы

Крыніцы

  1. ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  2. ^ Грынявецкі В. Круглае // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 147.
  3. ^ Круглае і Бялынічы атрымалі статус гарадоў раённага падпарадкавання, Наша Ніва, 19 сьнежня 2016 г.
  4. ^ «Об отнесении поселков городского типа Белыничи и Круглое Могилевской области к городам районного подчинения». Решение Могилевского областного Совета депутатов от 19 декабря 2016 г. № 24-4 (рас.)
  5. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 6. Кн. 2. — Менск, 2009. С. 309.
  6. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 6. Кн. 2. — Менск, 2009. С. 310.
  7. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 6. Кн. 2. — Менск, 2009. С. 311.
  8. ^ Шчарбатаў А. Круглае // ЭГБ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 262.
  9. ^ БЭ. — Мн.: 1999 Т. 8. С. 481.
  10. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 6. Кн. 2. — Менск, 2009. С. 308.
  11. ^ Перепись населения — 2009. Могилевская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  12. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  13. ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  14. ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
  15. ^ Słownik geograficzny... T. IV. — Warszawa, 1893. S. 724.

Літаратура

Вонкавыя спасылкі

Круглаесховішча мультымэдыйных матэрыялаў