Перайсьці да зьместу

Лёнік Тарасэвіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Лявон Тарасевіч»)
Лёнік Тарасэвіч
Лявон Тарасевіч (2009)
Імя пры нараджэньні Leon Tarasewicz
Дата нараджэньня 14 сакавіка 1957(1957-03-14)[1][2] (68 гадоў)
Месца нараджэньня
Месца вучобы
Занятак маляр, малявальнік, прафэсар унівэрсытэту
Навуковая сфэра інсталяцыя[d] і малярства[3]
Месца працы
Узнагароды

Лё́нік Тарасэ́віч, Лявон Тарасевіч (па-польску: Leon Tarasewicz; нар. 14 сакавіка 1957, вёска Валілы, Беластоцкі павет, Падляскае ваяводзтва, Польшча) — польскі мастак беларускага паходжаньня, прафэсар плястычных мастацтваў (2011)[4].

Скончыў Плястычны ліцэй у Супрасьлі, а ў 1984 годзе аддзяленьне жывапісу ў Акадэміі мастацтваў у Варшаве. Дыплёмную працу выканаў пад кіраўніцтвам Тадэвуша Дамініка.

Ад 1996 году вядзе ў Акадэміі заняткі па жывапісе. Падкрэсьлівае сваё беларускае паходжаньне й бярэ актыўны ўдзел у жыцьці беларускае дыяспары ў Польшчы. Адзін з заснавальнікаў штогадовага беларускага фэсту «Басовішча». Супрацоўнічае з Варшаўскай галерэяй Фоксаль, Познанскай галерэяй Эго, а таксама зь Любельскай галерэяй Белая. Неаднаразова ўдзельнічаў у мастацкіх выставах у Беларусі (IN-FORMATION 95 ды іншыя).

Ёсьць таксама знаным аматарам птушак. Гадуе дэкаратыўных курэй (зьяўляецца суаўтарам кніжкі пра іх), галубоў і бажанаў.

Літаратурная вечарына. Зьлева направа: выступае Сакрат Яновіч, а перакладае Крыстына Мольды. Італія, Рым, двор Блюмэнштыль, 1998 год. Здымак Л. Тарасевіча.

Атрымаў пашпарт газэты «Polityka» ў 2000, узнагароду імя Яна Цыбіса (таксама ў 2000) і ўзнагароду Фундацыі Зоф’і й Ежага Навасельскіх.

У 2007 годзе Тарасевіч атрымаў Вялікую ўзнагароду Фонду культуры за 2006 год «за істотны ўнёсак у клясычны жывапіс і мастацтва ўвогуле» (па-польску: za konsekwentne rzucanie wyzwania zarówno tradycyjnemu rozumieniu malarstwa, jak i wszelkim konwencjom rozumienia sztuki).

17 студзеня 2011 году «за выбітны ўнёсак у нацыянальную культуру Польшчы, за дасягненьні ў галіне мастацкай творчасьці і выкладчыцкай дзейнасьці» атрымаў Крыж кавалерскі ордэна Адраджэньня Польшчы[5] (у частцы беларускамоўных крыніцаў назва перакладзена як «Рыцарскі Крыж ордэна Адраджэньня Польшчы»[6]).

У апублікаваным рэйтынгу 2008 году найдаражэйшых польскіх мастакоў на аўкцыёнах у Польшчы Тарасэвіч займаў 10 пазыцыю: за ягоную карціну, створаную ў 1985 годзе, калекцыянэр заплаціў 150 000 злотых[7] (каля 45 000 эўра). Карціна ня мае назвы і была створаная пад уражаньнем камяністага марскога ўзьбярэжжа ў швэдзкім мястэчку Варнэнас, куды Тарасэвіч быў запрошаны на пленэр улетку 1985 году. У сьпісе найдаражэйшых польскіх мастакоў на замежных аўкцыёнах Тарасевіч таксама займае 10 месца з 44 100 даляраў ЗША за ягоную карціну алеем, створаную ў 1991 годзе[8].

  1. Leon Tarasewicz (нід.)
  2. Leon Tarasewicz // Архіў прыгожых мастацтваў — 2003.
  3. Tarasewicz, Leon // Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
  4. Prezydent wręczył nominacje profesorskie (пол.). prezydent.pl (1 сакавіка 2011). Праверана 2 сакавіка 2011 г.
  5. Prezydent odznaczył ludzi kultury (пол.). prezydent.pl (17 студзеня 2011). Праверана 20 студзеня 2011 г.
  6. Беларускі мастак атрымаў Рыцарскі Крыж ордэна Адраджэньня Польшчы Актуаліі. Budzma.org (18 студзеня 2011). Праверана 20 студзеня 2011 г.
  7. DA Rempex, Warszawa — aukcja sztuki współczesnej // Sztuka.pl (пол.)
  8. Wystawa prac Leona Tarasewicza(недаступная спасылка) // Kultura, Wirtualna Polska (пол.)

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]