Грэск
Грэск лац. Hresk | |
Даўняя камяніца | |
Першыя згадкі: | 1409 |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Менская |
Раён: | Слуцкі |
Сельсавет: | Грэскі |
Вышыня: | 170 м н. у. м. |
Насельніцтва: | 1694 чал. (2010) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 1795 |
Паштовы індэкс: | 223641 |
Нумарны знак: | 5 |
Геаграфічныя каардынаты: | 53°10′8″ пн. ш. 27°29′31″ у. д. / 53.16889° пн. ш. 27.49194° у. д.Каардынаты: 53°10′8″ пн. ш. 27°29′31″ у. д. / 53.16889° пн. ш. 27.49194° у. д. |
± Грэск | |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Грэск[1] — вёска ў Беларусі, на рацэ Саве. Цэнтар сельсавету Слуцкага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 1694 чалавекі. Знаходзіцца за 18 км на поўнач ад места Слуцку, за 20 км ад чыгуначнай станцыі Слуцак, за 90 км ад Менску.
Грэск — даўняе мястэчка гістарычнай Случчыны (частка Наваградчыны), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага.
Назва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У аснове тапоніму Грэск ляжыць тое ж слова, што і ў аснове гідроніму Арэса. Таксама існуе меркаваньне, што назва паселішча ёсьць адным зь сьлядоў Грэнскае культуры на Беларусі[2].
На другім выданьні мапы Вялікага Княства Літоўскага (Амстэрдам, 1613 год) можна пабачыць напісаньне Hresko[3].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Раньнія часы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На месцы Грэску ў VI ст. да н. э. — VII ст. н. э. існавала ўмацаванае валамі і равамі гарадзішча пэрыяду раньняга жалезнага веку[4]. Цяпер яно знаходзіцца ў цэнтры мястэчка, на правым беразе ракі Савы, ува ўрочышчы Замку. Мае статус гістарычна-культурнай каштоўнасьці[5]. У часе архэалягічных раскопак тут знайшлі пласты, у якіх былі прадметы розных эпох: жалезнага веку, старажытнай Русі, а таксама XIV—XVII стагодзьдзяў. У кар’еры Гайку каля Грэску выявілі скамянелыя рэшткі жывых арганізмаў, век якіх большы за 400 мільёнаў гадоў, што стала абгрунтаваньнем сьцьверджаньняў, што раней на Случчыне было мора[6]. Шэраг навукоўцаў лічыць, што менавіта каля Грэску сканчалася г. зв. мора Герадота[7].
Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першы пісьмовы ўпамін пра Грэск датуецца 1409 годам[8] (паводле іншых зьвестак — 1480 годам[9]). У гэты час тут існаваў драўляны замак, быў гасьціны дом[10]. У 1536 годзе мястэчка знаходзілася ў валоданьні каралевы і вялікай княгіні Боны Сфорцы і было цэнтрам войтаўства ў складзе Троцкага ваяводзтва.
4 жніўня 1570 году кароль і вялікі князь Жыгімонт Аўгуст выдаў прывілей на правядзеньне ў Грэску штотыднёвага кірмашу. У дакумэнце вызначалася, што ўсе мыты маюць ісьці ў дзяржаўны скарб. У 1558 годзе мястэчка знаходзілася ў валоданьні Марціна Валадковіча[11], паміж якім і князямі слуцкімі Юрыем і Сямёнам Алелькавічамі вяліся спрэчкі з нагоды захопу апошнмі зямлі ў валоданьнях М. Валадковіча. У 1590 годзе Грэск стаў часткаю Слуцкага княства. У гэты час тут было 68 двароў, існавалі царква, млын і карчма. 3 ліпеня 1593 году кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза перадаў Грэск у леннае валоданьне князю Мікалаю Радзівілу «Сіротку».
У 1600 годзе па ўзяцьці шлюбу Янушам Радзівілам з адзінай спадкаеміцай роду Алелькавічаў князёўнай Соф’яй Алелькавічаўнай Слуцкай Грэск перайшоў у валоданьне Радзівілаў. На 1654 год у мястэчку было 5 двароў, Рынак і 6 вуліц. У 1677 годзе князь Міхал Казімер Радзівіл перадаў маёнтак у закладнае карыстаньне Юрыю Багуславу Отэнгаўзу[12].
У XVIII ст. Грэск знаходзіўся ў складзе Клецкай ардынацыі Радзівілаў. На 1721 год у мястэчку было 69 двароў. У 1765 годзе Юзэф Мікалай Радзівіл перадаў Грэск у закладнае валоданьне графу Антонію Тадэвушу Пшазьдзецкаму[13]. На 1771 год тут было 88 двароў[9].
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Грэск апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам воласьці ў Слуцкім павеце Менскае губэрні. У 1800 годзе расейскія ўлады гвалтоўна адабралі тутэйшую царкву ў Сьвятога Пасаду і перадалі ў валоданьне Маскоўскаму патрыярхату[14].
На 1818 год у Грэск было 93 двары, 6 вуліцаў, штогод праводзіўся кірмаш, на 1832 год — 105 двароў, на 1860 год — 138. У 1870 годзе з мэтай маскалізацыі краю расейскія ўлады адкрылі ў мястэчку народную вучэльню. У 1874 годзе Грэск далучылі да Нясьвіскай ардынацыі згодна з дамоўленасьцю паміж ардынатам клецкім князем Лявонам Радзівілам і ардынатам нясьвіскім князем Антоніем Вільгельмам Радзівілам[15], за што князь Л. Радзівіл атрымаў пажыцьцёвую рэнту ў 30 000 рублёў, а таксама захаваў свае правы на паляваньне ў Грэскай пушчы[16]. У 1876—1881 гадох А. В. Радзівіл збудаваў новы будынак Грэскага лясьніцтва, паляўнічы дом, скляпы і іншыя будынкі[17]. На 1885 год у мястэчку было 122 двары, існавалі школа, царква, 3 ветракі, штогод праводзіўся кірмаш.
У канцы XIX — пачатку XX стагодзьдзяў у Грэску дзеяла невялікая сынагога[18]. У пачатку XX ст. у народнай вучэльні навучаліся 109 хлопцаў і 2 дзяўчыны. На 1909 год у мястэчку было 273 двары.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў Грэску знаходзіўся лекарска-назіральны пункт, дзе даглядаліся расейскія салдаты, хворыя на ўскладнёнае запаленьне лёгкіх і плямісты тыфус цяжкага стану[19]. На 1917 год у мястэчку было 365 двароў. У лютым 1918 году Грэск занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Грэск абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары мястэчка і воласьці атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР[20]. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Грэск увайшоў у склад Беларускай ССР. У жніўні 1919 — ліпені 1920 году, кастрычніку 1920 — лістападзе 1920 году мястэчка займалі польскія войскі. У гэты час Грэск быў цэнтрам гміны, якая 15 верасьня 1919 году разам з Слуцкім паветам увайшла ў склад г. зв. Менскае акругі Грамадзянскага Кіраўніцтва Ўсходніх Земляў міжваеннай Польскай Рэспублікі.
У лістападзе 1920 — сьнежні 1920 году Грэск быў адным з цэнтраў Слуцкага збройнага чыну[21]. З жыхароў Грэскае воласьці ўтварыўся аддзел лікам 150 жаўнераў, пад камандаю афіцэра войска былое Расейскае імпэрыі Міколы Віткі[22].
Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Грэск застаўся ў складзе БССР. У гэты час у мястэчку адкрылася пачатковая школа. У 1922 годзе яна пераўтварылася ў сямігадовую. 17 ліпеня 1924 году ў выніку новага адміністрацыйна-терытарыяльнага падзелу Грэск стаў цэнтрам утворанага раёну ў складзе Слуцкай акругі[23]. На 1926 год у мястэчку было 422 двары. У чэрвені 1927 году па ліквідацыі Слуцкай акругі Грэскі раён увайшоў у склад Менскае акругі.
У 1929 годзе савецкія ўлады стварылі ў Грэску калгас «Гігант». У 1930 годзе ўтварылася арцель нарыхтоўкі вапны. У ліпені 1930 году Грэскі раён увайшоў у склад Слуцкай пагранічнай акругі. Да 1932 году ў мястэчку працавала жыдоўская школа. У 1933 годзе савецкія ўлады зруйнавалі царкву Раства Багародзіцы[24]. Сьвятара Ўладзімера Лялеўскага, які служыў тут з 1917 году[25] — арыштавалі 14 сакавіка таго ж году з абвінавачаньнем у прыналежнасьці да контрарэвалюцыйнай царкоўна-паўстанскай арганізацыі, якую быццам ачольваў япіскап слуцкі Мікалай (Шамяціла) і прысудзілі да высылкі на поўнач тэрмінам на 5 гадоў, па чым ягоны лёс стаў невядомым[26]. У 1935 годзе ўтварылася машынна-трактарная станцыя, якая ў 1936 годзе абслугоўвала 21 калгас. У 1937—1939 гадох у мястэчку друкавалася газэта Грэскага РК КП(б) Беларусі і райсавету «Сталінец»[27], выданьне якой узнавілі ў 1946 годзе пад назваю «За камунізм», і спынілі ў 1956 годзе[28]. 15 студзеня 1938 году згодна з новым адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзелам Грэскі раён увайшоў у склад утворанай Менскай вобласьці.
У Другую сусьветную вайну 27 чэрвеня 1941 году Грэск акупавалі войскі Трэцяга Райху. У жніўні таго ж году нацысты зьнішчылі тутэйшую жыдоўскую грамаду[29]. У студзені 1942 году архімандрыт Жыровіцкага манастыра Серафім (Раман Шахмуць) і сьвятар Уладзімер Кударэнка адкрылі ў Грэску царкву[30]. У сакавіку 1944 году ў мястэчку сфармаваўся 11-ты пяхотны батальён Беларускай краёвай абароны, у складзе якога было 14 афіцэраў, 27 падафіцэраў і 474 жаўнеры (агульны лік — 515 вайскоўцаў)[31]. 1 ліпеня 1944 году савецкія войскі авалодалі Грэскам у ходзе Менскае апэрацыі[32].
20 верасьня 1944 году Грэск увайшоў у склад утворанай Бабруйскай вобласьці. 8 студзеня 1954 году ў час працэсу ўзбуйненьня абласьцёў Бабруйскую вобласьці ліквідавалі, мястэчка ўвайшло ў склад Менскае вобласьці. У 1956 годзе тэрыторыю Грэскага раёну падзялілі паміж Слуцкім, Капыльскім, Узьдзенскім і Пухавіцкім раёнамі. У 1961 годзе да мястэчка далучылі вёску Някрасаўку.
На 1971 год у Грэску было 617 двароў, на 1992 год — 838, на 1997 год — 822, на 1 студзеня 1998 году — 819. У 1998 годзе ў будынку колішняга кінатэатру пачаў дзеяць прыход царквы Раства Багародзіцы[33]. У 2005 годзе да Грэску правялі газавую сетку, збудавалі вулічны разьмеркавальны газацяг[34]. У 2009 годзе вёска атрымала афіцыйны статус «аграгарадку»[35].
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- XIX стагодзьдзе: 1860 год — 888 чал.; 1885 год — 1068 чал.; 1897 год — 1604 чал., зь іх 207 юдэяў
- XX стагодзьдзе: 1909 год — 1519 чал.[36]; 1926 год — 1796 чал.; 1939 год — 139 жыдоў[37]; 1971 год — 2192 чал.; 1992 год — 2291 чал.[38]; 1997 год — 2309 чал.[39]; 1 студзеня 1998 году — 2197 чал.; 1999 год — 2125 чал.
- XXI стагодзьдзе: 2010 год — 1694 чал.
Рэлігія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дзеюць рэлігійныя супольнасьці:
- Прыход Царквы Раства Багародзіцы Беларускага экзархату (вул. Школьная, 1). Пробашч — Айцец Аляксандар Корань.[40]
- Рэлігійная суполка Царквы Хрысьціянаў Веры Эвангельскае «Ласка» (вул. Працоўная, 28). Пастыр — Сяргей Жыркоў.[41].
- Рэлігійная суполка «Царква эвангельскіх хрысьціянаў-баптыстаў» (вул. Агародная, 20)[42].
Адукацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Грэску працуюць сярэдняя школа, дзіцячая школа мастацтваў[43], дашкольная ўстанова.
Мэдыцына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляе вясковая лякарня[44], часткамі якое зьяўляюцца фэльчарска-акушэрскія пункты ў вёсках Леткаўшчыне, Маяку і Шышчыцах. Працуе аптэка.
Культура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Культурна-асьветніцкую працу праводзяць дом культуры і бібліятэка[45].
Іншае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Працуюць аддзелы зьвязку РУП «Белпошта», ААТ «Беларусбанк»[46], крамы №№ 43, 44 Слуцкага раённага спажывецкага таварыства. Ёсьць парк адпачынку, спартовая заля.
Забудова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вуліцы і пляцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Афіцыйная назва | Гістарычная назва |
Агародная вуліца | Лава вуліца |
Калгасная вуліца | Пабялянка вуліца |
Камсамольская вуліца | Крывая вуліца |
Менская вуліца | Шышчыцкая вуліца |
Першамайская вуліца | Слуцкая вуліца[47] |
Пралетарская вуліца | Куток (Кіндзюк) вуліца Сьцяпкоўская вуліца |
Садовая вуліца | Запечная вуліца |
Паводле перапісу 1874 году ў Грэску існавала Селіцкая вуліца[47]. У 1920-я гады ў мястэчку было 8 вуліцаў: Лава, Крывая, Краўцовая, Замагільная, Шышчыцкая, Сьцяпкоўская, Аселіца й Куток.
Эканоміка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Грэску працуюць сельскагаспадарчы вытворчы каапэратыў «Грэск-Агра», філія «Грэск» ААТ «Слуцкі мясакамбінат» (каля 90 работнікаў), ААТ «ПМК-71».
У 2015 годзе збудавалі сьвінагадоўчы комплекс ААТ «Слуцкі мясакамбінат» на 24 000 сьвіньняў[48].
Ёсьць пажарная аварыйна-ратавальная частка № 2 слуцкага раённага аддзелу Міністэрства надзвычайных сытуацыяў.
Транспарт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]За 5 км на ўсход ад Грэску праходзіць аўтамабільная дарога Р23 (Менск — Мікашэвічы), за 7 км на поўнач — аўтамабільная дарога Р91 (Асіпавічы — Баранавічы).
Аўтобусная станцыя злучае мястэчка з Слуцкам[49].
Турыстычная інфармацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Інфраструктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Грэску дзее музэй сялянскага побыту пад адкрытым небам[50].
Славутасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Гарадзішча пэрыяду раньняга жалезнага веку (VI ст. да н. э. — VII ст. н. э.)
- Курган і помнік на братэрскай магіле савецкіх вайскоўцаў і ахвяраў нацызму (1956)[51]
У царкве Раства Багародзіцы з 2002 году міраструмяніць цудоўны абраз Казанскае Маці Божае[52] і рэпрадукцыя абраза «Неспатольны Кубак»[53].
Страчаная спадчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Замак
- Гасьціны дом
- Царква Раства Багародзіцы (1590)
Асобы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Ары Стылман (1891—1967) — амэрыканскі мастак беларускага паходжаньня
- Міхаіл Мукасей (1907—2008) — савецкі выведнік у ЗША, у юнацкія гады жыў у Грэску[54]
- Міхась Кавыль (1915—2017) — беларускі паэт, у юнацкія гады вучыўся ў Грэскай сямігодцы
- Мікалай Мяцельскі (1919—1997) — матэматык
- Еўдакія Мяцельская (1928—1995) — беларускі мовазнавец
- Васіль Клебановіч (нар. 1929) — навуковец-глебазнавец, ляўрэат Дзяржаўнае прэміі БССР у галіне навукі
- Уладзімер Вітко (нар. 1933) — мастак
- Міхась Клебановіч (нар. 1934) — беларускі пісьменьнік, журналіст
- Вольга Клебановіч (нар. 1945) — тэатральная акторка, народная артыстка Беларусі, у дзяцінстве жыла ў Грэску[55].
- Аляксандар Салтавец (нар. 1980) — мастак, жыве і працуе ў Грэску[56].
Дадатковыя зьвесткі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Існуюць зьвесткі пра наяўнасьць каля Грэску падземных лёхаў[57]
- Каля Грэску знайшлі арабскую манэту X ст.[58]
- У гонар мястэчка сваю назву атрымаў найбуйнейшы з знойдзеных на Беларусі мэтэарытаў
- У паэме-гутарцы «Гэй, наперад! Гэй, назад!» Ніла Гілевіча адною зь дзейных асобаў зьяўляецца Зэшка з Грэску[59]
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (djvu) С. 416.
- ^ Грэнцы. Грэнская культура(недаступная спасылка), клюб «Спадчына»
- ^ Спірыдонаў М. Беларусь на карце Вялікага Княства Літоўскага 1613 г. // Гістарычны Альманах. № 8, 2008 г.
- ^ Памятныя мясьціны (рас.), афіцыйны сайт Слуцкага раённага выканаўчага камітэту
- ^ Пералік матэрыяльных аб’ектаў, якім надаецца статус і катэгорыя гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь, дадатак 1 да Пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь 14.05.2007 № 578, Нацыянальны праўны інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь
- ^ Каштоўныя знаходкі (рас.), Слуцкі край. 5 сьнежня 2008 г.
- ^ Побытавыя дробязі нашых продкаў(недаступная спасылка) (рас.), АНТ. 9 лютага 2009 г.
- ^ З днём нараджэння, родная вёска // Слуцкі край. 11 жніўня 2009 г.
- ^ а б Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Слуцкага р-на і г. Слуцка. Кн. 2. — Мн., 2001.
- ^ Родныя вобразы. Гасціны дом, этнічны сайт Беларусі
- ^ Брэгер Г., Лінская Л. Фрагмент архіва Слуцкага Трайчанскага Свята-Траецкага манастыра ў фондах Нацыянальнага музея гісторыі i культуры Беларусі // «Беларускі археаграфічны штогоднік». Вып. 5, 2004.
- ^ Инвентарь им. Гресск кн. Михаила Казимира Радзивилла, составленный при отдаче имения в залоговое содержание Ежи Богуславу Оттенхаузу. 1677 г., Опись дела 505 фонда № 1280 «Радзивиллы, князья» Государственного исторического архива Литвы (м. Вільня).
- ^ Ведомость учета недоимок, числящейся на мещанах и земянах Копыльского кнж., Гресской и Пуковской вол., составленная при передаче в арендное содержание гр. Антону Пшездецкому. 1765 г., Опись дела 609 фонда № 1280 «Радзивиллы, князья» Государственного исторического архива Литвы (м. Вільня).
- ^ Грэка-каталіцкія цэрквы Слуцкага павету Менскае губэрні, Сайт Згуртаваньня Беларускае Шляхты
- ^ Jelski A. Hresk // Słownik geograficzny... T. III. — Warszawa, 1882. S. 177.
- ^ Войнилович Э. Воспоминания. Перевод с польского, Старонка № 1 места горада Ліды й Лідзкага павету
- ^ Материалы Главного управления имениями Антона Радзивилла о строительстве нового лесничества, охотничьего дома, погреба и других строений в Гресском лесничестве. (Отчеты о расходе денег на строительство, контракты и договора с рабочими, сметы на строительство, планы и др.)… 1876—1881 гг., Опись дела 547 фонда № 1280 «Радзивиллы, князья» Государственного исторического архива Литвы (м. Вільня).
- ^ Supplement to the Village (анг.), Reminiscences. The Personal Life of Artist Ary Stillman, 1988.
- ^ Яна Собеская. Их называли белыми ангелами // Рэспубліка. 31 ліпеня 2010 г.
- ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
- ^ Крызіс: «Ландыш» вяне, Белая Ліпа замярзае, Радыё Свабода. 2 лютага 2009 г.
- ^ Юрка Харытончык. 3 успамінаў слуцкага паўстанца, Бібліятэка гістарычных артыкулаў
- ^ Гісторыя Слуцкага раёну (рас.), афіцыйны сайт Слуцкага раённага выканаўчага камітету
- ^ Чудотворная икона в Греске // «Знамя Юности», 6 студзеня 2010 г.
- ^ Ляляўскі (Лелявский) Уладзімір.(недаступная спасылка) // Маракоў Л. Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- і царкоўнаслужыцелі Беларусі 1917—1967. Энцыклапедычны даведнік у 2-х тамах. Т. 2. — Менск, 2007.
- ^ Кривонос Ф. Синодик за веру и церковь пострадавших в Минской епархии (1918—1951 годы). — Киевец: Свято-Троицкая церковь, 1996.
- ^ «Сталінец»(недаступная спасылка), Электронны каталёг Нацыянальнае бібліятэкі Беларусі.
- ^ «За камунізм».(недаступная спасылка), Электронны каталёг Нацыянальнае бібліятэкі Беларусі.
- ^ Винница Г. Потери еврейского населения за период оккупации восточной и центральной частей Беларуси в 1941—1944 годах(недаступная спасылка), Уроки Холокоста: История и современность
- ^ Силова С. Православная церковь в Белоруссии в годы Великой Отечественной (1941—1945) / Монография. — Гродно, 2003.
- ^ Шнэк С. Узброеная Случчына. Да гісторыі Беларускае Краёвае Абароны // «Беларускі Рэзыстанс» №1, 2004.
- ^ Лічба Савецкага інфармацыйнага бюро. 1 ліпеня 1944 году (рас.), сайт Солдат. RU.
- ^ Символ последней надежды, «Інфа-Кур’ер», 22 лістапада 2007 г.
- ^ Гісторыя УП «МінскВоблГазАб’ект»(недаступная спасылка) (рас.), вытворчае унітарнае рэспубліканскае прадпрыемства «МінскВоблГазАб’ект»
- ^ Объект как эталон эстетического оформления (рас.), Будаўніцтва і нерухомасьць
- ^ Mestechki of Minsk Gubernia. (анг.)
- ^ Gresk The Encyclopedia of Jewish Life Before and During the Holocaust: A-J. (анг.)
- ^ Шчарбатаў А. Грэск // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 167.
- ^ БЭ. — Мн.: 1997 Т. 5. С. 495.
- ^ Минская епархия Слуцкое благочиние(недаступная спасылка) (рас.), Православие. By
- ^ Поместные церкви ХВЕ (рас.), Объединенная Церковь христиан веры евангельской в Республике Беларусь
- ^ Поместные церкви Союза эвангельскіх хрысьціянаў-баптыстаў (рас.), Христианский портал в Беларуси на ROGDESTVO.by
- ^ Случчына — невычэрпная крыніца талентаў // «Слуцкі край». 28 верасьня 2010 г.
- ^ Греская участковая больница (рас.), Здравохранение Беларуси
- ^ Греская библиотека-филиал № 14 сети публичных библиотек Слуцкого района (рас.), Библиотеки Республики Беларусь и зарубежных стран.
- ^ Отделение №615/33 ОАО «АСБ Беларусбанк»(недаступная спасылка) (рас.), сайт ОАО «АСБ Беларусбанк»
- ^ а б Place Names in the 1874 List of Jewish Males in Lyakhovichi by Deborah Glassman
- ^ На еўрапейскім узроўні(недаступная спасылка) // «Слуцкі край», 21 верасьня 2010 г.
- ^ Расписание движения автобусов по автовокзалу «Слуцк».(недаступная спасылка) ДУП «Автобусный парк № 2» г. Слуцка (рас.)
- ^ Музэй пад адкрытым небам стварыў жыхар вёскі Грэск // «Інфа-Кур’ер», 19 траўня 2010 г.
- ^ Обелиск на братской могиле советских воинов и жертв фашизма (в. Грэск) (рас.), Афіцыйны сайт Слуцкага раённага выканаўчага камітету
- ^ Микашевичи-Туров-Греск (рас.), Свято-Елисаветинский монастырь в Минске
- ^ Паломничество по маршруту Греск-Слуцк состоится 16 мая (рас.), Православный дайджест новостей
- ^ «Жизнь по заданию. „Зефир“ и „Эльза“ Разведчики-нелегалы»(недаступная спасылка) (рас.), Книгосайт
- ^ Самая каштоўная спадчына(недаступная спасылка) // «Голас Радзімы», 25 лістапада 2010 г.
- ^ Загадкавы сьвет Аляксандра Салтаўца // «Інфа-Кур’ер», 24 чэрвеня 2009 г.
- ^ Подземные архитектурные сооружения России: обзор и опыт кадастра // Conference «Rock-cut Megalithic Monuments: Problems and ways of solving them». Sofia, 1999.
- ^ Звягин Ю. Путь из варяг в греки. Тысячелетняя загадка истории. — Москва, 2009.
- ^ У «Доме літаратара» Рыгор Барадулін, Анатоль Сідарэвіч, Міхась Тычына, Радыё Свабода, 12 кастрычніка 2007 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 5: Гальцы — Дагон. — 576 с. — ISBN 985-11-0090-0
- Мікіцінскі У. Дванаццаць дзён краязнаўчага вандраваньня: м. Грэск // «Наш край» №1 (40), 1929. С. 38—42.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Слуцкага р-на і г. Слуцка: у 2-х кн. Кн. 2-я / уклад. В. С. Відлога; рэдкал.: Г. Кісялёў (гал. рэд.) і інш.; маст. Э. Жакевіч. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 572 с.: іл. ISBN 985-6302-31-5.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя. — 527 с. — ISBN 985-11-0041-2
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom III: Haag — Kępy. — Warszawa, 1882.
- Путешествие по Полесью и белорусскому краю / П. М. Шпилевский; [Предисл., текстол. подгот., примеч. и коммент. С. И. Кузняевой]. — Мн.: Беларусь, 2004. — 250, [1] с.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Грэск , Radzima.org
- Прагноз надвор’я ў в. Грэску
- Сьпіс гістарычна-культурных каштоўнасьцяў: Менская вобласьць, Слуцкі раён
- The Village. Reminiscences. The Personal Life of Artist Ary Stillman, 1988.
- Supplement to the Village. Reminiscences. The Personal Life of Artist Ary Stillman, 1988.
|