Перайсьці да зьместу

Міхась Кавыль

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Міхась Кавыль
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Язэп Лешчанка
Псэўданімы Міхась Кавыль, В’юрок, Я. Ляшчына, Я. Маёвы
Нарадзіўся 1 сьнежня 1915(1915-12-01)
Памёр 6 красавіка 2017(2017-04-06) (101 год)
Пахаваны
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці пісьменьнік, перакладчык, грамадзкі дзяяч
Жанр проза, паэзія
Мова беларуская мова
Значныя творы «Міжагнёўе»
Творы на сайце Knihi.com

Міха́сь Кавы́ль (сапраўднае імя Язэ́п Казімі́равіч Ле́шчанка; 1 сьнежня 1915[a], Покрашава, цяпер Слуцкі раён, Беларусь — 6 красавіка 2017, Саўт-Рывэр, Нью-Джэрзі, ЗША[1]) — беларускі паэт, празаік, крытык. Псэўданімы: В’юрок, Я. Ляшчына, Я. Маёвы.

Нарадзіўся 1 сьнежня 1915 году ў вёсцы Покрашава Слуцкага павету (цяпер Слуцкі раён, Беларусь) у сялянскай сям’і. Акрамя Міхася ў сям’і было чацьвёра дзяцей, бацька загінуў у часе Першае сусьветнае вайны[2]. Вучыўся ў Грэскай сямігодцы, пасьля ў Грозаўскай, а потым зноў у Грэскай, якую скончыў у 1930 годзе. У 1930—1933 гадох вучыўся ў Беларускім пэдагагічным тэхнікуме імя Ўсевалада Ігнатоўскага (Менск). 23 лютага 1933 году арыштаваны і асуджаны на 3 гады зьняволеньня па справе «Беларускай народнай Грамады». Пакараньне адбываў на Далёкім Усходзе (4-е аддзяленьне Дальлагу). У 1935 годзе вызвалены. Пасьля вызваленьня вярнуўся дадому, але неўзабаве зьехаў (празь перасьлед НКУС). Жыў у Варонежы (1935—1941), дзе вучыўся ў пэдагагічным інстытуце, працаваў на машынабудаўнічым заводзе «Камінтэрн», настаўнічаў.

З пачаткам Другой сусьветнай вайны на тэрыторыі СССР на Ўкраінскім фронце. У 1942 годзе трапіў у палон, у 1943 годзе выпушчаны на волю, вярнуўся ў Менск. Скончыў прапагандысцкія курсы ў Вустраве пад Бэрлінам, на якіх рыхтавалі будучых кіраўнікоў Саюзу беларускае моладзі, працаваў у аддзеле прапаганды ў Менску.

З 1944 году на эміграцыі ў Нямеччыне, Бэльгіі, дзе працаваў на шахтах. З 1950 году ў ЗША, пасяліўся ў Саўт-Рывэры. Рэдактар першых трох нумароў газэты «Беларуская трыбуна», потым рэдактар не пазначаўся. У 1950-х году браў актыўны ўдзел у працы Беларускага кангрэсавага камітэту Амэрыкі (БККА). Быў віцэ-старшынём на Першым Кангрэсе беларусаў Амэрыкі (11 лютага 1951 году).

З падвоенага № 27—28 (1983) быў сталым рэдактарам часопісу «Беларуская думка», аднак, праз праблемы са здароўем рэдактарскія функцыі перайшлі да друкара і выдаўца часопісу Ж. Навумчыка.

Сумесна зь Янкам Золакам у 1958 годзе рэдагаваў літаратурна-мастацкі часопіс «Прыйсьце».

Друкавацца пачаў з 1929 году, быў сябрам «Маладняка». Друкаваў вершы, прозу, крытычныя артыкулы амаль ва ўсіх эмігранцкіх газэтах і часопісах, выдаў зборнікі паэзіі «Ростань», «Пад зорамі белымі», «Першая рана», «Цяжкія думы», а таксама том выбранага «Міжагнёўе» (1990).

Шырока выкарыстоўваў клясычныя формы верша, першы ў беларускай літаратуры стварыў вянок і карону санэтаў («Цяжкія думы», «Мярэжа», «Чорны лёд»). Тэматыка і праблематыка яго творчасьці найперш зьвязана з Бацькаўшчынай, яе гісторыяй, мовай, культурай (вершы «Ростань», «Беларусь», «Беларусь б’е ў сэрцы», «Я душу нявыгойна параніў», «Менск», «Сакавіковая ноч», «Дзень той прыйдзе», «Кастусь Каліноўскі», «Бэнгалія», «Край красы», «Случчына», «Пагоня», «Прытокаю Случы», «Случчакі», «Памяці герояў», «Сыны Беларусі», «Слаўны мой род» і інш.).

Напісаны цыкл турэмных вершаў, а таксама вершы, прысьвечаныя рэпрэсаваным беларускім пісьменьнікам, сябрам-пісьменьнікам, зь якімі разам падзяляў пакуты выгнаньня. У глыбока зьмястоўных паэмах «Пад небам Случчыны каханай», «Міжагнёўе», «Непакорныя» апісаў лёс свайго пакаленьня і лёс Бацькаўшчыны.

Займаўся перакладамі, быў рэдактарам часопісу «Беларуская думка», пісаў публіцыстычныя і крытычныя артыкулы, рэцэнзіі, апавяданьні. У аўтабіяграфічным рамане «Із агню ды ў полымя» паказаў падзеі вайны на акупаванай Беларусі.

  • Ростань: Вершы. — Рэгенсбург, 1947. — 44 с.[3]
  • На Парнасе // Беларуская інфармацыйная служба. — 1948. — № 21. — 1 верасьня. — С. 3—4.
  • Пад зорамі белымі: Вершы. —Ню-Ёрк: [выдавецтва Злучанага Беларуска-Амэрыканскага Дапамаговага Камітэту ў Ню-Ёрку], 1954. — 70 с.
  • Першая рана. — Манчэстэр: выдавецтва Беларускага Вызвольнага Руху, 1960. — 41 с.
  • Цяжкія Думы: Санэты. — Саўт Рывэр: выданьне Беларуска-Амэрыканскага Дапамаговага Камітэту, 1961. — 61 с.
  • Лясная казка: [П’еса]. — Саўт Рывэр, 1967. — 6 с.
  • Міжагнёўе: Выбраныя творы. — Нью Ёрк: БІНІМ, 1990. — XXI, 343 с. — (Byelorussian Poets and Writers Series; № 4).
  • Мой шлях. — Grand Rapids, Mi.: «Беларускі Сьвет», 1991. — 10 с.
  • Вершы. / Укладаньне, прадмова, біяграфічны даведнік: Барыса Сачанкі // Туга па радзіме. Паэзія беларускай эміграцыі : анталёгія. — Менск: Мастацкая літаратура, 1992. — С. 454—479. — ISBN 5-340-02086-6.
  • Міхась Кавыль. Выбранае / Лявон Юрэвіч — укладаньне, прадмова, пасьлямова; Натальля Гардзіенка — камэнтары. — Беласток: Фонд Kamunikat.org, 2023. — 404 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны. Спадчына: агледзіны). — ISBN 978-83-966576-8-8
  • «Дзярлівая птушка» К. Акулы // Беларуская думка. — 1965. — № 8. — С. 8.
  • Казённы дом і казённая дарога // Запісы БІНІМ. — 1992. — № 20. — С. 65—101.
  • Мой адказ Рамановічу [Рыгору Крушыне] // Бацькаўшчына. — 1959. — № 1—2 (437—438). — С. 7[4].
  1. ^ У літаратуры, напр. даведніках Гардзіцкага і Маракова, сустракаецца памылковая дата нараджэньня — 1.11.1915, у энцыкляпэдыі «Беларускія пісьменнікі» у 6 т. у 3-м томе таксама памылкова — 1.2.1915 году. Праўдзівую дату 1.12.1915 пацьвярджае ўласнаручна запоўненая М. Кавылём анкета, альманах «Ля чужых берагоў» і зборнік «Міжагнёўе».
  1. ^ Памёр пісьменнік Міхась Кавыль. Ён пражыў 101 год
  2. ^ Міхась Кавыль, «Мой шлях» // Беларускі Сьвет / Byelorussian World. — Нью-Ёрк: С. 4—12.
  3. ^ Printed with the permission of UNRRA team 906. Технічними засобами вид. С-ки «Украінське Слово». Druk: «Mittelbayerische Zeitung», Regensburg. Вокладка мастака М. Білінськага.
  4. ^ Адказ на артыкул К. Рамановіча «Думкі аб паэзіі»