Грозаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Грозаў
трансьліт. Hrozaŭ[a]
На гістарычным Рынку
На гістарычным Рынку
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Менская
Раён: Капыльскі
Сельсавет: Грозаўскі
Насельніцтва: 427 чал. (2010)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 1719
Нумарны знак: 5
Геаграфічныя каардынаты: 53°10′11″ пн. ш. 27°19′54″ у. д. / 53.16972° пн. ш. 27.33167° у. д. / 53.16972; 27.33167Каардынаты: 53°10′11″ пн. ш. 27°19′54″ у. д. / 53.16972° пн. ш. 27.33167° у. д. / 53.16972; 27.33167
Грозаў на мапе Беларусі ±
Грозаў
Грозаў
Грозаў
Грозаў
Грозаў
Грозаў
Commons-logo.svg Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Гро́заў[1], Гро́зава[1] — вёска ў Беларусі, каля ракі Вужанкі. Уваходзіць у склад Грозаўскага сельсавету Капыльскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 427 чалавек. Знаходзіцца за 18 км ад Капылю, за 25 км ад чыгуначнай станцыі Цімкавічы; на аўтамабільнай дарозе Узда — Старыца.

Грозаў — даўняе мястэчка гістарычнай Случчыны (частка Наваградчыны). У 1920 годзе жыхары Слуцкага павету сфармавалі Грозаўскі полк войска Беларускай Народнай Рэспублікі, які ўдзельнічаў у Слуцкім збройным чыне. Да нашага часу тут захаваліся збудаваныя ў стылі клясыцызму сядзіба Мержыеўскіх і касьцёл у Гонар Зьняцьця Збаўцы з Крыжа, помнікі архітэктуры XVIII—XIX стагодзьдзяў.

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тапонім «Грозаў»[2][3] утварыўся ад імя Гроза[4]. Традыцыйную гістарычную назву, ужываную мясцовымі жыхарамі, за савецкім часам зьмянілі на расейскі капыл на цяперашняе афіцыйнае Грозава[5].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Гісторыя Грозава

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сядзіба Мержыеўскіх. Н. Орда, 1864 г.

Упершыню Грозаў упамінаецца ў 1-й палове ХVІ ст. як вёска Слуцкага княства, уладаньне Алелькавічаў. У 1582 годзе існавалі аднайменныя сяло, фальварак і шляхецкая ўласнасьць. У 2-й палове ХVІ — 1-й палове ХVІІ ст. Грозаў знаходзіўся ў валоданьні Валадковічаў, якія заснавалі тут 2 царквы і мужчынскі манастыр сьвятога Міколы (усе ў юрысдыкцыі Сьвятога Пасаду). Паводле інвэнтару 1650 году, існавалі аднайменныя двор (4 жылыя дамы і 5 гаспадарчых пабудоваў) і фальварак, былі бровар, млын і гумнішча

У 2-й палове ХVІІ ст. Грозаў перайшоў да Радзівілаў. На 1690 год тут было 66 двароў. У ХVІІІ ст. Грозаў знаходзіўся ў валоданьні Незабытоўскіх, за якімі атрымаў статус мястэчка. У 1791 годзе ён увайшоў у склад Случарэцкага павету.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Праект маскоўскай перабудовы адабранага касьцёла, 1875 г.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Грозаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам воласьці Слуцкага павету Менскай губэрні. У розныя часы мястэчка знаходзілася ў валоданьні Межаеўскіх, Вітгенштэйнаў, Гагенлёэ. На 1800 год тут было 30 двароў, дзейнічалі 2 драўляныя манастыры (Яна Багаслова з царквой Прачыстай Багародзіцы і Сьвятога Мікалая з аднайменнай царквой) і капліца, працавалі карчма і млын, праводзіліся штогадовыя кірмашы і штотыднёвыя таргі; на 1845 год — 19 двароў.

У 1864 годзе з мэтай маскалізацыя краю расейскія ўлады адкрылі ў Грозаве народную вучэльню. На 1870 год — 99 двароў, 3 царквы, касьцёл, капліца, 2 юдэйскія малітоўныя дамы. Гандлёвымі шляхамі Грозаў злучаўся зь мястэчкамі Капылём, Бабоўняй, Новым Сьвержане і местам Нясьвіжам. На 1886 год — 3 царквы, валасная ўправа, бровар, 3 заезныя двары, 11 крамаў, народная вучэльня, 2 жыдоўскія школы.

Згодна з вынікамі перапісу 1897 году, у Грозаве было 150 двароў, царква, капліца, пошта, народная вучэльня, 24 крамы, ганчарны завод, 2 карчмы. У пачатку XX ст. 177 двароў. У 1912 годзе працавалі 2-клясная сельская і 1-клясная народная вучэльні. На 1917 год — 188 двароў, вінакурны і медаварны заводы. У Першую сусьветную вайну ў лютым — сьнежні 1918 году мястэчка займалі нямецкія войскі, у жніўні 1919 — ліпені і кастрычніку — лістападзе 1920 году — польскае войска.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Грозаў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі, а ў лістападзе 1920 году ў Слуцку і мястэчку Семежаве зь беларускай міліцыі Слуцкага павету сфармаваўся Грозаўскі полк[6]. Да здушэньня паўстаньня бальшавікамі (4 сьнежня 1920 году) улада ў мястэчку кантралявалася сіламі БНР.

На 1921 год у Грозаве працавалі спажывецкая таварыства, фэльчарскі пункт, 2 школы, вінзавод; на 1923 год — 7-гадовая і жыдоўская школы, хата-чытальня, фэльчар, 6 рамесьнікаў (шаўцы, краўцы, кавалі). 20 жніўня 1924 году Грозаў стаў цэнтрам сельсавету Грэскага раёну, на гэты час тут было 182 двары. 8 ліпеня 1931 году мястэчка ўвайшло ў склад Капыльскага раёну (з 12 лютага 1935 да 17 сьнежня 1956 году зноў у Грэскім раёне). У 1930-я гады ў Грозаве працавалі калгас «Інтэрнацыянал», кавальская, шавецкая, шапачная, прамысловая майстэрні, малаказавод, нафтавы млын, сукнавальня, крупадзёрка, салатопня. 27 верасьня 1938 году статус паселішча панізілі да вёскі. У Другую сусьветную вайну з 29 чэрвеня 1941 да 1 ліпеня 1944 году Грозаў знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй.

На 1971 год у Грозаве было 189 двароў, на 1997 год — 197 гаспадарак, машынны двор, вэтэрынарны пункт, сярэдняя школа, дом культуры, бібліятэка, амбуляторыя, пошта, камбінат побытавага абслугоўваньня насельніцтва, 5 крамаў. У 2000-я гады Грозаў атрымаў афіцыйны статус аграгарадку. На 2007 год — 167 гаспадарак, на 2010 год — 159. 6 лютага 2015 году цэнтар Грозаўскага сельсавету перанесьлі ў вёску Камсамольскую[7].

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • XVIII стагодзьдзе: 1763 год — 267 чал.[4]
  • XIX стагодзьдзе: 1800 год — 166 чал.; 1845 год — 97 чал.; 1870 год — 376 чал.; 1886 год — 156 чал.; 1897 год — 861 чал. у мястэчку Грозаве, 41 чал. у маёнтку Грозаве
  • XX стагодзьдзе: 1901 год — 1032 чал.; 1917 год — 1194 чал.; 1924 год — 1007 чал.; 1960 год — 656 чал.; 1971 год — 587 чал.; 1992 год — 498 чал.[8]; 1997 год — 481 чал.[9]; 1999 год — 475 чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2007 год — 428 чал.[10]; 2010 год — 427 чал.

Інфраструктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Грозаве працуюць школа, дашкольная ўстанова, лякарня, 2 бібліятэкі, дом культуры, пошта.

Забудова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вуліцы і пляцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З урбананімічнай спадчыны Грозава да нашага часу гістарычныя назвы захавалі вуліцы Капыльская і Слуцкая. Гістарычны Рынак ня мае афіцыйнай назвы. Паводле перапісу 1874 году, у мястэчку існавала Менская вуліца[11].

Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыж абаронцам БНР

Славутасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Грозаве на гістарычным Рынку, каля будынка касьцёла пастаўлены мэмарыяльны крыж у гонар абаронцаў незалежнасьці Беларусі.

  • Вінакурня (пачатак XX ст.)
  • Гандлёвыя рады (2-я палова XIX ст.)
  • Касьцёл у Гонар Зьняцьця Збаўцы з Крыжа (1802; цяпер клюб)
  • Могілкі юдэйскія
  • Палац Мержыеўскіх (2-я палова XVIII ст.)

Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Манастыр Сьвятога Яна Багаслова
  • Царква Сьвятога Мікалая

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Паводле афіцыйнага напісаньня — Hrozava

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (djvu) С. 196—197.
  2. ^ БЭ. Т. 5. — Менск, 1997. С. 447.
  3. ^ Słownik geograficzny... T. III. — Warszawa, 1882. S. 178.
  4. ^ а б Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 8. Кн. 2. — Менск, 2011. С. 160.
  5. ^ Падарожжы Свабоды: Грозаў. Радыё СвабодаПраверана 21 лютага 2014 г.
  6. ^ Грыцкевіч А. Грозаўскі полк // ЭГБ. Т. 3. — Менск, 1996. С. 155.
  7. ^ «О переносе административного центра Грозовского сельсовета в деревню Комсомольская». Решение Копыльского районного Совета депутатов от 6 февраля 2015 г. № 39(рас.)
  8. ^ Шаблюк В. Грозава // ЭГБ. Т. 3. — Менск, 1996. С. 155.
  9. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 8. Кн. 2. — Менск, 2011. С. 161.
  10. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 8. Кн. 2. — Менск, 2011. С. 162.
  11. ^ Place Names in the 1874 List of Jewish Males in Lyakhovichi by Deborah Glassman

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Грозаўсховішча мультымэдыйных матэрыялаў