Перайсьці да зьместу

Слуцкі мясакамбінат

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Каардынаты: 53°0′23″ пн. ш. 27°29′57″ у. д. / 53.00639° пн. ш. 27.49917° у. д. / 53.00639; 27.49917

«Слуцкі мясакамбінат»
Тып адкрытае акцыйнае таварыства
Заснаваная 1932 (92 гады таму)
Уласьнікі Менскі аблвыканкам (64%), Слуцкі райвыканкам (28%)[1]
Краіна Беларусь
Разьмяшчэньне Менская вобласьць
Адрас Слуцак, вул. Тутарынава, д. 18[2]
Ключавыя фігуры Сяргей Пазьняк (генэральны дырэктар), Аляксандар Кабыш (галоўны інжынэр)[2]
Галіна харчовая прамысловасьць
Прадукцыя пяльмені, каўбаса, вэнджаніна, мяса, кансэрва
Абарачэньне 263,735 млн рублёў (2023 год; 83 млн $)[1]
Апэрацыйны прыбытак 10,153 млн рублёў (2023 год; 3,195 млн $)
Чысты прыбытак -180 тыс. рублёў (2023 год; 56 тыс. $)
Лік супрацоўнікаў 1000 (2018 год)[3]
Матчына кампанія «Менаблмясамалпрам»[4]
Аўдытар «АўдытБізнэсКансалт» (Менск)

«Слуцкі мясакамбінат» — дзяржаўнае харчовае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў 1932 годзе.

На 2024 год «СМК» вырабляў 250 найменьняў мясных кансэрваў і пяльменяў, вэнджаніны і каўбасы, мясных паўфабрыкатаў і мяса[5]. У мясатлушчавым цэху працавала лінія забою сьвіней прадукцыйнасьцю 180 галоваў за гадзіну. Каўбасны цэх меў вакуўмныя кутэры, лёдагенэратары, вакуўмныя шпрыцы і аўтаматычныя кліпсатары. Магутнасьць кансэрвавага цэха складала 120 бляшанак за хвіліну[6]. Уласная гандлёвая сетка «Мясны шэраг» налічвала 7 фірмовых крамаў і 3 павільёны, у тым ліку 4 крамы і 2 павільёны ў Слуцку, 2 крамы ў Менску, краму ў Глуску (Магілёўская вобласьць) і павільён у Салігорску[7].

На 2024 год «Слуцкі мясакамбінат» вырабляў:

  • 21 найменьне варанай каўбасы з кураняціны, ялавічыны, цяляціны і сьвініны пры тэрміне прыдатнасьці па 7, 9, 15, 25, 30, 45 і 60 дзён, у тым ліку ўласна ялавічную каўбасу[8];
  • 4 найменьні вяндліны з кураняціны, ялавічыны і сьвініны пры тэрміне прыдатнасьці па 45 і 60 дзён[9];
  • 6 найменьняў сардэлек і 4 найменьні сасісак з кураняціны, ялавічыны і сьвініны пры тэрміне прыдатнасьці па 15, 18, 20, 30, 31 і 45 дзён, у тым ліку ўласна ялавічныя сардэлькі[10];
  • 12 найменьняў варана-вэнджанай каўбасы зь ялавічыны і сьвініны пры тэрміне прыдатнасьці 25, 30 і 45 дзён, у тым ліку сэрвэлят[11];
  • 7 найменьняў паўвэнджанай каўбасы з кураняціны, ялавічыны і сьвініны пры тэрміне прыдатнасьці па 15 і 25 дзён[12];
  • 31 найменьне сыравэнджанай і сыравяленай каўбасы з каніны (казы), ялавічыны і сьвініны пры тэрміне прыдатнасьці па 25, 30 і 45 дзён, 3 і 4 месяцы, у тым ліку ўласна ялавічную «Белавескую», «Купалаўскую», «Нясьвіскую» і «Палесьсе», а таксама салямі[13];
  • 7 найменьняў вэнджаніны зь ялавічыны пры тэрміне прыдатнасьці па 30 і 60 дзён, у тым ліку бастурму, а таксама з дамешкам сьвініны пры тэрміне прыдатнасьці 20 дзён[14];
  • 24 найменьні вэнджаніны са сьвініны пры тэрміне прыдатнасьці па 10, 15, 16, 20, 25 і 30 дзён, у тым ліку бэкон, прашута, грудзінку, выразку, балык, карбанад, рулет, саланіну, рэбры, філей, бужаніну, шыйку і паляндвіцу[15];
  • 15 найменьняў каўбасы зь ялавічных і сьвіных вантробаў пры тэрміне прыдатнасьці па 5, 10, 15, 20, 22, 25 і 30 дзён, у тым ліку рулет, ялавічныя флячкі, паштэт, зэльц, крывянку, кашанку і лівэрку[16];
  • 6 найменьняў шашлыка са сьвініны пры тэрміне прыдатнасьці 30 дзён[17];
  • 4 найменьні сырой каўбасы зь ялавічыны і сьвініны пры тэрміне прыдатнасьці 6 і 30 дзён[18];
  • 6 найменьняў фаршу з кураняціны, ялавічыны і сьвініны пры тэрміне прыдатнасьці 14, 30 і 90 дзён, у тым ліку зь ялавічнай печані[19];
  • 14 найменьняў пяльменяў з кураняціны, ялавічыны і сьвініны пры тэрміне прыдатнасьці па 90 дзён, у тым ліку цалкам ялавічныя «Радзівілаўскія» і равіёлі[20];
  • 15 найменьняў кансэрваў з каніны (у жэле), ялавічыны, цяляціны і сьвініны пры тэрміне прыдатнасьці па 18 месяцаў, 2, 3 і 4 гады, у тым ліку плоў зь ялавічынай, ялавічныя флячкі і рубцы, тушаную ялавічыну і цяляціну, грачаную і пярловую кашы з тушонкай[21];
  • 6 найменьняў хінкаляў зь ялавічыны, цяляціны і сьвініны пры тэрміне прыдатнасьці па 180 дзён, у тым ліку толькі зь ялавічынай[22].

У 1932 годзе ў Слуцку (Беларуская ССР) на аснове забойнай пляцоўкі жывёлы заснавалі камбінат. Яго прадукцыйнасьць склала 300 кг каўбасы за содні. У 1944 годзе забойную пляцоўку пераўтварылі ў «Слуцкі птушкакамбінат». У 1966 годзе прадпрыемства перайменавалі ў «Слуцкі мясакамбінат»[23]. У 1973 годзе пачалі ўзводзіць новы мясакамбінат[24]. У сьнежні 1976 году Міністэрства мясной і малочнай прамысловасьці сваім Загадам далучыла да прадпрыемства новазбудаваны мясакамбінат. Яго агульная плошча склала 18 га[23]. У 1977 годзе здалі ў дзеяньне 2-ю і 3-ю чэргі новага мясакамбінату[25].

У 1983 годзе камбінат дасягнуў праектнай магутнасьці. 9 жніўня 1995 году Менскі аблвыканкам сваім Загадам № 51 пераўтварыў камбінат у адкрытае акцыйнае таварыства[23]. У 1996 годзе стварылі пякарню[25]. У 2000 годзе запусьцілі кансэрвавы ўчастак, дзе выраблялі 15 відаў кансэрваў[23]. Таксама ў 2000 годзе адчынілі ўласны сьвінагадоўчы комплекс. На 2002 год дзейнічала 2 уласныя крамы ў Слуцку і адна ў Жыткавічах. Выраблялі мяса, каўбасу, тлушчавыя вантробы, сухі корм, мясныя кансэрвы і паўфабрыкаты, скуры і фэрмэнты, натуральную каўбасную абалонку і хлебабулачныя вырабы[25]. У 2009 годзе ўсталявалі пяльменную лінію[23].

За 2013 год чыстыя страты мясакамбінату склалі 133 млрд рублёў[26] (14,8 млн даляраў). У выніку «Слуцкі мясакамбінат» стаў 5-м найбольш стратным прадпрыемствам Беларусі. Прычынай паслужыла эпідэмія афрыканскай чумы сьвіней, празь якую вынішчылі 500 000 сьвіней. Нястача мяса выклікала скарачэньне вытворчасьці каўбасы і валютных паступленьняў ад яе экспарту[27]. У траўні 2014 году абнавілі 5 зь 15 халадзільных камэраў. Выпускалі 300 найменьняў мясных вырабаў[28]. У 2015 году пад Грэскам збудавалі сьвінакомплекс на 24 000 галоваў[23].

На 2018 год у сыравінную зону прадпрыемства, адкуль пастаўлялі ялавічыну, уваходзілі 7 раёнаў на поўдні Менскай вобласьці — Слуцкі, Салігорскі, Старадароскі, Клецкі, Капыльскі, Любанскі і Нясьвіскі. Сьвініну пастаўлялі з 2-х уласных сьвінакомплексаў на 42 000 галоваў. Таксама «Слуцкі мясакамбінат» меў у Слуцкім раёне 2 сельскія гаспадаркі, дзе гадавалі буйную рагатую жывёлу. Выпускалі 200 найменьняў мясных вырабаў, у тым ліку вараную і вэнджаную каўбасу зь ялавічыны і сьвініны, сасіскі і пяльмені, мясныя кансэрвы і паўфабрыкаты. У сетку фірмовага гандлю ўваходзілі ўласныя крамы ў Слуцку, Нясьвіжы, Салігорску, Жыткавічах (Гомельская вобласьць) і Глуску (Магілёўская вобласьць). На прадпрыемстве працавала звыш 1000 чалавек[3]. У 2019 годзе ўзьвялі асобнае памяшканьне забою з пасьведчаньнем халяльнасьці[23] для паставак у заходне-кітайскую правінцыю Ганьсу (мэгаполіс Увэй), дзе істотную частку насельніцтва складалі мусульмане[3]. У 2021 годзе чыстыя страты склалі 11,3 млн рублёў[29] (4,4 млн даляраў).

  • Андрэй Міхалькевіч (25 траўня 2017 — 1 лістапада 2019)[3]
  • Мікалай Вярбіцкі (12 сьнежня 2020 — 19 студзеня 2022)[29]
  1. ^ а б Сяргей Пазьняк, А.В. Давыдовіч, М.А. Пералыгіна. Справаздача за 2023 год (рас.) // ААТ «Слуцкі мясакамбінат», 19 красавіка 2024 г. Праверана 17 жніўня 2024 г.
  2. ^ а б Кантактныя дадзеныя // ААТ «Слуцкі мясакамбінат», 2024 г. Праверана 17 жніўня 2024 г.
  3. ^ а б в г Натальля Селязьнёва. «Слуцкі мясакамбінат»: лінія росту // Газэта «Слуцкі край», 16 лістапада 2018 г. Праверана 17 жніўня 2024 г.
  4. ^ Прамысловасьць // Менскі абласны выканаўчы камітэт, 2024 г. Праверана 17 жніўня 2024 г.
  5. ^ Аб кампаніі // ААТ «Слуцкі мясакамбінат», 2024 г. Праверана 17 жніўня 2024 г.
  6. ^ Вытворчасьць // ААТ «Слуцкі мясакамбінат», 2024 г. Праверана 17 жніўня 2024 г.
  7. ^ Фірмовыя крамы // ААТ «Слуцкі мясакамбінат», 2024 г. Праверана 17 жніўня 2024 г.
  8. ^ Каўбасныя вырабы вараныя // ААТ «Слуцкі мясакамбінат», 2024 г. Праверана 17 жніўня 2024 г.
  9. ^ Вяндліны // ААТ «Слуцкі мясакамбінат», 2024 г. Праверана 17 жніўня 2024 г.
  10. ^ Сасіскі і сардэлькі // ААТ «Слуцкі мясакамбінат», 2024 г. Праверана 17 жніўня 2024 г.
  11. ^ Варана-вэнджаныя каўбасы // ААТ «Слуцкі мясакамбінат», 2024 г. Праверана 17 жніўня 2024 г.
  12. ^ Паўвэнджаныя каўбасныя вырабы // ААТ «Слуцкі мясакамбінат», 2024 г. Праверана 17 жніўня 2024 г.
  13. ^ Сыравэнджаныя і сыравяленыя каўбасныя вырабы // ААТ «Слуцкі мясакамбінат», 2024 г. Праверана 17 жніўня 2024 г.
  14. ^ Вэнджаніна зь ялавічыны // ААТ «Слуцкі мясакамбінат», 2024 г. Праверана 17 жніўня 2024 г.
  15. ^ Вэнджаніна са сьвініны // ААТ «Слуцкі мясакамбінат», 2024 г. Праверана 17 жніўня 2024 г.
  16. ^ Каўбасныя вырабы з субпрадуктаў // ААТ «Слуцкі мясакамбінат», 2024 г. Праверана 18 жніўня 2024 г.
  17. ^ Шашлыкі // ААТ «Слуцкі мясакамбінат», 2024 г. Праверана 17 жніўня 2024 г.
  18. ^ Каўбасы сырыя // ААТ «Слуцкі мясакамбінат», 2024 г. Праверана 17 жніўня 2024 г.
  19. ^ Фарш // ААТ «Слуцкі мясакамбінат», 2024 г. Праверана 17 жніўня 2024 г.
  20. ^ Пяльмені // ААТ «Слуцкі мясакамбінат», 2024 г. Праверана 17 жніўня 2024 г.
  21. ^ Кансэрвы // ААТ «Слуцкі мясакамбінат», 2024 г. Праверана 17 жніўня 2024 г.
  22. ^ Хінкалі // ААТ «Слуцкі мясакамбінат», 2024 г. Праверана 17 жніўня 2024 г.
  23. ^ а б в г д е ё Гісторыя разьвіцьця // ААТ «Слуцкі мясакамбінат», 2024 г. Праверана 17 жніўня 2024 г.
  24. ^ «Слуцкаму мясакамбінату» – 40 гадоў // Газэта «Слуцкі край», 1 сьнежня 2016 г. Праверана 17 жніўня 2024 г.
  25. ^ а б в Слуцкі мясакамбінат // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2002. — Т. 15. — С. 31. — 552 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0251-2
  26. ^ Тацяна Лазоўская. Слова стрымалі // Зьвязда : газэта. — 29 траўня 2014. — № 98 (27708). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
  27. ^ Алесь Пілецкі. Сьвіная чума давяла мясакамбінаты да вялізных стратаў // «Эўрапейскае радыё для Беларусі», 3 чэрвеня 2014 г. Праверана 17 жніўня 2024 г.
  28. ^ «Слуцкі мясакамбінат» працягвае маштабныя работы па мадэрнізацыі // Белтэлерадыёкампанія, 22 траўня 2014 г. Праверана 17 жніўня 2024 г.
  29. ^ а б За 3 гады страты заводу вырасьлі ў 27 разоў // Беларуская служба Радыё «Свабода», 1 жніўня 2022 г. Праверана 17 жніўня 2024 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Навіны (рас.) // ААТ «Слуцкі мясакамбінат», 15 жніўня 2024 г. Праверана 17 жніўня 2024 г.