Фэльчарска-акушэрскі пункт

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Фэльчарска-акушэрскі пункт (ФАП) — лячэбна-прафіляктычная ўстанова, якая зьдзяйсьняе пачатковы этап наданьня мэдычнай дапамогі ў сельскай мясцовасьці. ФАПы працуюць у складзе сельскага мэдычнага ўчастку пад кіраўніцтвам амбуляторыі, пасялковай ці раённай лякарні.

Дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Неабходнасьць далекарскага зьвяна аховы здароўя ў сельскай мясцовасьці вызначаецца малой шчыльнасьцю пражываньня насельніцтва (у адрозьненьне ад кампактнага гарадзкога насельніцтва). ФАПы разьмяшчаюцца ў найбольш аддаленых ад лякарні населеных пунктах, робячы мэдычную дапамогу для іх жыхароў больш даступнай.

Пэрсанал ФАПу складаецца з загадчыка — фэльчара (акушэркі), патранажнай сястры — акушэркі й санітаркі. ФАП вядзе прыём насельніцтва амбуляторна й на хаце, можа прызначаць лячэньне ў межах кампэтэнцыі фэльчара й акушэркі, ажыцьцяўляе патранаж дзяцей да 3 гадоў, забясьпечвае кансультацыі з адмыслоўцамі й выконвае мэдычныя прадпісаньні. Ажыцьцяўляе мэдычнае абслугоўваньне дзіцячых дашкольных установаў, якія ня маюць у сваім складзе мэдычных працаўнікоў.

ФАПы праводзяць санітарна-проціэпідэмічную працу на падведамнай тэрыторыі:

  • выяўляюць і ізалююць заразных хворых;
  • праводзяць бягучую дэзінфэкцыю памяшканьняў;
  • адхіляюць ад працы ў харчаблёках, дзіцячых і лячэбных установах тых хто кантактаваў з хворымі;
  • праводзяць прафіляктычныя прышчэпкі.

ФАП ажыцьцяўляе санітарна-эпідэмічны нагляд за тэрыторыяй і арганізацыямі, разьмешчанымі на ёй.

Склад[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Памяшканьне ФАПу складаецца мінімум з 3 пакояў. Акрамя таго, ФАП можа мець памяшканьне для парадзіх з асобным назіральным пакоем для іх прыёму й санітарнай апрацоўкі. Для часовай ізаляцыі заразных хворых таксама можа быць прадугледжана асобнае ізаляванае памяшканьне.