Перайсьці да зьместу

Краслаўка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Краслава»)
Краслаўка
лац. Krasłaŭka
лат. Krāslava
У цэнтры места
У цэнтры места
Герб Краслаўкі
Першыя згадкі: X стагодзьдзе
Горад з: 1923
Краіна: Латвія
Край: Краслаўскі
Плошча: 8,63 км²
Насельніцтва (2016)
колькасьць: 9114 чал.[1]
шчыльнасьць: 1056,08 чал./км²
Часавы пас: UTC+2
летні час: UTC+3
Тэлефонны код: +371
Паштовы індэкс: LV-5601
Геаграфічныя каардынаты: 55°53′44″ пн. ш. 27°9′52″ у. д. / 55.89556° пн. ш. 27.16444° у. д. / 55.89556; 27.16444Каардынаты: 55°53′44″ пн. ш. 27°9′52″ у. д. / 55.89556° пн. ш. 27.16444° у. д. / 55.89556; 27.16444
Краслаўка на мапе Латвіі
Краслаўка
Краслаўка
Краслаўка
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
http://www.kraslava.lv

Краслаўка, Краслаў (лат. Аўдыё Krāslava ) — места ў Латвіі, на рацэ Дзьвіне. Адміністрацыйны цэнтар Краслаўскага краю. Насельніцтва на 2010 год — 10 194 чалавекі. Знаходзіцца за 274 км на паўднёвы ўсход ад Рыґі, за 4 км ад чыгуначнай станцыі Краслава на лініі Дзьвінск — Полацак. Прыстань.

Краслаў — даўняе мястэчка гістарычных Інфлянтаў (Латгаліі), побач зь якім праходзіць паўночна-заходняя мяжа этнічнай тэрыторыі беларусаў[2], старажытны замак. Да нашага часу тут захаваўся комплекс кляштару піяраў з касьцёлам Сьвятога Людвіка і палацава-паркавы комплекс Плятэраў, помнікі архітэктуры XVIII ст.

Тапонім Краслаўка ўтварыўся ад назвы ракі Краславы, прытока Дзьвіны. Таксама існуе меркаваньне, што назва места ўтварылася ад другога імя полацкай князёўны Рагнеды Гарыславы. Паводле паданьня, князёўна неаднойчы наведвала Гарыслаўку. На карысьць гэтага факту сьведчыць адлегласьць да памежнага заходняга полацкага Герцыке (70 кілямэтраў), а таксама тое, што яшчэ далей на захадзе, паблізу сучаснага Ашэрадэну (па-латыску: Aizkraukle), знаходзіцца найбольш заходні з усіх Барысавых камянёў[3].

Паводле паданьня, Краслаўку (Гарыслаўку) заснавала ў X ст. князёўна Рагнеда. У гэты час паселішча ўваходзіла ў складзе Полацкага княства. Прыкладна да 1239 году мясцовасьць уваходзіла ў склад Герсіцкага княства. Тым часам у пісьмовых крыніцах Краслаў упершыню ўпамінаецца ў XIV ст., калі ён знаходзіўся пад уладай Лівонскага ордэна.

Паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каралеўствам Польскім

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

30 жніўня 1559 году Лівонскі ордэн перайшоў пад пратэктарат Вялікага Княства Літоўскага. У 1566 годзе Краслаў увайшоў ва ўтворанае Задзьвінскае княства. У 1580-я гады тут збудавалі першы драўляны касьцёл. У 1677 годзе мястэчка ўвайшло ў склад Інфлянцкага ваяводзтва.

У 1725 годзе Краслаў перайшоў у валоданьне графаў Чапскіх, а ў 1729 годзе — Плятэраў. Апошнія збудавалі ў мястэчку мураваныя ратушу, касьцёл і палац. У 1757 годзе пры кляштары езуітаў адкрылася Краслаўская каталіцкая сэмінарыя — першая навучальная ўстанова на тэрыторыі сучаснай Латвіі.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Краслаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Дынабурскай (з 1893 году Дзьвінскай) правінцыі Пскоўскай губэрні (1772—1776), потым у складзе Полацкай губэрні (1776—1778) і намесьніцтва (1778—1796), Беларускай губэрні (1796—1802), з 1802 году — Віцебскай губэрні. У 1809—1822 гадох тут знаходзілася адміністрацыяй Дынабурскай правінцыі[4]. На 1852 год у Краслаўцы было 389 вялікіх будынкаў (зь іх 32 мураваныя), працавалі гарбарня і кафляная майстэрня.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1918 годзе Краслаўку занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Краслаўка абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі[5]. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла склад Беларускай ССР[6]. У 1920 годзе бальшавікі перадалі мястэчка Латвіі. У 1923 годзе Краслаўка атрымала статус места.

У 1940 годзе Краслаўка апынулася ў складзе Латвійскай ССР. У Другую сусьветную вайну з 4 ліпеня 1941 да 22 ліпеня 1944 году яна знаходзіліся пад акупацыяй Трэцяга Райху. У 2009 годзе Краслаўка стала цэнтрам краю.

  • XIX стагодзьдзе: 1852 год — 3030 чал.; 1882 год — 4267 чал.[7]; 1897 год — 7834 чал., зь іх 1874 каталікі, 1513 праваслаўныя і 4051 юдэі
  • XX стагодзьдзе: 1999 год — 12 028 чал., зь іх 37,5% латышоў, 27,2% расейцаў, 21,7% беларусаў і 10,2% палякаў
  • XXI стагодзьдзе: 2010 год — 10 194 чал.

Прадпрыемствы лёгкай і харчовай прамысловасьці, апрацоўка драўніны і лёну.

Турыстычная інфармацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзее Краслаўскі гістарычна-мастацкі музэй.

  • Палацава-паркавы комплекс Плятэраў (1765—1791)
  • Касьцёл Сьвятога Людвіка і кляштар піяраў (1755—1767)
  • Малельня стараверская (1864)
  • Царква лютэранская (1935—1938)

Страчаная спадчына

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Пералік местаў-сяброў Краслаўкі
  1. ^ Iedzīvotāju reģistra statistika uz 01.01.2016 (лат.) «Latvijas iedzīvotāju skaits pašvaldībās pagastu dalījumā». Pilsonības un migrācijas lietu pārvalde (14. 07. 2016). Праверана 1. 01. 2016 г.
  2. ^ Лісейчыкаў Д. «У мястэчку палова русі, а палова каталікоў…»: Мяжа рассялення «рускай» этнаканфесійнай супольнасці ў Вялікім Княстве Літоўскім у сярэдзіне XVIII ст. // Беларускі гістарычны часопіс. № 6, 2020. С. 3.
  3. ^ Катлярчук А. Швэды ў гісторыі й культуры беларусаў. — Менск: Энцыклапедыкс, 2002.
  4. ^ Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). СПб, 1890—1907.
  5. ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 30.
  6. ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 20.
  7. ^ Manteuffel G. Krasław // Słownik geograficzny... T. IV. — Warszawa, 1893. S. 619.
  8. ^ Замок Краслава (Креславка - Kreslawka) (рас.) Средневековые замки Латвии Праверана 19 студзеня 2013 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]