Перайсьці да зьместу

Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянэраў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «БПС-Р»)
Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянэраў
Дата заснаваньня чэрвень 1918
Распушчаная 1924
Штаб-кватэра
Саюзьнікі і блёкі БПСФ
Ідэалёгія сацыялізм

Белару́ская па́ртыя сацыялі́стаў-рэвалюцыянэ́раў (БПСР) — беларуская палітычная партыя эсэраў, якая ўтварылася ў выніку распаду Беларускай сацыялістычнай грамады ў чэрвені 1918 году.

Лідарамі партыі былі Тамаш Грыб, Язэп Мамонька, Палута Бадунова і іншыя, якія выступалі супраць правага крыла БСГ з-за яго прагерманскай арыентацыі. Гэта група выйшла з Народнага сакратарыяту БНР і ў траўні 1918 заявіла аб стварэньні БПСР. Кіруючае ядро партыі склалі М. Асьвяцімскі, Палута Бадунова, Тамаш Грыб, Лявон Заяц, Аляксандар Карач, Яўген Ладноў, Язэп Мамонька, А. Маркевіч, Сьцяпан Некрашэвіч, М. Пашкевіч, У. Русак, Я. Трафімаў, Янка Чарапук, Фабіян Шантыр, Мікалай Шыла і інш.

У сваёй дзейнасьці арыентавалася на сялянства. Патрабаваньні зводзіліся да ўстанаўленьня «дыктатуры працоўных», сацыялізацыі зямлі, кааперыраваньня сялянства, незалежнай беларускай рэспублікі ў этнаграфічных межах. Арганізоўвала ўзброенае супраціўленьне польскаму войску. У Заходняй Беларусі дзейнічала нелегальна, яе прадстаўнікі стварылі Беларускую рэвалюцыйную арганізацыю і ў 1924 ўліліся ў склад КПЗБ.

Пад націскам КП(б)Б зьезд былых членаў БПСР у Менску 8 чэрвеня 1924 канстатаваў самароспуск партыі. Напрыканцы 1920-30-х г. былыя сябры партыі беларускіх эсэраў у БССР былі рэпрэсаваныя. У 1937 былыя кіраўнікі БПСР прыцягваліся да судовай адказнасьці па т.зв. «справе эсэраў» і былі асуджаны да вышэйшай меры пакараньня.