Перайсьці да зьместу

Яўген Ладноў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Яўген Ладноў
Міністар па вайсковых справах БНР
верасень 1918 — 1919
Міністар замежных справаў БНР
сьнежань 1919 — ?
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 188?
Віцебская губэрня, Расейская імпэрыя
Памёр: пасьля 1932

Яўге́н Міха́йлавіч Ладно́ў (188?, Віцебская губэрня — пасьля 1932, Нямеччына) — беларускі грамадзка-палітычны і вайсковы дзяяч.

У 1905 сябра вайсковай арганізацыі эсэраў у Адэсе, удзельнік рэвалюцыі 1905—1907 у Расеі. У гады першай сусьветнай вайны на фронце.

Удзельнічаў у Дзяржаўнай нарадзе ў Маскве, якая адбылася 12—15 жніўня 1917. Прысутнічаў на Першым Усебеларускім кангрэсе, быў абраны ў склад яго выканкаму. Пасьля кастрычніцкага перавароту за антысавецкую дзейнасьць звольнены з вайсковай службы. Палкоўнік.

У 1918 ваенны міністар ва ўрадзе БНР, са сьнежня 1919 міністар замежных справаў. У лютым 1919 прызначаны ўрадам БНР чальцом, пазьней старшынём беларускай дэлегацыі на Парыскую мірную канфэрэнцыю.

Віцэ-старшыня і фактычны кіраўнік Беларускага Дзяржаўнага Камітэту. Згодна паказаньняў Антона Луцкевіча і Браніслава Тарашкевіча дадзеных НКВД, БДК сваім стварэньнем абавязаны ІІ аддзелу Генэральнага штабу, які ўзьдзейнічаў на беларускі рух, праз свайго агента Яўгена Ладнова[1].

10 траўня 1923 Беларускае Прэс-бюро распаўсюдзіла інфармацыю пра тое, што Ладноў зьяўляецца правакатарам, і рэкамэндавала ўсім беларускім арганізацыям і дзеячам «пазьбягаць блізкага знаёмства зь ім». Абвінавачаны ў супрацы з дэфэнзываю[2].

Пазьней жыў у Бэрліне.

Сабраў вялікую колькасьць матэрыялаў аб масонстве, зьвязваў яго дзейнасьць з сусьветным сіянізмам. Частка матэрыялаў адлюстроўвала палітычную дзейнасьць расейскага масонства ў пэрыяд лютаўскай рэвалюцыі, кастрычніцкага перавароту, грамадзянскай вайны і эміграцыі. У 1932 падрыхтаваў на імя прэзыдэнта Нямеччыны Гіндэнбурга шэраг дакумэнтаў пра падрыўную дзейнасьць масонскіх ложаў у Эўропе. Верагодна, частка сабраных матэрыялаў увайшла ў яго кнігу «Агнём і мячом, голадам і хваробамі» (Варшава, 1922).

Некаторыя матэрыялы Ладнова (дзёньнік, нататнікі, артыкулы, перапіска) захоўваюцца ў Дзяржаўным архіве Расейскай Фэдэрацыі.