Агракамбінат Ждановічы
Каардынаты: 53°54′22″ пн. ш. 27°24′59″ у. д. / 53.90611° пн. ш. 27.41639° у. д.
Тып | унітарнае прадпрыемства |
---|---|
Заснаваная | 12 студзеня 1959 (65 гадоў таму) |
Разьмяшчэньне | пасёлак Азярцо (Менскі раён, Беларусь) |
Ключавыя фігуры | Рыгор Чуйко |
Галіна | сельская гаспадарка |
Прадукцыя | гародніна, збожжа, кветкі, малако, мяса |
Абарачэньне | 473,344 млрд рублёў (2015 г.; $29,122 млн)[1] |
Апэрацыйны прыбытак | -14,582 млрд рублёў (2015 г.; $-0,897 млн) |
Лік супрацоўнікаў | 1345 (2015 г.) |
Матчына кампанія | Выканаўчы камітэт Менскага раёну |
Агракамбінат «Ждановічы» — дзяржаўнае сельскагаспадарчае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў студзені 1959 году ў Менскім раёне. На 2017 год вырошчваў гародніну, зерне, кветкі і фрукты, вырабляў малако, мяса і салаты. Зь 2008 году ёсьць найбольшым вытворцам цяплічнай гародніны ў Беларусі. Галаўная сядзіба месьціцца ў Менску па вул. Вышалескага, д. 2 (Фрунзэнскі раён). Аднак юрыдычны адрас мае ў пасёлку Азярцо (Шчомысьліцкі сельсавет, Менскі раён).
Вытворчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Зерне. У 2015 годзе намалацілі звыш 45 000 тонаў. У 2009 г. плошча ворных земляў склала каля 9000 гектараў. Сярэдняя ўраджайнасьць склала 60 цэнтнэраў/га. У асноўным вырошчваецца пшаніца. У 2008 г. агракамбінат «Ждановічы» таксама паставіў броварам Беларусі звыш 2500 тонаў ячменю. У 2005 годзе ўвялі ў дзеяньне новую зернесушылку магутнасьцю да 1000 тонаў за содні.
- Чмеляводзтва. У 2001 г. стварылі лябараторыю разьвядзеньня чмялёў для круглагодняга апыленьня таматаў. Магутнасьць складае да 1500 пчаліных сем’яў за год. У 2002 г. вырасьцілі 832 пчаліныя сям’і, зь іх 255 выкарысталі на ўласныя патрэбы і 577 прадалі іншым прадпрыемствам.
- Пладаводзтва. На 2014 г. налічвалася 144 га пладова-ягадных угодзьдзяў пад яблыкі, грушы і ягады. У 2007 г. заклалі пладова-ягадны сад плошчай 14 га.
- Квашэньні і саленьні. Выраблялі квашаную капусту, мочаныя яблыкі, салёныя агуркі і таматы пад таварным знакам «Шынкароў», салаты «Гаспадынька».
- Малако. На 2017 год на 10 малочна-таварных фэрмах (МТФ) налічвалася звыш 6500 галоваў буйнога рагатага быдла, ад якога штодня атрымлівалі 33 тоны малака. За 2016 г. сярэдні ўдой перавысіў 6,5 тоны малака з каровы. Найбольшая МТФ месьцілася ў вёсцы Табары (Хацежынскі сельсавет, Менскі раён), дзе было 470 кароваў. У 2006 г. дойны статак агракамбіната складаў 2200 кароваў, якія далі 15 % малака ў Менскім раёне. Таварны знак «Менская губэрня».
- Кветкі. У 2006—2009 гадах збудавалі 14 га цяпліцаў пад кветкі. У менскім мікрараёне Кунцаўшчына і вёсцы Багатырова (Менскі раён) вырошчвалі 12 гатункаў ружаў розных адценьняў, якія прадавалі пад таварным знакам «Кветкавая майстэрня».
- Гародніна: агуркі, буракі, капуста, морква, перцы, таматы і цыбуля рэпчатая. На 2017 г. цяплічны камбінат займаў 27 га, на якіх пераважна вырошчвалі агуркі і таматы. У 2008 годзе ўпершыню сабралі ўраджай баклажанаў і перцаў. Агульны ўраджай склаў 11 т У верасьні 2007 году ў вёсцы Багатырова цяпліцы плошчай 14 га. У 2009 г. прыбудавалі цеплаэлектрастанцыю (ЦЭС) магутнасьцю 3 мэгаваты. Кропельны паліў выкарыстоўваюць для гародніны адкрытага і закрытага грунту. У 2008 г. вырасьцілі 11 тыс. тонаў цяплічнай гародніны, зь іх 7 тыс. тонаў таматаў. У адкрытым грунце вырасьцілі звыш 6 тыс. тонаў гародніны. На 2017 год гароднінасховішча магло зьмяшчаць да 10,8 тыс. тонаў. У 2008 годзе ў сховішча на 2,8 тыс. тонаў пераабсталявалі цэх. Штогадовая закладка ў сховішчы складала: 5 тыс. тонаў капусты, 4 тыс. тонаў морквы, каля 4000 тонаў бульбы і 500 тонаў буракоў. Таварны знак «Гароднінная сталіца».
- Сьвінагадоўля. У 2013 годзе скончылі будаўніцтва сьвінакомплекса ў вёсцы Плашава (Койданаўскі раён) на 24 тыс. галоваў. Вытворчыя памяшканьні падзялілі на 5 участкаў: асемяненьня (індывідуальнае ўтрыманьне цягам 30 дзён), супарасных сьвінаматак (утрыманьне цягам 77 дзён), апаросу і пэрыяду падсмоктваньня ў парасятаў (30-34 дні), дагадоўваньня парасятаў-адабранцаў (7—30 кг), адкорму (30—110 кг)[2].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У студзені 1959 году ў заходняй частцы менскага прадмесьця Ждановічы (Менскі раён) стварылі саўгасп «Ждановічы» на аснове 3-х гаспадарак. Ад пачатку прадпрыемства засяродзілася на вытворчасьці малака і вырошчваньні гародніны. У 1975 г. саўгасп пераўтварылі ў «Ждановіцкі цяплічны камбінат», які заклаў у вёсцы Кунцаўшчына (Менскі раён) цяпліцы плошчай 13 гектараў. З 1990 году камбінат пашырыў сваю дзейнасьць на чмеляводзтва і садаводзтва. У 1996 г. саўгасп пераўтварылі ў аграгандлёвую фірму «Ждановічы». У 2000 годзе — ва ўнітарнае прадпрыемства «Агракамбінат "Ждановічы"». У 2005 г. да агракамбіната «Ждановічы» далучылі саўгасп імя Фрунзэ (вёска Фрунзэ, Койданаўскі раён). У выніку надоі ў 200 кароваў на мясцовай малочна-таварнай фэрме (МТФ) вырасьлі з 4000 да 6000 літраў малака ў сярэднім з каровы за 2011 год. У 2012 г. пачалі ўводзіць новую МТФ на 600 кароваў з трыма робатамі замест даярак[3].
У 2006 і 2009 гадах агракамбінат «Ждановічы» пабудаваў побач зь вёскай Багатырова (Шчомысьліцкі сельсавет) 2 новыя цяплічныя комплексы плошчай па 7 га кожны для вырошчваньня таматаў. Сэзон у іх доўжыўся ад часу пасеву да сярэдзіны лістапада наступнага году. У цяпліцах карані расьлінаў мацавалі ў кантэйнэрах зь мінэральнай ватай, да якой пастаянна падавалі сілкавальную рашчыну шляхам кропельнага паліву. У іншых цяпліцах вырошчвалі агуркі, баклажаны і перцы. За 2011 г. у цяпліцах вырасьцілі звыш 15 680 тонаў гародніны, што складала каля 8 кг на кожнага менчука. Цяплічная гародніна склала 48,8 % ў агульным вале вытворчасьці агракамбіната «Ждановічы». Удзельная вага прадпрыемства ў валавай вытворчасьці цяплічнай гародніны ў Беларусі склала 15,7 %, у Менскай вобласьці — 34,6 %. Сярэдняя ўраджайнасьць гародніны ў агракамбінаце склала 60,4 кг/м², што перавышала сярэдні па краіне паказьнік на 16 кг. На ўчастках са штучным электрычным дасьвечваньнем ураджайнасьць у больш як 1,4 разу перавышала сярэднюю па прадпрыемстве. На 2012 г. агракамбінат «Ждановічы» меў найбольшую ў Беларусі цяплічную гаспадарку плошчай 26 га і найбольшыя ўраджаі[3].
За 2011 г. сярэдні ўдой малака на карову склаў 6514 кіляграмаў. Агулам надалі каля 14700 тонаў малака, зь якога 96 % збылі клясай «экстра» і вышэйшым гатункам. На 1 студзеня 2012 г. налічвалася 5446 галоваў буйной рагатай жывёлы, зь іх 2250 галоваў (41 %) складаў малочны статак. Таксама агракамбінат «Ждановічы» ўлучаў сад плошчай 350 га, зь іх 91 га (26 %) пад ягаднікамі. Сад заклалі ў 2000-я гады. У ім пераважалі беларускія гатункі дрэваў, устойлівыя да грыбковых хваробаў (асабліва паршы). У 2011 г. рэнтабэльнасьць сада склала 81 %. На 2012 г. у садзе налічвалася каля 330 000 маладых дрэваў[3].
На 2012 г. прадпрыемства адмыслоўвалася на вырошчваньні збожжа, гародніны адкрытага і закрытага грунту, бульбы і цукровых буракоў, на вытворчасьці малака і мяса буйной рагатай жывёлы, на атрыманьні садавіны. Увесну 2012 г. збожжа пасеялі на плошчы 1940 гектараў. Бульбай занялі 250 га, тады як у 2011 годзе 200 га. Пад цукровыя буракі адвялі 717 га замест леташніх 600 га. Пасевы кукурузы пашырылі да 1340 га замест 1050 га ў 2011 годзе. На вырошчваньне зерня адпусьцілі 400 га. Азімыя культуры займалі 3700 га. На 2012 г. агракамбінат «Ждановічы» меў адзіную ў Беларусі лябараторыю разьвядзеньня чмялёў, якія апылялі таматы ў цяпліцах. У вёсцы Багатырова пачалі будаўніцтва цяпліцаў на больш як 8 млн ружаў за год. У лістападзе 2012 году ў вёсцы Плашава (Койданаўскі раён) здалі сьвінакомплекс на 24 тыс. галоваў. Сьвінаматак прывезьлі з Даніі[3].
Кіраўнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- І. Ларчанка (1959)
- А. Пратасевіч
- М. Шкель
- Фэлікс Брыкет (1963—1989)
- В. Клаўсуць (1990—1994)
- Міхаіл Дражын (1994—1998)
- Рыгор Чуйко (з 1998 году)
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2015 год (16 253,61 за даляр) // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 2016 г. Праверана 21 жніўня 2017 г.
- ^ Вытворчасьць (рас.) // Агракамбінат «Ждановічы», 2017 г. Праверана 21 жніўня 2017 г.
- ^ а б в г Іван Бараноўскі. Хто спыніўся ў сваім разьвіцьці — той адстаў // Зьвязда : газэта. — 17 траўня 2012. — № 92 (27207). — С. 6. — ISSN 1990-763x.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Сьпіс цэнаў на вырабы (рас.) // Агракамбінат «Ждановічы», 17 жніўня 2017 г. Праверана 21 жніўня 2017 г.
Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |