Белрыба
Каардынаты: 51°50′11″ пн. ш. 27°33′17″ у. д. / 51.83639° пн. ш. 27.55472° у. д.
«Белрыба» | |
Тып | адкрытае акцыйнае таварыства |
---|---|
Заснаваная | 28 сьнежня 1957 (67 гадоў таму) |
Уласьнікі | Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт |
Краіна | Беларусь |
Разьмяшчэньне | Менск |
Адрас | Кастрычніцкі раён, мікрараён Сярова, зав. Сьцебянёва, д. 2 |
Галіна | харчовая прамысловасьць |
Прадукцыя | вяленая, вэнджаная і салёная марская і рачная рыба ў кансэрвах і прэсэрвах, марская капуста і салаты зь яе |
Абарачэньне | ▼913 тыс. рублёў (2021 год) |
Чысты прыбытак | ▼-8,8 млн рублёў (2021 год)[1]. |
Матчына кампанія | ДА «Сталічны гандаль і паслугі»[2] |
belryba.by
|
«Белрыба» — дзяржаўнае харчовае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў сьнежні 1957 году ў якасьці «Менскага гуртовага рыбнага халадзільніка».
На 2023 год пастаўляла рыбныя вырабы ў больш як 2600 крамаў і страўняў Беларусі. Уласная сетка крамаў працавала ў 14 гарадах краіны: у сталіцы і ўсіх 5 абласных цэнтрах, а таксама ў Барысаве, Слуцку і Салігорску ў Менскай вобласьці, Жлобіне і Каленкавічах у Гомельскай, Баранавічах у Берасьцейскай, Полацку ў Віцебскай, Лідзе ў Гарадзенскай. Аўтапарк налічваў 44 цяжкавікі зь лядоўнямі. Вытворчасьць звыш 400 найменьняў вырабаў улучала: вэнджаную, вяленую і салёную рыбу, прэсэрвы зь селядца, скумбрыі і ласося, салаты з марской капусты, рыбу ў жэле і дэлікатэсы[3].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]28 сьнежня 1957 году заснавалі «Менскі гуртовы рыбны халадзільнік», дзе ўпершыню ў горадзе наладзілі прамысловую перапрацоўку марской рыбы[4]. 10 чэрвеня 1994 году «Менскі гуртовы рыбны халадзільнік» пераўтварылі ў арэнднае прадпрыемства. 20 сьнежня 1997 году назву зьмянілі на «Белрыба». 26 жніўня 1999 году рыбзавод стаў дзяржаўным унітарным прадпрыемствам[5]. У 2001 годзе яго перадалі Кіраўніцтву справамі прэзыдэнта Беларусі.
У 2004 годзе перабудавалі вяндлярны цэх[4]. У 2006 годзе запусьцілі швайцарскую лінію вакуўмнай упакоўкі, у якой наладзілі выпуск дэлікатэсаў з тэрмінам прыдатнасьці ў 60 дзён. У красавіку 2007 году ўкаранілі Агляд пагрозы і крытычныя кропкі нагляду (АПККН), каб забясьпечыць міжнароднае прызнаньне якасьці. У 2008 годзе на «Белрыбу» прыпадала каля 30 % вытворчасьці і збыту рыбных вырабаў у Беларусі. Пры гэтым выпускалі 350 найменьняў вырабаў з рыбы[6]. У 2008 годзе набылі машыну ўкладкі, але тая пачала ламіць кільку, таму давялося вярнуцца да ручнога раскладваньня. Марскую капусту ўзважвалі ўручную на латках перад даданьнем у слоік. Селядзец клалі ў кантэйнэр і дадавалі перац і іншыя прыправы, пасьля чаго адпраўлялі на мэханічную ўпакоўку. Агулам каля 80 % працы, якую пераважна выконвалі жанчыны, была ручной[4]. 15 ліпеня 2010 году «Белрыба» стала камунальным прадпрыемствам Менскага гарвыканкаму. У 2011 годзе пачалі выпускаць вэнджаную рыбу пад таварным знакам «Рыбзавод». 24 кастрычніка 2012 году «Белрыбу» пераўтварылі ў адкрытае акцыйнае таварыства.
Па выніках 2012 году «Белрыба» апынулася на 12-м месцы сярод найбольш стратных ААТ Беларусі[7]. 4 красавіка 2013 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 152, якім улучыў вытворчую пляцоўку «Белрыбы» ў склад свабоднай эканамічнай зоны «Менск»[8]. У 2012 годзе адчынілі кансэрвавы цэх, дзе сталі вырабляць як проста натуральныя кансэрвы, гэтак і з даданьнем алею, а таксама ў таматнай падліве. Адпаведныя кансэрвы выраблялі зь селядца, сайры і гарбушы. З астуджанай сьвежай рачной рыбы, такой як карп, таўсталобік і лешч, выраблялі кансэрвы з даданьнем алею і ў таматнай падліве. За 8 гадзінаў зьмены кансэрвавы цэх выпускаў 20 000 бляшанак. Пры гэтым бляшанкі стэрылізавалі ў аўтаклаве[4].
На 2014 год «Белрыба» ў асноўным выпускала вэнджаніну і кансэрвы з карпа бяз костак. Вэндзілі шляхам падачы ў камэру дыма ад тленьня альховага пілавіньня. Салёную рыбу загружалі ў печ на тэрмін ад 12 гадзінаў у выпадку кількі і да 2-х содняў у выпадку салакі. Для пасьпяваньня селядца ў воцатна-солевай рашчыне дадавалі цукар і прыправы. За месяц звычайна выпускалі каля 200 тонаў вэнджанай і вяленай рыбы, а ўлетку — да 400 тонаў. На вэнджаньне таксама ішлі ісьляндзкі палтус, кета, гарбуша і вугор. Пры гэтым вэнджанага вугра закупалі толькі рэстараны. Сёмгу выраблялі толькі слабасалёнай. Кавалкі сёмгі або палтуса разразалі па 240 ці 300 грамаў. Вялілі рыбу звыш 5 дзён. Найбольшы прыбытак прыносіла вытворчасьць прэсэрваў з кавалкаў селядца і марской капусты, а таксама звыш 70 найменьняў салатаў з марской капусты. Адпаведная вытворчасьць выдавала каля 100 тонаў вырабаў за месяц. Пры гэтым марскую капусту ў сухім выглядзе пастаўлялі зь Кітаю. Частку вырабаў пастаўлялі за мяжу, пераважна ў Малдову, Армэнію і Канаду. Найбольшым попытам за мяжой карысталіся сёмга, салёны селядзец і марская капуста з курагой і чарнасьлівам. У дзіцячыя садкі і школы Беларусі накіроўвалі марскую капусту, а таксама сталовыя пароды рыбы — мінтай і аргентыну[4].
У ліпені 2016 году Камітэт дзяржаўнага кантролю Беларусі выявіў на прадпрыемстве незадзейнічанае абсталяваньне на суму 8 млрд рублёў (400 тыс. даляраў), якое праляжала больш за 10 гадоў. Таксама праверка выявіла пратэрмінаваную другасную сыравіну на паўмільярды рублёў (25 тыс. $)[9].
Кіраўнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Генадзь Скітаў (Элькінд; зь 2007 году да 2010-х)[10]
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ ААТ «Белрыба» ў крызісе: мільённыя страты // Партал «Хартыя'97», 28 красавіка 2022 г. Праверана 17 сьнежня 2023 г.
- ^ Пералік гаспадарчых таварыстваў, у дачыненьні да якіх ДА «Сталічны гандаль і паслугі» ўпаўнаважана кіраваць акцыямі, якія знаходзяцца ва ўласнасьці горада Менска // ДА «Сталічны гандаль і паслугі», 2023 г. Праверана 17 сьнежня 2023 г.
- ^ Аб прадпрыемстве (рас.) // ААТ «Белрыба», 19 сакавіка 2023 г. Праверана 17 сьнежня 2023 г.
- ^ а б в г д Сяргей Куркач. Рыбка без хіміі, але з ручной расфасоўкай // Зьвязда : газэта. — 6 траўня 2014. — № 82 (27692). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
- ^ ААТ «Белрыба», УНП 190000166 (рас.) // ТАА «БізІнспэкт», 2023 г. Праверана 17 сьнежня 2023 г.
- ^ Іван Ждановіч. У «Лідо» – рыбны дзень // Голас Радзімы : газэта. — 30 кастрычніка 2008.
- ^ «Заўтра тваёй краіны». Топ-30 стратных беларускіх ААТ // Партал «Хартыя’97», 3 чэрвеня 2013 г. Праверана 17 сьнежня 2023 г.
- ^ Камэнтар да Ўказа № 152 ад 4 красавіка 2013 г. // Прэзыдэнт Беларусі, 4 красавіка 2013 г. Праверана 17 сьнежня 2023 г.
- ^ Аляксандар Сьмірноў. Дзяржкантроль праверыў рыбаводчую галіну // Белтэлерадыёкампанія, 4 ліпеня 2016 г. Праверана 17 сьнежня 2023 г.
- ^ Георгі Дань, «Штодзёньнік». Адкуль гніе рыба // Газэта «Наша ніва», 15 сакавіка 2010 г. Праверана 17 сьнежня 2023 г.
Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |