Перайсьці да зьместу

Ружанская пушча

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ружанская пушча
заказьнік
РазьмяшчэньнеПружанскі раён
Найбліжэйшае мястэчка Ружаны, вул. Дудзінскага, 5
Каардынаты52°54′8″ пн. ш. 24°57′18″ у. д. / 52.90222° пн. ш. 24.955° у. д. / 52.90222; 24.955Каардынаты: 52°54′8″ пн. ш. 24°57′18″ у. д. / 52.90222° пн. ш. 24.955° у. д. / 52.90222; 24.955
Плошча15 тыс. га (заказьніку — 2812 га)
Заснаваны 21 лютага 1986 (38 гадоў таму)

Ружа́нская пу́шча — лясны масіў і заказьнік дзяржаўнага значэньня ў Пружанскім раёне Берасьцейскай вобласьці, на паўднёвым захадзе ад мястэчка Ружаны. Плошча 15 тысячаў гектараў.

Большая частка пушчы ўлучаная ў біялягічны заказьнік дзяржаўнага значэньня «Ружанская пушча» (утвораны ў 1980 року, на 2015 рок плошча 2812 га[1]), частка — у складзе Міхалінска-Бярозаўскага батанічнага заказьніка (утвораны ў 1978 року, на 2006 рок плошча 7,9 тыс. га).

Рэльеф мясцовасьці хвалісты. Заказьнік перасякаюць велізарныя яры.

Расьліннасьць прадстаўленая такімі пародамі дрэваў, як граб, дуб, вяз, ліпа, хвоя, елка, лістоўніца, створаныя высадкі піхты белай, бярозы, алешыны, асіны.

У заказьніку засяроджаны ўнікальны комплекс рэдкіх відаў расьлінаў: вэнэрын чаравік сапраўдны, кадзіла сармацкае, любка двуліставая, марошка прысадзістая, медзьвядзіная цыбуля (або чарэмшына), званок шыракалісты, ландыш, чабор, зуброўка, вельмі шмат верасовых дзялянак.

Грыбны сьвет прадстаўлены ўсімі вядомымі ў Беларусі відамі і ў вялікай колькасьці, але сустракаюцца і грыбы, занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі: спарасіс кучаравы, ліска шэрая, грыфола шматкаптуровая, грыфола парасонавая.

На тэрыторыі заказьніка водзяцца алень, эўрапейская казуля, лось, дзік, куніца, рысь, заяц-бяляк і заяц-русак, бабёр, норка, выдра, янотападобны сабака, вавёрка, воўк. З птушак сустракаюцца чорны бусел, цецярук, чырвоны каршун, пугач, вушастая сава.

У рацэ Зальвянцы водзіцца плотка, шчупак, акунь, лешч, язь і ў вялікіх колькасьцях ракі.

Аб’ект экалягічнага турызму.