Перайсьці да зьместу

Кадзіла сармацкае

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Кадзіла сармацкае
Кадзіла мялісалістнае
Клясыфікацыя
НадцарстваЭўкарыёты
ЦарстваРасьліны
АддзелПакрытанасенныя
КлясаДвухдольныя
АтрадЯсноткавакветныя
СямействаЯсноткавыя
ПадсямействаЯсноткавыя (Lamioideae)
РодКадзіла
ВідКадзіла мялісалістнае
ПадвідКадзіла сармацкае
Бінамінальная намэнклятура
Melittis sarmatica (Klokov, 1957)

Кадзі́ла сарма́цкае (лац. Melittis sarmatica) — рэдкая невысокая духмяная расьліна роду кадзіла сямейства ясноткавых парадку ясноткавакветных. Падвід адзінага прадстаўніка роду — кадзіла мялісалістнага.

Шматгадовая травяністая расьліна. Сьцябло прамастойнае, чатырохграннае, мяккаапушанае, вышынёй 20—80 см. Лісьце супраціўнае, з шырокай яйкападобнай, па краі гародчата-пілаватай пласьцінкай. Кветкі буйныя, дзьвюгубыя, бела-ружовыя. Расьліна вылучаецца сваім моцным мядовым пахам.

Расьліна сустракаецца ў Сярэдняй і Атлянтычнай Эўропе.

У Беларусі сустракаецца ў Баранавіцкім, Берасьцейскім, Ваўкавыскім, Гарадзенскім, Зэльвенскім, Камянецкім, Лельчыцкім, Мазырскім, Маларыцкім, Мастоўскім, Пінскім, Пружанскім, Сьвіслацкім, Слонімскім, Столінскім і Янаўскім раёнах. Занесеная ў сьпіс ахоўных расьлінаў Беларусі (1964) і Чырвоную кнігу Беларусі (1981).

Расьце ў дубовых, дубова-сасновых і грабавых лясох.

Народныя назвы — лясны бальзам, лясная табака, дуброўка пахкая, пчальнік.

Лацінская назва Melittis sarmatica лічыцца няслушнай, сынанімічнай[1][2]. У навуковай літаратуры ўжываецца назва Melittis melissophyllum ssp. carpatica (Klokov) P.W.Ball[3].

Травяную масу ўжываюць пры вольнасьці страўніка, катары, скулах у роце і горле, а таксама ў якасьці мачагоннага і загойвальнага сродку. Настойка са сьвежых кветак дзейнічае асьвяжальна, падобна мяце, узбуджае пэрыстальтыку кішочніка, здымае болі ў падлыжкавай вобласьці. Гарачая гарбата з кветак ужываецца як патагонны сродак.

Настойку з травы п’юць пры язьве страўніка і дванасткі, болях у страўніку, кішочніку, захворваньнях пячонкі, сэрца, гінэкалягічных. Вонкава настойкай апрацоўваюць раны і язвы.

Верш Пімена Панчанкі «Сармацкае кадзіла».

  1. ^ Melittis sarmatica Klokov (анг.) The Plant List. Royal Botanic Gardens, Kew and Missouri Botanical Garden. Праверана 11 лютага 2012 г.
  2. ^ Melittis sarmatica ― Synonym of Melittis melissophyllum ssp. carpatica (анг.). European Environment Agency. Праверана 11 лютага 2012 г.
  3. ^ Melittis melissophyllum subsp. carpatica (Klokov) P.W.Ball (анг.) The Plant List. Royal Botanic Gardens, Kew and Missouri Botanical Garden. Праверана 11 лютага 2012 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]