Русіфікацыя Беларусі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта састарэлая вэрсія гэтай старонкі, захаваная ўдзельнікам EmausBot (гутаркі | унёсак) у 17:04, 20 кастрычніка 2012. Яна можа істотна адрозьнівацца ад цяперашняй вэрсіі.
Менск, 2011: Замена вулічных шыльдаў з надпісамі па-беларуску на расейскамоўныя

Русіфікацыя Беларусі, дакладней[1] маскалізацыя[2][3][4][5] або расеізацыя[6][7][8] — мэтанакіраваная палітыка сьвядомага адрыву беларускага народу ад гістарычных традыцыяў, роднай культуры і мовы і насаджэньня расейскай мовы і культуры[9].

У Расейскай імпэрыі

Файл:Uniate Church in Miensk.jpg
Маскалізацыя праз архітэктуру: грэка-каталіцкая царква Сьвятога Духа ў Менску да (леваруч) і па (праваруч) перабудове ў стылі маскоўскай сярэднявечнай архітэктуры (1893)

28 траўня 1772 году адразу па першым падзеле Рэчы Паспалітай расейская імпэратрыца Кацярына II падпісала Наказ, паводле якога ўсе губэрнатары «былых польскіх» (гэта значыць — беларускіх) губэрняў абавязваліся складаць свае выракі, пастановы і загады толькі на расейскай мове. Жыхарам дазвалялася карыстацца сваёй мовай і сваімі законамі, толькі калі гэта не датычыла сфэры ўлады. 8 траўня 1773 году Кацярына II падпісала чарговы Наказ «Аб заснаваньні ў Беларускіх губэрнях губэрнскіх і правінцыйных земскіх судоў», дзе было яшчэ раз пазначана пра абавязковае выкарыстаньне ў справаводзтве выключна расейскай мовы[10].

Кацярына II імкнулася да аб’яднаньня далучаных земляў зь іншымі часткамі імпэрыі, але рабіла гэта асьцярожна і паступова. Па здушэньня паўстаньня 1794 году гэтая палітыка праводзілася больш упарта і настойліва з ужываньнем карных захадаў[11]. Расея афіцыйна адмаўляла беларускую нацыю і беларускую мову; чыноўнікі беларускага паходжаньня звальняліся зь дзяржаўных установаў і замяняліся расейскімі[12].

Павал I і Аляксандар I не прымалі значных захадаў супраць распаўсюджваньня польскай культуры і мовы, таму польскі ўплыў на беларускіх землях па ягоным вынішчэньні ў часы Кацярыны II дастаткова хутка аднавіўся і да канца першай чвэрці XIX ст. перавышаў расейскі.

Маскалізацыя праз архітэктуру: праваслаўная царква Сьвятых Апосталаў Пятра й Паўла ў Менску да (леваруч) і па (праваруч) перабудове ўладамі Расейскай імпэрыі

Па прыходзе да ўлады ў сьнежні 1825 году Мікалай I наступ на беларускую і польскую культуру аднавіўся і асабліва ўзмацніўся па здушэньні вызвольнага паўстаньня 1830—1831 гадоў. Палітыка Мікалая I была накіраваная на вяртаньне больш узмоцненай русіфікацыі і ўніфікацыі земляў Беларусі[11]. 16 верасьня 1831 году ўтварыўся адмысловы «Заходні камітэт», задачай якога зьяўлялася «зраўняць Заходні край ва ўсіх адносінах з унутранымі вялікарускімі губэрнямі»[11]. Міністар унутраных справаў Расейскай імпэрыі Пётар Валуеў падрыхтаваў для Камітэту адмысловы «Очерк о средствах обрусения Западного края»[13] .

25 чэрвеня 1840 году Мікалай I выдаў указ, паводле якога ўсе справы як ва ўрадавай, так і у судовай частцы, не вылучаючы справаў дваранскіх і дэпутацкіх сходаў, а таксама ўвогуле ўсе акты, якога б роду і найменьня яны не былі, трэба было пісаць толькі на расейскай мове. У афіцыйнай дакумэнтацыі забаранялася карыстацца словамі «Беларусь» і «беларусы». Беларусь атрымала назву «Паўночна-Заходні край», адначасна скасоўвалася дзеяньне Статуту Вялікага Княства Літоўскага[12].

Апроч таго, Мікалай I зацьвердзіў пастанову пра перасяленьне ў Беларусь «выходцев из внутренних губерний, которые принесут с собой в сей край, чуждающийся России, наш язык, обычай, приверженность русских к престолу»[14].

За Аляксандрам II назіраліся пэўныя паслабленьні ў русіфікацыйных працэсах, але палітыка ўніфікацыі і інтэграцыі заходніх губэрніяў зь іншымі тэрыторыямі Расейскай імпэрыі ўсё яшчэ працягвалася[11].

Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 гадоў працэс расеізацыі ўзначаліў генэрал-губэрнатар М. Мураўёў, названы сучасьнікамі Вешальнікам і Людаедам[15]. Асаблівую ўвагу начальнік «Паўночна-заходняга краю» надаваў расеізацыі адукацыі, шырока вядомым зьяўляецца ягоны дэвіз:

Што не дарабіў расейскі штык — даробіць расейская школа і царква

Мураўёў запрасіў у Вільню прадстаўніка кансэрватыўнага кірунку ў «западно-руссизме» Ксенафонта Гаворскага і садзейнічаў пераносу яго кіеўскага выданьня «Вестник Юго-Западной и Западной России» пад новай назвай «Вестник Западной России». Аднак, нягледзячы нават на ўвядзеньне абавязковай падпіскі для духавенства і службоўцаў, часопіс ня меў папулярнасьці, і ў 1871 годзе яго закрылі[16].

Зьвяртаючыся да беларускага дваранства Мураўёў казаў:

Забудзьцеся пра наіўныя летуценьні і мары, панове, і помніце, што калі вы не зробіцеся тут сваімі думкамі і пачуцьцямі расейцамі, вы будзеце іншаземцамі і мусіце тады пакінуць гэты край

Істотнымі фактарамі расеізацыі ў «Паўночна-заходнім краі» зьяўляліся падвышаныя (параўнальна з мэтраполіяй) аклады і разнастайныя прывілеі для чыноўнікаў-выхадцаў з цэнтральнай Расеі, а таксама расейскае войска, шматлікія гарнізоны якога стала разьмяшчаліся ў беларускіх местах і мястэчках[17].

Рэлігія

Небясьпечнай перашкодай на шляху расеізацыі беларусаў зьяўлялася Ўніяцкая царква, якая вылучала іх сярод палякаў і расейцаў. Грэка-каталікі складалі каля 80% беларускіх хрысьціянаў[18].

Яшчэ за кіраваньнем Кацярыны II у праваслаўе расейскага ўзору прымусова перавялі блізу паўмільёна беларусаў. Адначасна ішла апрацоўка грэцка-каталіцкіх герархаў, частка якіх у выніку перайшла на службу царызму. У змаганьні з уніяцтвам асабліва вызначыўся біскуп украінскага паходжаньня Іосіф Сямашка. Ён увёў расейскую мову ў духоўных сэмінарыях і царкоўных справаздачах. Сьвятары атрымалі загад спраўляць набажэнства паводле службоўнікаў, прысланых з Масквы. З уніяцкіх сьвятыняў выкідалі бакавыя алтары, ламалі арганы. Нязгодных судзілі як царкоўных і дзяржаўных злачынцаў[19].

Беларускія вернікі адказалі на рэлігійны гвалт супрацівам. Так, за спробу перавярнуць іх у праваслаўе сяляне-ўніяты з маёнтку Азярышча Гарадоцкага павету пастанавілі ўтапіць полацкага праваслаўнага япіскапа Смарагда і віцебскага генэрал-губэрнатара Шрэдэра, якія ледзьве здолелі ўцячы. У сьнежні 1834 году на дваранскіх выбарах у Віцебску 172 шляхцічы падпісалі пратэст супраць перасьледу ўніятаў. Урад адрэагаваў пагрозамі суду і сэквэстрацыі маёмасьці. Тым ня менш з 680 сьвятароў Полацкай грэка-каталіцкай дыяцэзіі ў 1838 годзе за далучэньне да праваслаўя падпісаліся толькі 186[19].

12 лютага 1839 году расейскія ўлады правялі Полацкі царкоўны сабор, які ліквідаваў Уніяцкую царкву. Згодна зь ягонай пастановай усе беларускія вернікі-ўніяты прымусова далучаліся да Маскоўскага патрыярхату, «дабы пребывать отныне в послушании Святейшего Правительствующего Всероссийского Синода»[19].

Пратэстуючы супраць гэтай пастановы, больш за мільён уніятаў перайшлі па Полацкім саборы ў каталіцтва. Пра зьдзекі зь беларусаў-уніятаў пісалі нават дзеячы расейскай культуры — Леў Талстой, Аляксандар Герцэн (які назваў Сямашку «Иудой во Христе»)[19]. Захаваліся шматлікія сьведчаньні фізычнага гвалту і прымусу з боку царскіх уладаў[20]:

З боку грамадзянскага начальства катаваньнем камандаваў акруговы Навіцкі. Гэты паліцэйскі апостал сек людзей датуль, пакуль катаваны не згаджаўся прыняць прычасьце ад праваслаўнага папа. Адзін чатырнаццацігадовы хлопчык па дзьвюх сотнях розгаў адмовіўся ад такіх зносінаў з Хрыстом. Яго зноў пачалі секчы, і толькі тады, саступаючы страшнага болю, ён пагадзіўся. Праваслаўная царква перамагла!

— А. Герцен. Секущее православие // «Колокол» № 27, 1858.

Зьнішчэньне ўніяцтва падзяліла беларускі народ на праваслаўных і каталікоў, што зрабілася адной з галоўных прычынаў слабой нацыянальнай згуртаванасьці беларусаў[19].

Тым часам Маскоўскаму патрыярхату даручылі галоўную ролю ў маскалізацыі і дэнацыяналізацыі беларусаў. У 1840 годзе выйшла забарона прамаўляць па-беларуску царкоўныя казанні. Япіскапы патрабавалі ад сьвятароў ды іхных жонак карыстацца расейскай мовай і ў прыватным жыцьці, каб даць прыклад парафіянам. Вядома, што за заслугі ў здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 гадоў Сямашка прадставіў да ўзнагароджаньня мэдалём 496 духоўных асобаў свае япархіі[20].

Адукацыя

У 1832 годзе расейскія ўлады зачынілі Віленскі ўнівэрсытэт і шэраг сярэдніх навучальных установаў. Праводзілася масавая ліквідацыя ўніяцкіх і базылянскіх школаў, якія прыхільна ставіліся да беларускай мовы і культуры. Узмацніўся кантроль за адукацыяй з боку Маскоўскаму патрыярхату[21]. Разам з тым закрыцьцё школаў не заўсёды ажыцьцяўлялася са стварэньнем адпаведанай колькасьці расейскіх навучальных установаў, што ў выніку адмоўна адбівалася на агульным адукацыйным узроўні беларускага насельніцтва. Царскія ўлады выслалі многіх мясцовых настаўнікаў, а на іхнае месца накіравалі выхадцаў з цэнтральных расейскіх губэрняў[21] .

Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 гадоў расейскія ўлады зачынілі і перавялі ў Пецярбург адзіную на той час вышэйшую навучальную ўстанову на этнічнай беларускай тэрыторыі — Горы-Горацкі земляробчы інстытут[22]. Апроч таго, былі звольненыя ўсе настаўнікі каталіцкай веры, а на іхнае месца даслалі выхадцаў з цэнтральных рэгіёнаў Расеі. На сродкі Маскоўскаму патрыярхату ў беларускіх вёсках адкрылася вялікая колькасьць пачатковых царкоўна-прыходзкіх школаў, адукацыя ў якіх мела падкрэсьлена рэлігійна-русіфікатарскую скіраванасьць[23]. Для падрыхтоўкі мясцовых настаўнікаў расейскія ўлады адкрылі шэраг настаўніцкіх сэмінарыяў (першая ў Расейскай імпэрыі настаўніцкая сэмінарыя зьявілася ў 1864 годзе ў Маладэчне). Сэмінарыстам забаранялася размаўляць на беларускай мове, пры гэтым усё беларускае ў дадзеных навучальных установах высьмейвалася і атаясамлівалася зь непісьменнасьцю[24].

У пачатку XX ст. не існавала ніводнай беларускай школы[12].

Літаратура

У 1787 годзе Кацярына II пастанавіла, што друкаваць духоўныя кнігі ў Расейскай імпэрыі могуць толькі выдавецтвы, падпарадкаваныя Сыноду — адпаведна забаранялася дзейнасьць грэка-каталіцкіх друкарняў.

Па ліквідацыі Ўніяцкай царквы пачалося масавае зьнішчэньне беларускай рэлігійнай літаратуры. Так, у 1852 годзе І. Сямашка асабіста назіраў, як гараць 1295 кніжак, знойдзеных у былых уніяцкіх храмах. У сваіх «Запісках» ён з гонарам паведамляў, што за наступныя тры гады на ягоны загад спалілі яшчэ дзьве тысячы тамоў[20].

У 1852 годзе расейскія ўлады забаранілі прэм’еру першай опэры на беларускай мове «Ідылія», аднак яна ўсё адно адбылася на сцэне Менскага мескага тэатру[25]. У 1859 годзе ў Вільні выйшаў пераклад Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча дзьвюх песень з паэмы Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш», які царскія ўлады неўзабаве поўнасьцю зьнішчылі.

Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня, у 18631888 гадох расейская цэнзура не прапусьціла ніводнага выданьня на беларускай мове[26].

Архітэктура

Сабор Уваскрэшаньня Гасподняга ў Барысаве (1874) — тыповая «мураўёўка» з рысамі маскоўскага царкоўнага дойлідзтва XVII ст.[27]
Асноўны артыкул: Мураўёўкі

У 2-й палове XIX ст. на Беларусі прыкметна пашырылася і набыло беспрэцэдэнтныя маштабы[28] царкоўнае будаўніцтва, ініцыятарам якога зьяўляўся генэрал-губэрнатар М. Мураўёў. Мураваныя храмы ўзводзіліся паводле «ўзорных» праектаў і мусілі ўвасобіць праваслаўна-расейскія і царкоўна-традыцыйныя рысы архітэктуры[29]:

Праваслаўныя бажніцы маюць быць адвечнымі сьведкамі вялікай эпохі адраджэньня расейскай народнасьці ў Паўночна-Заходнім краі, спрадвеку расейскім, які доўгі час пакутаваў пад прыгнётам лацінска-польскай прапаганды.

Для правядзеньня працаў прапаноўвалася прыцягваць будаўнічыя арцелі з цэнтральнай Расеі дзеля наступных мэтаў[30]:

Знаходжаньне такіх арцеляў сярод праваслаўныга насельніцтва тутэйшага краю нямінуча пасее моцнае насеньне чыста расейскага жыцьця і азнаёміць бліжэй тутэйшы народ з Расеяй.

Сотні аднолькавых цэркваў[31], збудаваных у гэты час, атрымалі назву «мураўёўкі»[32]. Апроч таго, ішла актыўная перабудова ў стылі маскоўскай сярэднявечнай архітэктуры адабраных у каталікоў і ўніятаў храмаў. Фінансавалася гэтая справа са сродкаў, сабраных з удзельнікаў паўстаньня ў выглядзе штрафаў і кантрыбуцыяў[28][12].

Зьяўленьне «мураўёвак» адпавядала абвешчанай расейскім царом Мікалаем I тэзе: «самодержавие, православие, народность». Падобныя збудаваньні мусілі ўвасабляць бясспрэчнае панаваньне царскай Расеі на Беларусі[12].

«Мураўёўкі» заўважна кантрастуюць зь беларускім дойлідзтвам як антымастацкая, антыгістарычная зьява. Паказальным зьяўляецца той факт, што ў часы савецкага панаваньня бальшавікі практычна не чапалі гэтых цэркваў, зьнішчаючы пераважна старажытныя беларускія сьвятыні[33].

У СССР

У адпаведнасьці з савецкай камуністычнай тэорыяй працэс зьліцьця ўсіх народаў Савецкага Саюзу ў адну нацыю мусіў адбывацца на падставе ўзаемнага скрыжоўваньня нацыянальных элемэнтаў усіх народаў, у тым ліку мовы. Насамрэч гэты працэс праводзіўся толькі на падставе расейскай нацыянальнай базы — на базе расейскай гісторыі, расейскай культуры, расейскай мовы і расейскага патрыятызму[26].

Кампанія супраць беларускай мовы была ўзьнятая ў СССР у пачатку 1930-х гадоў. Палітыка русіфікацыі беларускае мовы знайшла сваё канкрэтнае адлюстраваньне ў выдадзенай у 1931 годзе кнізе пад рэдакцыяй дырэктара Інстытуту Філязофіі Беларускай Акадэміі Навук акадэміка С. Я. Вальфсона «Навука на службе нацдэмаўскай контррэвалюцыі». Практычным завяршэньнем першага этапу кампаніі русіфікацыі беларускае мовы зрабілася ўрадавая пастанова Савету народных камісараў БССР за 28 жніўня 1933 году «Аб зьменах і спрашчэньні беларускага правапісу», якая датычыла ня толькі правапісу, але і фанэтычных і марфалягічных асаблівасьцяў беларускай мовы.

У 1950 годзе Сталін пісаў[34]:

Мы будзем мець справу ня зь дзьвюма мовамі, ... а із сотнямі нацыянальных моваў, зь якіх у выніку даўгога эканамічнага, палітычнага й культурнага супрацоўніцтва нацыяў будуць выдзяляцца спачатку найбольш узбагачаныя адзіныя занальныя мовы, а потым занальныя мовы зьліюцца ў вадну супольную міжнародную мову, ...якая... будзе новай мовай, што ўбярэ ў сябе найлепшыя элемэнты нацыянальных і занальных моваў.

Адна з прадказаных Сталіным занальных моваў мусіла паўстаць на базе расейскай мовы.

Цягам усёй русіфікацыйнай кампаніі, якая пачалася ў 1930-х гадох ва ўсіх нерасейскіх мовах Савецкага Саюзу, адбываўся прыблізна адначасна аднолькавы працэс з аднолькавай рэакцыяй на яго з боку асобных народаў. Калі разгледзець славянскія нерасейскія мовы СССР — беларускую і ўкраінскую — то ў зьвязку са сваяцтвам гэтых моваў русіфікацыйны працэс у кожнай зь іх зьяўляўся ідэнтычным ва ўсіх дэталях. У працэсе русіфікацыі неславянскіх моваў — цюркскіх, моваў народаў Каўказу, мовы балцкіх народаў — існавалі пэўныя фармальныя і колькасныя розьніцы ад русіфікацыйнага працэсу ў беларускай альбо ўкраінскай мовах, але асноўныя мэты, на якія быў скіраваны гэты працэс, заставаліся аднолькавымі.

Рэалізацыя моўнай палітыкі ў БССР праводзілася ў двух кірунках, якія ўзаемна дапаўняюць адзін адно, але пасьлядоўна вялі да поўнай нівэляцыі беларускае мовы:

  1. Звужэньне сфэры ўжываньня беларускай мовы ў публічным жыцьці і замена яе расейскай;
  2. Усебаковая русіфікацыя дапушчанай да публічнага ўжываньня беларускай мовы.

Кепская сытуацыя склалася з выданьнем кнігаў на беларускай мове. Такія выданьні трымаліся на складах, не пушчаліся ў продаж, а пазьней сьпісваліся ў якасьці затаваранай нехадавой прадукцыі, якую ніхто ня хоча чытаць. Разам са зьмяншэньнем накладаў і колькасьці беларускамоўнай друкаванай прадукцыі павялічвалася колькасьць і ўдзельная вага расейскамоўнай. У 1946 годзе наклад часопісаў на расейскай мове ў БССР складаў 1%, 1955 годзе ён дасягнуў 31%. У 1970 годзе агульны наклад беларускамоўных кнігаў складаў 9 мільёнаў асобнікаў, расейскамоўных — 16 мільёнаў[35].

Кнігі на беларускай мове ў 1950, 1965 і 1970 гадох складалі 85%, 31% і 37% ад агульнай колькасьці кнігаў, друкаваных у БССР. Газэты: 85%, 57% і 38%. Нязначнае павелічэньне назіралася толькі сярод часапісаў: 74%, 75% і 81%[36].

Найбольш актыўна працэс русіфікацыі пайшоў у 19601970-я. Шырокая дыскусія пра мэтады навучаньня расейскай мове ў рэспубліках СССР скончылася ў жніўні 1956 году міжрэспубліканскай канфэрэнцыі ў Ташкенце, дзе зазначалася, быццам расейская мова зрабілася ўсім савецкім народам «вторым родным языком» і сродкам узбагачэньня лексыкі нацыянальных моваў. Кампанія ўкараненьня расейскай мовы ва ўсе сфэры жыцьця нацыянальных рэспублік, што разгарнулася па гэтым, сустрэла пратэст часткі нацыянальнай інтэлігенцыі, якая па XX зьездзе партыі пачала выказвацца вальней. Нават найвышэйшае кіраўніцтва БССР выказвалася з асуджэньнем маштабаў русіфікацыі. У студзені 1959 году на прыёме ў гонар 40-годзьдзя БССР, на які прыехаў М. Хрушчоў, першы сакратар ЦК КПБ К. Мазураў выступіў з прамовай на беларускай мове. Хрушчоў абурыўся, чаму выступ быў не па-расейску. Крыху пазьней ён выказаўся яшчэ больш вызначана:

Чым хутчэй мы ўсе загаворым па-расейску, тым хутчэй збудуем камунізм.

Па гэтым пачалося выцісканьне беларускай мовы з тых пазыцыяў, якія яна пакуль яшчэ займала, і асабліва ўзмацнілася з прыходам на пасаду першага сакратара ЦК КПБ П. Машэрава ў 1965 годзе[37].

26 траўня 1983 была прынятая пастанова ЦК КПСС і Савету Міністраў СССР аб павелічэньні на 15% заробку настаўнікаў расейскай мовы ў беларускамоўных школах. Пастанова прадугледжвала са студзеня 1984 году павелічэньне на 15% стаўкі настаўнікаў падрыхтоўчых і другіх-трэціх клясаў, якія ведалі расейскую мову, і настаўкікаў расейскай мовы і літаратуры ў 4—11 клясах агульнаадукацыйных школаў усіх тыпаў[35].

Цікавыя факты

  • Барон Мікалай Урангель, бацька Пятра, засьведчыў у сваіх успамінах[38] шэраг камічных фактаў з русіфікацыі Літвы (Беларусі) па панаваньні Мураўёва. Сьпярша ён будучы ў Вільні зрабіўся сьведкам таго, як мясцовы габрэй у расейскім строі з балалайкай паказваў расейскага селяніна (выявілася, што праз адсутнасьць расейцаў на загад паліцыі тутэйшых жыхароў абавязалі ў людных месцах паводле чаргі паказваць карэнных расейскіх сялянаў). Іншы выпадак датычыцца супольнай паездкі з расейскімі генэрал-губэрнатарам Патапавым і губэрнатарам Крапоткіным па візыце ў Горадню, калі іхная карэта павярнулася на роўнай шашы. Як высьветлілася, фурман насамрэч быў кухарам і ўпершыню трымаў у руках лейцы. Кіраваць карэтай яму загадаў Крапоткін, які патлучаў свае дзеяньні тым, што ў цэлым месьце не атрымалася знайсьці праваслаўнага фурмана, а запрасіць фурмана-каталіка для генэрал-губэрнатара ён збаяўся.

Глядзіце таксама

Крыніцы

  1. ^ Уладзімір Агіевіч. Ідэалы і сімвалы беларускага шляху // Грамадскія ідэалы: Нацыянальныя традыцыі, сучасны стан, погляд у будучыню: Навук. збор. / Рэдкал.: Л. Уладыкоўская-Канаплянік (гал. рэд.) і інш. — У друку. — 224 с. — (Беларусіка = Albaruthenica; Кн. 13).
  2. ^ Іван Касяк. Канстанца // «З гісторыяй на „Вы“» (артыкулы, дакументы, успаміны). Выпуск трэці. — Мн.: «Мастацкая літаратура», 1994.
  3. ^ Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Прэс-рэліз за жнівень 2005 г.
  4. ^ Лідзія Савік. Рыцарам Айчыны прысвячаецца... // «Народная Воля» № 17—18, 3 лютага 2009.
  5. ^ Ніна Баршчэўская. Суадносіны паміж мовай і нацыянальнай тоеснасьцю — 2 // «Беларуская рэдакцыя Польскага радыё», 13 траўня 2009.
  6. ^ Юры Пацюпа. Занядбаная старонка правапісу: прапановы пісаньня прыназоўніка у/ў перад словамі, што пачынаюцца з галоснай // «Arche» № 6 (29), 2003.
  7. ^ Нэлі Бекус. Тэрапія альтэрнатывай, або Беларусь, уяўленая інакш // «Arche» № 2 (31), 2004.
  8. ^ Ф. Д. Клімчук. Старадаўняя пісьменнасць і палескія гаворкі // «Беларускя лінгвістыка». Вып. 50., 2001. С. 19—24.
  9. ^ Лыч Л. Русіфікацыя // Беларусь: энцыкл. даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш. — Мінск: БелЭн, 1995. С. 630.
  10. ^ Дакументы i матэрыялы па гiсторыi Беларусi. Т. 2. — Мн., 1940.
  11. ^ а б в г Вячаслаў Швед. Эвалюцыя расейскай урадавай палітыкі адносна земляў Беларусі (1772—1863 г.) // Гістарычны Альманах. Том 7, 2002.
  12. ^ а б в г д Мікалай Крыжаноўскі, Жывая крыніца ты, родная мова // «Народная Воля» № 65—66, 1 траўня 2008. Памылка цытаваньня: Няслушны тэг <ref>; назва «nv» вызначаная некалькі разоў з розным зьместам
  13. ^ Миллер А. И. Планы властей по усилению русского ассимиляторского потенциала в Западном крае // «Украинский вопрос» в политике властей и русском общественном мнении (вторая половина XIХ века). — СПб: Алетейя, 2000.
  14. ^ 1831. Нацыянальна-вызвольнае паўстанне супроць царызму // Арлоў У., Сагановіч Г. Дзесяць вякоў беларускай гісторыі. — Менск, 1997.
  15. ^ Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). — Менск, 2005. С. 257.
  16. ^ Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я.Купалы». — Гродна : ГрДУ, 2006. С. 133.
  17. ^ 86. Калі ў Беларусі пасяліліся расейцы? // 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  18. ^ Паноў С. В. Матэрыялы па гісторыі Беларусі; пад навук. рэд. М. С. Сташкевіча, Г. Я. Галенчанкі. — Мн.: «Аверсэв», 2003. С. 140.
  19. ^ а б в г д 94. Як вуніяты вярнуліся ў праваслаўе? // 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  20. ^ а б в 1839. Царкоўны сабор у Полацку прымае акт аб ліквідацыі Вуніі // Арлоў У., Сагановіч Г. Дзесяць вякоў беларускай гісторыі. — Менск, 1997.
  21. ^ а б Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). — Менск, 2005. С. 237.
  22. ^ Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). — Менск, 2005. С. 289.
  23. ^ Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). — Менск, 2005. С. 290.
  24. ^ Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). — Менск, 2005. С. 291.
  25. ^ В. М. Ярмалінская. Дзе нарадзілася «Ідылія» // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 421.
  26. ^ а б Русіфікацыя // ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1. С. 136.
  27. ^ Кулагін А. Эклектыка. — Менск, 2000. С. 35.
  28. ^ а б Кулагін А. Эклектыка. — Менск, 2000. С. 18.
  29. ^ Беларусы: У 13 т.  Т. 2. — Менск, 1997. С. 177.
  30. ^ Геннадий Лаврецкий. Назад в будущее // «Архитектура и строительство», 12 ноября 2004.
  31. ^ 5 кастрычніка ў Беларусі адзначаецца Дзень настаўніка. // «Радыё Свабода», 6 кастрычніка 2005.
  32. ^ Паноў С. В. Матэрыялы па гісторыі Беларусі; пад навук. рэд. М. С. Сташкевіча, Г. Я. Галенчанкі. — Мн.: «Аверсэв», 2003. С. 186.
  33. ^ Мікола Купава. Аршанская бажніца Апекі Маці Божай // «Наша Вера» № 3 (9), 1999.
  34. ^ И. Сталин. Марксизм и вопросы языкознания. — Москва, 1950.
  35. ^ а б Беларуская Атлянтыда: без бар’ераў. Русыфікацыя // «Радыё Свабода», 13 сьнежня 2007.
  36. ^ Мікуліч Т. М. Мова і этнічная самасвядомасць. — Мн.: Навука i тэхнiка, 1996. С. 96.
  37. ^ Коряков Ю. Б. Языковая ситуация в Белоруссии и типология языковых ситуаций. Диссертация на соискание ученой степени кандидата филологических наук. Научный руководитель — доктор филологических наук, профессор В. М. Алпатов. — Московский Государственный Университет им. М. В. Ломоносова. Филологический факультет. С. 39—40.
  38. ^ Врангель Н. Е. Воспоминания: От крепостного права до большевиков. — М.: Новое литературное обозрение, 2003.

Літаратура

  • Станіслаў Станкевіч. Русіфікацыя беларускае мовы ў БССР і супраціў русіфікацыйнаму працэсу. — Мн.: Навука і тэхніка, 1994. — 79 с.
  • Беларусь: энцыкл. даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш. — Мінск: БелЭн, 1995.— 799 с. ISBN 985-11-0026-9.
  • Ян Станкевіч. Зь гісторыі русыфікацыі Вялікалітвы. — Нью-Ёрк: Крывіцкае (Вялікалітоўскае) Навуковае Таварыства Пранціша Скарыны, 1967. — 44 с [1]
  • Мiкулiч Т. М. Мова i этнiчная самасвядомасць. — Мн.: Навука i тэхнiка, 1996. — 159 c.

Вонкавыя спасылкі