Перайсьці да зьместу

Лужкі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Лужкі (Шаркоўшчынскі раён)»)
Лужкі
лац. Łužki
Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла
Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла
Першыя згадкі: 1514
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Віцебская
Раён: Шаркоўшчынскі
Сельсавет: Лужкоўскі
Насельніцтва: 765 чал. (2010)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2154
Паштовы індэкс: 211926
СААТА: 2255825186
Нумарны знак: 2
Геаграфічныя каардынаты: 55°18′0″ пн. ш. 27°48′0″ у. д. / 55.3° пн. ш. 27.8° у. д. / 55.3; 27.8Каардынаты: 55°18′0″ пн. ш. 27°48′0″ у. д. / 55.3° пн. ш. 27.8° у. д. / 55.3; 27.8
Лужкі на мапе Беларусі ±
Лужкі
Лужкі
Лужкі
Лужкі
Лужкі
Лужкі
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Лужкі́[1] — вёска ў Беларусі, на рацэ Мнюце. Цэнтар сельсавету Шаркоўшчынскага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 765 чалавек. Знаходзяцца за 32 км на ўсход ад Шаркоўшчыны, за 29 км ад чыгуначнай станцыі Падсьвільле.

Лужкі — даўняе мястэчка гістарычнай Полаччыны. Да нашага часу тут захаваліся касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла ў стылі віленскага барока, царква Раства Багародзіцы і сядзіба Плятэраў у Гарадцы (клясыцызм), помнікі архітэктуры XVIII ст. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся кляштар піяраў, помнік архітэктуры XVIII ст., зруйнаваны расейскімі ўладамі.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы пісьмовы ўспамін пра Лужкі датуецца 1514 годам, калі Іван Сямёнавіч Сапега набыў Лужкі ад «путных людзей замка полацкага»[2]. У розныя часы маёнтак знаходзіўся ў валоданьні Сапегаў, Жабаў, Чапскіх, Плятэраў. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Лужкі ўвайшлі ў склад Полацкага ваяводзтва.

У 1741 годзе Валяр’ян Жаба запрасіў сюды манахаў-піяраў. У 1744 годзе ў Лужках адкрыўся піярскі калегіюм, у 1756 годзе збудавалі мураваны касьцёл. Пры калегіюме існавала бібліятэка. Паводле каралеўскага прывілею ад 14 студзеня 1745 году, Лужкі атрымалі статус мястэчка.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Лужкі апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе сталі цэнтрам воласьці Дзісенскага павету Менскай, з 1842 году Віленскай губэрні. У 1794 годзе тут збудавалі мураваную царкву.

У 1862 годзе з мэтай маскалізацыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага расейскія ўлады адкрылі ў Лужках земскую народную вучэльню, выкладаньне ў якой вялося на расейскай мове. На 1886 год у мястэчку было 77 двароў, існавалі вадзяны млын, конная паштовая станцыя, малітоўны дом, народная вучэльня, піваварны завод, 14 крамаў. У 1901 годзе тут адкрылася царкоўнапрыходзкая школа.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Лужкі занялі войскі Нямецкай імпэрыі[3].

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Лужкі абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году паводле пастановы І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Лужкі апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе сталі цэнтрам гміны Дзісенскага павету Віленскага ваяводзтва. У гэты час тут было 212 двароў.

У 1939 годзе Лужкі ўвайшлі ў БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 году сталі цэнтрам сельсавету. Статус паселішча панізілі да вёскі. На 1996 год у вёсцы было 443 двары, на 1999 год — 399, на 2003 год — 381. У 2000-я гады Лужкі атрымалі афіцыйны статус «аграгарадку».

  • XIX стагодзьдзе: 1861 год — 639 чал.; 1884 год — 1168 чал.[4]; 1886 год — 924 чал.
  • XX стагодзьдзе: 1905 год — 1357 чал. у мястэчку Лужках, 111 чал. у маёнтку Лужках; 1921 год — 1362 чал.; 1996 год — 969 чал.[5]; 1999 год — 905 чал.[6]
  • XXI стагодзьдзе: 2003 год — 870 чал.[7]; 2010 год — 765 чал.

У Лужках працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, вэтэрынарны пункт, амбуляторыя, бібліятэка, дом культуры, пошта.

З урбананімічнай спадчыны Лужкоў да нашага часу гістарычныя назвы захавалі вуліцы Германавіцкая, Дзісенская, Касьцельная, Маставая і Млынавая. Гістарычны Рынак ня мае афіцыйнай назвы.

Лясьніцтва, фэрмэрскія гаспадаркі.

Турыстычная інфармацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Страчаная спадчына

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7. (pdf) С. 499.
  2. ^ Hedemann O. Szkoły walerjanowskie x. x. pijarów łużeckich. — Wilno, 1937. S. I.
  3. ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
  4. ^ Słownik geograficzny... T. V. — Warszawa, 1884. S. 837.
  5. ^ Бунто Я. Лужкі // ЭГБ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 396.
  6. ^ БЭ. — Мн.: 1998 Т. 7. С. 359.
  7. ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Шаркаўшчынскага р-на. — Мн.: БЕЛТА, 2004.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]