Нацыянальная бібліятэка Беларусі
Нацыянальная бібліятэка Беларусі | |
Абрэвіятура | НББ |
---|---|
Папярэднік | Бібліятэка БДУ |
Дата ўтварэньня | 15 верасьня 1922 (102 гады таму) |
Тып | Бібліятэка |
Юрыдычны статус | Дзяржаўная ўстанова |
Штаб-кватэра | Менск, пр. Незалежнасьці, д. 116 |
Каардынаты | 53°55′53″ пн. ш. 27°38′46″ у. д. / 53.93139° пн. ш. 27.64611° у. д. |
Кіраўнік | Вадзім Гігін[1] |
Кіроўны орган | Рада |
Матчына кампанія | Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь |
Сайт | www.nlb.by |
Колішняя назва | Беларуская дзяржаўная і ўнівэрсытэцкая бібліятэка (да 14 траўня 1926 г.), Беларуская дзяржаўная бібліятэка (да 10 жніўня 1932 г.), Дзяржаўная бібліятэка БССР (да 19 траўня 1992 г.) |
Нацыянальная бібліятэка Беларусі — галоўнае ўнівэрсальнае навуковае кнігасховішча Беларусі, заснаванае ў 1922 годзе на аснове бібліятэкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Пры бібліятэцы дзейнічаюць музэй кнігі, 4 мастацкія галерэі і канфэрэнц-зала (490 месцаў). Час працы ў будні — 10:00—21:00. У выходныя (субота, нядзеля) — 10:00—18:00. Пры плаце за чытацкі білет патрабуецца пашпарт. Захоўвае больш за 9 млн дакумэнтаў XV—XXI стагодзьдзяў на больш як 50 мовах (відэа- і гуказапісы, газэты, кнігі, лічбавыя дакумэнты, мапы, мікрафільмы, навуковыя дысэртацыі, ноты, паштоўкі, плякаты, рукапісы, рэпрадукцыі карцін і часопісы).
Паслугі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]За плату ажыцьцяўляюцца: агляд прэсы, ацэнка кошту і індэксаваньне выданьня, бібліяграфічная даведка, відэаздымкі, доступ у сеціва, капіяваньне, лямінаваньне, наведваньне агляднай пляцоўкі, пераплёт, правядзеньне мерапрыемстваў у канфэрэнц-залі, раздрукоўка, разьмяшчэньне абвестак, сканаваньне, складаньне сьпісу пісьмовых крыніц і экскурсіі.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пры заснаваньні ў бібліятэцы стварылі аддзел беларускай літаратуры і бібліяграфіі. Да 1926 г. пры ёй дзейнічала Беларуская кніжная палата. За 1929—1932 гады ўзьвялі адмысловы будынак бібліятэкі ў стылі канструктывізму (архітэктар Георгі Лаўроў) з агульнай (400 месцаў) і навуковай чытальнямі. На 1932 год захоўвала звыш мільёну выданьняў. Пры бібліятэцы заснавалі Бібліяграфічны інстытут БССР. Колькасьць чытачоў склала 15 тысячаў. Пасьля Другой сусьветнай вайны ацалела 321 тысяча асобнікаў выданьняў. У 1948 годзе бібліятэка колькасна аднавіла даваенны ровень сваіх запасаў. У 1956 годзе стала сховішчам дакумэнтаў ААН і ЮНЭСКО. У 1960 годзе пачала выдаваць штомесячны бібліяграфічны бюлетэнь «Новыя кнігі Беларусі». У 1961 годзе пабудавалі дадатковы корпус. У 1975 годзе бібліятэка стала ўнівэрсальным сховішчам Беларусі. У 1990 годзе займела электронны каталёг. На пачатак 1996 году захоўвала 7,3 млн выданьняў на больш як 50 мовах. За год выдала 500 тыс. чытачам звыш 3 млн асобнікаў выданьняў. Мела 14 чытальняў на 1000 месцаў. Ажыцьцяўляла кнігаабмен між амаль тысячай бібліятэк, у тым ліку 280 у 36 іншых краінах. За год ладзіла звыш 500 выставаў. Мела найбольшы ў Беларусі збор нотных выданьняў (77 тыс.)[2]. 16 чэрвеня 2006 году адчыніўся новы будынак Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (20 чытальняў на 2000 месцаў). На 2011 год 68% чытачоў атрымлівалі замоўленыя выданьні празь сеціва[3].
Кіраўнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Восіп Сіманоўскі (1922—1937, 1944—1961)
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Вадима Гигина отправили в библиотеку (рас.) Народная Воля
- ^ Тацяна Мінчэня. Бібліятэка нацыянальная Беларусі // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1996. — Т. 3. — С. 143-144. — 511 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0068-4
- ^ Ала Мачалава. Адкрытыя кнігі // Зьвязда : газэта. — 5 лютага 2011. — № 23 (26887). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Зводны каталёг
- Каталёг выяваў
- Форум
- Сяргей Сідорскі. Пастанова Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 20 лютага 2003 г. № 285 // Нацыянальны цэнтар прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь, 5 студзеня 2011 г. Праверана 2 ліпеня 2014 г.
|