Перайсьці да зьместу

Гомельская абласная бібліятэка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Каардынаты: 55°25′52″ пн. ш. 31°0′0″ у. д. / 55.43111° пн. ш. 31° у. д. / 55.43111; 31

Гомельская абласная бібліятэка
Уваход у бібліятэку (2014 год)
Уваход у бібліятэку (2014 год)
Тып публічная
КраінаБеларусь
МесцазнаходжаньнеГомель
Адрэса Чыгуначны раён, пл. Перамогі, д. 2а[1]
Тэлефон +375 (232) 33-90-71[2]
Заснаваная Сьнежань 1928
Архітэктар Валянціна Савічна Бурлака[d]
Філія Славянская бібліятэка
Калекцыя
Экспанаты газэта, гуказапіс, кніга, ноты, рукапіс, часопіс, фотаздымак
Памер збору 1 012 581 (2012 год)
Досяг і карыстаньне
Патрабаваньні пашпарт, фатаграфія 3х4 см і плата (2 рублі)[3]
Гадавая выдача 734 604 (2012 год)
Чытачоў 45 000 (2012 год)
Іншыя зьвесткі
Кіраўнік Марына Рафеева
Штат 133 (2009 год)
Афіцыйны сайт

Го́мельская абласна́я ўнівэрса́льная бібліятэ́ка (ГАУБ) — дзяржаўная бібліятэка Беларусі, заснаваная ў сьнежні 1928 году ў Гомелі.

На 2020 год ГАУБ працавала зь нядзелі па пятніцу а 10:00—19:00[4]. Паводле Правілаў карыстаньня, жыхары Гомеля мелі права адначасна атрымліваць да 5 выданьняў на 30 дзён у аддзеле абслугоўваньня карыстальнікаў[5]. За плату бібліятэка ажыцьцяўляла наступныя паслугі: выдачу літаратуры з фондаў чытальнай залі, выкарыстаньне кампутара, капіяваньне запісаў і музычных твораў, лямінаваньне дакумэнтаў і пераплёт выданьняў, выставы і экскурсіі, раздрукоўку і сканаваньне з распазнаньнем, фотаздымку і фотакопію, курсы замежнай мовы, набор і рэдагаваньне тэксту, падбор літаратуры і электронную дасылку дакумэнтаў, правядзеньне лекцыі і разьмяшчэньне абвестак[6].

На 2020 год Гомельская абласная ўнівэрсальная бібліятэка ўлучала агульную чытальню (звыш 19 000 кніг) і 14 аддзелаў:

  1. абслугоўваньня карыстальнікаў (звыш 140 000 носьбітаў зьвестак і выпіска звыш 20 часопісаў);
  2. абслугоўваньня навучэнцаў 1—5 клясаў (прасп. Леніна, д. 12);
  3. абслугоўваньня навучэнцаў 6—9 клясаў (прасп. Леніна, д. 14);
  4. бібліятэказнаўства;
  5. захоўваньня асноўнага фонду (звыш 500 000 адзінак захоўваньня з 1940-х гадоў);
  6. інфармацыйна-бібліяграфічны (звыш 10 000 даведнікаў і пэрыёдыкі);
  7. інфармацыйных тэхналёгіяў;
  8. кадраў;
  9. камплектаваньня, апрацоўкі літаратуры і арганізацыі каталёгаў;
  10. краязнаўства (25 000 адзінак захоўваньня);
  11. літаратуры на замежных мовах;
  12. літаратуры па мастацтве (звыш 7500 грамкружэлак, 500 музычных кампакт-дыскаў, 9000 нотных выданьняў і выпіска каля 40 газэтаў і часопісаў);
  13. пэрыядычных выданьняў (звыш 500 найменьняў газэтаў і часопісаў);
  14. рэдкай кнігі (звыш 15 000 выданьняў з XVI стагодзьдзя)[7].

У падпарадкаваньні ГАУБ працавала Славянская бібліятэка па вуліцы Ланге, д. 17[7].

У сьнежні 1928 годзе прэзыдыюм Гомельскага акруговага выканаўчага камітэту зацьвердзіў Рашэньне аб адкрыцьці Гомельскай абласной бібліятэкі. У 1934 годзе народны камісар асьветы Беларускай ССР Аляксандар Чарнушэвіч падпісаў Загад аб перадачы бібліятэцы кніжнага збору князёў Паскевічаў, які налічваў 20 000 кніг XVI—XIХ стагоддзяў. Улетку 1941 году частку кнігазбору Паскевічаў вывесьлі ў Пензу (Расейская СФСР). У 1944 годзе Гомельская абласная бібліятэка (ГАБ) аднавіла дзейнасьць. У ліпені 1945 году ў бібліятэку вярнулі кнігазбор Паскевічаў[8]. У 1961 годзе бібліятэку перамясьцілі на плошчу Перамогі ў дом 2а, пабудаваны паводле праекту Валянціны Бурлакі. У 1963 годзе адчынілі аддзел мастацтваў. У 1968-м — аддзел тэхнічнай і сельскагаспадарчай літаратуры. У 1969 годзе адкрылі аддзел краязнаўства і беларускай літаратуры. У 1970-м — аддзел замежнай літаратуры. У 1972 годзе распачалі кнігаабмен зь бібліятэкамі суседніх Бранскай і Чарнігаўскай вобласьцяў Расейскай СФСР і Украінскай ССР. У 1986-м пачалі абмен з Яленагорскай ваяводзкай публічнай бібліятэкай (Польская Народная Рэспубліка). У 1991 годзе да ГАБ далучылі Гомельскую абласную дзіцячую бібліятэку[9].

У 1993 годзе стварылі аддзел інфармацыйных тэхналёгіяў, дзе аўтаматызавалі складаньне фондаў бібліятэкі. У 1994—1998 гадах ажыцьцявілі краязнаўчую праграму «Жывая памяць Гомельшчыны», за якую ў 1998 годзе атрымалі грант Міністэрства культуры Беларусі. У 1997 годзе Гомельская абласная ўнівэрсальная бібліятэка правядзе міжнародную навукова-практычную канфэрэнцыю «Краязнаўства — аснова духоўнага і маральнага адраджэньня грамадзтва». У 1999 годзе пры бібліятэцы стварылі самадзейны тэатар «Гракі», які ў 2008 годзе атрымаў званьне народнага рашэньнем Міністэрства культуры. Адначасна ў аддзеле літаратуры на замежных мовах ГАУБ адчынілі Цэнтар навучальных сродкаў па нямецкай мове ў супрацы зь Інстытутам імя Гётэ ў Менску. У 2000 годзе ўкаранілі Адзіную бібліятэчна-інфармацыйную сыстэму (АБІС) «ГАУБ-2000». Адначасна ГАУБ атрымала грант прэзыдэнта Беларусі за перавод кнігазбору Паскевічаў на электронныя носьбіты. У 2001 годзе адчынілі прыбудову да ГАУБ распрацоўкі Т.Л. Кузьміч. Адначасна стварылі аддзел рэдкай кнігі і інтэрнэт-асяродак. У 2001 годзе ГАЎБ атрымала прэмію прэзыдэнта Беларусі за праграму «Спадчына Гомельшчыны». У 2002 годзе ў бібліятэцы прайшла міждзяржаўная навукова-практычная канфэрэнцыя «Гісторыя бібліятэчнай справы і бібліяфільства». У 2003-м у бібліятэцы адчынілі Францускі куток інфармацыі і чытаньня. Адначасна на радыё «Гомель» пачалі весьці 20-хвілінны радыёчасопіс «Бiблiяпанарама». У 2004 годзе фонд аддзелу рэдкай кнігі папоўнілі 2200 асобнікамі мініяцюрных выданьняў. Адначасна стварылі электронны музэй Андрэя Макаёнка. У 2006 годзе заключылі пагадненьне аб супрацы зь Белгародзкай дзяржаўнай унівэрсальнай навуковай бібліятэкай (Расея). У 2008 годзе склалі дамову аб супрацы з Нацыянальнай бібліятэкай Рэспублікі Карэлія (Расея). У лютым 2008-га адчынілі Музэй рэдкай кнігі ГАУБ. У 2009 годзе ўкаранілі АБІС «Аліс-вэб». У 2010-м аддзел краязнаўства адчыніў музэйную экспазыцыю пра Івана Навуменку. Адначасна падпісалі пагадненьне з Расейскай дзяржаўнай бібліятэкай аб правядзеньні ў ГАУБ «Румянцаўскіх чытаньняў». За 2011 год заключылі пагадненьні з трыма абласнымі бібліятэкамі замежжа: Ковенскай публічнай (Летува), Пскоўскай унівэрсальнай навуковай і Курскай навуковай (Расея)[9].

У 2011 годзе ГАУБ стварыла арт-клюб «Прызнаньне» на прапанову Міжнароднага саюзу літаратараў і дзеячоў мастацтваў, у рамках якога мастакі сталі ладзіць выставы. На 2013 год дзейнічалі віруальныя музэі Івана Шамякіна, Івана Мележа і Барыса Сачанкі[8]. У 2013 годзе ГАУБ упершыю правяла «Ноч у бібліятэцы». Адначасна заключылі пагадненьне з Луганскай абласной навуковай унівэрсальнай бібліятэкай (Украіна). У 2014 годзе тэатар «Гракі» атрымаў галоўную ўзнагароду абласнога конкурсу народных тэатраў за музычную драму «Мой Пушкін». Адначасна адчынілі мастацкую галерэю імя Марыі і Валянціна Ягоравых. У 2015 годзе ў склад ГАУБ увайшла Славянская бібліятэка. Таксама ГАУБ стварылі зводны электронны каталёг Гомельскай вобласьці і заключыла пагадненьне зь Кіраўскай унівэрсальнай абласной навуковай бібліятэкай (Расея). У 2016-м падпісалі пагадненьне з Жытомірскай абласной унівэрсальнай навуковай бібліятэкай (Украіна). У 2018-м аддзел краязнаўства адчыніў памятную залю Андрэя Макаёнка. Адначасна правялі 1-ы фэст кнігі «Чытай, Гомель». 21-22 лістапада 2019 году правялі 1-я міжнародныя «Паскевіцкія чытаньні» з адначасным выпускам каталёгу кнігазбору Паскевічаў «Перажылыя стагодзьдзі»[9].

  1. ^ Кантакты (рас.) // Гомельская абласная ўнівэрсальная бібліятэка, 2020 г. Праверана 27 ліпеня 2020 г.
  2. ^ Аддзел абслугоўваньня карыстальнікаў (рас.) // Гомельская абласная ўнівэрсальная бібліятэка, 2020 г. Праверана 27 ліпеня 2020 г.
  3. ^ Як стаць чытачом (рас.) // Гомельская абласная ўнівэрсальная бібліятэка, 2020 г. Праверана 27 ліпеня 2020 г.
  4. ^ Графік працы (рас.) // Гомельская абласная ўнівэрсальная бібліятэка, 2020 г. Праверана 27 ліпеня 2020 г.
  5. ^ Правілы карыстаньня (рас.) // Гомельская абласная ўнівэрсальная бібліятэка, 2020 г. Праверана 27 ліпеня 2020 г.
  6. ^ Цэны на платныя паслугі (рас.) // Гомельская абласная ўнівэрсальная бібліятэка, 2020 г. Праверана 27 ліпеня 2020 г.
  7. ^ а б Структура (рас.) // Гомельская абласная ўнівэрсальная бібліятэка, 2020 г. Праверана 27 ліпеня 2020 г.
  8. ^ а б Ірына Асташкевіч. Тут ня толькi «кнiжкi выдаюць» // Зьвязда : газэта. — 4 сьнежня 2013. — № 228 (27593). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
  9. ^ а б в Гісторыя (рас.) // Гомельская абласная ўнівэрсальная бібліятэка, 2020 г. Праверана 27 ліпеня 2020 г.
  10. ^ Хто ёсьць хто (рас.) // Гомельская абласная ўнівэрсальная бібліятэка, 2020 г. Праверана 27 ліпеня 2020 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]