Чарнігаўскае ваяводзтва
Чарнігаўскае ваяводзтва (па-ўкраінску: Чернігівське воєводство, па-польску: Województwo czernihowskie) — адміністрацыйная адзінка Рэчы Паспалітай, якая існавала ў 1635—1667 гадох у складзе Малапольскай правінцыі Кароны Польскай (цяпер тэрыторыя Ўкраіны). Цэнтрам ваяводзтва зьяўляўся горад Чарнігаў.
Створана на аснове Чарнігаўскіх і Северскіх земляў, якія ўвайшлі ў склад Польшчы ў 1618 годзе пасьля вайны Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай 1609—1618 гадоў паводле Дзявулінскага пагадненьня. Уваходзіла ў склад Малапольскай правінцыі польскага рэгіёну Русь. Узначальвалася чарнігаўскімі ваяводамі. Сэймік ваяводзтва зьбіраўся ў Чарнігаве. Малое прадстаўніцтва ў Сэнаце Рэчы Паспалітай складалася з 2 сэнатараў. Было падзелена на 2 паветы — Чарнігаўскі і Наўгародзкі. Пасьля паўстаньня Хмяльніцкага ў 1648 годзе перайшло пад уладу казакоў Войска Запароскага. Паводле Гадзяцкага дагавору 1658 году перадавалася пад кантроль казацкага гетмана.
Канчаткова ліквідавана ў 1667 годзе паводле ўмоваў Андрусаўскага міру. Тэрыторыя ваяводзтва ўвайшла ў склад Чарнігаўскага палку Войска Запароскага, залежала ад Расейскага царства. Назва ваяводзтва працягвала ўжывацца ў тытулярных урадах шляхты Рэчы Паспалітай.
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Чарнігаўскае ваяводзтва — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў