Перайсьці да зьместу

Гісторыя скаўтынгу ў Беларусі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Гісторыя скаўтынгу на Беларусі»)

Скаўцкі рух ў Беларусі складаецца зь невядомай колькасьці незалежных арганізацыяў. Маюць месца прынамсі пяць агульнанацыянальных асацыяцыяў і некалькі асацыяцыяў рэгіянальнага кшталту. У дадатак, у свой час існавалі скаўты ў выгнаньні(en) ў сталічных раёнах Злучаных Штатаў. У сучаснай Беларусі на цяперашні момант разьмяшчаюцца адзінкі інтэрнацыянальных скаўцкіх арагнізацыяў.

Першапачатковае разьвіцьцё скаўцкага руху на Беларусі адбывалася ў межах Расейскага скаўцкага руху(en), як часткі Расейскай імпэрыі. Скаўцкая арганізацыя была заснаваная ў Клецку, пазьней скаўты зьяўляліся ў Нясьвіжы і іншых сумежных вёсках. У 1929 годзе амэрыканскія мэтадысты дапамаглі заснаваць гёрл-скаўтынгавую арганізацыю ў Вільні. Яе дзейнасьць працягвалася да 1929 году, але ў канцы 1920-х скаўтынг быў забаронены Савецкім Саюзам.

Пасьля Другой сусьветнай вайны этнічныя беларусы зьбіраліся ў скаўцкія групы ў выгнаньні(en) і скаўцкія атрады ў лягерах для перамешчаных асобаў(en) па ўсёй Эўропе, як рабілі іхнія калегі з Расеі, Украіны і Балтыі. Беларускія скаўты сфармавалі Згуртаваньне беларускіх скаўтаў на чужыне (ЗБСЧ), якое дзейнічала з 1945 па 1951 год у Нямеччыне[1]. У адрозьненьне ад іншых арганізацыяў ЗБСЧ ня здолела выжыць, каб засьведчыць распад СССР. У той час як Расея, Польшча і Ўкраіна, у прыватнасьці, мелі нарыхтаваны скаўцкі досьвед, пазьней арганізацыйна ўтвораны ў 1990—1991 гадах, Беларусь, па сутнасьці, была вымушаная пачынаць усё спачатку.

Першыя скаўцкія атрады (расейскія падразьдзяленьні)

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першыя скаўцкія атрады на тэрыторыі сучаснай Беларусі былі падразьдзяленьнямі расейскага скаўцкага руху, які ўзначальваўся генэралам Алегам Панцюховым(ru). Яны не былі незалежнымі беларускімі адзінкамі, а цалкам падпарадкоўваліся расейскаму скаўцкаму руху. Такія першыя атрады зьявіліся ў Гомелі. У 1912 годзе ў Гомелі існавалі некалькі атрадаў бой- і гёрлскаўтаў: расейскіх, польскіх ды габрэйскіх[2]. У 1915 годзе ўжо было 170 ваўчанятаў (ваўчанятамі называлі малодшых скаўтаў ва ўзросьце 7—11 гадоў). Расейскія скаўцкія атрады, якія адносіліся да АРЮР(ru), дзейнічалі і ў іншых гарадах Беларусі.

З прыходам савецкай улады, пасьля Грамадзянскай вайны, у 1922 годзе, скаўтынг забараняецца на тэрыторыі ўсяго Савецкага Саюзу, у склад якого ўвайшла і Беларусь. У красавіку 1926 году АДПУ(ru) праводзіць масавыя арышты скаўтаў (якіх адпраўляе галоўным чынам ў Салавецкі лягер асаблівага прызначэньня. Частка скаўтаў і скаўт-лідэраў трапляе падчас эміграцыі за мяжу, працягваючы сваю дзейнасьць у НАРС (Нацыянальная арганізацыя расейскіх скаўтаў-разьведчыкаў). Расейскія эмігранты ў Францыі рабілі з кадэта скаўтаў, але ўжо болей на каталіцкі (мясцовы францускі) манэр. Былі сярод іх і афіцэры зь беларускіх сем’яў, якія эмігравалі ў Францыю пасьля Першай сусьветнай вайны.

Польскі скаўтынг (харцэжы). Пачатак беларускага нацыянальнага скаўтынгу

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку савецка-польскай вайны 1919—1921 гадоў Заходняя Беларусь апынулася паводле Рыскай дамовы ў складзе Польскай Рэспублікі. Разам з новымі, польскімі, уладамі на тэрыторыю Беларусі трапляе й польскі скаўтынг — Харцэрства(pl).

У вёсках і гарадох Заходняй Беларусі зьяўляюцца зухі (малодшыя скаўты 8—11 гадоў). Старэйшыя скаўты называліся «рыцарамі». Старэйшых скаўтаў рыхтавалі ўжо да ваеннаслужачых. Нашыўкі называліся «гя́рбы». Дарослыя зьвязы называліся імёнамі герояў, а малыя (зухі, прыкладна 2 кляс) — рознымі жывёлкамі.

Атрад скаўтаў з Клецку на зборах. 13 чэрвеня 1934

Першы скаўцкі (харцэрскі) атрад арганізуецца ў 1921 годзе ў Клецку, у Клецкай гімназіі. Амаль адначасова зьяўляюцца скаўты ў Нясьвіжы і ў Нясьвіскай гімназіі. Харцэжы ў Клецкім раёне былі каталікамі (беларускія дзеці вучыліся ў польскіх школах). Праваслаўных скаўтаў не было. У Нясьвіжы бацюшка нават не дазваляў быць скаўтам. Патронкай скаўтаў была Маці Божая. Выходзіў часопіс па-польску «Рыцар Непарочнай Дзевы Марыі». У Клецкай школе кіраўніком харцэжаў быў настаўнік геаграфіі Маджэеўскі. Адной са скаўтак у Клецку была Галіна Дамашэвіч[3]. У Нясьвіскай гімназіі адным са скаўтаў быў беларускі паэт Сяргей Новік-Пяюн. Скаўты Нясьвіжу ладзілі тэатральныя відовішчы.

Было тры прынцыпы: «Бог, Бацькаўшчына і гонар». Галоўнае, чаму вучылі скаўтаў: любі сваю Бацькаўшчыну і будзь гатоў за яе жыцьцё аддаць.

Кіраўнікі віленскай беларускай дружыны скаўтаў на зьлёце: К. Паўл (з гітарай), Кетурка і Жыткоўскі, 1937

Пасьля Першай сусьветнай вайны кіраваў скаўтамі айцец Адам Станкевіч. У вёсках скаўты былі ў кожнай парафіі. Ён жа разам з Аляксандрам Астрамовічам арганізаваў скаўцкі рух на Віленшчыне. Айцец Станкевіч не прызнаваў аніякіх моваў, апроч беларускай. Менавіта яго варта лічыць арганізатарам беларускага скаўтынгу. Пад яго ўзначальваньнем пачынаецца гісторыя беларускага скаўтынгу, менавіта як беларускага нацыянальнага скаўтынгу. Таксама арганізатарамі скаўцкага руху ў Віленскай беларускай гімназіі былі Сымон Рак-Міхайлоўскі, Антон Луцкевіч, Аркадзь Смоліч, Максім Гарэцкі, Францішак Аляхновіч і іншыя дзеячы заходнебеларускага грамадзтва. У Віленскай гімназіі, якая знаходзілася побач з Вострай брамай, скаўтынг зьявіўся ў 1922 годзе. Скаўты Віленскай гімназіі, якая на той час налічвала 2000 вучняў, насілі шэрыя фуражкі зь бел-чырвона-белы трохкутнікам на месцы знакаў распазнаваньня, над казырком. Тыя зь іх, што жылі ў горадзе, мелі нават мундзіры. У гімназіі былі створаныя чатыры дружыны. Нават пасьля забароны іх польскімі ўладамі старшаклясьнікі прапагандавалі ідэі скаўцкага руху падчас летніх вакацыяў у вёсках. Ганеньні польскіх уладаў прымусілі праводзіць работу пад выглядам спартовага аб’яднаньня «Гайсак», аднак быў забаронены і ён[4]. У апошнія гады старшынём беларускіх скаўтаў пры Віленскай беларускай гімназіі быў ксёндз Станіслаў Глякоўскі, які выкладаў у гімназіі Закон Божы[5]. Таксама ў Віленскай беларускай гімназіі быў створаны ў 1926 г. атрад дзяўчын-скаўтак, які насіў назву «Сёстры вогнішча», але і ён спыніў сваю дзейнасьць у 1929 годзе[6].

Скаўты ўдзельнічалі ва ўсіх набажэнствах, яны стаялі ва ўніформе побач з ксяндзом і лічыліся слугамі Маці Божай і памочнікамі сьвятара. Дзяўчыны маглі прыйсьці ў сукенках, а хлопцы абавязкова былі ў мундзірах, як вартаўнікі парадку, і абавязкова надавалася ўвага выпраўленай паставе.

У кастрычніку 1922 г. у 1-й Беларускай урадавай Дзьвінскай гімназіі быў арганізаваны 45-ы атрад скаўтаў пад кіраўніцтвам І. Краскоўскага (але ў складзе ЛЦСА (Латвійскай скаўцкай Цантральнай арганізацыі))[7]. 23 красавіка 1923 году (у дзень Сьв. Юрыя, апекуна скаўтаў) прадстаўнікі беларускага атраду ўдзельнічалі ў агульналатвійскім скаўцкім парадзе ў Рызе. Прэзыдэнт Латвійскай Рэспублікі перадаў Беларускаму Дзьвінскаму атраду герб скаўтаў і белы штандар, на якім залатым шыцьцём быў пазначаны нумар атраду. У верхнім куце штандара зьмяшчаўся маленькі латвійскі сьцяг, а над ім — бел-чырвона-белы сьцяг, на якім была вышыта блакітная валошка. 24 красавіка ў Дзьвінскай гімназіі адбыўся скаўцкі парад. На ім выступілі з прамовай кіраўнік беларускага аддзелу С. П. Сахараў, дырэктар І. І. Краскоўскі, а таксама дырэктар Менскай гімназіі К. Б. Езавітаў.

Таксама скаўты былі ў Крэве, Баранавічах, Барунах і ў іншых гарадах і мястэчках. У Барунах існавалі атрады «аленяў» і «ваўкоў». У даваенныя гады (да 1939 году) у лідзкай дзяржаўнай гімназіі імя Караля Яна Хадкевіча ўзначальвала маладзёжную арганізацыю скаўтаў Ядзьвіга Мастовіч[8] (будучая жонка былога прэм’ера Польшчы (да 1939 году) генэрала Фэліцыяна Славой Складкоўскага) і сястра пісьменьніка Тадэвуша Даленга-Мастовіча, якая выкладала ў гімназіі лацінскую мову.

Скаўты наведвалі дамы састарэлых і адзінокіх. Нават дачка графіні была нароўні з усімі. Шмат увагі надзялялі арыентаваньню на мясцовасьці. Для дзяцей у горадзе рабілі простае арыентаваньне — па стрэлках. Таксама праводзілі гульні, арыентаваныя на знаходжаньне-захаваньне рэчаў, што таксама павышала здольнасьці скаўтаў у спартовым арыентаваньні. Рабілі гонкі на байдарках, гулялі ў валейбол, выбіяны, каталіся на каньках, лыжах. Дзе былі конскія базы — вучыліся коннай язьдзе. Вучыліся гатаваць (кухарства).

Да скаўцкіх зьлётаў мела дачыньне войска. Тэрыторыя зьлёту займала вялікую тэрыторыю — прыкладна са стадыён. Войска стаяла побач. Кармілі з катла, ежу раздавалі па кацялочках і філіжанках. Зьлёты рабіліся на два дні. Вялося спартанскае выхаваньне. Давалі ўзнагароды. Увечары было вогнішча, маленькія канцэрты. На другі дзень, на закрыцьцё, прыяжджаў ваенны аркестар. Скаўты ладзілі жартоўныя канцэрты на грэбнях, таксама рабілі «зьвярыны аркестар». Хто больш за ўсіх не здаваўся і не зьбіваўся — таму ўзнагарода.

У Польшчы пры паступленьні ў ліцэй, калі кандыдат быў скаўтам, яму дадаваўся бал, бо ўжо ведалі, што ён будзе добрым вучнем і выхаванцам.

У выніку ваеннага паходу Чырвонай Арміі СССР на Польшчу Заходняя Беларусь апынулася пад савецкай адміністрацыяй. Віленскі край зь Вільняй быў перададзены Летуве, а рэшта земляў 2 лістапада 1939 году была ўключана ў склад БССР. Скаўцкі рух ізноў апынуўся пад забаронай. Скаўтынг быў у большасьці местаў спынены альбо зышоў у падпольле, працягваючыся нелегальна.

Скаўтынг на чужыне ў пасьляваенныя гады

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Скаўцкія арганізацыі былі забароненыя нямецкімі ўладамі.

Першы Зьвяз Беларускіх Скаўтаў. Згуртаваньне Беларускіх Скаўтаў на Чужыне.

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У пасьляваенныя гады ў Заходняй Нямеччыне зьяўляюцца мільёны эмігрантаў — адных немцы прывезьлі на працу ў Нямеччыну, іншыя беглі ад камуністычнага рэжыму, шмат было былых вайскоўцаў-палонных. Беларускім асяродкам робіцца горад Рэгенсбург[9] — невялікі нямецкі горад у Баварыі. Новыя эмігранты атрымоўвалі статус перамешчаных асобаў, або «Displaced Persons». Лягеры DP часьцей арганізоўваліся паводле нацыянальнай прыкметы, са сваёй нутранай адміністрацыяй. Насельнікі такіх лягераў жылі ў былых казармах, бараках пры фабрыках ці заводах альбо ў адмыслова адведзеных будынках (часам у дамах пустых вёсак). Гэтыя лягеры мелі сваю ўласную адміністрацыю, паліцыю, тут дзейнічалі школы, садкі, шпіталі, прафэсійныя курсы, дазвалялася грамадзкая дзейнасьць[10].

Скаўт ЗБСЧ

Беларускі DP-лягер у Рэгэнсбургу арганізаваўся ўвосені 1945 году ў прыгарадзе Гангофэр. 15 кастрычніка 1945 году ў Рэгенсбурскім лягеры беларуская моладзь заснавала «Першы Зьвяз Беларускіх Скаўтаў імя Кастуся Каліноўскага». 15 лістапада 1945 году арганізоўваецца новая выключна беларуская скаўцкая арганізацыя «Згуртаваньне Беларускіх Скаўтаў на Чужыне».

10 сьнежня 1945 году ў DP-лягеры ў Рэгэнсбургу Беларускім нацыянальным камітэтам была адчыненая Першая Беларуская Гімназія (імя Я. Купалы) на чужыне[11]. Усе вучні гімназіі належалі да «Згуртаваньня Беларускіх Скаўтаў на Чужыне».

Скаўты атрымалі пакой, які ўпарадкавалі агульнымі сіламі і зрабілі сьвятліцу. Упрыгожылі яе партрэтамі беларускіх пісьменьнікаў і дзеячоў: Янкі Купалы, Якуба Коласа, Францішка Багушэвіча і нацыянальнага героя — Кастуся Каліноўскага, здабылі і неабходную літаратуру.

Да скаўцкай працы далучылася і моладзь Беларускай Гімназіі (калі адкрылася гімназія, у скаўтынг уліліся ўсе яе вучні). Усе дружна працавалі, каб здабыць права насіць тое імя, якое прысвоіў сабе Зьвяз — імя каліноўцаў. Штодзень у сьвятліцы адбываліся зборкі скаўтаў паводле дружынаў. На зборках чыталіся лекцыі-гутаркі на тэму выхаваньня, мэтаў і заданьняў скаўтаў і на актуальныя тэмы нацыянальнага характару. Напачатку дзейнасьць скаўтаў пачыналася з азнаямленьня з мэтадамі і мэтамі руху. Усё давалася цяжка, бо справа гэтая была амаль новая — мала хто памятаў пачаткі беларускага скаўтынгу ў Віленскай Беларускай Гімназіі. Настаўнікі таксама спрыялі гэтай форме актыўнасьці моладзі, якая дапаўняла праграму нацыянальнага патрыятычнага выхаваньня ў гімназіі. Шмат вечарынаў і сьвяткаваньняў праходзілі з удзелам скаўтаў.

У дзень вялікага нацыянальнага сьвята 25 сакавіка 1946 году беларускія скаўты ў Рэгэнсбургу складалі абавязаньне служыць свайму народу. Урачыстая прысяга была дадзеная пад бел-чырвона-белым сьцягам. Гэты сьцяг падараваў япіскап Апанас, сьцяг быў перад прысягаю высьвечаны ў царкве. Словы прысягі:

На мой гонар прысягаю, што паводле маёй найлепшай волі і стараньняў буду верны Богу й Бацькаўшчыне, буду дапамагаць кажнаму чалавеку ува ўсякім часе, буду паслухмяны Скаўцкаму праву й свайму Кіраўніцтву[12].

Рэгэнсбурскі Скаўцкі Сьцяг меў свае аддзелы і ў іншых гарадох Нямеччыны: Аўгсбургу, Фюсэне, Тырсгайме і Эльвангэне. Ён стаўся наймацнейшай скаўцкай адзінкай у Амэрыканскай акупацыйнай зоне Нямеччыны. На міжнародных зьлётах скаўтаў прысутнічалі й беларускія скаўты.

6—8 ліпеня 1946 году кіраўнікі і старэйшыя скаўты і скаўткі Рэгэнсбурскага Сьцягу вялікай колькасьцю прынялі ўдзел у Першым Зьлёце Беларускіх Скаўтаў усёй Заходняй Нямеччыны ў Ватэнштэце. Яны актыўна ўдзельнічалі ў нарадах зьлёту, а пазьней і сваімі скаўцкімі паказамі ля вогнішча.

Беларускі лягер DP Рэгенсбург 26 ліпеня 1946 г. быў вывезены ў Міхэльсдорф. Разам з усімі і ўсім пераехала і Беларуская Гімназія.

Мэдаль II зьезду ЗБСЧ

Пасьля пераезду ў Міхэльсдорф скаўцкі рух набывае шырокі размах. Адсюль скаўтмайстры разьяжджаліся па іншых лягерах, дзе былі выдзеленыя беларускія групы і засноўваліся скаўцкія адзінкі: дружыны, зьвязы і сьцягі. У 1947 годзе ўсе скаўцкія адзінкі ў амэрыканскай зоне аб’ядналіся ў штандар (сьцяг) «Баварыя». Кіраўніком штандару (штандаровым) быў Аляксандар Бута. Да сьціслага кіраўніцтва штандару належалі скаўтмайстры Уладзімер Цьвірка, Вітаўт Кіпель, Васіль Шчэцька, Янка Запруднік і Янка Жучка. Кіраўніком скаўтаў у Міхэльсдорфе быў Вітаўт Кіпель.

8—10 жніўня 1947 году адбыўся II зьезд ЗБСЧ.

28 верасьня 1947 году пяць дзявочых скаўцкіх дружынаў у Міхэльсдорфе выдзяліліся ў самастойны 2-і сьцяг. Кіраўніцамі дзявочага сьцягу былі Зора Савёнак, Натальля (Туся) Куліковіч і Тамара Карповіч. Ва ўсёй Нямеччыне гэта быў ужо дванаццаты беларускі скаўцкі сьцяг.

Увосені 1948 году, на трэція ўгодкі заснаваньня першых беларускіх скаўцкіх адзінак у Нямеччыне (15 лістапада), «Згуртаваньне Беларускіх Скаўтаў на Чужыне» налічвала 512 сябраў[13], арганізаваных у 5 штандараў у ангельскай, амэрыканскай і францускай зонах Нямеччыны. Арганізацыйна беларускі скаўтынг утваралі 5 штандараў: «Баварыя», «Гарц», «Франконія», «Швабія» і «Гэсія». Апроч таго існавалі аддзелы ў Аўстрыі і Ангельшчыне.

У Міхэльсдорфе скаўты арганізавалі выдавецкую суполку «Крыніца» — выдавалі неабходныя для школы падручнікі і дапаможнікі[14]. Галоўным у выдавецтве быў Алесь Марговіч. Суполка «Крыніца» выдала знакамітыя скаўцкія выданьні: «Скаўцкі спадарожнік» і «Рэгулямін Скаўцкіх спраўнасьцяў» (1947). З пачаткам 1947 году міхэльсдорфскія скаўты пачалі выдаваць свой часопіс «Напагатове!». За тры гады было выдана: 6 скаўцкіх часопісаў (10 тыс. асобнікаў), 15 кніжачак скаўцкае літаратуры, 25 кніжачак нацыянальнае літаратуры, каляндар на 1948 год, шмат паштовак, скаўцкіх і нацыянальных значакаў[15].

У Міхэльсдорфе было праведзена некалькі курсаў па падрыхтоўцы скаўцкіх кіраўнікоў.

У Ангельскай зоне акупацыі Нямеччыны, за 10 км ад Браўншвайгу, Ніжняя Саксонія, каля вёскі Ватэнштэт у ліпені 1945 году разьмясьціўся беларускі ДП лягер АБЦатэнштат. На пачатку 1948 году ў ім было 716 беларусаў-эмігрантаў з БССР.

15 лістапада 1945 году ў лягеры была адкрыта гімназія імя Максіма Багдановіча, якая працавала да ліквідацыі лягеру ў лютым 1950 году. Першым дырэктарам гэтай гімназіі стаў Вацлаў Пануцэвіч. У гімназіі ён жа кіраваў скаўтамі, а скаўткамі — Валянціна й Раіса Жукоўскія (пасьля шлюбу — Пашкевіч і Жук-Грышкевіч).

Вацлаў Пануцэвіч імкнуўся зьмяніць у назове арганізацыі ЗБСЧ «беларускія» на «крывіцкія» [16] (Згуртаваньне Крывіцкіх Скаўтаў на Чужыне), хаця па сутнасьці, гэта была адна арганізацыя — Згуртаваньне Беларускіх Скаўтаў на Чужыне. Хутчэй гэта была альтэрнатыўная назва ЗБСЧ, якая афіцыйна так і не была зацьверджана, ты ня менш ужывалася пад час кіраўніцтва ЗБСЧ Пануцэвіча. Кропка ў гэтай блытаніне была пастаўлена толькі ў сакавіку 1949 году на III зьлёце беларускіх скаўтаў на чужыне, калі быў абраны новы кіраўнік, назва «Згуртаваньне Беларускіх Скаўтаў на Чужыне» была пакінута нязьменнай.

9 сакавіка 1949 году ў лягеры Шляйсгайм каля Мюнхэну адбыўся III зьлёт Беларускіх Скаўтаў на Чужыне. Галоўны кіраўнік Беларускіх Скаўтаў на Чужыне Вацлаў Пануцэвіч імкнуўся ўжо афіцыйна зьмяніць у назове арганізацыі «беларускія» на «крывіцкія». Каб палагодзіць гэтую справу, ад штандару «Баварыя» (амэрыканская зона) і ад штандару «Гарц» (ангельская зона) былі высланыя лісты з запрашэньнем да брытанскага палкоўніка П. Монэ, прадстаўніка Галоўнай сусьветнай скаўцкай кватэры. Палкоўнік даў сваю згоду прысутнічаць на зьлёце. Зьлёт адкрыў Вацлаў Пануцэвіч; айцец Мікалай Лапіцкі (духоўны апякун беларускага скаўтынгу) прачытаў малітву. Была вынесена пастанова зьлёту: «Не рабіць жадных зьменаў у назове арганізацыі». На галоўнага кіраўніка Беларускіх Скаўтаў на Чужыне быў выбраны скаўтмайстар Юрка Сянькоўскі. Айцец Лапіцкі прывітаў Сянькоўскага і пажадаў яму плённай працы на пасадзе галоўнага кіраўніка. Новавыбранага кіраўніка віталі таксама: прафэсар Яўхім Кіпель, генэрал Францішак Кушаль, Уладзімер Сенька й іншыя шаноўныя госьці зьлёту[17].

У 1949 годзе В. Пануцэвіч пераехаў у ЗША, у Чыкага, дзе зарганізаваў скаўцкую дружыну «Арлы».

Іншыя беларускія скаўцкія зьвязы ў Нямеччыне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У траўні 1947 году ў вёсцы Віндышбэргэрдорф (знаходзіцца за 4 км на паўночны ўсход ад Каму) былі паселены беларусы (каля 500). Пачатковая школа была адкрыта 15 жніўня; у ёй было 4 клясы з 56 вучнямі. Пры школе заснаваўся зьвяз беларускіх скаўтаў (45 сяброў). Кіраўніком скаўтаў быў у 1947 годзе Янка Запруднік, потым Міхась Белямук, а апекуном — айцец Асіпчык. 25 сакавіка 1948 году адбылося ўрачыстае злажэньне прысягі й уручэньне сьцягу скаўтам 6-га Сьцягу ў Віндышбэргэрдорфе. 25 красавіка 1948 году на міжнацыянальных спаборніцтвах у Рэгенсбурзе 6-ы Сьцяг атрымаў дыплём за першае месца ў пабудове шатра.

23 сакавіка 1948 году адбылося заснаваньне скаўцкай дружыны ў лягеры Зэедорф каля Брэмэну (Ангельская зона).

Былі таксама скаўты пры гімназіі ў лягеры Розэнгайм. Кіраваў спартовым гуртком скаўцкае моладзі І. Муха, а скаўтамі — Янка Раковіч. Яны шмат вымагалі ад моладзі, але і розэнгаймскія беларускія скаўты часта перамагалі ў спаборніцтвах скаўтаў іншых нацыянальнасьцяў.

Скаўцкі сьцяг у Францускай зоне Аўстрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Колькасьць беларусаў, якая знаходзілася ў ДП-лягеры Куфштайн у францускай зоне Аўстрыі, налічвала каля 300 асобаў. У верасьні 1948 году зарганізаваўся скаўцкі сьцяг. На першай зборцы было 18 скаўтаў і скаўтак. Сьцяг складалі: 1 дружына старэйшых скаўтаў, 1 дружына юначак і 1 грамада ваўчанятаў. Арганізатарам і апякуном Сьцягу зьяўляўся сп. Міхась Гуз.

Скаўцкія зьвязы ў іншых краінах

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У канцы 1940-х — пачатку 1950-х гг. у Францыі зьяўляецца зьвяз (атрад) беларускіх скаўтаў, старшыня якога — М. Наўмовіч[18].

26 сакавіка 1949 году ў Парыжы заснаваны Круг Старэйшых Скаўтаў Згуртаваньня Беларускіх Скаўтаў на Чужыне[19].

У 1950 годзе ў г. Мэльбурн, Аўстралія, зарганізаваны беларускі скаўцкі зьвяз «Усяслаў Чарадзей»[20]. У 1954 годзе ў Сыднэі існавалі скаўты пад кіраўніцтвам Уладзімера Пацко[21].

Скаўцкі рух на Беларусі ў нашы дні

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

6 студзеня 1988 году ў менскім парку Горкага некалькі дарослых на чале з Ігарам Касьцевічам сабралі невялікую групу дзяцей, пажадаўшых даведацца пра скаўтынг пасьля маленькай зацемкі ў газэце «7 дней». У выніку гэтай сустрэчы й бяседы 9 чалавек склалі першы патруль пасьля вялікага перапынку, выкліканага забаронай скаўцкага руху на савецкай прасторы. Патруль атрымаў назву «Орлы». А ў канцы 1988 г. Ігар Касьцевіч узначаліў Менскую дружыну «Форт-Немига», у якой ужо было 160 скаўтаў. Гэтая дружына склала аснову зарэгістраванага Мінюстам 14 чэрвеня 1991 году «Союза скаутов Белоруссии»[22]. Але варта адзначыць, што арганізацыя, ачоленая Ігарам Касьцевічам, прытрымлівалася традыцый расейскага скаўтынгу, закладзеных генэралам Алегам Панцюховым(ru). Гэта адзначалася ня толькі ўжываньнем сябрамі арганізацыі расейскай мовы (беларуская не забаронена, проста не ўжываецца), але і структурай арганізацыі, выкарыстаньнем дэвізу расейскіх скаўтаў «Будь готов!» У 1-м параграфе Статуту арганізацыі (перарэгістраванай у 1999 г. як Беларуская рэспубліканская скаўцкая асацыяцыя(ru)) запісана: «ведёт свое начало от отрядов и патрулей, существующих на территории нынешней Беларуси с 1909 по 1922 год» (па-беларуску: «вядзе свой пачатак ад атрадаў і патрулей, існуючых на тэрыторыі цяперашняй Беларусі з 1909 па 1922 год»). Але гэтая арганзацыя ў той жа час і ня ставіла сваёй мэтай адраджэньне нейкай канкрэтнай раней існуючай арганізацыі.

Адраджэнцам беларускага скаўцкага руху варта лічыць Алега Грушэцкага. Да зацікаўленьня скаўтынгам ён быў актыўным удзельнікам грамадзкага аб’яднаньня «Талака», якое займалася адраджэньнем беларускай культуры (у «Талацэ» Грушэцкі нават быў кандыдатам у сябры Рады). Ад талакоўцаў ды іншых тагачасных «адраджэнцаў» ён не аднойчы чуў пра існаваньне скаўтаў на Беларусі. У жніўні 1989 году Грушэцкі зьбірае першы невялікі зьвяз (атрад), у склад якога ўвайшлі ў асноўным вучні школы №20 ды сябры БВС (Беларускі Вучнёўскі Саюз[23]), якім Грушэцкі на той час кіраваў. Створаны атрад (які складаўся пераважна з хлапцоў і некалькіх дзяўчын) бярэ назву «Касінеры» ў гонар касінераў Кастуся Каліноўскага. Грушэцкі актыўна зьбірае ня толькі ўсемажлівую інфармацыю пра скаўтынг (каб рухацца ў правільным напрамку) але й шукае былых беларускіх скаўтаў, што яму ўдаецца, і запісвае іх каштоўныя ўспаміны.

Празь некаторы час утвараецца яшчэ адзін зьвяз — з вучняў менскай школы №64 пад кіраўніцтвам Уладзімера Ўлаховіча. Атрады Грушэцкага і Ўлаховіча ў хуткім часе наладжваюць добрыя сувязі і ўжо напачатку 1991 году, у студзені, ладзяць сваю першую дабрачынную справу — праводзяць віншаваньне Каляд для хворых дзяцей менскай 1-й гарадской клінічнай лякарні.

Таксама ўтвараецца скаўцкі зьвяз у Беларускім гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа (пад кіраваньнем Вадзіма Сугойдзя). Узьнікаюць скаўцкія зьвязы ў Гародні (кіраўнік Аркадзь Жукоўскі), Маладзечне (кіраўнік Вянглоўскі).

Напачатку 1991 году Алегам Грушэцкім друкуецца першае сучаснае беларускае скаўцкае выданьне — газэта «Скаўт Беларусі». Цікава адзначыць той факт, што газэта была надрукавана як выданьне Саюзу Скаўтаў Беларусі, бо менавіта пад такой назвай на той час неафіцыйна дзейнічалі беларускія скаўцкія зьвязы, якія потым былі зарэгістраваны як Рэспубліканская грамадзкая арганізацыя «Аб'яднаньне беларускіх скаўтаў» (у хуткім часе пад назвай Саюз Скаўтаў Беларусі афіцыйна зарэгістравана арганізацыя, узначальваная Ігарам Касьцевічам).

У чэрвені 1991 году Міністэрствам юстыцыі зарэгістравана Рэспубліканская дзіцячая арганізацыя «Союз скаутов Белоруссии» (ССБ). Прэзыдэнтам ССБ быў абраны Ігар Касьцевіч.

Летам 1991 году абылася значная падзея ў беларускім скаўтынгу. З 31 ліпеня каля в. Падневічы (Валожынскі раён, пад Ракавам), адбыўся франка-беларускі летнік (французы афіцыйна зьяўляліся куратарамі беларускіх скаўтаў). Шматлікая колькасьць скаўтаў разьмясьцілася на беразе зьвілістай ракі Іслач. Гэтую падзею можна сьмела назваць першым агульнабеларускім скаўцкім зьлётам, бо ў ім прынялі ўдзел ня толькі скаўты, якія потым утварылі «Аб'яднаньне беларускіх скаўтаў», але і скаўцкая арганізацыя «Союз Скаутов Белоруссии», узначальваемая Ігарам Касьцевічам (сёньня гэта «Беларуская рэспубліканская скаўцкая асацыяцыя(ru)»). Такім чынам, на той зьлёт сабраліся ўсе скаўцкія арганізацыі, якія на той час дзейнічалі на Беларусі. Зьвяз Уладзімера Ўлаховіча толькі перад гэтым прыехаў з ЗША, дзе яны ладзілі летнік з амэрыканскімі скаўтамі.

У той час адбылася яшчэ адна значная падзея — адразу з гэтага летніка Алег Грушэцкі накіраваўся на 17-ы Сусьветны скаўцкі джамбары(en) (скаўцкі зьлёт), які праходзіў з 8 па 16 жніўня 1991 году ў Паўднёвай Карэі. Гэты быў першы (і на той час адзіны) беларускі скаўт, які прадстаўляў Беларусь на сусьветным Джамбары (па запрашэньні Сусьветнага скаўцага кіраўніцтва).[24][25]

21 сакавіка 1992 году адбыўся Ўстаноўчы Сойм, на якім была ўтворана арганізацыя «Аб'яднаньне беларускіх скаўтаў». На Сойме, апроч скаўтаў АБС, прысутнічалі шаноўна запрошаныя кіраўнікі ССБ(ru), дырэктар Бюро САСР для СНД Аляксандар Бондар, ксёндз Ян Матусевіч[26], а таксама былая скаўтка Клецкай гімназіі спадарыня Мендзялеева. 12 жніўня таго ж году Міністэрствам юстыцыі РБ арганізацыя была афіцыйна зарэгістравана як Рэспубліканская грамадзкая арганізацыя «Аб’яднаньне беларускіх скаўтаў». Канцлерам (кіраўніком) быў абраны Аркадзь Жукоўскі (кіраўнік гарадзенскай харугвы). У склад Рады ўвайшлі: Алег Грушэцкі, Вольга Клімановіч (скаўтка са зьвязу Ўладзімера Ўлаховіча) і Кастусь Хадыка (скаўт зь Беларускага гуманітарнага ліцэю).

Сьвяча, зь якой джамбарыйскі агонь прыйшоў на Беларусь

9—15 ліпеня 1993 году АБС праводзіць свой першы Джамбары. Знамянальна, што гэтае Джамбары праходзіла каля в. Падневічы, на месцы франка-беларускага летніка, стаўшагася ў свой час першым агульнабеларускім зьлётам. На гэтым Джамбары прысутнічалі таксама скаўты з Амэрыкі, якіх запрасіла сябра Рады АБС Вольга Клімановіч[27]. Таксама прысутнічалі й скаўты з Прыднястроўя. На гэты час у склад АБС ужо ўваходзілі скаўцкія зьвязы й харугвы (некалькі зьвязаў у адной мясьціне, горадзе) ў гарадох і месцах: Менску, Маладзечне, Гародні, Баранавічах, Гомелі, Рагачове, Парэччы. Падзея адкрыцьця ды жыцьця Джамбары асьвятлялася рэпарцёркай Беларускага тэлебачаньня Юліяй Качанавай. На ўрачыстым адкрыцьці пад скаўцкі салют было запалена вялікае джамбарыйскае вогнішча. Варта заўважыць тое, што гэтае вогнішча, якое ўрачыста запаліў Алег Грушэцкі, было запалена сьвячою, якую Грушэцкі запаліў ад джабарыйскага агню на 17-м Сусьветным Джамбары, у якім ён ганарова браў удзел. Такім чынам Сусьветны Джамбарыйскі вагонь сымбалічна прыйшоў і на Беларусь.

У 1993 годзе ў Менску на I Устаноўчай канфэрэнцыі была створана «Асацыяцыя беларускіх гайдаў»[28], якая ў 2002 г. стала паўнапраўным сябрам WAGGGS (Сусьветная ассацыяцыя дзяўчын-гайдаў і дзяўчын-скаўтаў[29]). 13 красавіка 1998 г. адбылася яшчэ адна значная падзея ў гісторыі скаўтынгу на Беларусі — Беларуская Нацыянальная Скаўцкая Асацыяцыя (БНСА) (перайменаваная на гэты час ССБ) была прынята 149 сябрам САСР. У 1999 г. БНСА была перарэгістравана Мінюстам РБ як дзіцячая грамадзкая арганізацыя «Беларуская рэспубліканская скаўцкая асацыяцыя(ru)» (рэг. № 807).

25 сакавіка 2005 году Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь пад старшынствам А. Забары пастанавіў зьліквідаваць «Аб’яднаньне беларускіх скаўтаў». Прэтэнзіі Мінюсту да арганізацыі: праблемы зь юрыдычным адрасам, нелегітымнасьць Сойму, праведзенага ў 2002 годзе, прызнанага незаконным з-за недастатковай колькасьці зарэгістраваных структурных адзінак[30], а таксама тое, што па новых правілах арганізацыі ня могуць быць зарэгістраваны ў жыльлёвым памяшканьні. Цікава тое, што той жа Мінюст і зарэгістраваў аб’яднаньне ў 2002 годзе. На момант закрыцьця колькасьць скаўтаў АБС налічвала каля 1500 чалавек. На той час канцлерам АБС быў Кастусь Хадыка, які выказаўся, што, нягледзячы на закрыцьцё, скаўты разыходзіцца ня будуць[31]. АБС працягнулі сваю дзейнасьць ўжо неафіцыйна. У той час многія арганізацыі не прайшлі перарэгістрацыі.

На сёньняшні дзень са скаўцкіх арганізацыяў афіцыйна зарэгістраванай дзейнічае толькі БРСА(ru).

  1. ^ Kroonenberg, Piet J. (1998). The Undaunted — The Survival and Revival of Scouting in Central and Eastern Europe. Geneva: Oriole International Publications. p. 43. ISBN 2880520037.
  2. ^ Інтэрв’ю Ігара Касьцевіча часопісу «Вестник детского движения»(недаступная спасылка)
  3. ^ Бабуля беларускай рок-князёўны’97 Хрысьціны Мендзялеевай; першым шлюбам была за праўнукам Д.І. Мендзялеева; яе шляхецкая сям’я ведала князёў Радзівілаў, у Нясьвіскім палацы якіх не аднойчы былі, і пасьля аднаго з наведваньняў на Вялікдзень яна захапілася Велікоднымі пісанкамі; яе калекцыі малюнкаў-пісанак не аднойчы экспанаваліся на розных выставах
  4. ^ Беларускія гімназіі ў культурна-асветніцкім і грамадска-палітычным жыцці Заходняй Беларусі (1920—1930-я гг.)
  5. ^ Электронная энцыкляпэдыя / Станіслаў Глякоўскі
  6. ^ История АБГ
  7. ^ Белорусы в Латвии в 1918—1940 годах
  8. ^ Лідскія сцежкі аўтара «Знахара»
  9. ^ Вітаўт Кіпель. «Полацак у фармаваньні беларускага нацыянальнага сьветагляду»
  10. ^ Алег Гардзіенка. Беларуская дыяспара: Нямеччына і ЗША/2. Эміграцыя 1944 г.
  11. ^ Мікола Панькоў, Хроніка беларускага жыцьця на чужыне (1945—1984)/1945 год/Сьнежань/10
  12. ^ Алесь Вініцкі. «МАТЭРЫЯЛЫ ДА ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСКАЙ ЭМІГРАЦЫІ Ў НЯМЕЧЧЫНЕ Ў 1939—1951 гадох.»: Беларускія ДП-лягеры і культурна-асьветныя ўстановы ў іх у 1945—1950 гг./Нямеччына, Рэгэнсбург/Беларускі скаўтынг
  13. ^ «Скаўцкая Інфармацыйная Служба». №14, 01.11.1948 г.
  14. ^ Беларуская нацыянальная школа на эміграцыі
  15. ^ Скаўцкая хроніка з часопісу «Наперад!» / Трэція ўгодкі ЗБСЧ
  16. ^ Ідэя такой зьмены наогул народжана сярод прыхільнікаў Рады БНР. Галоўныя ініцыятары — Янка Станкевіч і Антон Адамовіч, якія лічылі, што назва «Крывія» й «крывіцкі» спыніць атаясамленьне беларусаў з расейцамі, апроч іншага, пэўным чынам засьцеражэ ад прымусовай рэпатрыяцыі ў СССР. Дарэчы, Першая Беларуская Гімназія ў Рэгенсбургу паседжаньнем педагагічнай Рады 26 сьнежня 1945 году была перайменавана ў Крывіцкую (Беларускую) Гімназію ў Рэгензбургу, чым, між іншым, засталіся незадаволеныя бацькі вучняў начале з бацькоўскім камітэтам. Але празь нейкі час лінгвістычная праблема перарасла ў палітычную. «Крывічамі» сталі называць прыхільнікаў адноўленай пад кіраўніцтвам Міколы Абрамчыка Рады БНР, «беларусамі» (або таксама «зарубежнікамі») — прыхільнікаў БЦР
  17. ^ Аляксандар Адзінец «Паваенная эміграцыя: скрыжаваньні лёсаў: зборнік успамінаў»/ Быў і застаюся прыхільнікам БЦР
  18. ^ Спроба аб’яднання беларускай эміграцыі ў Францыі ў канцы 1940-х — пачатку 1950-х гг.(недаступная спасылка)
  19. ^ Беларусы ў Францыі
  20. ^ Асноўныя моманты гісторыі беларусаў у Аўстраліі
  21. ^ ЛЕКЦЫЯ 3. БЕЛАРУСЫ Ў АЎСТРАЛІІ: ГАЛОЎНЫЯ АСЯРОДКІ/3. Беларуская грамада ў Сыднэі
  22. ^ У нас все еще впереди…(недаступная спасылка)
  23. ^ Незалежная вучнёўская арганізацыя, дзейнічала у 1989-90 гг.; выступала за дэмакратычнае аднаўленьне беларускай школы і аб’ядноўвала аднадумцаў сярод вучняў старэйшых клясаў і навучэнцаў ПТВ; БВС выступаў за выхаваньне нацыянальнай сьвядомасьці вучнёўства, дамагаўся наданьня вучням старэйшых клясаў рэальнай магчымасьці удзелу ў кіраваньні школай; створаны пры Гарадзкім бацькоўскім камітэце Менскіх беларускамоўных клясаў і школаў, створанага ў сваю чаргу пры ТБМ.
  24. ^ Джамбори (Всемирный слёт скаутов) (рас.) Праверана 26 красавіка 2011 г.
  25. ^ Белорусская республиканская скаутская ассоциация (рас.) Скаутинг Праверана 26 красавіка 2011 г.
  26. ^ Ксёндз Ян Матусевіч шмат дапамог беларускім скаўтам — са сваіх сьвятарскіх паездак па Эўропе прывозіў шмат скаўцкай літаратуры й падручнікаў. Ён быў неафіцыйным душпастарам беларускіх скаўтаў
  27. ^ У свой час зьвяз Ул. Улаховіча, у які ўваходзіла Вольга Клімановіч, наладзіў зь імі добрыя адносіны, яны нават езьдзілі да іх у амэрыканскі скаўцкі лягер.
  28. ^ Ассоциация белорусских гайдов
  29. ^ Гайды и скауты(недаступная спасылка)
  30. ^ Праваабарончы цэнтр «Вясна»
  31. ^ Газ. «Комсомольская правда». 31.03.2005. «Скаутов в Беларуси больше нет»(недаступная спасылка)

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]