Раіса Жук-Грышкевіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Раіса Жук-Грышкевіч
225пкс
Раіса Жук-Грышкевіч
Імя пры нараджэньні Раіса Жукоўская
Дата нараджэньня 22 кастрычніка 1919
Месца нараджэньня Пружаны, Беларусь
Дата сьмерці 2 красавіка 2009 (89 гадоў)
Месца сьмерці Бэры, Канада
Месца пахаваньня Беларускія могілкі ў Іст-Брансўіку
Альма-матэр Гімназія імя Адама Міцкевіча (Пружаны), Віленская беларуская гімназія і Таронтаўскі ўнівэрсытэт
Занятак стаматоляг і грамадскі дзеяч
Бацька Мікола Жукоўскі
Маці Надзея Маярэвіч
Муж Вінцэнт Жук-Грышкевіч

Раі́са Мікала́еўна Жук-Грышке́віч (22 кастрычніка 1919, Пружаны, Беларусь — 2 красавіка 2009, Бэры, Канада) — актыўная дзяячка беларускай эміграцыі.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Хата ў Пружанах па вул. Горка, дзе нарадзілася Раіса Жукоўская

Нарадзілася Раіса Жукоўская 22 кастрычніка 1919 году ў Пружане ў сям’і Міколы Жукоўскага і Надзеі Меярэвіч. Скончыла тут польскую пачатковую школу і гімназію імя Адама Міцкевіча. У 1938 годзе паступіла ў Беларускую гімназію ў Вільні. Пасьля прыходу ў Заходнюю Беларусь бальшавікоў працавала настаўніцай беларускай мовы ў Пружанах, пасьля была накіраваная ў Смаляніцу.

У 1942 годзе была вывезеная на работу ў Нямеччыну. Пасьля сканчэньня вайны трапіла ў лягер для перамешчаных асобаў брытанскай акупацыйнай зоны ў месьце Ватэнштэце[1]. Тут Раіса была сьцяжной жаночага скаўтынгу і пэўны час працавала ў лякарні. Потым выехала ў Марбург вучыцца на дантыстку.

У 1949 року зьехала ў Канаду. Паколькі эўрапейскія дыплёмы ў галіне мэдыцыны там не прызнаваліся, вымушаная была вучыцца наноў. У 1954 годзе скончыла ўнівэрсытэт у Таронта і атрымала дыплём доктара дантычнай хірургіі. Адначасна з вучобай на дантыста наведвала курсы беларусазнаўства, адкрытыя пры ўнівэрсытэце В. Жук-Грышкевічам. Працавала стаматолягам да 1990 году.

4 верасьня 1953[2] выйшла замуж за доктара Таронцкага ўнівэрсытэту Вінцука Жук-Грышкевіча, які быў тады заступнікам Старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Міколы Абрамчыка.

Зь першых дзён жыцьця ў Канадзе стала сябрам Згуртаваньня беларусаў Канады, была сярод ягоных фундатараў. Шмат гадоў узначальвала Каардынацыйны камітэт беларусаў Канады, выдавала ягоны друкаваны орган «Камунікаты». У 1965—1975 гадах узначальвала Задзіночаньне беларускіх жанчын Канады, была сакратаром-скарбнікам Беларускага інстытуту навукі і мастацтва ў Канадзе, сябрам Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. Ад 1978 году сяброўка Рады БНР. Разам з мужам у 1988 годзе ў Мідлэндзе на плошчы Мучанікаў усталявалі Памятны крыж тысячагодзьдзя хрысьціянства ў Беларусі. З 1997 году — сябра Прэзыдыюму Рады БНР.

Выдала кнігі «Жыцьцё Вінцэнта Жук-Грышкевіча» (Таронта, 1993) і «Род Жукоўскіх-Меярэвічаў». У рамках Выдавецкага камітэту Згуртаваньня беларусаў Канады спрычынілася да выданьня двух падручнікаў беларускае мовы аўтарства сястры Валянціны Пашкевіч.

У ліпені 1993 была ўдзельніцай першага зьезду беларусаў сьвету ў Менску. Падчас таго прыезду ў Беларусь наведала і родныя Пружаны[3]. У 1995 прыняла ўдзел у другім Міжнародным кангрэсе беларусістаў у Менску.

Раіса Жук-Грышкевіч жыла ў мясцовасьці Бэры, дзе памерла 2 красавіка 2009 году. 4 красавіка яе пахавалі каля мужа на беларускіх могілках Нью-Брансўік у штаце Нью-Джэрзі ў ЗША.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Барыс Рагуля. Беларускае студэнцтва на чужыне. Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»Праверана 23 лістапада 2011 г.
  2. ^ Раіса Жук-Грышкевіч (студзень 2003) Вінцэнт Жук-Грышкевіч. «Новы час». Праверана 21 чэрвеня 2009 г.
  3. ^ Раіса Жук-Грышкевіч (2005) На Бацькаўшчыне. Беларускі грамадзка-культурны часопіс «Czasopis». Праверана 21 чэрвеня 2009 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Здановіч І. Рупліўцы беларускага нацыянальнага адраджэньня з Пружаншчыны: Грамадска-літаратурны даведнік. — Пружаны: 2003. — С. 32—34.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Раіса Жук-Грышкевічсховішча мультымэдыйных матэрыялаў