Згуртаваньне беларускіх скаўтаў на чужыне

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Згуртаваньне беларускіх скаўтаў на чужыне
Абрэвіятура ЗБСЧ
Дэвіз Напагатове!
Дата ўтварэньня 15 лістапада 1945
Дата спыненьня існаваньня 1951
Тып Беларуская скаўцкая арганізацыя ў эміграцыі
Юрыдычны статус Асацыяцыя
Мэта Выхаваньне духоўна й фізычна разьвітай нацыянальнасьвядомай моладзі
Штаб-кватэра Міхэльздорф, Чыкага
Месцазнаходжаньне Нямеччына, ЗША
Дзейнічае ў рэгіёнах Англія, Аўстралія, Аўстрыя, Аргентына, Бэльгія, Бразылія, ЗША, Канада, Нямеччына, Францыя
Афіцыйныя мовы беларуская і мова краіны, дзе дзейнічалі
Асноўныя асобы Ян Станкевіч, Вацлаў Пануцэвіч, Вітаўт Кіпель, Зора Савёнак, Юрка Сянькоўскі
Кіроўны орган Сусьветнае Бюро САСР.
Колькасьць супрацоўнікаў 512 сяброў і сябровак зарганізаваных у 5 штандараў (15 лістапада 1948)

Згуртаваньне беларускіх скаўтаў на чужыне — скаўцкая арганізацыя, у якую ўваходзілі дзеці і беларуская моладзь, што знаходзіліся ў эміграцыі ў пасьляваенныя гады па-за межамі Беларусі. Арганізацыя зарганізавалася ў нямецкім горадзе Рэгенсбург, у лягеры для бежанцаў, 15 лістапада 1945 году[1]. Арганізацыя зь цягам часу пашыралася і мела свае аддзяленьні, апроч Нямеччыны, у Англіі, Аўстраліі, Аўстрыі, Аргентыне, Бэльгіі, Бразыліі, ЗША, Канадзе, Францыі. Структура арганізацыі: першасная арганізацыя — дружына (каля 7 чалавек); 4 дружыны ўтвараюць зьвяз; некалькі зьвязаў у адной мясцовасьці ўтвараюць сьцяг (штандар). «Згуртаваньне беларускіх скаўтаў на чужыне» дзейнічала да 1951 году.

Рэгенсбург. Першы Зьвяз беларускіх скаўтаў. «Згуртаваньне беларускіх скаўтаў на чужыне»[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У пасьляваенныя гады ў Заходняй Нямеччыне зьяўляюцца мільёны эмігрантаў — адных немцы прывезьлі на працы ў Нямеччыну, іншыя беглі ад савецкага камуністычнага рэжыму, шмат было былых вайскоўцаў-палонных. Беларускім асяродкам робіцца горад Рэгенсбург[2] — невялікі нямецкі горад у Баварыі, колькасьцю 50—70 тысячаў жыхароў. Летам 1945 году ў Рэгенсбургу паўстаў Беларускі нацыянальны камітэт, вакол яго пачалі гуртавацца беларусы, прыяжджаючы з блізкіх і далёкіх мясцовасьцяў. Пасьля рэпатрыяцыі на тэрыторыі Заходняй Эўропы засталося каля мільёна эмігрантаў розных нацыянальнасьцяў, што не жадалі ці ня мелі магчымасьці вярнуцца на радзіму. Гэтыя людзі атрымоўвалі статус перамешчаных асобаў, або Displaced Persons (Ды-Пі) і на пэўны тэрмін сяліліся ў лягерох, якія апекаваліся ЮНРРА (Адміністрацыя Аб’яднаных Нацыяў па дапамозе й рэабілітацыі — UNRRA — United Nations Relief and Rehabilitation Administration). У 1947 годзе яе зьмяніла Міжнародная арганізацыя па справах уцекачоў (International Refugees Organization — IRO), якая актыўна занялася расьсяленьнем эмігрантаў на сталае жыхарства па розных краінах. Лягеры Ды-Пі часьцей зарганізоўваліся паводле нацыянальнай прыкметы, са сваёй унутранай адміністрацыяй. Насельнікі такіх лягероў жылі ў былых казармах, бараках пры фабрыках ці заводах альбо ў спэцыяльна адведзеных будынках (часам у дамах пустых вёсак). Гэтыя лягеры мелі сваю ўласную адміністрацыю, паліцыю, тут дзейнічалі школы, садкі, шпіталі, прафэсійныя курсы, дазвалялася грамадзкая дзейнасьць. Беларускі Нацыянальны Камітэт у Рэгенсбургу падаваў лік не зажадалых вяртацца ў СССР — 75—100 тыс. чалавек[3].

Лягер у Рэгенсбурзе называўся цалкам — ДП Гангофэрзідлюнгрэгенсбург. У Рэгенсбурзкім лягеры 15 лістапада 1945 году зарганізоўваецца новая чыста беларуская скаўцкая арганізацыя «Згуртаваньне Беларускіх Скаўтаў на Чужыне». Беларускі ДП лягер у Рэгенсбургу арганізаваўся ўвосень 1945 году ў прыгарадзе Гангофэр. Пачаткова беларуская група налічвала 390 чалавек, ды зь цягам часу павялічвалася. Да лістапада 1945 году камандантам быў Янка Станкевіч, той самы, што кіраваў беларускім скаўтынгам у Заходняй Беларусі (пасьля Янка Станкевіч выкладаў у Першай Беларускай Гімназіі гісторыю Беларусі).

Скаўт ЗБСЧ

10 сьнежня 1945 году ў Рэгенсбургу, у ДП-лягеры, Беларускім нацыянальным камітэтам была адчыненая Першая беларуская гімназія (імя Янкі Купалы) на чужыне; дыр. Аляксандар Орса[4]. Усе вучні гімназіі належалі да «Згуртаваньня беларускіх скаўтаў на чужыне». На пачатку 1946 году Рэгенсбурскі сьцяг скаўтаў пачаў выдаваць скаўцкі часопіс «Зважай». У перадавым артыкуле першага нумару часопісу было напісана:

«У горадзе Рэгенсбургу (Баварыя) у чэрвені 1945 году быў адчынены Беларускі нацыянальны камітэт (БНК), які стаўся цэнтрам арганізацыйнага жыцьця беларускай эміграцыі ў Амэрыканскай акупацыйнай зоне Нямеччыны.

Увосені 1945 году ў Рэгенсбургу быў ужо Беларускі ДП-лягер, а ў ім было даволі шмат моладзі. Вось жа 15 кастрычніка 1945 году яна заснавала Першы зьвяз беларускіх скаўтаў імя Кастуся Каліноўскага. Спачатку Зьвяз быў даволі слабай адзінкай. Працаваць было вельмі цяжка, не было падрыхтаваных кіраўнікоў, амаль ніхто ня ведаў гісторыі паўстаньня скаўтаў, іхных мэтаў, у той час як іншыя нацыянальнасьці мелі добра падрыхтаваныя кадры. Але моладзі не давалі супакою думкі: чаму ж гэта тут беларусы павінны быць на апошнім месцы? Упорыстай працай скаўты імкнуліся заняць належнае месца сярод скаўтаў іншых нацыянальнасьцяў. І моладзь працавала.

Атрымалі пакой, які агульнымі сіламі ўпарадкавалі й зрабілі сьвятліцу. Упрыгожылі яе партрэтамі беларускіх пісьменьнікаў і дзеячоў: Янкі Купалы, Якуба Коласа, Францішка Багушэвіча і нацыянальнага героя — Кастуся Каліноўскага, здабылі й патрэбную літаратуру.

Кожны новы дзень прыносіў у працы скаўтаў новыя дасягненьні. Да скаўцкае працы далучылася й моладзь Беларускай гімназіі. Усе працавалі дружна, каб здабыць права насіць тое імя, якое прысвоіў сабе Зьвяз — імя каліноўцаў. Штодзень у сьвятліцы адбываліся зборкі скаўтаў па дружынах. На зборках чыталіся лекцыі-гутаркі па тэмы выхаваньні, мэты й заданьні скаўтаў і на тэмы актуальныя нацыянальнага характару.

У дзень вялікага нацыянальнага сьвята 25 сакавіка 1946 году беларускія скаўты ў Рэгенсбургу складалі забавязаньне на службу свайму народу.

Яшчэ ад раньня сярод моладзі быў узьняты настрой. Скаўты ўпрыгожвалі залю, дзе павінна была адбыцца ўрачыстасьць; дружыновыя правяралі скаўтаў сваіх дружынаў.

Калёнаю зьявіліся на месца прысягі. Зьвяз моладзі перад сьцягам выглядаў як добра падрыхтаваная адзінка. А 2-й гадзіне папоўдні спачатку малодшыя, потым старэйшыя пачалі складаць прысягу. (Словы прысягі: „На мой гонар прысягаю, што паводле маёй найлепшай волі і стараньняў буду верны Богу й Бацькаўшчыне, буду дапамагаць кажнаму чалавеку ува ўсякім часе, буду паслухмяны Скаўцкаму праву й свайму Кіраўніцтву“, — А. В.). Пасьля прысягі кажны юнак і кажная юначка цалавалі свой сьцяг. Нас віталі скаўты іншых нацыянальнасьцяў: украінцы, летувісы, расейцы й латышы. Кіраўнік нашых скаўтаў выказаў ім падзяку за іхнае спрыяньне, выказанае на першых кроках нашае працы.

У тры гадзіны дня пачаўся канцэрт скаўцкае самадзейнасьці. Скаўцкі хор выканаў некалькі беларускіх песьняў. Пасьля хору скаўты ў нацыянальных вопратках пратанцавалі беларускія нацыянальныя танцы — „Лявоніху“ й „Крыжачка“. На канчатак праграмы была пастаўлена п’еса „Чароўнае зельле“.

Стройнаю калёнаю, зь песьнямі, высока трымаючы сьцяг, рушылі скаўты зь месца прыняцьця прысягі да свае сьвятліцы. Так закончыўся гэты дзень, які глыбока й надоўга застанецца ў памяці кажнага скаўта»[5].

Пачынальнікі беларускага скаўтынгу на Захадзе, у тым ліку чатырох сяброў будучай Дванаццаткі (Алесь Бута, Леанід Карась, Янка Жучка й Паўлюк Урбан). Рэгенсбург, вясна 1946 г.

Непасрэднае дачыненьне да пачаткаў беларускага скаўтынгу ў амэрыканскай акупацыйнай зоне ў Рэгенсбургу мелі Сьцяпан Кірылік, Аляксандар Бута й Вітаўт Кіпель. Скаўты I зьвязу атрымалі ад лягернай адміністрацыі асобнае памяшканьне. Калі адкрылася гімназія, у скаўтынг уліліся ўсе яе вучні. Напачатку дзейнасьць скаўтаў пачыналася з азнаямленьня з мэтадамі й мэтамі руху. Ўсё давалася цяжка, бо справа гэтая была амаль новая — мала хто памятаў пачаткі беларускага скаўтынгу ў Віленскай Беларускай Гімназіі. Настаўнікі так сама спрыялі гэтай форме актыўнасьці моладзі, якая дапаўняла праграму нацыянальнага патрыятычнага выхаваньня ў Гімназіі. Шмат вечарынаў й сьвяткаваньняў праходзілі з удзелам скаўтаў.

25 сакавіка 1946 году ў вялікай спартовай залі селішча Гангофэр адбылася скаўцкая прысяга — якая сталася фактычна падзеяй і з гімназійнай хронкі, бо прысягу на вернасьць «Богу й Бацькаўшчыне» давалі ўсе ейныя вучні. Урачыстая прысяга была дана пад бел-чырвона-белым сьцягам. Гэты сьцяг падараваў япіскап Апанас, сьцяг быў перад прысягаю высьвячаны ў царкве. Прысяга, прайшоўшая ў надзвычай узьнёслым настроі, адбылася ў прысутнасьці скаўтаў з украінскага, расейскага й латыска-летувіскага лягероў.

Рэгенсбурскі Скаўцкі Сьцяг меў свае аддзелы і ў іншых гарадох Нямеччыны: Аўгсбургу, Фюсэне, Тырсгайме і Эльвангэне. Ён стаўся найбольш моцнай скаўцкай адзінкай у Амэрыканскай акупацыйнай зоне Нямеччыны. На міжнародных зьлётах скаўтаў прысутнічалі й беларускія скаўты.

6—8 ліпеня 1946 году кіраўнікі й старэйшыя скаўты й скаўткі Рэгенсбурскага Сьцягу вялікай колькасьцю прынялі ўдзел у Першым зьлёце беларускіх скаўтаў усёй Заходняй Нямеччыны ў Ватэнштэце. Яны актыўна ўдзельнічалі ў нарадах зьлёту, а пазьней і сваімі скаўцкімі паказамі ля вогнішча.

Беларускі лягер ДП Рэгенсбург 26 ліпеня 1946 году быў вывезены ў Міхэльсдорф. Разам з усімі і ўсім пераехала й Беларуская гімназія.

У 1948 годзе, на трэція ўгодкі заснаваньня першых беларускіх скаўцкіх адзінак у Нямеччыне (15 лістапада), ЗБСЧ налічвала 512 сяброў і сябровак зарганізаваных у 5 штандараў у ангельскай, амэрыканскай і францускай зонах Нямеччыны. Апроч таго існавалі аддзелы ў Аўстрыі й Ангельшчыне. За тры гады было выдана: 6 скаўцкіх часопісаў (10 тыс. экзэмпляраў), 15 кніжачак скаўцкае літаратуры, 25 кніжачак нацыянальнае літаратуры, каляндар на 1948 г., шмат паштовак, скаўцкіх і нацыянальных значкоў[6].

Міхэльсдорф[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля пераезду ў Міхэльсдорф скаўцкі рух набывае шырокі размах. Адсюль скаўтмайстры разьяджаліся па іншых лягерох, дзе былі выдзяленыя беларускія групы, і засноўвалі скаўцкія адзінкі: дружыны, зьвязы й сьцягі. У 1947 годзе ўсе скаўцкія адзінкі ў амэрыканскай зоне аб’ядналіся ў штандар (сьцяг) «Баварыя». Кіраўніком штандару (штандаровым) быў Аляксандар Бута. Да сьціслага кіраўніцтва штандару належалі скаўтмайстры Уладзімер Цьвірка, Вітаўт Кіпель, Васіль Шчэцька, Янка Запруднік і Янка Жучка. Кіраўніком скаўтаў у Міхэльсдорфе быў Вітаўт Кіпель.

Мэдаль II зьезду ЗБСЧ

8—10 жніўня 1947 году адбыўся II зьезд ЗБСЧ.

28 верасьня 1947 году 5 дзявочых скаўцкіх дружынаў у Міхэльсдорфе вылучыліся ў самастойны 2-гі сьцяг. Кіраўніцамі дзявочага сьцягу былі Зора Савёнак, Натальля (Туся) Куліковіч і Тамара Карповіч. Ва ўсёй Нямеччыне гэта ўжо быў дванаццаты беларускі скаўцкі сьцяг.

Увосень 1948 году «Згуртаваньне беларускіх скаўтаў на чужыне» налічвала 512 сябраў[7]. Арганізацыйна беларускі скаўтынг утваралі 5 штандараў: «Баварыя», «Гарц», «Франконія», «Швабія» й «Гэсія».

У Міхэльсдорфе скаўты зарганізалі выдавецкую суполку «Крыніца» — выдавалі неабходныя для школы падручнікі й дапаможнікі[8]. Галоўным у выдавецтве быў Алесь Марговіч. Суполка «Крыніца» выдала знакамітыя скаўцкія выданьні: «Скаўцкі спадарожнік» і «Рэгулямін Скаўцкіх спраўнасьцяў» (1947). З пачаткам 1947 году міхэльсдорфскія скаўты пачалі выдаваць свой часопіс «Напагатове!». У Міхэльсдорфе было праведзена некалькі курсаў па падрыхтоўцы скаўцкіх кіраўнікоў.

ЗБСЧ — ЗКСЧ[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У ангельскай зоне акупацыі Нямеччыны, за 10 км ад Браўншвайгу, Ніжняя Саксонія, каля вёскі Ватэнштэт у ліпені 1945 году разьмясьціўся беларускі ДП лягер АБЦатэнштат. На пачатку 1948 году ў ім было 716 беларусаў-эмігрантаў з БССР.

У лягеры выходзілі скаўцкія пэрыядычныя выданьні: «Скаўцкая інфармацыйная служба» (9 нумароў), «Скаўцкі Бюлетэнь» (11 нумароў), «Скаўт» (8 нумароў).

15 лістапада 1945 году ў лягеры была адкрыта гімназія імя Максіма Багдановіча, якая працавала да ліквідацыі лягеру ў лютым 1950 году. Першым дырэктарам гэтай гімназіі стаў Вацлаў Пануцэвіч, які ў ёй жа выкладаў лацінскую мову, а яго жонка — прыродазнаўства. У гімназіі ён жа кіраваў скаўтамі, а скаўткамі — Валянціна й Раіса Жукоўскія (пасьля шлюбу — Пашкевіч і Жук-Грышкевіч).

Вацлаў Пануцэвіч імкнуўся зьмяніць у назове арганізацыі ЗБСЧ «беларускія» на «крывіцкія»[a] (Згуртаваньне крывіцкіх скаўтаў на чужыне), хаця па сутнасьці, гэта была адна арганізацыя — «Згуртаваньне беларускіх скаўтаў на чужыне». Хутчэй, гэта было альтэрнатыўная назва ЗБСЧ, якая афіцыйна так і не была зацьверджана, тым ня менш, ужывалася падчас кіраўніцтва ЗБСЧ Пануцэвіча. Кропка ў гэтай блытаніне была пастаўлена толькі ў сакавіку 1949 году на III зьлёце беларускіх скаўтаў на чужыне, калі быў абраны новы кіраўнік, назва «Згуртаваньне беларускіх скаўтаў на чужыне» была пакінута нязьменнай. Тым ня менш, 10 сакавіка 1945 году выйшаў № 1 часопісу Згуртаваньня крывіцкіх скаўтаў на чужыне (ЗКСЧ) «Скаўт»; рэд. В. Пануцэвіч[9]. 1—2 чэрвеня 1946 году — зьлёт беларускіх скаўтаў (зьвязы «Зялёны дуб» і «Сёстры вогнішча») у Госьляры (Ангельская зона акупацыі Нямеччыны); кіраўнікі: Вацлаў Пануцэвіч, Валянціна Жукоўская. У 1946 годзе В. Пануцэвіч прыняў удзел у выданьні часопісаў «Шляхам жыцьця» і «Напагатове». У Флёнбургу В. Пануцэвіч выдае дапаможнікі для скаўцкай работы: «Скаўцкая кніжка», «Праца ў зьвязе». Скаўты мелі добрую арганізацыю і гуртавалі вакол сябе значную частку беларускай моладзі ў эміграцыі. У красавіку 1946 году Вацлаў Пануцэвіч узначаліў «Згуртаваньне крывіцкіх скаўтаў на чужыне» (ЗКСЧ), якое ў лютым 1950 году аб’ядноўвала маладых беларусаў з Англіі, Аўстраліі, Аргентыны, Бэльгіі, ЗША, Бразыліі, Канады, Нямеччыны і Францыі[10].

6-8 ліпеня 1946 году адбыўся I зьлёт крывіцкіх скаўтаў у Заходняй Нямеччыне (кір. Вацлаў Пануцэвіч) з прысутнасьцю япіскапа Філафея (Нарко), у Ватэнштэце.

20 кастрычніка 1946 году выйшаў № 1 органу Галоўнага кіраўніцтва ЗКСЧ у Ватэнштэце «Скаўцкая інфармацыйная служба»; рэд. Вацлаў Пануцэвіч.

30 верасьня 1946 году закладзены Студэнцкі зьвяз крывіцкіх скаўтаў у Мюнхэне[11]. 21 траўня 1947 году — арганізацыя Студэнцкага скаўцкага зьвязу ЗКСЧ у Марбургу.

9 сакавіка 1949 году ў лягеры Шляйсгайм, каля Мюнхэну, адбыўся III зьлёт Беларускіх Скаўтаў на Чужыне. Галоўны кіраўнік Беларускіх Скаўтаў на Чужыне Вацлаў Пануцэвіч імкнуўся ўжо афіцыйна зьмяніць у назове арганізацыі «беларускія» на «крывіцкія». Каб палагодзіць гэтую справу, ад штандару «Баварыя» (амэрыканская зона) і ад штандару «Гарц» (ангельская зона) былі высланыя лісты з запрашэньнем да брытанскага палкоўніка П. Монэ, прадстаўніка Галоўнай сусьветнай скаўцкай кватэры, які меў так сама сваё жытло ў Мюнхэне й апекаваўся ДП-скаўтамі ў Заходняй Нямеччыне. Палкоўнік даў сваю згоду прысутнічаць на зьлёце. Зьлёт адкрыў Вацлаў Пануцэвіч; айцец Мікалай Лапіцкі (духоўны апякун беларускага скаўтынгу) прачытаў малітву. Ён жа быў абраны заступнікам старшыні зьлёту. У першы ж дзень былі выслуханы справаздачы зь месцаў пражываньня беларускіх скаўтаў. Амаль ад усіх іх была просьба — не рабіць аніякіх зьменаў у назове арганізацыі. На другі дзень палкоўнік Монэ, папрасіўшы прабачэньня за занятасьць, даручыў айцу Лапіцкаму весьці далей зьлёт. Пасьля дыскусій была вынесена пастанова зьлёту: «Не рабіць жадных зьменаў у назове арганізацыі». На галоўнага кіраўніка Беларускіх Скаўтаў на Чужыне быў выбраны скаўтмайстар Юрка Сянькоўскі. Айцец Лапіцкі прывітаў Сенькоўскага і пажадаў яму плённай працы на пасадзе галоўнага кіраўніка. Новавыбранага кіраўніка віталі таксама: прафэсар Яўхім Кіпель, генэрал Францішак Кушаль, Уладзімер Сенька й другія шаноўныя госьці зьлёту[12].

У 1949 годзе Вацлаў Пануцэвіч пераехаў у ЗША, у Чыкага, дзе зарганізаваў у 1951 годзе скаўцкую дружыну «Пагоня», а пасьля — «Арлы»[13].

Іншыя беларускія скаўцкія зьвязы ў Нямеччыне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У траўні 1947 г. у вёсцы Віндышбэргэрдорф (знаходзіцца за 4 км на паўночны ўсход ад Каму) былі паселены беларусы (каля 500), якіх разьсялілі ў 14 бараках, пабудаваных тут у часе вайны для работнікаў. Самы вялікі барак быў прызначаны для дзіцячага садку, пачатковае школы й скаўцкае сьвятліцы. Пачатковая школа была адкрыта 15 жніўня: у ёй было 4 клясы з 56 вучнямі. Пры школе заснаваўся зьвязь беларускіх скаўтаў (45 сяброў). Кіраўніком скаўтаў быў у 1947 г. Янка Запруднік, потым Міхась Белямук, а апекуном — айцец Асіпчык. 25 сакавіка 1948 г. адбылося ўрачыстае злажэньне прысягі й уручэньне сьцягу скаўтам 6-га Сьцягу ў Віндышбэргэрдорфе. 25 красавіка 1948 г. на міжнацыянальных спаборніцтвах у Рэгенсбурзе 6-ы Сьцяг атрымаў дыплём за першае месца ў пабудове шатру.

23 сакавіка 1948 г. адбылося заснаваньне скаўцкай дружыны ў лягеры Зэедорф каля Брэмэну (Брытанская акупацыйная зона).

У траўні 1948 г. студэнт мэдыцыны Вітаўт Кіпель назначаны заступнікам штандаровага й арганізацыйным рэфэрэнтам штандару «Швабія» (француская акупацыйная зона Нямеччыны). 28 чэрвеня група скаўтаў пад кіраўніцтвам В. Кіпеля выйшла ў скаўцкі паход церазь Нямеччыну (маршрут Кам — Бэрхтэсгадэн, каля 450 км). Па дарозе да іх далучыліся скаўты з Остэргофэну[14].

Былі так сама скаўты пры гімназіі ў лягеры Розэнгайм. Кіраваў спартовым гуртком скаўцкае моладзі І. Муха, а скаўтамі — Я. Раковіч. Яны шмат вымагалі ад моладзі, але і розэнгаймскія беларускія скаўты часта перамагалі ў спаборніцтвах скаўтаў іншых нацыянальнасьцяў.

Скаўцкі сьцяг у Францускай зоне Аўстрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Колькасьць беларусаў, якая знаходзілася ў ДП-лягеры Куфштайн у францускай зоне Аўстрыі, налічвала каля 300 асобаў. У верасьні 1948 году зарганізаваўся скаўцкі сьцяг. На першай зборцы было 18 скаўтаў і скаўтак. Сьцяг складалі: 1 дружына старэйшых скаўтаў, 1 дружына юначак і 1 грамада ваўчанятаў. Арганізатарам і апякуном Сьцягу зьяўляўся сп. Міхась Гуз.

Скаўцкія зьвязы ў іншых краінах[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У канцы 1940-х — пачатку 1950-х гг. у Францыі зьяўляецца зьвяз (атрад) беларускіх скаўтаў, старшыня якога — М. Наўмовіч[15].

У 1950 году ў горадзе Мэльбурне (Аўстралія) зарганізаваны беларускі скаўцкі зьвяз «Усяслаў Чарадзей»[16]. У 1954 годзе ў Сыднэі існавалі скаўты пад кіраўніцтвам Уладзімера Пацко[17].

Завяршэньне дзейнасьці ЗБСЧ[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Апошнім годам актыўнай дзейнасьці «Згуртаваньне беларускіх скаўтаў на чужыне» стаў 1951 год. На той час Галоўная кватэра ЗБСЧ месьцілася ў Чыкага, і яшчэ ў ліпені выдаваўся «Rada Kruhu» — часопіс Галоўнай кватэры Беларускіх скаўтаў на чужыне[18]. Беларусы за мяжой паступова і плаўна ўжыліся ды ўліліся ў грамадзкае жыцьцё тых краінаў, дзе пражывалі. Таксама й скаўты сталі часткай замежнага скаўцкага руху. Так, Вітаўт Кіпель скончыў вышэйшыя курсы інтэрнацыянальнага скаўтынгу, быў выкладчыкам на гэтых курсах, арганізаваў скаўцкія лягеры, некалькі гадоў кіраваў адной з найстарэйшых амэрыканскіх скаўцкіх адзінак (Troop 161, Tamarack Council, засн. 1910). Ён меў некалькі амэрыканскіх і інтэрнацыянальных скаўцкіх узнагародаў[19].

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Ідэя такой зьмены наогул народжана сярод прыхільнікаў Рады БНР. Галоўныя ініцыятары — Янка Станкевіч і Антон Адамовіч, якія лічылі, што назва «Крывія» й «крывіцкі» спыніць атаясамленьне беларусаў з расейцамі, апроч іншага, пэўным чынам засьцеражэ ад прымусовай рэпатрыяцыі ў СССР. Дарэчы, Першая беларуская гімназія ў Рэгенсбургу, паседжаньнем пэдагагічнай Рады 26 сьнежня 1945 году была перайменавана, як Крывіцкая (беларуская) гімназія ў Рэгенсбургу, чым, між іншым, засталіся незадаволенымі бацькі вучняў, начале з Бацькоўскім камітэтам. Але празь нейкі час лінгвістычная праблема перарасла ў палітычную. «Крывічамі» сталі называць прыхільнікаў адноўленай пад кіраўніцтвам Міколы Абрамчыка Рады БНР, «беларусамі» (або таксама «зарубежнікамі») — прыхільнікаў БЦР

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ kamunikat.org
  2. ^ Вітаўт Кіпель. «Полацак у фармаваньні беларускага нацыянальнага сьветагляду»
  3. ^ АЛЕГ ГАРДЗІЕНКА. БЕЛАРУСКАЯ ДЫЯСПАРА: НЯМЕЧЧЫНА І ЗША/2. Эміграцыя 1944 г.
  4. ^ Мікола Панькоў, Хроніка беларускага жыцьця на чужыне (1945—1984)/1945 год/Сьнежань/10
  5. ^ Алесь Вініцкі. «МАТЭРЫЯЛЫ ДА ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСКАЙ ЭМІГРАЦЫІ Ў НЯМЕЧЧЫНЕ Ў 1939—1951 гадох.»: Беларускія ДП-лягеры і культурна-асьветныя ўстановы ў іх у 1945—1950 гг./Нямеччына, Рэгенсбург/Беларускі скаўтынг
  6. ^ Скаўцкая хроніка з часапісу «Наперад!»/Трэція ўгодкі ЗБСЧ
  7. ^ «Скаўцкая інфармацыйная служба». №14, 01.11.1948 г.
  8. ^ Беларуская нацыянальная школа на эміграцыі
  9. ^ Мікола Панькоў, Хроніка беларускага жыцьця на чужыне (1945—1984)/1946 год/сакавік/10
  10. ^ ВАЦЛАЎ ПАНУЦЭВІЧ У БЕЛАРУСІ АМАЛЬ НЕВЯДОМЫ
  11. ^ Мікола Панькоў. Хроніка беларускага жыцьця на чужыне (1945—1984)/1946 год/Вепасень/26
  12. ^ Аляксандар Адзінец. «ПАВАЕННАЯ ЭМІГРАЦЫЯ: СКРЫЖАВАНЬНІ ЛЁСАЎ: ЗБОРНІК УСПАМІНАЎ»/ БЫЎ І ЗАСТАЮСЯ ПРЫХІЛЬНІКАМ БЦР
  13. ^ Андрэй Вашкевіч. «ВАЦЛАЎ ПАНУЦЭВІЧ У БЕЛАРУСІ АМАЛЬ НЕВЯДОМЫ»
  14. ^ Скаўцкая хроніка з часапісу «Наперад!»
  15. ^ Спроба аб’яднання беларускай эміграцыі ў Францыі ў канцы 1940-х — пачатку 1950-х гг.
  16. ^ Асноўныя моманты гісторыі беларусаў у Аўстраліі
  17. ^ Лекцыя 3. Беларусы ў Аўстраліі: галоўныя асяродкі/3. Беларуская грамада ў Сыднэі
  18. ^ Характарыстыка беларускіх газэтаў і часопісаў на чужыне/Б. Характарыстыка цытаваных газэтаў і часопісаў
  19. ^ Камунікат. «Біяграфічныя даведкі пра настаўнікаў і вучняў Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы ў Нямеччыне»: Кіпель Вітаўт

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Янка Запруднік У віхры вайны — зь Беларусі на Захад // Дванаццатка. — Нью-Ёрк: Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва, 2002. — С. 30—49. — 490 с. — 1500 ас.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]