Валейбол

Валейбол (па-ангельску: volleyball ад volley — «залп», «удар зь лёту», і ball — «мяч») — від спорту, камандная спартовая гульня, падчас якой дзьве каманды спаборнічаюць на адмысловай валейбольнай пляцоўцы, падзеленай сеткай, імкнучыся накіраваць мяч на бок суперніка такім чынам, каб ён прызямліўся на пляцоўцы суперніка (дабіць да падлогі), альбо гулец каманды-абаронцы зрабіў памылку. Пры гэтым для арганізацыі нападу гульцам адной каманды дазваляецца ня больш трох дотыкаў да мяча запар (у дадатак да дотыку на блёку). Гэта некантактны, камбінацыйны від спорту, дзе кожны гулец мае строгую спэцыялізацыю на пляцоўцы. Найважнейшымі якасьцямі для гульцоў у валейбол ёсьць скакучасьць дзеля магчымасьці высока узьняцца над сеткай, рэакцыя, каардынацыя, фізычная сіла для эфэктыўнага стварэньня атакуючых удараў. Для аматараў гэты від спорту ёсьць распаўсюджанай забаўкай і спосабам адпачынку дзякуючы прастэчы правілаў і дасяжнасьці інвэнтара. Існуюць шматлікія варыянты валейболу, якія адгалінаваліся ад асноўнага віду, як то пляжны валейбол, які уважаецца за алімпійскі від з 1996 году, міні-валейбол, піянэрбол[1].
Цэнтральны орган валейболу як міжнароднага віду спорту, які вызначае збор правілаў, уважаецца Міжнародная фэдэрацыя валейболу. Валейбол — алімпійскі від спорту з 1964 году[2].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Ўільям Дж. Морган прыдумаў гэты від спорту ў 1895 годзе, калі быў дырэктарам фізычнага выхаваньня Асацыяцыі маладых хрысьціянаў (YMCA) у Галіёку штату Масачусэтс[3]. Паколькі спачатку ён узяў за аснову гульню ў бадмінтон, то першым назовам спорту быў мінтанэт[4]. Морган быў вучнем вынаходніка баскетболу Джэймза Нэйсьміта. Ён распрацаваў гэтую гульню для сваіх выхаванцаў у Асацыяцыі маладых хрысьціянаў, большасьць зь якіх былі бізнэсоўцамі сярэдняга ўзросту, для якіх фізычная нагрузка баскетболу была занадта высокай[5].

Першыя правілы, складзеныя Морганам, прадугледжвалі сетку вышынёю 1,98 мэтраў, пляцоўку памерам 7,6 × 15,2 мэтраў і неабмежаваную колькасьць гульцоў. Матч складаўся зь дзевяці інінгаў, у кожным зь якіх каманда мела тры спробы падачы. Не было абмежаваньняў на колькасьць крананьняў мяча перад ягонай перадачай на бок супернікаў. У выпадку памылкі пры падачы давалася другая спроба. Калі мяч закранаў сетку, гэта лічылася памылкай з стратай пункту або права на падачу, за выключэньнем першай спробы падачы[6].
Альфрэд Галстыд, прысутны на першым выставачным матчы ў 1896 годзе, адзначыў характар гульні, павязаны зь перакідваньнем мяча празь сетку, таму гульня хутка пачала называцца валейболам, пры гэтым словы пісаліся асобна як валей бол. Правілы гульні былі трошку адкарэктаваныя Міжнароднай трэнавальнай школай YMCA, і гульня пачала распаўсюд ва ўсёй краіне ў розныя філіі асацыяцыі[6][7]. У пачатку 1900-х гадоў кампанія Спалдынг праз сваё выдавецтва выпусьціла кнігі з поўнымі правіламі гэтага віду спорту[8].
Першы афіцыйны мяч, які выкарыстоўваўся ў валейболе, застаецца прадметам спрэчак, бо некаторыя крыніцы сьцьвярджаюць, што кампанія Спалдынг стварыла яго ў 1896 годзе, у той час як іншыя кажуць, што гэта адбылося ў 1900 годзе[9][10][11]. Паступова зьмяняліся правілы. Гэтак у 1916 годзе на Філіпінах была ўкаранена тэхніка і сіла падачы і ўдару, а праз чатыры гады зьявіліся правілы «трох дотыкаў» і забарона на атакуючы ўдар з задняй лініі. У 1917 годзе мэтавая колькасьць пунктаў дзеля перамогі была зьменшаная з 21 да 15. У 1919 годзе экспэдыцыйныя войскі ЗША распаўсюдзілі блізу 16 тысячаў валейбольных мячоў сярод сваіх і хаўрусных вайскоўцаў, што спрыяла росту папулярнасьці валейболу ў новых краінах[9].
Як і баскетбол, валейбол хутка зьбіраў прыхільнікаў дзякуючы сваёй прастэчы і папулярызацыі з боку YMCA і YWCA[5]. Першай краінай па-за межамі ЗША, якая пачала разьвіцьцё валейболу, была Канада ў 1900 годзе[9]. За часам і пасьля Першай сусьветнай вайны прысутнасьць інструктараў YMCA у складзе амэрыканскіх войскаў спрыяла распаўсюду валейболу ў Эўропе. Гэтак валейбольныя клюбы зьявіліся ў Францыі і СССР[5]. У 1947 годзе была заснаваная Міжнародная фэдэрацыя валейболу, а першыя чэмпіянаты сьвету ладзіліся ў 1949 годзе сярод мужчынаў і ў 1952 годзе сярод жанчынаў. На летніх Алімпійскіх гульнях 1964 году валейбол упершыню зьявіўся ў праграмы, пры гэтым турніры ладзіліся як сярод мужчынаў, гэтак і жанчынаў.
Найбуйнейшыя спаборніцтвы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Спаборніцтвы | праведзены ўпершыню | наступны | Дэталі | ||
мужчыны | жанчыны | мужчыны | жанчыны | ||
Пад эгідай FIVB | |||||
Алімпійскія гульні | 1964 Токіё ![]() |
1964 Токіё ![]() |
2024 Парыж ![]() |
2024 Парыж ![]() |
Праводзяцца раз на 4 гады |
Чэмпіянат сьвету | 1949 Прага ![]() |
1952 Масква ![]() |
2022 Польшча ![]() ![]() |
2022 Нідэрлянды ![]() ![]() |
Праводзіцца раз на 4 гады |
Пад эгідай CEV | |||||
Чэмпіянат Эўропы | 1948 Рым ![]() |
1949 Прага ![]() |
2023 Італія ![]() ![]() ![]() ![]() |
2023 Бэльгія ![]() ![]() ![]() ![]() |
Праводзіцца раз на 2 гады |
Ад 1990 да 2017 раз на год праводзілася Валейбольная сусьветная ліга. У 1990 годзе яна была праведзена ў Осацы (Японія), У 2012 — у Сафіі (Баўгарыя). У 2006 годзе прызавы фонд складаў $20 млн. Ад 1993 да 2017 году раз на год праводзілася Гран-Пры, у 1993 годзе ў Ганконгу, у 2004 годзе прызавы фонд склаў $1,9 млн.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Источник: Энциклопедия Кругосвет. Волейбол (рас.)
- ^ Афіцыйны сайт МАК
- ^ «The International Association Training School Notes (vol. 4 no. 8), October, 1895».
- ^ «In 1895, William Morgan Invents Mintonette». New England Historical Society.
- ^ а б в Levinson, David; Christensen, Karen, eds. (2005). «Berkshire encyclopedia of world sport». Vol. 3. Great Barrington, Mass: Berkshire Pub. Group. — С. 1142. — ISBN 978-0-9743091-1-8.
- ^ а б «How Volleyball Began». Northern California Volleyball Association.
- ^ «The Volleyball Story». FIVB.
- ^ «Books Added, 1911–1915: Five Year Cumulation of the Book Bulletin of the Chicago Public Library». The Chicago Public Library. 1916. — С. 317—320.
- ^ а б в «History Of Volleyball». Volleyball World Wide.
- ^ «History of Volleyball». SportsKnowHow.com.
- ^ «History of Volleyball». Volleyball.com.