Перайсьці да зьместу

Расейскія беларусы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Беларусы Расеі»)
Удзельная вага беларусаў у рэгіёнах Расіі, перапіс 2010
Пікет прадстаўнікоў беларускай дыяспары Расеі супраць рэжыму Лукашэнкі перад амбасадай Беларусі ў Маскве, верасень 2020 г.

Белару́сы Расе́і — адна з буйных этнічных групаў у Расейскай Фэдэрацыі. У перапісе 2002 году сваё беларускае этнічнае паходжаньне пазначылі 808 тысячаў грамадзянаў Расеі[1].

Асноўная частка беларусаў Расеі — мігранты і нашчадкі мігрантаў зь Беларусі, а таксама этнічныя беларусы захаду Смаленскай, Бранскай, поўдні Пскоўскай і паўднёвага захаду Цьвярской вобласьцяў[2]. Найбольшыя беларускія групы пражываюць у Маскве (39 225, 0,36%) і Маскоўскай вобласьці (31 665, 0,44%), Санкт-Пецярбургу (38 000, 0,9%) і вобласьці (16 830, 0,98%), Калінінградзкай вобласьці (32 497, 3,6%), Карэліі (23 345, 3,8%). Буйныя беларускія паселішчы існуюць у Сібіры.

Геаграфічнае расьсяленьне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Рэгіёны Расеі паводле дзелі беларусаў у іх насельніцтве.

     0-0.1%

     0.1-0.3%

     0.3-0.5%

     0.5-1%

     1-3%

     3-5%

Пераважна перасяленьне ліцьвінаў у Масковію пачалося ў XVI—XVII стагодзьдзях. У дакумэнтах яны таксама пазначаліся як «ліцьвіны-беларусцы», а пасьля уніі 1569 году як «палякі», «польскія людзі». Перасяленьне часьцей адбывалася гвалтоўным чынам, у выніку палону. Сярод беларусаў Масковіі вядомы Фёдар Кузьмін — майстар разьбярнай і сталярнай справаў.

Адным з кампактных паселішчаў беларусаў на тэрыторыі Масквы была Мяшчанская слабада, сама назва якога пайшла ад старабеларускага «места» — горад. Жыхары Мяшчанскае слабады часта служылі пры дыпляматычных прадстаўніцтвах, займаліся фінансавымі апэрацыямі, у прыватнасьці закупкаю ў Эўропе талераў для маскоўскай казны. Таксама многія беларусы Масквы займаліся гандлем, рамёствамі. Сярод іх былі лекары, мастакі, мехаўшчыкі, якія займаліся гандлем сабалінымі мяхамі з Рэччу Паспалітай. Мяшчанская слабада была самакіраванай адзінкай, мела ўласную школу і царкву.

У час Расейскай імпэрыі і СССР Масква як эканамічны, навуковы цэнтар краіны натуральным чынам прыцягвала кадры ў тым ліку і зь Беларусі, якая была далучаная да Расеі, а потым СССР. Так, міністрам замежных справаў СССР у найбольш жорсткі час халоднай вайны быў беларус Андрэй Грамыка.

Сёньня Масква найбольш актыўна сярод гарадоў замежжа прыцягвае кадры зь Беларусі на пастаянную ці часовую працу. Штогод на навучаньне ў маскоўскія ўнівэрсытэты паступаюць сотні студэнтаў зь Беларусі.

Памятная дошка ў гонар Янкі Купалы на доме ў Санкт-Пецярбургу

Пасьля далучэньня Беларусі да Расейскай імпэрыі пачалася міграцыя беларусаў у Расею і ў тым ліку ў тагачасную сталіцу імпэрыі — Санкт-Пецярбург. У Пецярбург на заробкі ехала вялікая колькасьць сялянаў з паўночных і ўсходніх рэгіёнаў Беларусі.

Паводле статыстыкі, за пэрыяд з 1869 па 1910 год колькасьць беларусаў у Санкт-Пецярбургу вырасла ў 23 разы да 70 тыс. чалавекаў. Да канца азначанага пэрыяду беларусы сталіся другой па колкасьці этнічнай групай у горадзе, пасьля расейцаў.

У другой палове 19 стагодзьдзя ў Санкт-Пецярбургу зьявіліся некалькі беларускіх аб’яднаньняў інтэлігенцыі, студэнцтва. У 1868 годзе зьявілася асьветніцкая арганізацыя «Крывіцкі вазок». У 1880-я гады зьявілася першая палітычная арганізацыя беларускай народніцкай інтэлігенцыі «Гоман». У 1906—1912 гадах у Пецярбургу існавала беларускае выдавецтва. Пецярбурскімі навукоўцамі-беларусамі былі праведзеныя многія важныя этнаграфічныя дасьледваньні.

У 1907 годзе зьявіўся гурток па вывучэньні Гарадзенскай губэрні, які яднаў беларускае студэнцтва Санкт-Пецярбурскага ўнівэрсытэту. У 1912 годзе быў створаны Беларускі навукова-літаратурны студэнцкі гурток.

Дзейнасьць аб’яднаньняў беларускай дыяспары ў тагачасным Ленінградзе працягвалася і пасьля рэвалюцыі, да рэпрэсіяў 1930-х гадоў.

Падчас палітыкі перабудовы беларускае грамадзкае жыцьцё ў Ленінградзе зноў актывізавалася, зьявіліся некалькі новых беларускіх арганізацыяў. Сёньня Санкт-Пецярбург, хаця і ў меншай ступені, чым Масква, таксама прыцягвае шмат беларускіх студэнтаў і рабочых. Пецярбурскай паэткай беларускага паходжаньня зьяўляецца Алена Шостак.

Сібір была месцам масавае міграцыі беларусаў у XIX стагодзьдзі. Спачатку расейскія ўлады прымусова саслалі ўдзельнікаў паўстаньняў 1830—1831 гадоў і 1863—1864 гадоў.

У 1885—1914 гадах у Сібір перасяліліся 550 тыс. беларусаў. Існавалі цэлыя беларускія паселішчы. Напрыканцы ХІХ ст. перасяленьне беларусаў у сібірскія рэгіёны Расеі падштурхоўвала палітыка правядзеньня аграрных рэформаў, якія заключаліся ў прыцягваньні сялянаў на засваеньне малазаселеных рэгінаў краіны. У 1890-я гады і ў часы Сталыпінскай рэформы беларусы самастойна рушылі ў Сібір на колах у пошуках зямлі, за што іх нараклі самаходамі[3].

Пасьля кастрычніцкага перавароту паток перасяленцаў зь Беларусі ў Сібір працягваўся. Савецкая ўлада спрабавала надаць перасяленьню беларусаў арганізаваны характар і спрыяла дасьледаваньням гісторыі, побыту беларусаў Сібіру. У 1929 годзе Акадэмія навук Беларусі арганізавала экспэдыцыю ў Сібір. Паводле перапісу 1926 году 371 840 жыхароў Сібіры пазначылі сваё беларускае паходжаньне.

У другой палове 1920-х гадоў беларусы на тэрыторыі РСФСР атрымалі магчымасьць для разьвіцьця сваёй культуры і мовы. У Сібіры пачалі стварацца беларускія школы. У 1930-я гады, у пачатку 1940-х у Сібір былі дэпартаваныя многія раскулачаныя беларускія сяляне і іншыя рэпрэсаваныя.

Напрыканцы 1980-х гадоў нацыянальнае абуджэньне закранула і беларускую Сібір. У Іркуцку было ўтворанае Таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага — на сёньняшні дзень самая буйная і актыўная арганізацыя беларускай дыяспары ў Расеі.

Дом-музей Максіма Багдановіча ў Яраслаўлі

У 18 стагодзьдзі беларусы стала жылі ў некаторых губэрнях эўрапейскай часткі Расеі. Беларускія паселішчы існавалі ў Курскай і Пензенскай губэрні, на Ўрале.

Пасьля скасаваньня прыгоннага права, у другой палове XIX стагодзьдзя міграцыі зь Беларусі набылі масавы характар. Асноўнымі кірункамі былі Паволжа, Каўказ, Цэнтральная Азія і Сібір.

З другой паловы 1940-х да пачатку 1960-х гадоў многія беларусы перасяляліся ў Карэлію, Архангельскую вобласьць, Комі, Калінінград і іншыя рэгіёны ў парадку арганізацыйнага набору. Па асобных раёнах Рэспублікі Карэлія дагэтуль захоўваецца параўнальна значная дзель беларусаў у насельніцтве за выняткам беларусаў захаду Расеі, афіцыйна ўлічваных як расейцаў.

Беларускія тэрытарыяльныя адзінкі ў складзе Расеі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Беларусы Расеі — другая паводле колькасьці этнічная група (пасьля ўкраінцаў), якая ня мае тэрытарыяльнай нацыянальнай аўтаноміі ў складзе Расейскай Фэдэрацыі.

Нацыянальна-культурнае разьвіцьцё беларусаў Расеі ішло паралельна са стварэньнем на тэрыторыі РСФСР беларускіх аўтаноміяў на ўзроўні сельскіх саветаў. У 1924—1926 гадах у Сібіры быў утвораны 71 беларускі сельсавет. У 1926 годзе ў Дальнеўсходнім краі існавала 26 беларускіх сельсаветаў. На Ўрале на 1 кастрычніка 1928 году іх было 11. Разам з гэтым рабіліся спробы арганізацыі беларускіх нацыянальных раёнаў. У першай палове 1930-х гадоў у складзе тагачаснай Уральскай вобласьці існаваў Табарынскі нацыянальны беларускі раён. Разглядалася пытаньне аб стварэньні беларускага раёну на тэрыторыі Омскай вобласьці.

У сярэдзіне 1930-х гадоў праектам стварэньня беларускіх аўтаноміяў быў пакладзены канец.

Колькасьць беларусаў у Расеі:

Год Насельніцтва
1959 844 000
1970 964 700
1989 1 206 000
2002 807 970
2010 521 443

З-за слаба выражанай нацыянальнай самасьвядомасьці беларусы ў большай ступені, чым іншыя нацыянальныя меншасьці ў Расеі, зазнаюць асыміляцыю. Нягледзячы на сталы прыток мігрантаў зь Беларусі цягам апошніх стагодзьдзяў, у асноўным людзі ў другім-трэцім пакаленьні часьцей за ўсё губляюць сваю беларускую ідэнтычнасьць.

У апошні час працягваецца працэс стварэньня беларускіх арганізацыяў у розных рэгіёнах Расеі.

У 2003 годзе была заснаваная рэгіянальнае нацыянальна-культурная аўтаномія «Беларусы Югры» ў Сургуце.

Найбольш шматлікая і актыўная арганізацыя беларускай дыяспары ў Расеі — Таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага ў Іркуцку. Арганізацыя яднае нашчадкаў беларускіх перасяленцаў у Сібір у XIX стагодзьдзі, мае некалькі аддзяленьняў па Іркуцкай вобласьці, выдае газэту «Маланка».

У Маскве дзейнічае Таварыства беларускай культуры імя Францішка Скарыны, існуе нефармальны беларускі моладзевы асяродак. У Башкартастане дзейнічае рэспубліканскі беларускі нацыянальна-культурны цэнтар «Сябры», заснаваны ў 1996 годзе. У Калінінградзе існуе беларускае культурнае таварыства «Каралявец».

У апошняе дзесяцігодзьдзе вызначыўся пэўны падзел арганізацыяў беларускай дыяспары ў іх адносінах да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Больш старыя арганізацыі, што стаяць на нацыянальна-адраджэнскіх пазыцыях, падтрымліваюць беларускую апазыцыю. Іншыя, больш новыя арганізацыі, напрыклад Фэдэральная нацыянальна-культурная аўтаномія «Беларусы Расеі», падтрымліваюць кантакты зь беларускай амбасадай і займаюць ляяльную рэжыму пазыцыю.

Акрамя расейцаў беларускага паходжаньня, сёньня на тэрыторыі РФ працуюць 400 тысячаў грамадзянаў Беларусі (супраць 100 тысячаў расейцаў, што працуюць у Беларусі)[4].

Выбітныя прадстаўнікі беларусаў Расеі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]