Таварыства беларускай культуры імя Францішка Скарыны

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Тава́рыства белару́скай культу́ры імя́ Франці́шка Скары́ны гораду Масквы (па-расейску: Общество Белорусской Культуры имени Францишка Скарыны города Москвы) — грамадзка-культурная арганізацыя беларусаў Масквы.

Заснаваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Згодна зь перапісам 1989 году ў Маскве пражывала каля 73 тысячаў беларусаў. Яшчэ напачатку 1980-х паміж студэнтамі некалькіх маскоўскіх ВНУ было створанае нефармальнае «беларускае студэнцкае брацтва», якое налічвала каля 30 сяброў. У 1987 годзе маскоўскімі студэнтамі была створаная моладзевая суполка «Пагоня» (каля 40 сяброў — пераважна МДУ). Менавіта сябры гэтае суполкі ўпершыню ў Маскве ўзьнялі бел-чырвона-белы сьцяг. За выняткам двух чалавек, усе гэтыя студэнты зьехалі на Беларусь. 26 кастрычніка 1988 году атрымала афіцыйны статус Маскоўскае гарадзкое таварыства беларускае культуры імя Францішка Скарыны (ТБК), у арганізацыі якога вялікую ролю адыграў прафэсар Аляксей Каўка. Гэта была першая афіцыйна ўтвораная суполка беларускае дыяспары ў РФ. У склад згуртаваньня ўвайшлі беларускія літаратары, пісьменьнікі, вайскоўцы, навукоўцы, сябры суполкі «Пагоня» й былога «студэнцкага брацтва». У 1988—1991 гадах у ТБК запісаліся каля сямісот чалавек. У час ГКЧП бел-чырвона-белы сьцяг разам з расейскім трыкалёрам быў узьняты сябрамі ТБК над Белым Домам РФ на паветранай кулі. Частка сябраў ТБК актыўна ўдзельнічала ў абароне Белага Дому й была ўзнагароджаная. У 1991 годзе адразу пасьля путчу з дапамогі Старшыні Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь Станіслава Шушкевіча, Таварыства атрымала сядзібаю памяшканьне ў амбасадзе РБ.

Дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Актыўны ўдзел у працы ТБК бралі беларускія вайскоўцы, якія напачатку 1991 году ў межах ТБК стварылі «Згуртаваньне беларускіх вайскоўцаў» на чале з сакратаром ТБК, паэтам і палкоўнікам Ігарам Паўлоўскім. У 1994 годзе гэтая сэкцыя ТБК спыніла сваё існаваньне, бо абсалютная бальшыня актыўных сябраў ужо служыла ў беларускім войску. Пры ТБК існуе моладзевая сэкцыя, нашчадак перабудовачнае «Пагоні».

У 1990—1992 гадах у межах ТБК працавала нядзельная школка на чале з Ганнай Рыжкоўскай. Ад 1990 году выдаецца часопіс «Шляхам Скарыны» (рэдактары — Аляксей Каўка й Алесь Драянкоў; Генадзь Лех; Алесь Гелагаеў). Рэдакцыя ТБК, у першую чаргу сяброўка Рады Таіса Мішчанка, судзейнічала выданьню зборніка вершаў Ігара Паўлоўскага.

З 1993 году па пачатак 2000-х гадоў у межах ТБК існаваў фальклёрны гурт «Алеся» пад кіраўніцтвам Алесі Бабарэкі. Ад 1991 году намаганьнямі сябра Рады ТБК Генадзя Прыбыткі колькі гадоў існавала ўніяцкая суполка.

Галоўным рухавіком дзейнасьці ТБК у розных кірунках заўсёды была суполка руху БНФ, да 1991 году — група падтрымкі БНФ, хоць сябры гэтае плыні складалі каля 10% ад усяго ТБК. Лідэрам гэтае плыні ТБК зьяўляецца Генадзь Лех. Да пачатку 1994 году ТБК наладзіла стасункі з блізу 15 суполкамі беларускае дыяспары, а ў 1994 годзе ўвайшло ў склад Згуртаваньня беларусаў сьвету, брала ўдзел у І і ІІІ Зьездах арганізацыі.

На сёньняшні ТБК пэрыядычна арганізуе ў Маскве лекцыі беларускіх пісьменьнікаў, гісторыкаў і палітыкаў.

Крызіс у адносінах з афіцыйным Менскам[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1994 годзе ў сувязі з палітычнымі зьменамі на Беларусі ў беларускай дыяспары РФ зьявіўся шэраг маральных і матар’яльных праблемаў. Улетку 1994 году ў ТБК адабралі памяшканьне ў амбасадзе РБ разам зь бібліятэкай, абразамі й інш.

У 1995 годзе лекцыі па гісторыі Беларусі наладзіў сябра Рады ТБК Сяржук Папоў. На працягу 1996—1999 гадоў ТБК наведвалі некалькі разоў барды Віктар Шалкевіч, Эдуард Акулін, Зьміцер Бартосік і Андрэй Мельнікаў. У гэты пэрыяд ТБК 9 разоў праводзіла пікетаваньне Амбасады РБ зь лёзунгамі абароны беларускае дзяржаўнасьці, мовы, культуры, колькі разоў з дапамогай іншых грамадзкіх арганізацыяў дэмакратычнага кірунку праводзіла мітынгі, прысьвечаныя абароне правоў чалавека на Беларусі. У 1999 годзе ТБК выступіла адным з ініцыятараў стварэньня Міжрэгіянальнага Аб’яднаньня Беларусаў Расеі. У 2000 годзе ТБК прайшоў перарэгістрацыю пад назовам РГА «Таварыства беларускае культуры» імя Францішка Скарыны. Склад сяброў і прыхільнікаў таварыства — каля 200 асобаў.

Старшыні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]