Перайсьці да зьместу

Беларуска-расейскія стасункі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Беларуска-расейскія адносіны»)
Беларуска-расейскія стасункі
Беларусь і Расея

Беларусь

Расея
Дыпляматычныя місіі
Амбасада Беларусі
ў Расеі
Амбасада Расеі
ў Беларусі
Амбасадары
Уладзімер Сямашка Зьміцер Мезенцаў

Беларуска-расейскі стасункі — двухбаковыя міжнародныя дачыненьні Беларусі і Расеі.

Рэжым Лукашэнкі ўвайшоў з Расеяй у Саюзную дзяржаву, Мытны зьвяз, Эўразійскі эканамічны зьвяз, Арганізацыю Дамовы аб калектыўнай бясьпецы. Нягледзячы на інтэграцыю, у стасунках пэрыядычна паўстае напружаньне.

У 2012 годзе беларуска-расейскі гандаль склаў 44 млрд даляраў ЗША. За год расейскія прадпрыемствы ўклалі ў Беларусі 5,14 млрд $, а беларускія ў Расеі — каля 2 млрд $. На сьнежань 2013 году ў Беларусі дзейнічала 7 даччыных расейскіх банкаў, на якіх прыпадала 1/4 банкаўскага капіталу Беларусі. У Беларусі дзейнічала 2500 прадпрыемстваў з расейскім капіталам, а ў Расеі — каля 1000 прадпрыемстваў зь беларускім капіталам[1]. Пры гэтым, у Расеі налічвалася звыш 30 зборачных вытворчасьцяў прадпрыемстваў Беларусі. Звыш 8000 прадпрыемстваў ажыцьцяўлялі ўзаемныя пастаўкі. Таксама доля паставак зь Беларусі складала каля 15 % у абаронным заказе Расеі[2]. У 2012—2016 гадах таваразварот устойліва скарачаўся да 26,3 млрд даляраў ЗША. У тым ліку экспарт у Расею ўпад з 16,3 млрд да 10,9 млрд $, а імпарт у Беларусь — з 27,5 млрд да 15,3 млрд $. У выніку адмоўнае сальда Беларусі скарацілася з 11,2 млрд да 4,3 млрд $. У наступныя гады да 2019 году назіраўся рост таваразвароту, што прывяло да падваеньня адмоўнага сальда Беларусі[3].

У 2019 годзе таваразварот упаў на 0,2 % да 35,55 млрд $. Адмоўнае сальда Беларусі скарацілася з 9,6 млрд да 8,4 млрд $, бо экспарт у Расею вырас на 4,5 % да 13,57 млрд $, а імпарт упаў на 2,8 % да 21,98 млрд $. На Расею прыпала 49,2 % зьнешняга гандлю Беларусі, у тым ліку 55,9 % імпарту і 41,2 % экспарту. Гандаль паслугамі скараціўся на 3,8 % да 4,6 млрд $ пры станоўчым сальда 1,3 млрд $. Таксама на Расею прыпала 45,1 % замежных укладаньняў у Беларусі (4,5 млрд $), зь іх 39,6 % прамых (2,9 млрд $)[4]. У 2020 годзе беларуска-расейскі таваразварот налічваў 29,5 млрд даляраў ЗША, якія склалі 47,9 % зьнешняга гандлю Беларусі. Адмоўнае сальда Беларусі склалася ў памеры 3,3 млрд $[5]. Узаемны гандаль у асноўным прыпадаў на 4 з 8 фэдэральных акругаў РасеіЦэнтральную, Уральскую, Прыволскую і Паўночна-Заходнюю. У 10-ку расейскіх рэгіёнаў паводле найбольшага абсягу гандлю зь Беларусьсю ўваходзілі: Масква, Санкт-Пецярбург, Цюменская, Маскоўская, Смаленская, Бранская, Сьвярдлоўская і Ленінградзкая вобласьці, а таксама Рэспубліка Татарстан і Пермскі край. На 2021 год Рады справавой супрацы дзейнічалі з 61-м сярод 83-х рэгіёнаў Расеі[6]. Ганаровыя консулы Беларусі працавалі ў 4 рэгіёнах: Краснадарскім краі (Туапсэ), Маскве, Татарстане (Ялабуга) і Цюмені[7]. За 2020 год Гандлёвае прадстаўніцтва зладзіла прыезд у Беларусь звыш 30 бізнэс-дэлегацыяў рэгіёнаў Расеі[8].

21 лютага 1995 году ўрады Беларусі і Расеі заключылі Пагадненьне «Аб супрацы ў галіне культуры, адукацыі і навукі». У 1996 годзе бакі падпісалі Пагадненьне «Аб навукова-тэхнічнай супрацы»[9]. У 2014 годзе Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Савет Фэдэрацыі Фэдэральнага сходу Расейскай Фэдэрацыі правялі 1-ы Форум рэгіёнаў Беларусі і Расеі, які стаў штогадовым. На 2021 год вобласьці, гарады і раёны Беларусі і Расеі заключылі каля 400 дамоваў. У тым ліку дзейнічала 79 пагадненьняў зь 71-м з 83-х рэгіёнаў Расеі[6]. За 2019 год дэлегацыі 42 з 83 рэгіёнаў Расеі, у тым ліку 7 на чале з кіраўнікамі рэгіёнаў, наведвалі Беларусь[8].

2 красавіка 1999 году 3 нацыянальна-культурныя аўтаноміі — «Беларусы Комі», Краснаярская НКА «Беларусь» і НКА беларусаў Карэліі «Крыніца» — утварылі Фэдэральную НКА «Беларусы Расеі». Паводле перапісу насельніцтва Расеі 2010 году, у Расеі налічылі 520 000 беларусаў, што рабіла беларускую дыяспару Расеі найбольшай у сьвеце. У кастрычніку 2013 году ў Екацярынбургу НКА «Беларусы Ўралу» адчынілі нядзельную школу беларускай мовы, якую Амбасада Беларусі ў Расеі забясьпечыла навукова-мэтадычнай і мастацкай літаратурай. На 2021 год у Расеі налічвалася каля 70 грамадзкіх аб’яднаньняў беларусаў. Найбольш шматлікія зь іх дзейнічалі ў 8 гарадах — Маскве, Санкт-Пецярбургу, Екацярынбургу, Новасыбірску, Іркуцку, Цюмені, Сургуце (Ханты-Мансійская аўтаномная акруга) і Сыктыўкары (Рэспубліка Комі). Ад зьезду 22 траўня 2015 году ФНКА «Беларусы Расеі» ўзначальваў старшыня НКА «Беларусы Масквы» Сяргей Кандыбовіч. Сядзіба «Беларусаў Расеі» месьцілася ў Цэнтральнай адміністрацыйнай акрузе Масквы ў раёне Замаскварэчча па Новакузьнецкай вуліцы, д. 31. Задачамі ФНКА «Беларусы Расеі» былі: 1) абарона зацікаўленасьцяў сяброўскіх аб’яднаньняў у органах дзяржаўнай улады; 2) супраца з аб’яднаньнямі іншых народнасьцяў; 3) абарона годнасьці беларускага народу; 4) стварэньне СМІ і ўстановаў асьветы і культуры на беларускай мове[10].

На 2021 год у Беларусі дзейнічала 14 грамадзкіх аб’яднаньняў расейскіх суайчыньнікаў: «Расейскае таварыства» (Берасьце), «Русь», Культурны цэнтар «Русь» (Віцебск), «Русь адзіная», «Расейскае культурна-асьветнае таварыства» (Магілёў) і «Расейскі дом» (Віцебск і Магілёў), «Садко», дагестанскае «Горо», Татара-башкірскае «Чышма», чуваскія «Атал» і «Шупашкар», «Беларускі саюз блякаднікаў Ленінграда» і Асацыяцыя моладзевых арганізацыяў расейскіх суайчыньнікаў[11].

На 2021 год Амбасада Беларусі ў Расеі месьцілася ў Цэнтральнай адміністрацыйнай акрузе Масквы ў Басманным раёне па вуліцы Марасейка, д. 17/6. Амбасада працавала з панядзелка па пятніцу а 9:00—18:00 зь перапынкам а 13:00—14:00[12]. Амбасада Беларусі ўлучала консульскі аддзел (буд. 4), гандлёва-гаспадарчую службу і прэс-службу[13]. Пры Амбасадзе дзейнічаў Культурна-справавы комплекс плошчай 1,5 га, які пабудавалі ў 2015 годзе[14]. Комплекс зьмяшчаў Залю беларускай дыяспары (3-і паверх), канфэрэнц-залю на 240 месцаў, прэс-цэнтар на 70 месцаў, Мастацкую галерэю і Музычна-літаратурную гасьцёўню (4-ы паверх)[15]. На суседнім Армянскім завулку, д. 6 пры Амбасадзе дзейнічала гасьцініца «Палесьсе»[16] на 105 нумароў[17]. Таксама Амбасада Беларусі ў Расеі мела аддзеленьні ў 11 гарадах: Екацярынбургу, Казані(Татарстан), Калініградзе, Краснаярску, Ніжнім Ноўгарадзе, Новасыбірску, Растове-на-Доне, Санкт-Пецярбургу, Смаленску, Уфе (Башкірыя) і Хабараўску[6].

На 2021 год Амбасада Расеі ў Беларусі месьцілася ў Цэнтральным раёне Менску па Нававіленскай вуліцы, д. 1а. Сюды амбасаду перанесьлі 12 кастрычніка 2009 году[18]. Амбасада Расеі працавала з панядзелка па пятніцу а 9:00—18:00[19]. У Амбасадзе налічваўся 51 дыплямат. Пры амбасадзе дзейнічалі Вайсковы аташат з 4-х дыпляматаў і Гандлёвае прадстаўніцтва з 3-х дыпляматаў. Пасаду гандлёвага прадстаўніка займаў Юры Залатароў, вайсковага аташэ — Кірыл Калючкін, а аташэ ў справах абароны — Аляксандар Пашчанка[20]. Таксама дзейнічала Генэральнае консульства Расеі ў Берасьці, якое месьцілася па вуліцы Пушкіна, д. 10[21]. Консульства налічвала 4 дыпляматы[22] і знаходзілася па гэтым адрасе з 2 кастрычніка 2002 году, куды пераехала з вул. Вароўскага, д. 19[23].

У выніку падзелаў Рэчы Паспалітай у канцы XVIII стагодзьдзя ўся тэрыторыя сучаснай Беларусі апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі. Пасьля кастрычніцкага перавароту 1917 року цэнтральныя і ўсходнія раёны Беларусі ўвайшлі ў склад СССР. У 1939 да Савецкага Саюзу была далучаная Заходняя Беларусь. У складзе СССР Беларусь была вельмі шчыльна эканамічна зьвязаная з РСФСР. Беларуская ССР мела неафіцыйны статус «зборачнага цэху» ў Савецкім Саюзе, а беларуская прамысловасьць працавала ў значнай меры на матэрыялах і энэрганосьбітах, якія паступалі з РСФСР. У культурным дачыненьні беларускае насельніцтва хутка русіфікавалася — кіраўніцтва Беларускай ССР цалкам перайшло на расейскую мову. Усутыч да канца 1980-х рокаў Беларусь ня мела (у адрозьненьне ад Украіны і Прыбалтыйскіх рэспублік) заўважнага дысыдэнцкага руху. Таму культурныя повязі дзьвюх дзяржаваў былі даволі шчыльныя.

Пачаткам міжнародных дачыненьняў між незалежнымі Беларусяй і Расеяй можна лічыць падпісаньне Белавескіх пагадненьняў і ўтварэньне Садружнасьці незалежных дзяржаваў па развале СССР у 1991 року.

25 чэрвеня 1992 году ўрады Беларусі і Расеі ўсталявалі дыпляматычныя дачыненьні. У 1993 годзе Кабінэт міністраў Беларусі пераўтварыў сваё Пастаяннае прадстаўніцтва пры Савеце міністраў Расеі ў Амбасаду Беларусі ў Расеі. 27 студзеня 1993 году 1-м амбасадарам Беларусі ў Расеі стаў Віктар Даніленка[24]. 20 ліпеня 1992 году адбылося падпісаньне Дамовы «Аб каардынацыі дзейнасьці ў вайсковай галіне»[25]. 13 лістапада 1992 году было падпісанае Пагадненьне аб свабодныі гандлі.

Аляксандар Лукашэнка пачаў актыўна разыгрываць тэму аб’яднаньня Беларусі і Расеі яшчэ ў часе першых прэзыдэнцкіх выбараў 1994 року. Стаўшы кіраўніком дзяржавы, ён выкарыстоўваў яе дзеля палітычнага й эканамічнага гандлю з Масквой.

6 студзеня 1995 было падпісанае пагадненьне аб Мытным зьвязе. Таксама 6 студзеня 1995 году ўрады Беларусі і Расеі заключылі 3 вайсковыя Пагадненьні: 1) «Аб парадку завяршэньня будаўніцтва, выкарыстаньня і ўтрыманьня Вузла Баранавічы сыстэмы папярэджаньня пра ракетны напад, разьмешчанага на тэрыяторыі Рэспублікі Беларусь»; 2) «Аб парадку выкарыстаньня і ўтрыманьня радыёстанцыі Вялейка, разьмешчанай на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь»; 3) «У пытаньнях падсуднасьці і ўзаемнай прававой дапамогі ў справах , зьвязаных з часовым знаходжаньнем вайсковых фармаваньняў Расейскай Фэдэрацыі са складу Стратэгічных сілаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь»[25]. 21 лютага 1995 году падпісалі Дамову аб дружбе, добрасуседзтве і супрацоўніцтве тэрмінам на 10 гадоў.

Паштовая марка Беларусі «Дамова аб стварэньні Супольніцтва Беларусі і Расеі» (1996)

2 красавіка 1996 прэзыдэнты Беларусі Аляксандар Лукашэнка і Расеі Барыс Ельцын падпісалі дамову аб стварэньні Супольніцтва Беларусі і Расеі. У той час гэта было выгадна і Лукашэнку, які намерваўся ўзначаліць саюзную дзяржаву, і Ельцыну, якога праз два месяцы чакалі прэзыдэнцкія выбары. Аднак неўзабаве высьветлілася, што кожны з бакоў хацеў бы атрымаць уласную карысьць ад аб’яднаньня. Пры падрыхтоўцы праектаў саюзнай дамовы Масква настойвала на паскарэньні прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў і дэмакратызацыі палітычнага жыцьця ў Беларусі. Менск, у сваю чаргу, патрабаваў наданьня найвышэйшых заканадаўчых і выканаўчых органаў новага саюзнага аб’яднаньня правам выносіць рашэньні, якія былі б абавязковымі да выкананьня ў абедзьвюх дзяржавах.

Барыс Ельцын, не валодаючы поўнай падтрымкай Дзяржаўнай Думы, адмовіўся падпісаць беларускі варыянт саюзнай дамовы. Дакумэнт, які быў падпісаны 2 красавіка 1997 року, — новая дамова аб пераўтварэньні Супольніцтва ў Саюз — не зьмяшчаў канкрэтных абавязнасьцяў. Гэта дало магчымасьць Аляксандру Лукашэнку абвінаваціць расейскае кіраўніцтва ў тым, што яно не гатовае да аб’яднаньня.

Стасункі між Менскам і Масквою пагоршыліся. Улетку 1997 выбухнуў палітычны скандал, які пачаўся с затрыманьня ў Беларусі расейскіх журналістаў па абвінавачаньні ў незаконным перасячэньні беларуска-летувіскай граніцы. Дзеля таго, каб дабіцца іхняга вызваленьня, Расея ўжыла палітычны й эканамічны ціск.

25 сьнежня 1998 былі падпісаныя Дэклярацыя пра далейшае яднаньне Беларусі і Расеі (з намера ўвядзеньня адзінае валюты), дамова пра роўныя правы грамадзянаў і Пагадненьне пра стварэньне роўных умоваў суб’ектам гаспадараньня. Перад самым сыходам Ельцына са сваёй пасады, 8 сьнежня 1999 року, Дамова пра стварэньне Саюзнай дзяржавы была нарэшце падпісаная. Бакі абавязваліся актывізаваць падрыхтоўку адзінага Канстытуцыйнага акту і вынесьці яго на ўсенароднае абмеркаваньне. Дамова набыла моц 26 сьнежня 2000. У студзені 2000 дзяржсакратаром Саюзу быў абраны Павал Барадзін. З 2000 году ў рамках Рэгіянальнай групоўкі войскаў сталі праводзіць штогадовыя сумесныя вучэньні. На палігонах Ашулук (Астраханская вобласьць) і Целямба 185-га навучальнага цэнтру пачалі ладзіць вучэньні зэнітных ракетных войскаў, як і на 1517-м навучальна-трэніровачным пункце ў падмаскоўнай Рузе[26].

Зьмена найвышэйшага палітычнага кіраўніцтва ў Расеі спрычыніла чарговае стрымліваньне працэсу інтэграцыі. Уладзімер Пуцін доўга прыглядаўся да свайго партнэра, пакуль у 2002 року прэзыдэнт Беларусі не прадставіў новую ініцыятыву, паводле якое саюзнай дзяржавай прэзыдэнты могуць кіраваць па чарзе. Пуцін сьпярша адрынуў гэтую ідэю цалкам (заявіўшы, што вяртаньня да СССР ня будзе), а ў жніўні 2002 прапанаваў уласны плян дзеяньняў — у траўні 2003 зладзіць рэфэрэндум па саюзнай канстытуцыі, а праз паўгады, адначасна з расейскімі парлямэнцкімі выбарамі, правесьці выбары саюзнага парлямэнта і прэзыдэнта.

Пуцін прапанаваў пры фармаваньні кіроўных органаў саюзнай дзяржавы ўлічваць эканамічную вагу і колькасьць насельніцтва ўдзельнікаў. Аляксандру Лукашэнку фактычна было прапанавана далучыць Беларусь у склад Расеі, а яму самому заняць пасаду паўнамоцнага прадстаўніка прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі ў Беларускай фэдэральнай акрузе. У адказ на гэта Лукашэнка абвінаваціў Пуціна ў спробах ператварыць Беларусь у «90-ы суб’ект Фэдэрацыі» (а дакладней — у 6-7 новых суб’ектаў фэдэрацыі (паводле колькасьці абласьцей), якія страцілі б адзінства): «Нават Ленін і Сталін не дадумаліся да таго, каб раздрабіць Беларусь і ўлючыць у склад СССР».

Пэрыядычны обмен зласьмешлівымі заявамі між двума кіраўнікамі доўжыўся пэўны час. Пры гэтым рэальныя інтэграцыйныя працэсы стала адкладаліся. Так, у кастрычніку 2003 року Аляксанда Лукашэнка заявіў, што ўвядзеньне адзінай валюты ня мае сэнсу. Гэта азначала адмову ад пераходу на адзіную валюту — расейскі рубель — прызначанага на 1 студзеня 2005.

Ня вырашылася і пытаньне пра стварэньне супольнага газатранспартнага кансорцыюму. Экспартны расейскі газ праходзіць праз тэрыторыю Беларусі па дзьвюх транспартных сыстэмах — газаправодзе Ямал — Эўропа, які цалкам належыць «Газпраму» і пракладзены на зямлі, узятай ім у доўгатэрміновую арэнду, і газатранспартнай сыстэме «Белтрансгазу». У красавіку 2002 року «Газпрам» дамовіўся на пастаўкі газу ў Беларусь па $29 за 1 тыс. м³ у абмен на стварэньне да чэрвеня 2003 року супольнага прадпрыемства на базе «Белтрансгазу». СП не было створанае, паколькі бакі не сышліся ў цане («Газпрам» ацаніў кампанію ў $600 млн, а Беларусь — у $5 млрд). Тады «Газпрам» паведаміў пра падвышэньне цаны ў 2004 року да $50. У хадзе перамоваў Расея тройчы прыпыняла пастаўкі газу, пасьля чаго Аляксандар Лукашэнка абвінаваціў Расею ў шантажы, загразіў выйсьці з усіх зь ёй дамоваў і патрабаваў ад свайго ўраду падпісаць дамову «на ўмовах Пуціна». Беларусь ня надта пацярпела ад адключэньняў, паколькі проста забірала на ўнутраныя патрэбы газ, які прызначаўся для Калінінградзкай вобласьці, Летувы ды Польшчы.

Аляксандар Лукашэнка час ад часу рабіў заявы з пагрозамі адвярнуцца ад Расеі і пачаць супрацоўніцтва з Захадам. Аднак заходнія палітыкі ўсё меней былі схільныя да якога-кольвек супрацоўніцтва, асабліва пасьля таго, як 17 кастрычніка 2004 адбыўся рэфэрэндум, па вынікаў якога з Канстытуцыі дзяржавы быў выдалены артыкул пра абмежаваньне прэзыдэнцтва двума тэрмінамі. Гэта дазволіла Аляксандру Лукашэнку зноў выставіць уласную кандыдатуру на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 року.

Пасьля таго, як Беларусь апынулася ў міжнароднай ізаляцыі, Аляксандар Лукашэнка актывізаваў меры па ўмацаваньні супрацоўніцтва з Расеяй. Гэтаму спрыяў і шэраг «каляровых рэвалюцыяй» на постсавецкай прасторы, і аб’яднаньне супраць «недэмакратычнай» Беларусі кіраўнікоў колішніх савецкіх рэспублік — Украіны, Малдовы, Грузіі й Азэрбайджану — у рамках ГУАМ, якое адбылася ў 2005 року.

У кастрычніку 2004 року Расея асудзіла ўвядзеньне амэрыканскіх эканамічных санкцый супраць Беларусі, заявіўшы: «Мы не падтрымліваем выкарыстаньня інструмэнту санкцый у прынцыпе. Санкцыі мусяць прымяняца адрасна і не закранаць інтарэсы насельніцтва» (МЗС РФ Сяргей Лаўроў). У сакавіку 2005 «Газпрам» зноўку паведаміў пра павышэньне тарыфаў, аднак на загад Уладзімера Пуціна іх пакінулі нязьменнымі і на 2006 рок, у той час як для ўсіх астатніх пакупнікоў расейскага газу цэны былі паднятыя.

Увесну 2006 року ў Беларусі адбыліся «прэзыдэнцкія выбары», у выніку якіх Аляксандар Лукашэнка зноўку быў абраны на сваю пасаду. Неўзабаве пасьля падвядзеньня вынікаў выбараў «Газпрам» паведаміў пра плянаванае рэзкае падвышэньне коштаў газу для Беларусі — у кантракце на 2007 была прапанаваная стартавая цана на ўзроўні $200 за тысячу кубамэтраў. У сярэдзіне 2006 року Расея выйшла зь міжурадавага пагадненьня 2002 року. У канцы жніўня 2006 МЗС Расеі накіравала Беларусі ноту пра тое, што Расея ў аднабаковым парадку спыняе выкананьне пакетных пагадненьняў пра пастаўку ў Беларусь газу па ўнутрырасейскіх коштах, паколькі пытаньне пра перадачу «Газпраму» 50 % акцыяў «Белтрансгазу» так і ня вырашаны.

У пачатку кастрычніка 2006 Расея паведаміла пра магчымае скарачэньне на 30 % паставак нафты на нафтаперапрацоўчыя заводы Беларусі на падставе абсьледаваньня стану нафтаправоду «Дружба». Раней аналягічная прычына была выстаўленая для поўнага спыненьня паставак расейскай нафты на летувіскі НПЗ «Мажэйкю нафта». У канцы лістапада адбыўся беларуска-расейскі скандал у часе саміту СНД у Менску. На знак пратэсту супраць адмовы беларускіх уладаў прадаставіць акрэдытацыю некалькім расейскім журналістам, якія прадстаўлялі газэты «Московский комсомолец» і «Коммерсантъ», расейскія журналісты сышлі з саміту.

12 сьнежня расейскі ўрад прыняў рашэньне пра тое, што «з мэтаю абароны эканамічных інтарэсаў Расеі» з 1 студзеня 2007 расейскія пастаўкі нафты ў Беларусь, як і ў астатнія краіны, павінны абкладацца мытнымі пошлінамі (экспарт расейскай нафты ў Беларусь не абкладаўся пошлінай у адпаведнасьці з пагадненьнем пра Мытны зьвяз ад 12 траўня 1995 року). 26 сьнежня 2007 намесьнік старшыні праўленьня «Газпраму» Аляксандар Мядзьведзеў паведаміў, што «Газпрам» зьнізіў патрабаваную цану і гатовы пастаўляць Беларусі газ по $105, зь якіх «жывымі грашыма» Менск мог бы плаціць $75, а астатняе — акцыямі «Белтрансгазу», сыходзячы з ацэнкі кампаніі $5 млрд (у выніку «Газпрам» хацеў атрымаць 50 % яго акцыяў). Аднак Беларусь працягвала настойваць на пастаўках газу па цэнах Смаленскай вобласьці (у 2007 — $54,2 за 1000 м³). Наступнага дня Аляксей Мільлер пагразіў спыніць пастаўкі газу з 1 студзеня 2007, калі Беларусь не пагодзіцца набываць газ па вышэйшым кошце. Беларускі ж бок спадзяваўся, што «Газпрам» ня здолее спыніць пастаўкі газу, паколькі гэта паставіла б пад пагрозу ягоны транзыт у Эўропу, пагадненьне пра які беларусы таксама адмаўляліся падпісваць.

Пагадненьне пра цану на газ на 2007—2011 рокі было ўрэшце заключанае ўсяго за 2 хвіліны да пачатку 2007 року. Цана газа была вызначаная ў $100 за 1 тыс. кубамэтраў, тарыф на транзыт — $1,45 за 1 тыс. кубамэтраў на 100 км. Умовы аплаты «Газпрамам» 50 % акцыяў «Белтрансгазу» — $2,5 млрд цягам чатырох гадоў.

2007 год пачаўся з новай звады. 1 студзеня Расея ўвяла пошліны на экспарт нафты ў Беларусь ($180,7 за тону), зрабіўшы тым самым нявыгаднымі пастаўкі нафты на беларускія НПЗ у Мазыры і Наваполацку. Беларускі дзяржканцэрн «Белнафтахім» прыпыніў кантракты з расейскімі нафтавымі кампаніямі, Беларусь пачала ў кошт аплаты пошлінаў адбіраць расейскую нафту з нафтаправоду «Дружба». 8 студзеня Расея спыніла пастаўку нафты ў эўрапейскія краіны (у тым ліку ў Славаччыну і Вугоршчыну). 10 студзеня адбылася тэлефонная размова Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна, пасьля якой урад Беларусі скасаваў пошліны на транзыт нафты, і 11 студзеня пастаўкі праз нафтаправод «Дружба» ўзнавіліся. 12 студзеня Сяргей Сідорскі і Міхаіл Фрадкоў падпісалі пагадненьне «аб мерах па ўрэгуляваньні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў галіне экспарту нафты і нафтапрадуктаў». Расейская экспартная пошліна на нафту засталася, аднак была зьніжаная з $180 да $53 за тону нафты (у 2007 року, з плаўным павелічэньнем у наступныя гады). Адначасна была дасягнутая дамоўленасьць аб захаваньні для Расеі бяскоштнай арэнды зямлі пад газаправодам Ямал-Эўропа і нафтапрадуктаправодам «Захад-Транснафтапрадукт», а таксама пра захаваньне нязьменных умоваў для расейскіх вайсковых аб’ектаў на тэрыторыі Беларусі (станцыя дальняй сувязі «Вялейка» і РЛС «Баранавічы» расейскай сыстэмы папярэджаньня пра ракетны напад). Падпісанае пагадненьне пра скасаваньне з боку Беларусі экспартных абмежаваньняў для расейскіх кампаніяў. 24 сакавіка 2007 року ў часе візыту ў Беларусь прэм’ер-міністра Расеі Міхаіла Фрадкова на паседжаньні ўраду Саюзнай дзяржавы быў падпісаны шэраг дакумэнтаў, у тым ліку гандлёва-эканамічнае пагадненьне між Беларусяй і Расеяй.

3 лютага 2009 году адбылося падпісаньне Пагадненьня «Аб сумеснай ахове зьнешняй мяжы Саюзнай дзяржавы ў паветранай прасторы і стварэньні Адзінай рэгіянальнай сыстэмы супрацьпаветранай абароны»[25]. 6 чэрвеня 2009 року распачалася так званая «малочная вайна», калі Расспажыўнагляд забараніў увоз шматлікіх відаў малочнай прадукцыі зь Беларусі з-за адсутнасьці адпаведнай дакумэнтацыі[27]. Шматлікія беларускія вытворцы малака абвясьцілі, што прайшли сэртыфікацию[28]. 11 чэрвеня Ўладзімер Пуцін паведаміў, што бакі дамовіліся па пытаньні паставак малака[29]; тым ня меней, Аляксандар Лукашэнка ня ўзяў удзелу ў сэсіі АДКБ у Маскве 14 чэрвеня, патлумачыўшы гэта немэтазгоднасьцю абмеркаваньня пытаньняў вайскова-палітычнай бясьпекі ў часе непасрэднай пагрозы эканамічнай бясьпецы дзяржавы[30]. Пры гэтым афіцыйны Менск абвясьціў, што прынятыя арганізацыяй рашэньні, у прыватнасьці, аб стварэньні Калектыўных сілаў апэратыўнага рэагаваньня, зьяўляюцца нядзейнымі[31]. Толькі 17 чэрвеня Генадзь Анішчанка паведаміў пра спыненьне «малочнай вайны»[32].

15 чэрвеня 2010 року на тле адмовы Беларусі падпісаць дакумэнты пра ўваходжаньне ў Мытны зьвяз з Расеяй Уладзімер Пуцін выставіў Аляксандру Лукашэнку ўльтыматум — у пяцідзённы тэрмін разьлічыцца за пастаўкі газу. У 2010 року Беларусь працягвала плаціць за газ па цане 2009 року — 150$ за 1 тысячу кубамэтраў, у той час як паводле расейскага боку фактычная сярэдняя цана газу складала 174$ за 1 тыс. кубамэтраў. «Газпрам» патрабаваў вярнуць розьніцу ў цане, аднак бакі ня здолелі дамовіцца пра аплату[33], і 21 чэрвеня «Газпрам» зьменшыў аб’ёмы пастаўкі газу на 15 %, а наступнага дня — на 30 %. У гэты ж дзень беларускі бок абвінаваціў Расею ў запазычанасьці па аплаце транзыту газу праз уласную тэрыторыю і цалкам спыніў ягоны транзыт[34]. 23 чэрвеня пастаўкі газу ў Беларусь былі скарочаныя на 60 %. Уладзімер Сямашка паведаміў, што Беларусь цалкам сплаціла доўг за пастаўкі, і з 24 чэрвеня «Газпрам» вярнуў пастаўкі газу да ранейшага аб’ёму. У гэты ж дзень «Газпрам» аплаціў беларускаму боку $228 млн за транзыт газу[35].

У ліпені 2010 року пачаў дзейнічаць Мытны зьвяз Беларусі, Казахстана і Расеі[36]. 15 сакавіка 2011 году ў Менску ўрады Беларусі і Расеі заключылі Пагадненьне «Аб супрацы ў будаўніцтве на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь атамнай электрастанцыі». Пагадненьне прадугледжвала будаўніцтва Беларускай АЭС з 2-х энэргаблокаў агульнай магутнасьцю да 2400 мэгават на Астравецкай пляцоўцы ў Гарадзенскай вобласьці. Галоўным падраднікам прызначалася ЗАТ «Атамбудэкспарт». Для ўзьвядзеньня абралі праект «АЭС-2006»[37]. У красавіку 2011 Беларусь адклікала з Эканамічнага суду СНД пазоў супраць Расеі аб зысканьні пошлінаў за нафтапрадукты[38]. Новае абвастрэньне гандлёвых супярэчнасьцей між Беларусяй і Расеяй адбылося ў пачатку сьнежня 2014 року, калі Расея ўвяла забарону на пастаўкі мясных прадуктаў зь некаторых прадпрыемстваў Беларусі з-за рээкспарту забароненай прадукцыі Эўразьвязу (пазьней пастаўкі былі ўзноўленыя)[39].

У канцы 2016 року пачалася новая «малочная вайна». 7 сьнежня Рассельгаснагляд забараніў пастаўкі ў Расею малочнай прадукцыі зь пяці прадпрыемстваў Беларусі і ўвёў фітасанітарны рэжым на ўвоз прадукцыі расьлінаводзтва празь Беларусь зь іншых дзяржаваў[40]. У красавіку 2017 Рассельгаснагляд праверыў 18 беларускіх прадпрыемстваў, пасьля чаго з 19 траўня забараніў пастаўкі ў Расею прадукцыі шэрагу прадпрыемстваў па выпуску масла, сухога малака і сыроў[41]. 20 кастрычніка 2021 году ў Маскве міністры абароны Беларусі і Расеі Віктар Хрэнін і Сяргей Шайгу падпісалі дакумэнт аб працягу на 25 гадоў тэрміну дзеяньня Пагадненьняў аб разьмяшчэньні ў Беларусі 43-га вузла сувязі Вайскова-марскога флёту Расеі «Вялейка» і радыёлякацыйнай станцыі ў Баранавічах[42]. 25 траўня 2023 году Хрэнін і Шайгу падпісалі ў Менску дакумэнты аб вызначэньні парадку ўтрыманьня расейскай ядзернай зброі ў сховішчы на тэрыторыі Беларусі[43].

Беларускія амбасадары

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Расейскія амбасадары

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ Інвэстуем шмат, але гэтага мала // Зьвязда : газэта. — 14 сьнежня 2013. — № 236 (27601). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
  2. ^ Вольга Мядзьведзева. «Мы разам павінныя імкнуцца да таго, каб эканамічны саюз запрацаваў» // Зьвязда. — 28 сьнежня 2013. — № 244 (27609). — С. 2.
  3. ^ Гаспадарка і гандаль (рас.) // Амбасада Беларусі ў Расеі, 2021 г. Праверана 23 лютага 2021 г.
  4. ^ Супраца з Расеяй у эканамічнай галіне // Міністэрства замежных справаў Рэспублікі Беларусь, 2021 г. Праверана 23 лютага 2021 г.
  5. ^ Расея // Міністэрства замежных справаў Рэспублікі Беларусь, 2021 г. Праверана 23 лютага 2021 г.
  6. ^ а б в Рэгіёны Расеі // Міністэрства замежных справаў Рэспублікі Беларусь, 2021 г. Праверана 23 лютага 2021 г.
  7. ^ Ганаровыя консулы (рас.) // Амбасада Беларусі ў Расеі, 2021 г. Праверана 23 лютага 2021 г.
  8. ^ а б Мірэгіянальная супраца (рас.) // Амбасада Расеі ў Беларусі, 2021 г. Праверана 23 лютага 2021 г.
  9. ^ Гуманітарная супраца (рас.) // Амбасада Расеі ў Беларусі, 2021 г. Праверана 23 лютага 2021 г.
  10. ^ Грамадзкія аб’яднаньні беларусаў (рас.) // Амбасада Беларусі ў Расеі, 2021 г. Праверана 23 лютага 2021 г.
  11. ^ Арганізацыі суайчыньнікаў у Беларусі (рас.) // Амбасада Расеі ў Беларусі, 2021 г. Праверана 23 лютага 2021 г.
  12. ^ Адрас і рэжым працы // Амбасада Беларусі ў Расеі, 2021 г. Праверана 23 лютага 2021 г.
  13. ^ Службы (рас.) // Амбасада Беларусі ў Расеі, 2021 г. Праверана 23 лютага 2021 г.
  14. ^ Справавы і культурны комплекс (рас.) // Амбасада Беларусі ў Расеі, 2021 г. Праверана 23 лютага 2021 г.
  15. ^ Арганізацыя мерапрыемстваў у СКК (рас.) // Амбасада Беларусі ў Расеі, 2021 г. Праверана 23 лютага 2021 г.
  16. ^ Кантакты гасьцініцы «Палесьсе» (рас.) // Амбасада Беларусі ў Расеі, 2021 г. Праверана 23 лютага 2021 г.
  17. ^ Гасьцініца «Палесьсе» (рас.) // Амбасада Беларусі ў Расеі, 2021 г. Праверана 23 лютага 2021 г.
  18. ^ Пра амбасаду (рас.) // Амбасада Расеі ў Беларусі, 2021 г. Праверана 23 лютага 2021 г.
  19. ^ Кантакты (рас.) // Амбасада Расеі ў Беларусі, 2021 г. Праверана 23 лютага 2021 г.
  20. ^ Дыпляматычны склад (рас.) // Амбасада Расеі ў Беларусі, 2021 г. Праверана 23 лютага 2021 г.
  21. ^ Кантакты консульскага аддзелу (рас.) // Амбасада Расеі ў Беларусі, 2021 г. Праверана 23 лютага 2021 г.
  22. ^ Дыпляматычны склад (рас.) // Генэральнае консульства Расеі ў Берасьці, 2021 г. Праверана 23 лютага 2021 г.
  23. ^ Гісторыя будынка (рас.) // Генэральнае консульства Расеі ў Берасьці, 2021 г. Праверана 23 лютага 2021 г.
  24. ^ а б Гісторыя дыпляматычных дачыненьняў (рас.) // Амбасада Беларусі ў Расеі, 2021 г. Праверана 23 лютага 2021 г.
  25. ^ а б в Вайсковая і вайскова-тэхнічная супраца (рас.) // Амбасада Беларусі ў Расеі, 2021 г. Праверана 23 лютага 2021 г.
  26. ^ Вайсковая супраца (рас.) // Амбасада Беларусі ў Расеі, 2021 г. Праверана 23 лютага 2021 г.
  27. ^ «Молочная война» с Белоруссией // Lenta.ru, июнь 2009
  28. ^ Вся экспортируемая продукция гомельских молочных заводов была сертифицирована в России (рас.) TUT.BY Архіўная копія ад 2018-04-28 г.
  29. ^ Россия и Белоруссия договорились по поставкам молока // Lenta.ru, 11.06.2009
  30. ^ Президент Беларуси не видит смысла участвовать в московском саммите ОДКБ (рас.) TUT.BY Архіўная копія ад 2018-09-11 г.
  31. ^ Попов: Принятые решения вопреки позиции государства-члена ОДКБ нелегитимны (рас.) TUT.BY Архіўная копія
  32. ^ Россия и Белоруссия завершили «молочную войну». Lenta.ru (17 чэрвеня 2009). Праверана 2010-08-14 г. Архіўная копія ад 2012-02-21 г.
  33. ^ Мікола Бугай, Аляксей Арэшка.. Масква пагражае ад панядзелка перакрыць газ для Беларусі // Наша Ніва, 20 чэрвеня 2010 г. Праверана 19 красавіка 2018 г.
  34. ^ А. Лукашэнка распарадзіўся перакрыць транзіт расійскага газу праз Беларусь Галоўныя навіны. Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусі (22 чэрвеня 2010). Праверана 19 красавіка 2018 г.
  35. ^ «Газпром» аплаціў $228 млн. за транзыт газу // Наша Ніва, 24 чэрвеня 2010 г. Праверана 19 красавіка 2018 г.
  36. ^ «Союз трех»: Белоруссия сдалась // Интерфакс, 5 июля 2010
  37. ^ Супраца ў ядзернай энэргетыцы (рас.) // Амбасада Беларусі ў Расеі, 2021 г. Праверана 23 лютага 2021 г.
  38. ^ Белоруссия отозвала из Экономического суда СНГ свой иск против России // Полит.ру, 2011
  39. ^ Россия сняла запрет на поставки мясной продукции с трех предприятий Белоруссии // Газета. Ru, 12 дек 2014
  40. ^ Россельхознадзор запретил ввоз молочной продукции 5 белорусских предприятий // НТВ, 2 дек. 2016
  41. ^ Россия ограничила поставки молочной продукции из Белоруссии
  42. ^ Пагадненьні аб разьмяшчэньні ў Беларусі двух вайсковых аб'ектаў Расеі падоўжаны на 25 гадоў // Партал «Наша ніва», 8 лістапада 2021 г. Праверана 8 лістапада 2021 г.
  43. ^ Хрэнін і Шайгу падпісалі дакумэнты аб парадку захоўваньня нестратэгічнай ядзернай зброі ў Беларусі // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 25 траўня 2023 г. Праверана 25 траўня 2023 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]