Малочная вайна
Расейска-беларуская малочная вайна, ці проста «Малочная вайна» — эканамічныя санкцыі расейскага «Расспажыўнагляда» супраць паставак беларускімі вытворцамі малочных прадуктаў у Расею ў чэрвені 2009 году. Назва была папулярызаваная расейскімі ды беларускімі СМІ.[1]
Сутнасьць канфлікту
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]6 чэрвеня 2009 году расейскі «Расспажыўнагляд» забараніў увоз на тэрыторыю Расеі каля 600 відаў беларускай малочнай прадукцыі. 9 чэрвеня былі прыпынены пастаўкі яшчэ 593 найменьняў.
Па словах А. Лукашэнкі, расейцы хацелі забраць беларускія малакоперапрацоўчыя заводы: «Дайшло да таго, што малако ня будзем у вас купляць, пакуль не аддасьце малакаперапрацоўчыя заводы. І гэта на ўзроўні ўраду! Мядзьведзяў даслоўна сказаў так: „Мы жадалі б, Аляксандар Рыгоравіч, паўдзельнічаць у інвэстыцыях у вашу малакаперапрацоўчую прамысловасьць“. Калі ласка. Інвэстыцыі ж! А ва ўрадзе канкрэтызавалі — малака ня будзе ў Расеі, пакуль не аддасьце заводы. Я кажу: „Да спатканьня. Так размаўляць мы не дазволім. Будзем, кажу, падыхаць, выліваць гэта малако, але вы так пытаньне ставіць ня будзеце“».[2]
Расейскія ж урадоўцы адмаўляюцца ад нейкіх эканамічных ціскаў. Як паведаміў галоўны дзяржаўны санітарны доктар Расеі Генадзь Анішчанка, беларускія вытворцы «не перааформілі дазваленчую дакумэнтацыю ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі тэхнічнага рэглямэнту, якія набылі моц яшчэ ў сьнежні 2008 году». Як вядома, у Расеі з 17 сьнежня набыў моц тэхнічны рэглямэнт, які разьмяжоўвае паняцьці «пітнае малако» і «напоі, адноўленыя з парашковага малака»[3]
Аднак менавіта «рукамі» Генадзя Анішчанкі расейскія ўлады праводзілі эканамічны (а таксама і палітычны) ціск на іншых замежных вытворцаў — малдаўскія і грузінскія віны, грузінская мінэралка, латыскія шпроты і польская сьвініна.
Хроніка падзеяў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 29 траўня — расейскія санслужбы даслалі ў Беларусь ліст, ў якім згадвалі пра недапушчэньне парушэньняў расейскага заканадаўства і прывядзеньне імпартуемых прадуктаў да расейскіх стандартаў.
- 5 чэрвеня — Лукашэнка пасьля сустрэчы зь Мядзьведзевым ў інтэрвію журналістам заявіў, што беларускія прадпрыемствы хочуць забраць расейцы, але ён гэтага не дапусьціць.
- 5 чэрвеня — Уладзімер Пуцін згадаў, што беларускія сельскагаспадарчыя прадпрыемствы атрымліваюць больш дзярждатацыяў, чым расейскія. Таму ў Расеі лепшыя яны маюць лепшыя ўмовы. Каб не дапусьціць зьнішчэньня расейскай малочнай галіны, Пуцін выказаўся за адзіныя ўмовы для малочных вытворцаў Беларусі і Расеі.
- 6 чэрвеня — расейскі «Расспажыўнагляд» забараніў увоз на тэрыторыю Расеі каля 500 відаў беларускай малочнай прадукцыі.[4]
- 8 чэрвеня — прыпынены пастаўкі яшчэ 593 найменьняў беларускіх малочных прадуктаў.[5]
- 13 чэрвеня — Лукашэнка ўвечары праводзіць надзвычайную нараду зь беларускім урадам і адмяняе да ранку свой вылет у Маскву на сэсію Рады калектыўнай бясьпекі АДКБ. На нарадзе прэзыдэнтам РБ пастаўлена задача для мытных і пагранічных службаў увесьці такія самыя абмежаваньні, як і на расейскім баку. Ураду Казахстану дасланыя тлумачэньні беларускай сытуацыі.
- 14 чэрвеня — Саміт АДКБ адбыўся бяз удзелу беларускага боку. Мядзьведзеў пракамэнтаваў гэта так: Беларусь вернецца і ўсё падпіша. Беларускія ўлады абвясьцілі пра нелегітымнасьць саміту і ўсіх падпісаных тамака дакумэнтаў аб агульнай бясьпецы. Удзельнікам саміту перададзена нота, дзе згадваецца, што адсутнасьць беларускага подпісу: азначае адсутнасьць згоды Беларусі на прыняцьце разгляданых гэтымі органамі рашэньняў і адпаведна адсутнасьць кансэнсусу для прыняцьця рашэньняў у адпаведнасьці з правілам 14.
- 15 чэрвеня — Міністарка сельскай гаспадаркі Расеі Алена Скрыньнік паведаміла, што Беларусь гатовая на паўгады адмовіцца ад паставак сухога малака ў Расею.[6]
- 16 чэрвеня — Генадзь Анішчанка заявіў, што Расея бярэ тайм-аўт на пастаўку малочнай прадукцыі зь Беларусі, бо тлумачэньні беларускай дэлегацыі ў Маскве і заявы афіцыйных асобаў ды СМІ РБ розьняцца.[7] Беларуская дэлегацыя была адкліканая з Масквы. Старшыня беларускага мытнага камітэту Аляксандар Шпілеўскі заявіў, што з 9 гадзінаў раніцы 17 чэрвеня Беларусь уводзіць узмоцнены рэжым кантролю за перамяшчэньнем грузаў на асноўных расейска-беларускіх магістралях.[8]
- 17 чэрвеня — раніцай на мяжы Беларусі з Расеяй былі выстаўлены беларускія мытныя пасты. Паводле заявы дзяржсакратара Рады бясьпекі Беларусі Юрыя Жадобіна рашэньне беларускіх уладаў зьяўляецца «сымэтрычным адказам» на дзеяньні расейскага боку.[9] Міністарка сельскай гаспадаркі Расеі Алена Скрыньнік паведаміла, што кансультацыі і перамовы зь беларускім бокам скончаныя на пазытыўнай ноце і заключанае пагадненьне, якое задавальняе абодва бакі.[10] Паводле Скрыньнік бакі дамовіліся спыніць пастаўкі сухога малака зь Беларусі ў Расею ў 2 і 3 кварталах 2009 году, але павялічыць аб’ём імпарту беларускага тварагу, сыру і масла ў адпаведнасьці зь неабходнымі патрэбамі Расеі. У прыблізна той самы час намесьнік міністра сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі Міхаіл Савельеў паведаміў, што спробы знайсьці разуменьне з «Расспажыўнаглядам» усё яшчэ няўдалыя.[11] Увечары БелТА паведаміла, што праблема паставак беларускай малочнай прадукцыі разьвязаная ў выніку перамоваў у Маскве кіраўнікоў міністэрстваў сельскай гаспадаркі і харчаваньня і аховы здароўя Сямёна Шапіры і Васіля Жарко з кіраўніком «Расспажыўнаглядам» Генадзем Анішчанкам, што было аформлена адпаведным пратаколам.[12] Пазьней намесьнік кіраўніка Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі Сяргей Барысюк паведаміў, што Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі здымае ўзмоцнены кантроль за перамяшчэньнем грузаў з Расеі, уведзены раніцай.[13] Генадзь Анішчанка заявіў, што «малочная вайна» паміж Расеяй і Беларусьсю скончаная, бо бакам атрымалася дамовіцца па ўсіх спрэчных пытаньнях.[14]
- 18 чэрвеня Расея дазволіла імпарт 131 з больш 600 найменьняў беларускай малочнай прадукцыі, увоз якіх раней быў забаронены.[15] Вытворцы беларускай малочнай прадукцыі раніцай 18 чэрвеня аднавілі свае пастаўкі ў Расею.[16] Адразу пасьля падпісаньня пагадненьня пра пастаўкі беларускай малочнай прадукцыі ў Расею стала вядома, што Газпрам запатрабаваў ад ААТ «Белтрансгаз» ліквідаваць запазычанасьць у суме $230 млн за пастаўлены ў студзені—красавіку газ.[17] Першы намесьнік міністра энэргетыкі Беларусі Э. Таўпянец заявіў на гэта, што «плацяжы вядуцца ў поўным аб’ёме зыходзячы зь сярэднегадавой цаны $150 за тысячу кубамэтраў, як гэта і прадугледжана дамоўленасьцямі на вышэйшым узроўні».[18]
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Лаўроў запытваецца не лічыць "Малочную вайну" санкцыямі супраць Менску // Lenta.ru (рас.)
- ^ Незыблемая позиция. Интервью Президента российским СМИ. // Советская Белоруссия, 5 чэрвеня 2009
- ^ Александр Лукашенко разжегся на молоке. // Коммерсант, 8 чэрвеня 2009
- ^ Онищенко отказался от "молочных" переговоров с Минском (рас.) // «Lenta.ru», 8 чэрвеня 2009 г.
- ^ Смаленская мытня не аднаўляла пропуск беларускай малочнай прадукцыі ў Расею // Наша Ніва, 17 чэрвеня 2009 г.
- ^ Белоруссия готова временно отказаться от поставок сухого молока. // КоммерсантЪ, 15 чэрвеня 2009
- ^ Анішчанка: У перамовах па малацэ мы бяром тайм‑аўт. // Наша Ніва, 16 чэрвеня 2009
- ^ Беларусь уводзіць ўзмоцнены кантроль на мяжы з Расеяй з 9.00 17 чэрвеня // Наша Ніва, 16 чэрвеня 2009 г.
- ^ Запрацавалі мытныя пасты на расейскай мяжы, Радыё Свабода, 17 чэрвеня 2009 г.
- ^ Расейскі міністар: Беларусь і Расея заключылі кампраміснае пагадненьне адносна малака // Наша Ніва, 17 чэрвеня 2009 г.
- ^ Намесьнік кіраўніка Мінсельгасхарча Беларусі: Мы не знаходзім паразуменьня з Расспажыўнаглядам(недаступная спасылка) // Наша Ніва, 17 чэрвеня 2009 г.
- ^ «Малочная вайна» скончана? // Радыё Свабода, 17 чэрвеня 2009 г.
- ^ Минск снял усиление таможенного контроля на границе с Россией (рас.) // «Белорусские новости», 17 чэрвеня 2009 г.
- ^ Беларусь возобновила поставки молока в Россию (рас.) // Lenta.ru, 18 чэрвеня 2009 г.
- ^ Психо-сценический жанр // TUT.BY, 18 чэрвеня 2009 г.
- ^ Беларускае малако пайшло ў Расею // Радыё Свабода, 18 чэрвеня 2009 г.
- ^ Вайна нон-стоп // Наша Ніва, 17 чэрвеня 2009 г.
- ^ Э.Таўпянец: мы разьлічваемся за газ у поўным аб'ёме // Радыё Свабода, 18 чэрвеня 2009 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Хроніка малочнай вайны на сайе Беларускай Свабоды
- Забаронены ўвоз у Расію практычна ўсёй беларускай малочнай прадукцыі(недаступная спасылка) // Наша Ніва, 10 чэрвеня 2009 г.
На гэты артыкул не спасылаюцца іншыя артыкулы Вікіпэдыі. Калі ласка, прастаўце спасылкі на яго ў іншых артыкулах. |