Расейскае таварыства
У гэтым артыкуле няма спасылак на якія-небудзь крыніцы.
|
Расейскае таварыства Рэспублікі Беларусь (па-расейску: Русское общество Республики Беларусь) — рэспубліканскае грамадзка-культурнае аб’яднаньне. Заснаванае 15 верасьня 1994 году. Асноўныя мэты і кірункі дзейнасьці:
- садзейнічаньне захаваньню расейскіх культурных каштоўнасьцяў і гістарычных традыцыяў;
- прапаганда расейскай культуры;
- правядзеньне сьвятаў, фэстаў і іншых культурных мерапрыемстваў.
Арганізацыя мае аддзяленьні ва ўсіх абласьцях Беларусі. Агульная колькасьць сяброў — больш за 500 чалавек. Кіруючыя органы: Старшыня, Дума (12 чалавек), рэвізійная камісія. Старшынём зьяўляецца С. М. Моладаў. Уваходзіць у Каардынацыйны савет Беларускага саюзу грамадзкіх аб’яднаньняў расейскіх суайчыньнікаў. Зьяўляецца найбуйнейшай арганізацыяй з уваходзячых у Савет.
Пад эгідай Расейскага таварыства было перададзена ў дар бібліятэкам і аддзелам адукацыі больш за 90 тысяч тамоў выдадзенай у Расеі навукова-папулярная, мэтадычнай, мастацкай літаратуры. Таварыства арганізуе стажыроўку беларускіх настаўнікаў у Расеі, паездкі дзіцячых груп на адпачынак і экскурсіі па гісторыка-культурных месцах Расеі. Таксама ў бібліятэках, дамах культуры і г. д. арганізуюцца шматлікія лекцыі, выставы, паэтычныя вечары, навукова-практычныя канфэрэнцыі на тэмы, зьвязаныя з Расеяй, расейскай культурай і адукацыяй.
Пры таварыстве дзейнічае Асацыяцыя настаўнікаў, клюбы аматараў расейскай паэзіі, дабрачынныя арганізацыі. Таварыства цесна супрацоўнічае з часопісам «Немига литературная». Пры ўдзеле Расейскага таварыства выдадзены «Анталёгія сучаснай расейскай паэзіі Беларусі», кніга М. Ткачова «Міцкевіч і Пушкін», шэраг іншых літаратурных выданьняў.