Беларуска-чэскія стасункі
Беларусь |
Чэхія |
---|---|
Дыпляматычныя місіі | |
Амбасада Рэспублікі Беларусь у Чэскай Рэспубліцы | Амбасада Чэшскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь |
Амбасадары | |
Амбасадар Валеры Курдзюкоў | Амбасадар Мілан Экерт |
Беларуска-чэскія дачыненьні — двухбаковыя міжнародныя дачыненьні Беларусі і Чэхіі.
Даўнія сувязі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1397 годзе ў Карлавым унівэрсытэце (Прага, Чэскае каралеўства) стварылі калегію для студэнтаў зь Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ). У выніку з чэскай на старабеларускую мову пераклалі «Паданьне аб Сівіле-прарочыцы», кнігу «Аб Тоўдале-рыцары» і «Гісторыю Траянскай вайны» Гвіда дэ Калюмна. 15 ліпеня 1410 году чэска-мараўскія дружыны на чале зь Янам Жыжкам ўдзельнічалі ў пераможнай Дубровенскай (Грунвальдзкай) бітве на баку ВКЛ[1]. У 1413 годзе ўсход Беларусі наведаў хрысьціянскі прапаведнік Геранім Праскі, які быў удзельнікам гусіцкага руху. У 1422 і 1427 гадах вайсковыя дружыны зь Беларусі выступалі на баку чэскіх табарытаў[2]. 6 жніўня 1517 году беларускі першадрукар Францішак Скарына надрукаваў у Празе сваю першую кнігу «Псалтыр». Да 1519 году ў Празе выйшлі яшчэ 19 кніг Бібліі Францішка Скарыны.
У 19 стагодзьдзі ў Беларусі працавалі чэскія дырыгенты І.Булва і Ф.Шпачак (Бабруйск), В.Гелцл (Барысаў), Г.Мраз (Гомель) і Д.Градоўскі (Заслаўе). Таксама ў Нясьвіжы працаваў чэскі кампазытар Ёзэф Вашак. Урэшце ўклад у беларускую музыку зрабіў чэскі кампазытар Гінек Ваячак. У 1887 годзе чэскі этнограф Людвік Куба (1863—1956) выдаў працу «Беларуская песьня» ў «Славянскі зборніку» пасьля запісу народных песьняў у Беларусі. У 1914 годзе беларускі паэт Максім Багдановіч выдаў брашуру «Браты-чэхі»[2].
Міжваенны час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1918—1945 гадах у Празе дзейнічалі Беларускае культурнае таварыства імя Францішка Скарыны, беларускае таварыства «Сокал» і Беларускі архіў. У міжваенны час урад Чэхіі фінансаваў навучаньне беларускіх студэнтаў пераважна з Заходняй Беларусі у чэскіх унівэрсытэтах, дзейнічала Аб’яднаньне беларускіх студэнцкіх арганізацыяў, якое выдавала свой бюлетэнь. У 1923 годзе ў сталіцу Чэхаславаччыны перамясьціліся з Коўны Рада і ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі. Рада БНР знаходзілася ў Празе да сакавіка 1943 году. Існавала і дыпляматычнае прадстаўніцтва БНР.
1990-я гады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]5 студзеня 1993 году Рэспубліка Беларусь і Чэская Рэспубліка ўсталявалі дыпляматычныя дачыненьні. У жніўні 1994 году ў Празе адчынілі Амбасаду Рэспублікі Беларусь. Першым амбасадарам Рэспублікі Беларусь у Чэхіі стаў Міхаіл Марыніч. У тым жа 1994 годзе адчынілі Амбасаду Чэскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь. У сьнежні 1994 году ў Будапэшце (Вугоршчына) прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка і прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Гавэл (1993—2003) сустрэліся на Нарадзе па бясьпецы і супрацы ў Эўропе. 24 чэрвеня 1999 году ў Карлавых Варах (Чэхія) міністар замежных справаў Беларусі Урал Латыпаў (1998—2000) узяў удзел у сустрэчы міністраў замежных справаў дзяржаваў-удзельніцаў Цэнтральнаэўрапейскай ініцыятывы (ЦЭІ), на якой старшыняваў міністар замежных справаў Чэхіі Ян Каван (1998—2002).
21-е стагодзьдзе
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У траўні 2000 году між Беларусьсю і Чэхіяй увялі візавы рэжым[3]. У лістападзе 2001 году ў Нью-Ёрку міністры замежных справаў Беларусі і Чэхіі — Міхаіл Хвастоў (2000—2003) і Ян Каван адпаведна — сустрэліся на 56-й сэсіі Генэральнай асамблеі ААН. 22 студзеня 2009 году ў Менску адбылося падпісаньне міжурадавага Пагадненьня «Аб эканамічнай, прамысловай і навукова-тэхнічнай супрацы». 17 красавіка 2009 году ў Менску міністар замежных справаў Чэхіі Карэл Шварцэнбэрг (2007—2009) сустрэўся з А.Лукашэнкам. У красавіку 2009 году ў Брне (Чэхія) прайшло 1-е пасяджэньне Беларуска-чэская зьмяшанай камісіі эканамічнай, прамысловай і навукова-тэхнічнай супрацы. У ліпені 2009 году прызначэньне ганаровым консулам Беларусі ў Чэхіі атрымаў кіраўнік прадпрыемства «Трада Холдынг» Іржы Кржыван[4].
У ліпені 2009 году ўрад Чэхіі павысіў узровень кіраўніка свайго дыпляматычнага прадстаўніцтва ў Беларусі да надзвычайнага і паўнамоцнага амбасадара. 19 кастрычніка 2009 году надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Чэская Рэспублікі Іржы Карас уручыў даверчыя граматы А.Лукашэнку. 4 сьнежня 2009 году ў Атэнах (Грэцыя) міністры замежных справаў Беларусі і Чэхіі — Сяргей Мартынаў (2003—2012) і Ян Кагоўт (2009—2010) адпаведна — сустрэліся на нарадзе АБСЭ. 3 верасьня 2010 году А.Лукашэнка падпісаў Указ аб прызначэньні надзвычайнага і паўнамоцнага амбасадара Рэспублікі Беларусі ў Чэскай Рэспубліцы, якім павысіў узровень кіраўніка дыпляматычнага прадстаўніцтва Беларусі ў Чэхіі. 30 верасьня 2010 году беларускі амбасадар Васіль Марковіч уручыў даверчыя граматы прэзыдэнту Чэхіі Вацлаву Клаўсу (2003—2013). У верасьні 2015 году ў Нью-Ёрку міністры замежных справаў Беларусі і Чэхіі — Уладзімер Макей і Любамір Зааралек адпаведна — сустрэліся на 70-й сэсіі Генэральнай асамблеі ААН[4].
На 1 студзеня 2015 году ў Беларусі працавалі 125 прадпрыемстваў з удзелам чэскага капіталу (+23 з 2013 г.), у тым ліку 72 сумесных і 53 замежных. З 2002 году з Чэхіі паступіла $430 млн укладаньняў. За 2015 г. дадалося яшчэ $46 млн укладаньняў. У 2015 годзе беларускі экспарт тавараў у Чэхію скараціўся на 4% да $123 млн. У выніку Чэхія засталася 30-цы найбольшых гандлёвых партнэраў Беларусі. У асноўным ў Чэхію паставілі нафтапрадукты, вырабы з чорных мэталаў і алюміну, кабэлі і дрот, угнаеньні, сынтэтычныя ніці, запчасткі для аўтамабіляў і трактароў «Беларус». Увоз тавараў з Чэхіі скараціўся на 33% да $275 млн. У выніку адмоўнае сальда, якім яно пастаянна застаецца з 2007 году, скарацілася да $-152 млн. З Чэхіі пераважна паставілі кампутары, прамысловае абсталяваньне для нафтахіміі, мэталаапрацоўкі і энэргетыкі, харчаваньне, прадметы гігіены і легкавыя аўтамабілі «Шкода Аўта»[5].
На 1 сакавіка 2016 году ў Беларусі дзейнічала 16 прадстаўніцтваў прадпрыемстваў Чэхіі, у тым ліку «Масэнза Інтэрнэшнл» (дарожныя машыны), «ОілІмпЭкс» (нафтахімія), «Пап-Цэл» (Літовел, Оламаўцкі край, абсталяваньне для папяровай прамысловасьці), «ІТП Група Брно» (нафтахімічнае абсталяваньне), «Тэкнокап» (Стрмілаў, Паўднёвачэскі край; выраб упакоўкі)[5]. 3-4 траўня 2016 году Ўладзімер Макей наведаў Прагу для ўдзелу ў штогадовай Нарадзе МЗС дзяжаваў-удзельніцаў Вышаградзкай групы і ініцыятывы Эўразьвазу «Усходняе партнэрства». У рамках візыту У.Макей правёў перамовы з Л.Зааралекам. 29-30 чэрвеня 2016 году Л.Зааралек наведаў Менск, дзе сустрэўся з А.Лукашэнкам[4].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Міхал Плавец. Чэшска-беларускія адносіны ад старажытных часоў да сучаснасьці // Амбасада Чэскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, 29 траўня 2012 г. Праверана 3 чэрвеня 2017 г.
- ^ а б Аб супрацы ў галіне культуры (рас.) // Амбасада Рэспублікі Беларусь у Чэскай Рэспубліцы, 2017 г. Праверана 3 чэрвеня 2017 г.
- ^ Устанаўленьне дыпляматычных адносін // Амбасада Чэскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, 29 жніўня 2012 г. Праверана 3 чэрвеня 2017 г.
- ^ а б в Пра палітычныя дачыненьні Рэспублікі Беларусь і Чэскай Рэспублікі (рас.) // Амбасада Рэспублікі Беларусь у Чэскай Рэспубліцы, 1 ліпеня 2016 г. Праверана 3 чэрвеня 2017 г.
- ^ а б Вынікі гандлёва-эканамічнай супрацы Рэспублікі Беларусь з Чэскай Рэспублікай у 2015 годзе (рас.) // Амбасада Рэспублікі Беларусь у Чэскай Рэспубліцы, 21 траўня 2016 г. Праверана 3 чэрвеня 2017 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Амбасада Рэспублікі Беларусь у Чэскай Рэспубліцы (чэс.)
- Амбасада Чэшскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь
Гэта — накід артыкула. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |