Беларуска-бразыльскія дачыненьні

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Беларуска-бразыльскія дачыненьні

Беларусь

Бразылія
Дыпляматычныя місіі
Амбасада Беларусі
ў Бразыліі
Амбасада Бразыліі
ў Беларусі
Амбасадары
Сяргей Лукашэвіч Паўлу Дыяс-Фэрэс

Белару́ска-бразы́льскія дачыне́ньні — двухбаковыя міжнародныя дачыненьні між Беларусьсю і Бразыліяй.

На 2021 год Амбасада Беларусі ў Бразыліі месьцілася на поўдні сталіцы Бразылія ў акрузе Лаго Сул, 7-ы квартал, вул. 9, д. 17[1]. Ганаровыя консулы Беларусі працавалі ў 3-х штатах: Сан-Паўлу, Санта-Катарына і Рыю-дэ-Жанэйру[2]. Амбасада Бразыліі ў Беларусі месьцілася ў Ленінскім раёне Менску па вуліцы Энгельса, д. 34[3].

Гандаль[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2021 год Бразылія была найбольшым гандлёвым партнэрам Беларусі сярод краінаў Паўднёвай Амэрыкі і ўваходзіла ў 20-ку краінаў з найбольшым абсягам таваразвароту зь Беларусьсю. У Бразылію пераважна пастаўлялі: калійныя ўгнаеньні і сталёвы дрот, баваўняную і льняную тканіну, шыны і полікарбонавыя кісьлі, гэрбіцыды і інсэктыцыды, сынтэтычнае валакно і кнігі, вымяральныя прылады і праектары, шкловалакно і корды для шынаў, гідразін і гідраксылямін, сьпіртовыя напоі і ўборачныя камбайны. У Беларусь прадавалі: пасажырскія самалёты, палімэры прапілену і этылену, каву і распыляльнікі парашкоў, цэлюлёзу і гідраксыды алюміну, скуру і лекі, сеялкі і камбайны, экстракты і аддушкі, канцэнтраты гарбаты і садавіну. З 2014-га па 2017 год беларуска-бразыльскі таваразварот скараціўся на 69 % з 865,8 млн даляраў да 513 млн $. Да 2019 году таваразварот аднавіўся да 892,9 млн $, аднак у 2020-м зноў упаў да 719,6 млн $. Дадатнае сальда за 2014—2016 гады зьменшылася на 54 % з 553,4 млн $ да 359,2 млн $, але вырасла ў 2017-м да 459,6 млн $. У 2019—2020 гадах сальда двухбаковага гандлю засталося дадатным, хоць і ў меншым памеры — 283,1 і 363,7 млн $ адпаведна[4].

Культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У лютым 2010 году Менская вобласьць і штат Гаяс заключылі Дамову аб супрацы[5]. У кастрычніку—лістападзе 2014 году ў Менску прайшоў 1-ы беларуска-бразыльскі фэстываль вулічнага мастацтва «Вуліца Бразыл», у рамках якога на сьцены некалькіх будынкаў нанесьлі маштабныя графіці. У лістападзе—сьнежні 2014 году ў Бразылія зладзілі выставу паштовых марак Беларусі, а таксама рэпрадукцыяў карцінаў беларускага мастака Івана Хруцкага. У сакавіку 2015 году на бразыльскім тэлеканале «Супрэн» паказалі нізку канцэртаў Прэзыдэнцкага аркестру Беларусі. У ліпені 2015 году бразыльскі тэнар Т'яга Аранкам узяў удзел гала-канцэрце на 24-м фэстывалі «Славянскі базар у Віцебску»[6]. У жніўні 2015 году ў Сан-Паўлу міністры адукацыі Беларусі і Бразыліі Міхаіл Жураўкоў і Жанін Рыбэйру падпісалі міжурадавае Пагадненьне «Аб супрацы ў сфэры адукацыі»[7]. У лістападзе 2015 году на 22-м кінафэстывалі «Лістапад» паказалі фільм бразыльскага рэжысэра Вальтэра Салеса «Цзя Чжанкэ, хлопец з Фэньян». У жніўні 2018 году ў Нацыянальную бібліятэку Бразыліі перадалі факсымільнае выданьне Бібліі Францішка Скарыны з нагоды 500-годзьдзя беларускага кнігадрукаваньня[6].

На 2021 год беларуская дыяспара сустракалася ў сталіцы Бразылія і 9 штатах Бразыліі: Амазонас (Манаўс), Рыю-дэ-Жанэйру, Сан-Паўлу (Сантана-ды-Парнаіба і Сан-Паўлу), Рыю-Грандзі-ду-Норці (Натал), Мінас-Жэрайс (Бэлу-Арызонці), Гаяс (Анапаліс), Рыю-Грандзі-ду-Сул (Порту-Алегры), Сэара (Фарталеза) і Санта-Катарына (Фларыянопаліс). У Порту-Алегры пражываў беларускі скульптар Юры Фёдаравіч Пятроў[8].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

10 лютага 1992 году ўрады Беларусі і Бразыліі ўсталявалі дыпляматычныя дачыненьні. У 1994 годзе кіраўнік управы Эўропы Міністэрства замежных справаў Бразыліі ўпершыню наведаў Менск. У 1999 годзе Бразылію наведала гандлёвая дэлегацыя Беларусі[9]. У 2001 годзе ў Рыю-дэ-Жанэйру адчынілі Генэральнае консульства Беларусі, якое праіснавала да 2013 году[10]. У красавіку 2003 году на 108-й Нарадзе Міжпарлямэнцкага саюзу ў Сант’яга-дэ-Чылі сустрэліся старшыня Палаты прадстаўнікоў Беларусі Вадзім Папоў і сябра Палаты дэпутатаў Бразыліі Э. Алвэс. У кастрычніку 2004 году міністар замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў упершыню наведаў Бразылію. У кастрычніку 2005 году Беларусь наведаў старшыня Камісіі міжнародных сувязяў і нацыянальнай абароны Палаты дэпутатаў Бразыліі А. Сэдраз дэ Алівэйра. У лютым 2010 году губэрнатар штату Гаяс А.Р. Філью прывозіў у Беларусь дэлегацыю бразыльскіх прадпрымальнікаў. 22 сакавіка 2010 году А. Лукашэнка ўпершыню сустрэўся ў Бразыліі з прэзыдэнтам Луісам да Сілвам, зь якім ухваліў Дэклярацыю аб супрацы і рашэньне пра абмен амбасадамі[11]. 23 лютага 2011 году 1-ы амбасадар Беларусі ў Бразыліі Леанід Крупец прыбыў у сталіцу Бразылія, дзе 12 жніўня ўручыў даверчыя граматы прэзыдэнтцы Дылме Русэф[10]. У чэрвені 2011 году адчынілася Амбасада Бразыліі ў Беларусі[9].

У лістападзе 2013 году падчас працоўнага візыту ў Бразылію намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Аляксандар Гур’янаў правёў у кансультацыі з прадстаўнікамі Міністэрства замежных справаў Бразыліі. У ліпені 2015 году А. Лукашэнка правёў гандлёвыя перамовы з бразыльскай прэзыдэнткай Дылмай Русэф падчас саміту БРІКС ва Ўфе (Расея). У верасьні 2015 году Беларусь наведаў намесьнік старшыні Палаты дэпутатаў Бразыліі Ф.Л. Жыакобу. У кастрычніку 2015 году ў сталіцы Бразылія прайшлі кансультацыі МЗС Беларусі і Бразыліі, у якіх удзельнічалі начальнік управы Амэрыкі Андрэй Краўчанка зь беларускага боку і начальнік управы Эўропы Асвальд Біята з бразыльскага. У студзені 2016 году старшыня Магілёўскага аблвыканкаму Ўладзімер Даманеўскі прывозіў у Фарталезу (штат Сэара) прадстаўнікоў Беларускай гандлёва-прамысловай палаты і прадпрыемстваў Магілёўскай вобласьці. У ліпені 2017 году намесьнікі міністраў замежных справаў Беларусі і Бразыліі Яўген Шастакоў і Ірасабал Моўраў правялі гандлёвыя кансультацыі ў Бразыліі. У лістападзе 2017 году ў Бразылія намесьнік старшыні ўраду Беларусі Анатоль Калінін сустрэўся зь міністрам горназдабычы і энэргетыкі Бразыліі, а таксама зь міністрам замежных справаў. У ходзе візыту адбылося 1-е паседжаньне Беларуска-бразыльскай камісіі эканамічнай супрацы. У Сан-Паўлу правялі 1-ы бізнэс-форум «Бразылія-Беларусь». 5 жніўня 2019 году набыло моц беларуска-бразыльскае Пагадненьне «Аб супрацы ў галіне адукацыі»[11].

Беларускія амбасадары[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бразыльскія амбасадары[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Адрас і час працы // Пасольства Беларусі ў Бразыліі, 2021 г. Праверана 28 верасьня 2021 г.
  2. ^ Ганаровыя консулы // Пасольства Беларусі ў Бразыліі, 2021 г. Праверана 28 верасьня 2021 г.
  3. ^ а б Замежныя дыпмісіі ў Беларусі // Міністэрства замежных справаў Беларусі, верасень 2021 г. Праверана 28 верасьня 2021 г.
  4. ^ Гандлёва-эканамічныя адносіны // Пасольства Беларусі ў Бразыліі, 2021 г. Праверана 28 верасьня 2021 г.
  5. ^ Міжрэгіянальная супраца // Пасольства Беларусі ў Бразыліі, 2021 г. Праверана 28 верасьня 2021 г.
  6. ^ а б Культурная і гуманітарная супраца // Пасольства Беларусі ў Бразыліі, 2021 г. Праверана 28 верасьня 2021 г.
  7. ^ Супраца ў сфэры адукацыі // Пасольства Беларусі ў Бразыліі, 2021 г. Праверана 28 верасьня 2021 г.
  8. ^ Беларускія суайчыньнікі ў Бразыліі // Пасольства Беларусі ў Бразыліі, 2021 г. Праверана 28 верасьня 2021 г.
  9. ^ а б Рэспубліка Беларусь (двухбаковыя дачыненьні Міністэрства замежных справаў) (парт.) // Урад Бразыліі, 17 чэрвеня 2021 г. Праверана 28 верасьня 2021 г.
  10. ^ а б Гісторыя дыпляматычнай місіі Рэспублікі Беларусь у Бразыліі // Пасольства Беларусі ў Бразыліі, 2021 г. Праверана 28 верасьня 2021 г.
  11. ^ а б Палітычная супраца // Пасольства Беларусі ў Бразыліі, 2021 г. Праверана 28 верасьня 2021 г.
  12. ^ Пасол // Пасольства Рэспублікі Беларусь у Фэдэратыўнай Рэспубліцы Бразылія, 2021 г. Праверана 25 верасьня 2021 г.
  13. ^ Новыя прызначэньні ў дыпкорпусе, мясцовай вэртыкалі і міністэрствах // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 20 верасьня 2021 г. Праверана 20 верасьня 2021 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]