Беларуска-віетнамскія дачыненьні

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Беларуска-віетнамскія дачыненьні
Беларусь і Віетнам

Беларусь

Віетнам
Дыпляматычныя місіі
Амбасада Беларусі
ў Віетнаме
Амбасада Віетнаму
ў Беларусі
Амбасадары
Уладзімер Баравікоў[1] Нгуен Ван Нгы

Беларуска-віетнамскія дачыненьні — двухбаковыя міжнародныя дачыненьні Беларусі і Віетнаму.

На 2022 год грамадзяне Беларусі маглі наведаць Віетнам бязь візы на тэрмін да 15 дзён[2]. Грамадзяне Віетнаму маглі прыляцець у адзін з аэрапартоў Беларусі безь беларускай візы на 60 дзён пры наяўнасьці шэнгенскай візы Эўразьвязу[3].

Амбасада Беларусі ў Віетнаме месьцілася на Заходнеазёрнай акрузе Ханою па вуліцы То Нгок Вана, д. 66. Амбасада працавала працавала з панядзелка па пятніцу а 8:30—18:30 з 2-гадзінным перапынкам а 12:00—14:00. Замежных грамадзянаў прымалі ў панядзелак, сераду і пятніцу зь 9-й да 16-й гадзіны[4]. Таксама дзейнічала Генэральнае консульства Беларусі ў Хашыміне, якое прымала наведнікаў у панядзелак, сераду і пятніцу з 9:30 да 12:30. Яго разьмясьцілі ва ўсходнім прадмесьці Тхудык на 31-м праезьдзе, д. 2, корп. 6 (акруга Ан Кхань, 2-і квартал)[5].

Амбасада Віетнаму ў Беларусі знаходзілася ў Савецкім раёне Менску па вуліцы Мажайскага, д. 3 (мікрараён Сельгаспасёлак). Амбасада працавала з панядзелка па пятніцу а 9:00—17:00 зь перапынкам а 13:00—14:00[6].

Гандаль[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2007 годзе заключылі 6 пагадненьняў: 1) аб паветраных зносінах, 2) аб супрацы ў галіне стандартызацыі, вымярэньняў і ацэнкі адпаведнасьці, 3) аб навуковай супрацы, 4) аб узаемным прызнаньні адукацыйных і навуковых ступеняў, 5) аб супрацы між Вярхоўнымі судамі, 6) аб супрацы ў галіне культуры і мастацтва. За 2007 год таваразварот вырас на 51 % да 75 млн даляраў, беларускі экспарт у Віетнам — на 59 % да 65 млн $, а віетнамскі ў Беларусь — на 18 %[7]. У 2008 годзе падпісалі 13 гандлёвых пагадненьняў і ўгодаў у консульскай, фітасанітарнай, мытнай, падарожніцкай, земляробчай і банкаўскай галінах, аб увозе газу і нафты, беларускіх угнаеньняў і трактароў[8].

У 2009—2018 гадох у Беларусі і Віетнаме правялі па 6 беларуска-віетнамскіх справавых форумаў. За 2011—2018 гады ў Ханоі і Хашыміне зладзілі па 3 нацыянальныя выставы Беларусі. У кастрычніку 2016 году падпісалі міжурадавы Пратакол аб падтрымцы вытворчасьці маторных транспартных сродкаў на тэрыторыі Віетнаму. Адначасна набыло моц Пагадненьне аб прасторы вольнага гандлю між Віетнамам і Эўразійскім эканамічным зьвязам, у які ўваходзіла Беларусь. У выніку за 2016—2019 гады двухбаковы таваразварот вырас 121 млн да 211 млн даляраў, а дадатнае сальда Беларусі скарацілася з 33-х млн да 5 млн $. У 2021 годзе гандаль склаў 200 млн $, а сальда стала адмоўным на ўзроўні -14,5 млн $. Зь Беларусі пераважна пастаўлялі калійныя ўгнаеньні, цяжкавікі, кар'ерныя самазвалы і трактары, шыны і малочныя вырабы, ялавічыну і сынтэтычныя ніткі, а таксама поліаміды. Зь Віетнаму завозілі прылады сувязі і кампутары, морапрадукты і рыс, гарэхі і абутак, адзеньне і натуральны каўчук, трапічную садавіну і гарбату, каву і прыправы. Дачынныя прадпрыемствы тавараправоднай сеткі ў Віетнаме мелі «Менскі аўтазавод» і «Менскі трактарны завод». У лютым 2019 году «Менскі малочны завод № 1» і «Віетнамскае харчовае імпартна-экспартнае і вытворчае прадпрыемства» (правінцыя Хынг'ен) заснавалі сумеснае прадпрыемства «Віетнамскае малако» для вытворчасьці малочных вырабаў зь беларускай сыравіны ў Віетнаме. У верасьні 2019 году «Менскі аўтамабільны завод» адчыніў зборачны завод цяжкавікоў у правінцыі Хынг'ен. Пры гэтым «МАЗ» заключыў рамачную ўгоду з СП «МАЗ Азіі» на пастаўку 500 цяжкавікоў, зь якіх прынамсі па 100 за год. У красавіку 2020 году малочныя вырабы зь Беларусі атрымалі пасьведчаньне на продаж у Віетнаме. У сакавіку 2022 году прайшло 15-е паседжаньне беларуска-віетнамскай міжурадавай камісіі гандлёва-эканамічнай і навукова-тэхнічнай супрацы. У красавіку 2022 году на 31-й Міжнароднай выставе Віетнаму ў Ханоі прадставілі нацыянальную экспазыцыю Беларусі[9].

Культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

5 чэрвеня 1995 году заключылі міжурадавае Пагадненьне аб навукова-тэхнічнай супрацы[10]. У 2004 годзе Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт і Народны камітэт Ханою заключылі Пагадненьне аб сяброўскіх адносінах і супрацы[11]. 21 сьнежня 2007 году ў Менску Міністэрства культуры Беларусі і Міністэрства культуры, спорту і турызму Віетнаму заключылі Пагадненьне аб культурнай супрацы[12]. 29 лістапада 2011 году падпісалі Пагадненьне аб супрацы ў галіне адукацыі, паводле якога віетнамскія студэнты і асьпіранты праходзілі падрыхтоўку ў Беларусі[10]. У 2014 і 2016 гадох Віетнам наведалі дэлегацыі Гомельскага аблваканкаму і Менскага гарвыканкаму[11].

У траўні 2017 году правялі Дні культуры Беларусі ў Віетнаме, прысьвечаныя 25-годзьдзю ўсталяваньня дыпляматычных дачыненьняў між Беларусьсю і Віетнамам. У студзені 2018 году ўрад Беларусі аказаў гуманітарную дапамогу сярэдзінным абласьцям Віетнаму, пацярпелым ад тайфуну «Дамры» ў лістападзе 2017 году. У чэрвені 2018 г. прайшлі Дні культуры Віетнаму ў Беларусі, якія ахапілі Берасьце і Менск. У чэрвені 2019 году дзіцячы ансамбль «Равесьнік» зладзіў канцэртнае падарожжа ў Ханой, Нячанг і правінцыю Хынг'ен. У жніўні 2019 году група віетнамскіх дзяцей прайшла аздараўленьне ў летніку «Зубраня» на Нарачы. 24 верасьня 2019 году міністэрствы культуры Беларусі і Віетнаму падпісалі Праграму супрацы на 2020—2021 гады[12].

25 верасьня 2019 году ў Ханоі прайшло 11-е паседжаньне Сумеснай камісіі навукова-тэхнічнай супрацы. У тэхнапарку БНТУ «Палітэхнік» дзейнічала беларускае аддзяленьне Беларуска-віетнамскага цэнтру садзейнічаньня навукова-тэхнічнай супрацы[10]. 11 траўня 2020 году ўрад Віетнаму перадаў у Беларусь 20 000 мэдычных масак падчас каронавіруснай пандэміі. 3 лістапада 2021 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 630 аб аказаньні дапамогі Віетнаму для пераадоленьня ўспышкі каронавіруснай інфэкцыі. 25 сьнежня 2021 году Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Беларусі даставіла ў Віетнам звыш 15 тонаў мэдычных масак і мэдычнага абсталяваньня[12].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Амбасада Віетнаму ў Беларусі (2019 год)

24 студзеня 1992 году ўрады Беларусі і Віетнму ўсталявалі дыпляматычныя дачыненьні. У красавіку 1997 году прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка ўпершыню зрабіў афіцыйны візыт у Віетнам. У сьнежні 1997 годзе Гандлёвае прадстаўніцтва Беларусі ў Віетнаме пераўтварылі ў Амбасаду. У жніўні 1998 году віетнамскі прэзыдэнт Чан Дык Лыонг упершыню наведаў Беларусь. У верасьні 2000 году візыт у Беларусь зрабіў старшыня ўраду Віетнаму Фан Ван Кхай[13]. У кастрычніку 2002 году афіцыйны візыт у Беларусь ажыцьцявіў генэральны сакратар Камуністычнай партыі Віетнаму Нонг Дык Мань, а ў студзені 2003 году — старшыня Народнага сходу Віетнаму Нгуен Ван Ань[7]. У сьнежні 2003 году ў Менску адчынілі Амбасаду Віетнаму ў Беларусі. У лістападзе 2004 году старшыня ўраду Беларусі Сяргей Сідорскі ўпершыню пабываў зь візытам у Віетнаме[13]. У сакавіку 2005 году прызначылі першага віетнамскага амбасадара ў Беларусі. У траўні 2005 году старшыня Савету Рэспублікі Беларусі Генадзь Навіцкі зрабіў візыт у Віетнам, а ў лютым 2006 году — старшыня Палаты прадстаўнікоў Беларусі Уладзімер Канаплёў. На 2008 год у Беларусі налічвалася каля 600 грамадзянаў Віетнаму[7].

У 2008 годзе А. Лукашэнка паўторна наведаў Віетнам. У траўні 2010 году віетнамскі прэзыдэнт Нгуен Мінь Чыет зрабіў візыт у адказ. У 2011 годзе Міхаіл Мясьніковіч стаў 2-м старшынёй ураду Беларусі, які наведаў Віетнам. У 2013 годзе старшыня віетнамскага ўраду Нгуен Тан Зунг наведаў Беларусь. У сакавіку 2014 году міністар замежны справаў Беларусі Ўладзімер Макей ажыцьцявіў візыт у Віетнам. У лістападзе 2014 году афіцыйны візыт у Беларусь ажыцьцявіў генэральны сакратар Камуністычнай партыі Віетнаму Нгуен Фу Чонг. У 2015 годзе А. Лукашэнка 3-і раз наведаў Віетнам з афіцыйным візытам. У кастрычніку 2016 году візыт у Віетнам правёў намесьнік старшыні ўраду Беларусі Ўладзімер Сямашка[13].

У чэрвені 2017 году дзяржаўны візыт у Беларусь ажыцьцявіў віетнамскі прэзыдэнт Чан Дай Куанг. У сакавіку 2018 году намесьнік старшыні ўраду Ўладзімер Сямашка паўторна наведаў Віетнам. У чэрвені 2018 году ўрад Беларусі падтрымаў прадстаўніка Віетнаму на выбарах у Камісію ААН па праве міжнароднага гандлю на пэрыяд 2019—2025 гадоў ад азіяцкай рэгіянальнай групы. У верасьні 2019 году намесьнік старшыні ўраду Беларусі Ігар Ляшэнка зрабіў візыт у Віетнам. У сьнежні 2019 году афіцыйны візыт у Беларусь узначаліў старшыня Народнага сходу Віетнаму Нгуен Тхі Кім Нган. У 2021 годзе ўрад Беларусі падтрымаў 4-х прадстаўнікоў Віетнаму на выбарах ва ўстановы ААН[13].

5 сьнежня 2022 году Генэральнае консульства Беларусі ў Хашыміне пачало аказаньне паслуг. Амбасадар Беларусі ў Віетнаме Ўладзімер Баравікоў, генэральны консул Руслан Варанкоў і намесьніца старшыні Менскага гарвыканкаму Надзея Лазарэвіч узялі ўдзел у адпаведнай урачыстасьці. Генконсульства мела прымаць наведнікаў у панядзелак, сераду і пятніцу з 9:30 да 12:30. Яго разьмясьцілі ва ўсходнім прадмесьці Тхудык на 31-м праезьдзе, д. 2, корп. 6 (акруга Ан Кхань, 2-і квартал)[14].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Пасол Беларусі // Амбасада Беларусі ў Віетнаме, 2022 г. Праверана 14 сьнежня 2022 г.
  2. ^ Бязвізавы рух (агульная інфармацыя) // Партал «Беларусь. Факты», 2022 г. Праверана 14 сьнежня 2022 г.
  3. ^ Інфармацыя аб бязьвізавым перамяшчэньні праз аэрапорты Рэспублікі Беларусь // Партал «Беларусь. Факты», 2022 г. Праверана 14 сьнежня 2022 г.
  4. ^ Пасольства // Амбасада Беларусі ў Віетнаме, 2022 г. Праверана 14 сьнежня 2022 г.
  5. ^ Генэральнае консульства Рэспублікі Беларусь у г.Хашыміне // Амбасада Беларусі ў Віетнаме, 2022 г. Праверана 14 сьнежня 2022 г.
  6. ^ Дыпляматычны даведнік // Міністэрства замежных справаў Беларусі, 2022 г. Праверана 14 сьнежня 2022 г.
  7. ^ а б в Беларуска-віетнамскія дачыненьні (віет.) // Амбасада Віетнаму ў Беларусі, 11 лістапада 2008 г. Праверана 14 сьнежня 2022 г.
  8. ^ Пагадненьні, дамовы і мэмарандумы аб узаемаразуменьні між дзьвюма краінамі (віет.) // Амбасада Віетнаму ў Беларусі, 2022 г. Праверана 14 сьнежня 2022 г.
  9. ^ Гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва // Амбасада Беларусі ў Віетнаме, 2022 г. Праверана 14 сьнежня 2022 г.
  10. ^ а б в Навукова-тэхнічнае ўзаемадзеяньне, супрацоўніцтва ў галіне адукацыі // Амбасада Беларусі ў Віетнаме, 2022 г. Праверана 14 сьнежня 2022 г.
  11. ^ а б Культурнае і гуманітарнае супрацоўніцтва // Амбасада Беларусі ў Віетнаме, 2022 г. Праверана 14 сьнежня 2022 г.
  12. ^ а б в Культурнае і гуманітарнае супрацоўніцтва // Амбасада Беларусі ў Віетнаме, 2022 г. Праверана 14 сьнежня 2022 г.
  13. ^ а б в г Палітычнае ўзаемадзеянне // Амбасада Беларусі ў Віетнаме, 2022 г. Праверана 14 сьнежня 2022 г.
  14. ^ Аб запуску консульскіх паслуг у Генэральным консульстве ў Хашыміне // Амбасада Беларусі ў Віетнаме, 5 сьнежня 2022 г. Архіўная копія ад 6 сьнежня 2022 г. Праверана 14 сьнежня 2022 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]