Аб’яднаны інстытут энэргетычных і ядзерных дасьледаваньняў «Сосны»
Каардынаты: 53°50′6″ пн. ш. 27°47′11″ у. д. / 53.835° пн. ш. 27.78639° у. д.
Інстытут «Сосны» | |
Аб’яднаны інстытут энэргетычных і ядзерных дасьледаваньняў «Сосны» | |
Абрэвіятура | АІЭЯД «Сосны» |
---|---|
Дата ўтварэньня | 22 чэрвеня 1965 (59 гадоў таму) |
Тып | навуковая |
Юрыдычны статус | дзяржаўная ўстанова |
Мэта | досьледы ў галіне ядзернай фізыкі |
Штаб-кватэра | Заводзкі раён, пасёлак Сосны,, вул. Красіна, д. 99[1] |
Месцазнаходжаньне | Менск |
Дзейнічае ў рэгіёнах | Беларусь |
Афіцыйныя мовы | расейская |
Кіраўнік | Андрэй Кузьмін |
Навуковы сакратар | Арцём Радкевіч |
Матчына кампанія | Нацыянальная акадэмія навук Беларусі |
Колькасьць супрацоўнікаў | 380 (2021 год) |
Колькасьць валянтэраў | 12 (2021 год) |
Сайт | sosny.bas-net.by |
Колішняя назва | Інстытут ядзернай энэргетыкі |
Аб’ядна́ны інстыту́т энэргеты́чных і я́дзерных дасьле́даваньняў «Со́сны» — дасьледчая ўстанова Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, заснаваная ў чэрвені 1965 году ў пасёлку Сосны (цяпер Заводзкі раён Менску) ў якасьці Навукова-дасьледчага інстытуту ядзернай энэргетыкі.
На 2021 год АІЭЯД «Сосны» належалі 20 прамысловых патэнтаў[2]. Са сьнежня 1998 году па-ангельску выпускалі штоквартальны навуковы часопіс «Нелінейныя зьявы ў складаных сыстэмах» (ISSN 1561-4085 і анлайн 1817-2458)[3]. Па-ангельску і па-расейску ладзілі міжнародную канфэрэнцыю «Ядзерная энэргетыка, ядзерныя і радыяцыйныя тэхналёгіі ХХІ стагодзьдзя» (8-я ў 2020 годзе)[4]. У асьпірантуру набіралі на 5 спэцыяльнасьцяў: 1) цеплафізыка і тэарэтычная цеплатэхніка, 2) фізыка атамнага ядра і элемэнтарных часьцінак, 3) ядзерныя энэргетычныя ўстаноўкі, 4) радыяхімія, 5) энэргетычныя сыстэмы і комплексы. У асьпірантуры навучалася 10 асьпірантаў дзённа і 1 завочна. У дактарантуру прымалі на першыя 3 спэцыяльнасьці. Навучаўся 1 дзённы дактарант[5].
Будова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2021 год Аб’яднаны інстытут энэргетычных і ядзерных дасьледаваньняў «Сосны» налічваў 6 аддзелаў: 1) навукова-тэхнічнай інфармацыі, 2) міжнародных сувязяў, 3) радыяцыйнай тэхнікі і тэхналёгіі, 4) фізычнай абароны ядзерных матэрыялаў і установак, 5) эксплюатацыі тэхналягічных сыстэмаў пункту захоўваньня і сховішчаў крыніц іянізавальнага выпраменьваньня і радыёактыўных адкідаў; 6) радыяцыйнай бясьпекі. Таксама ў АІЭЯД «Сосны» дзейнічала 16 лябараторыяў:
- рэабілітацыі тэхнагенна забруджаных тэрыторыяў № 4;
- радыяцыйна-хімічных дасьледаваньня навакольля № 5;
- формаў радыёнуклідаў (мэтал-іёнаў) у рашчынах № 6;
- абсталяваньня ядзерных энэргетычных установак і рэсурсаашчадных тэхналёгіяў № 10;
- досьледных ядзерна-фізычных дасьледаваньняў і экспэртных аналізаў радыёактыўных матэрыялаў № 13;
- радыяцыйных і энэргатэхналягічных дасьледаваньняў № 14;
- дэтэрмінісцкага і імавернаснага аналізу бясьпекі аб'ектаў выкарыстаньня ядзернай энэргіі № 17;
- фізыкі ядзерных рэактараў № 18;
- цепламасапераносу і гідрадынамікі ў энэргетычным абсталяваньні № 19;
- нэўтроннай фізыкі № 21;
- ядзерна-фізычных канстантаў № 23;
- радыяцыйна-хімічных працэсаў № 24;
- праблемаў ядзернай фізыкі і бясьпекі № 28;
- энэргетычнага плянаваньня, распрацовак тэхнічных нарматыўных актаў, экспэртнага аналізу матэрыялаў і навукова-арганізацыйнага забесьпячэньня Дзяржаўнай праграмы № 29;
- мадэляваньня і супэркампутарных тэхналёгіяў у ядзернай фізыцы і энэргетыцы № 30;
- досьледнай фізыкі і ядзернай бясьпекі рэактарных установак № 33[6].
Абсталяваньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2021 год Аб’яднаны інстытут энэргетычных і ядзерных дасьледаваньняў «Сосны» меў:
- ядзерна-фізычны комплекс «Яліна» зь міжнароднай эўрапейскай лябараторыяй для вывучэньня ядзерных рэактараў новага пакаленьня;
- крытычны стэнд «Гіяцынт», створаны ў 2007 годзе для вывучэньня нэўтроннага размнажэньня;
- супэркампутар апрацоўкі зьвестак «Скіф К-500» на апаратных сэрвэрах вытворчасьці «Дэл» і «ІБМ»;
- трэнажор мадэляваньня здарэньняў на атамнай электрастанцыі з вода-вадзяным энэргетычным рэактарам «Томас-1»;
- паскаральнік электронаў ПЭЛВ-10-10 для вывучэньня радыяцыйнай стойкасьці вырабаў і матэрыялаў;
- гама-ўстаноўка УГУ-420 магутнасьцю 420 кілакюры з апраменьваньнем кобальтам-60;
- вымяральнік «Канас» для выяўленьня атрутных і ракатворных рэчываў у вадзе, глебе, ежы, паветры і тканках арганізму[7].
Напрамкі дасьледаваньняў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Энэргетыка (у тым ліку ядравая)
- Забесьпячэньне бясьпекі атамных электрастанцыяў, якія распрацоўваюцца і эксплюатуюцца
- Энэргаплянаваньне
- Энэргетычная бясьпека
- Энэргазьберажэньне
- Выкарыстаньне другасных энэргарэсурсаў
- Тэхналёгія і стратэгія выкарыстаньня аднаўляльных крыніц энэргіі ў краіне, у тым ліку на забруджаных радыёнуклідамі тэрыторыях.
- Тэхналёгіі мінімізацыі тэхнагеннай рызыкі.
- Фізыка і хімія ўзаемадзеяньня выпрамяненьня з рэчывам
- Фізычныя, хімічныя, біялягічныя мэтады дасьледаваньня і тэхналёгіі атрыманьня новых рэчываў і матэрыялаў з выкарыстаньнем радыяацыйнага ўзьдзеяньня.
- Ядравая фізыка і радыяацыйныя тэхналёгіі.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]22 траўня[8] 1962 году на навукова-дасьледчай пляцоўцы быў уведзены ў эксплюатацыю атамны рэактар ІРТ-2000. Аб’ект лічыўся стратэгічным, таму яго ахову забясьпечваў КДБ. 22 чэрвеня 1965 году стварылі Навукова-дасьледчы інстыт ядзернай энэргетыкі (НДІЯЭ) Акадэміі навук Беларускай ССР. Першым дырэктарам Істытуту быў акадэмік Андрэй Красін, які быў адным са стваральнікаў першай у сьвеце атамная электрастанцыя ў Обнінску. Недалёка ад інстытуту разьмесьціліся вайсковыя часткі Памежных войскаў. Цягам 1965—1992 гадоў АІЭЯД «Сосны» працаваў над двума асноўнымі праектамі: «Памір» і рэактар на хуткіх нэўтронах БРІГ-300. БРІГ-300 прызначаўся для выкарыстаньня на атамнай станцыі[9]. Замоўнікам абодвух праектаў было Міністэрства абароны СССР[10]. У 1973 годзе стварылі Спэцыяльнае канструктарскае бюро (СКБ) з досьледнай вытворчасьцю ядзерных прыладаў. У 1985 годзе запусьцілі 1-ю ў сьвеце перасоўную АЭС «Памір-630Д». Яе цеплавая магутнасьць складала 10 мэгават, а электрычная — 630 кіляват. АЭС была з дысацыявальным цепланосьбітам і працоўным целам нітрын на аснове азоцістага тэтрааксыду[11].
У 1991 годзе са складу Інстытуту ядзернай энэргетыкі (ІЯЭ) вылучылі Інжынэрна-тэхналягічны цэнтар (ІТЦ) «Сосны» і 3 навукова-дасьледчыя інстытуты (НДІ): Інстытут праблемаў энэргетыкі, Інстытут радыёэкалягічных праблемаў і Інстытут радыяцыйных фізыка-хімічных праблемаў. У 1993 годзе ІЯЭ пераўтварылі ў Акадэмічны навукова-тэхналягічны комплекс (АНТК) «Сосны», у склад якога ўвайшлі: «Акадэмічнае» досьледна-канструктарскае бюро і ІТЦ «Сосны», а таксама 3 вышэйзгаданыя НДІ. 11 траўня 2001 году АНТК «Сосны» перайменавалі ў Цэнтар ядзерных тэхналёгіяў «Сосны»[12].
Ад 2001 да 2004 генэральным дырэктарам аб’яднанага інстытуту быў Аляксандар Міхалевіч[13]. У 2002 годзе Інстытут праблемаў энэргетыкі НАН Беларусі, Інстытут радыяцыйных фізыка-хімічных праблемаў, Інстытут радыёэкалягічных праблемаў і прадпрыемства «ІТЦ-Сосны» увайшлі ў склад Аб’яднанага інстытуту энэргетычных і ядзерных дасьледаваньняў[14]. 12 лістапада 2007 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 565 «Аб некаторых захадах па будаўніцтве атамнай электрастанцыі», якім прызначыў Аб’яднаны інстытут энэргетычных і ядзерных дасьледаваньняў «Сосны» выконваць навуковае суправаджэньне будоўлі Беларускай АЭС. 11 студзеня 2012 году Савет міністраў Беларусі прызначыў ІЯЭД «Сосны» аказваць Міністэрству па надзвычайных сытуацыях Беларусі навукова-тэхнічную падтрымку ў рэгуляваньні радыяцыйнай і ядзернай бясьпекі[11]. На 2012 год налічваў 396 супрацоўнікаў. На 2021 год Інстытут «Сосны» налічваў 380 супрацоўнікаў, зь якіх было 150 навуковых. Сярод іх было 45 кандыдатаў і 15 дактароў навук. Супрацоўнікі Інстытуту выкладалі ў 4-х унівэрсытэтах Менску — БДУ, БДТУ, БНТУ і БДАТУ[11].
«Памір»
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Адным з галоўных праектаў была распрацоўка мабільнай АЭС на колавым шасі. Рэактарная ўстаноўка атрымала назву «Памір». Галоўным канструктарам праекту быў Васіль Несьцярэнка[15]. Усяго было сабрана два камплекты мабільнай АЭС, адзін зь якіх пасьпеў цалкам прайсьці выпрабаваньні.
Памір прызначаўся для электразабесьпячэньня пускавых ракетных установак у Сыбіры.[10] Рэактарны і турбагенэратарны блёкі былі разьмешчаныя на шасі двух цягачоў МАЗ-537. Пульт кіраваньня і памяшканьні для пэрсаналу былі разьмешчаныя яшчэ на двух аўтамабілях. Усяго станцыю абслугоўвала 28 чалавек. Устаноўка была разьлічаная на перавозку чыгуначным, марскім і авіяцыйным транспартам — самым цяжкім кампанэнтам быў рэактарны аўтамабіль, які важыў 60 тон.
Распрацоўка «Паміру» перапыніліся ўвосень 1986 году.[10] Абодва існыя на той момант камплекты «Паміру» былі зьнішчаныя. Паводле намесьніка дырэктара АІЭЯД «Сосны» па навуковай працы Анатоля Якушава, адмова ад праекту зьвязваюць з палітыкай раззбраеньня СССР.[10] Адзіная дэталь, якая захавалася дагэтуль, — мэталічная канструкцыя актыўнай зоны рэактару, усталяваная на тэрыторыі інстытуту ў выглядзе часткі манумэнту «Паміру». Акрамя гэтага клюб «Рэактар», які знаходзіўся ў Менску, меў некалькі элемэнтаў, якія выкарыстоўваліся для выпрабаваньняў «Паміру» ў Соснах.[10]
У выніку Інстытут зараз мае некаторыя запасы ўзбагачанага ўрану, які выкарыстоўваецца ў навуковых мэтах.
Кіраўнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Андрэй Красін (1965—1981)
- Аляксандар Міхалевіч (2001—2004)
- Андрэй Кузьмін (на 2021 год)
Сучасныя распрацоўкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На гэты момант сярод праектаў Інстытуту варта адзначыць дасьледваньні па пераўтварэньні доўгажывучых радыяактыўных ядраў у стабільныя з дапамогай нэўтронаў. Навукоўцы спрабуюць дамагчыся таго, каб радыяактыўныя элемэнты, напрыклад, элемэнты адпрацаванага паліва атамных станцыяў, якія застаюцца небясьпечнымі на працягу некалькіх сотняў або тысячаў гадоў, перапрацоўваць у элемэнты, якія распадаюцца на працягу гадзін або нават сэкундаў.
Для гэтага ў Інстытуце быў збудаваны «падкрытычны» рэактар малой магутнасьці. Гэта значыць, што ў ім маса радыяактыўнага матэрыялу менш крытычнай масы, пры якой ідзе актыўнае вылучэньне энэргіі.
Пры гэтым рэактар загружаны ўранам-235 агульнай масай 70 кг.
Лябараторыя мае статус міжнароднай, і ў праекце прымаюць удзел навукоўцы зь іншых краінаў.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Кантакты (рас.) // Аб’яднаны інстытут энэргетычных і ядзерных дасьледаваньняў «Сосны», 2021 г. Праверана 17 ліпеня 2021 г.
- ^ Патэнты (рас.) // Аб’яднаны інстытут энэргетычных і ядзерных дасьледаваньняў «Сосны», 2021 г. Праверана 17 ліпеня 2021 г.
- ^ Публікацыі (рас.) // Аб’яднаны інстытут энэргетычных і ядзерных дасьледаваньняў «Сосны», 2021 г. Праверана 17 ліпеня 2021 г.
- ^ Канфэрэнцыі (рас.) // Аб’яднаны інстытут энэргетычных і ядзерных дасьледаваньняў «Сосны», 2021 г. Праверана 17 ліпеня 2021 г.
- ^ Падрыхтоўка навуковых кадраў (рас.) // Аб’яднаны інстытут энэргетычных і ядзерных дасьледаваньняў «Сосны», 2021 г. Праверана 17 ліпеня 2021 г.
- ^ Падразьдзяленьні (рас.) // Аб’яднаны інстытут энэргетычных і ядзерных дасьледаваньняў «Сосны», 2021 г. Праверана 17 ліпеня 2021 г.
- ^ Тэхналёгіі (рас.) // Аб’яднаны інстытут энэргетычных і ядзерных дасьледаваньняў «Сосны», 2021 г. Праверана 17 ліпеня 2021 г.
- ^ Вікторыя Целяшук. Як «Зьвязда» пісала гісторыю: 1954—1964 // Зьвязда : газэта. — 29 красавіка 2017. — № 81 (28445). — С. 7. — ISSN 1990-763x.
- ^ Кувшинов В. И. Национальная академия наук Беларуси. Прэзентацыя Дата прагляду 12.03.2016.
- ^ а б в г д «Памир» укрыли в «Соснах» Российская газета. Дата прагляду 12.03.2016.
- ^ а б в Пра інстытут (рас.) // Аб’яднаны інстытут энэргетычных і ядзерных дасьледаваньняў «Сосны», 2021 г. Праверана 17 ліпеня 2021 г.
- ^ «Сосны», акадэмічны навукова-тэхналягічны комплекс // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2002. — Т. 15: Сьледавікі — Трыё. — С. 89—90. — 552 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0251-2
- ^ Лаборатория Энергобезопасность.(недаступная спасылка) Сайт института энергетики (рас.)
- ^ Хроника Минска: 60 лет после Победы. Вечерний Минск (рас.)
- ^ НЕСЦЯРЭНКА Васіль Барысавіч Памяці вучонага — Нацыянальная акадэмія навук Беларусі
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Навіны і падзеі (рас.) // Аб’яднаны інстытут энэргетычных і ядзерных дасьледаваньняў «Сосны», 2021 г. Праверана 17 ліпеня 2021 г.