Перайсьці да зьместу

Аляксандар Аляксандравіч Каваленя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Аляксандар Аляксандравіч Каваленя
Дата нараджэньня 14 сакавіка 1946(1946-03-14) (78 гадоў)
Месца нараджэньня Капыль, Менская вобласьць, Беларуская ССР, СССР
Месца вучобы Менскі дзяржаўны пэдагагічны інстытут (1975)
Занятак навуковец
Навуковая сфэра гісторыя
Месца працы Нацыянальная акадэмія навук Беларусі
Вядомы як Аўтар манаграфіі «Беларусь у гады Другой сусьветнай вайны (1939—1945)» (1996), кіраўнік Інстытуту гісторыі НАНБ (2004—2010)
Сябра ў Беларуска-германская гістарычная камісія[d][1]
Навуковая ступень доктар гістарычных навук[d] (2000)
Навуковы кіраўнік Аляксандар Мацко
Узнагароды
Мэдаль Францішка Скарыны
Мэдаль Францішка Скарыны

Алякса́ндар Алякса́ндравіч Кавале́ня (нар. 14 сакавіка 1946 году, Капыль Менскай вобласьці, цяпер Беларусь) — беларускі гісторык. Доктар гістарычных навук (2000), прафэсар (2004), Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2021), раней сябра-карэспандэнт (НАНБ; 2014). Акадэмік-сакратар аддзяленьня гуманітарных навук і мастацтваў НАНБ (2009)[2].

Нарадзіўся ў сям’і дырэктара школы Аляксандра Емяльянавіча і хатняй гаспадыні Ганны Аляксандраўны Каваленяў, якія ў Другую сусьветную вайну былі савецкімі партызанамі. У сям’і было 6 дзяцей: 4 хлопцы і 2 дзяўчыны. У 1962 годзе, пасьля заканчэньня 9 клясаў школы, паступіў у Менскую прафэсійна-тэхнічную вучэльню (ПТВ) № 23. Скончыўшы ПТВ на выдатна, атрымаў спэцыяльнасьць сьлесара. Адначасна з ПТВ наведваў школу рабочай моладзі, якую закончыў у 1964 годзе. У сувязі з заняткамі аэраклюбе і радыёшколе яго накіравалі ў дэсантныя войскі Савецкага войска. У 1968 годзе, пасьля дэмабілізацыі з войска ў званьні сяржанта, уладкаваўся на будоўлю ў Менску. У 1970 годзе паступіў на гісторыка-геаграфічны факультэт Менскага дзяржаўнага пэдагагічнага інстытуту (МДПІ). Падчас летніх вакацыяў працаваў у студэнцкіх будаўнічых атрадах у Карэліі і Сыбіры (Расейская СФСР), на будоўлях Беларусі. Некалькі разоў абіраўся выкладнікамі старшынём прафсаюзнага бюро факультэту. У 1974—1979 гадах узначальваў студэнцкі прафсаюзны камітэт інстытуту. У 1973 годзе ажаніўся з Тамарай Кузьмінічнай. У 1975 годзе нарадзілася дачка Алена[2].

У 1979 г. стаўся асьпірантам катэдры гісторыі КПСС МДПІ. У 1983 годзе пад кіраўніцтвам доктара гістарычных навук і прафэсара Аляксандра Мікалаевіча Мацко абараніў кандыдацкую дысэртацыю на тэму «Ідэйна-палітычная праца падпольных партыйных арганізацыяў КП(б)Б у партызанскіх зонах». Са сьнежня 1982 году працаваў на пасадзе асыстэнта катэдры гісторыі КПСС МДПІ. У траўні 1987 году абраўся на пасаду дацэнта катэдры. У 1983—1991 гадах быў чальцом Рэспубліканскай каардынацыйнай рады распрацоўкі праблемаў гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. З 1987 г. удзельнічаў у распрацоўцы дзяржаўных праграмаў фундамэнтальных дасьледаваньняў нацыянальнай гісторыі Беларусі ў супрацы з аддзелам ваеннай гісторыі Інстытута гісторыі НАНБ. У 1994 годзе атрымаў залічэньне ў дактарантуру. У 1996 годзе абраўся загаднікам катэдры айчыннай і сусьветнай гісторыі Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Максіма Танка (БДПУ). Утварыў на катэдры асяродак вывучэньня і папулярызацыі гісторыі Другой сусьветнай вайны[2].

Яго манаграфію «Беларусь у гады Другой сусьветнай вайны (1939—1945)» (Мн., 1996) адзначылі прэміяй і Дыплёмам ляўрэата конкурсу БДПУ імя Максіма Танка за 1997 год. У 2000 годзе абараніў доктарскую дысэртацыю пад кіраўніцтвам прафэсара Аляксандра Мацко па тэме сваёй манаграфіі «Прагерманскія саюзы моладзі на Беларусі. 1941—1944. Вытокі. Структура. Дзейнасьць» (Мн., 1999). У 2004 годзе яму прысвоілі навуковае званьне прафэсара. На даручэньне Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь падрыхтаваў навучальна-мэтадычны комплекс «Вялікая Айчынная вайна савецкага народу (у кантэксьце Другой сусьветнай вайны)» (Мн., 2006—2009) у складзе праграмы, падручнікаў для ВНУ і сярэдніх агульнаадукацыйных установаў, даведніка, рабочага сшытака, хрэстаматыі і дапаможніка для настаўніка. У 2005—2006 гадах падручнікі навучальна-мэтадычнага комплесу адзначылі адмысловымі дыплёмамі на агульнабеларускіх конкурсах «Мастацтва кнігі»[2].

У 2004—2010 гадах працаваў кіраўніком Інстытуту гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі. На сваёй пасадзе дасягнуў выкананьня Дзяржаўнай комплекснай праграмы навуковых дасьледаваньняў на 2006—2010 гг. «Гісторыя беларускай нацыі, дзяржаўнасьці і культуры», адчыніў Археалягічную навукова-музэйную экспазыцыю аб гісторыка-культурнай спадчыне Беларусі, правёў абнаўленьне музэю гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і музэю прыроды і гісторыі Нацыянальнага парка «Белавеская пушча», а таксама распрацаваў навуковую канцэпцыю Нацыянальнага гістарычнага музэю Рэспублікі Беларусь. У лютым 2009 г. атрымаў прызначэньне акадэмікам-сакратаром Аддзяленьня гуманітарных навук і мастацтваў НАНБ і ўвайшоў у склад Прэзыдыюма НАНБ[2].

Навуковая дзейнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2011 год выдаў каля 40 асабістых і калектыўных манаграфіяў, падручнікаў і навучальных дапаможнікаў, больш за 300 навуковых артыкулаў. Выступаў навуковым рэдактарам і рэцэнзэнтам больш чым 60 манаграфіяў, навуковых зборнікаў, навукова-мэтадычных дапаможнікаў, падручнікаў і дысэртацыйных працаў. Падрыхтаваў 4 кандыдаты навук і 8 магістраў. У 2005 г. узначаліў раду па абароне доктарскіх і кандыдацкіх дысэртацыяў у Інстытуце гісторыі НАНБ. Быў навуковым рэдактарам і чальцом рэдакцыйных калегіяў і саветаў часопісаў «Даклады Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», «Весьці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Сэрыя гуманітарных навук», «Архівы і справаводства», «Беларуская думка», «Беларускі гістарычны часопіс», «Гісторыя праблемы выкладаньня», «Гістарычная прастора. Праблемы гісторыі краін СНД» і «Нёман». Браў удзел у больш чым 130 навуковых канфэрэнцыях, кангрэсах, сімпозіюмах і «круглых сталах». Выступаў арганізатарам каля 90 зь іх[2].

У 2002—2003 гадах адзначаўся Пасьведчаньнем Спэцыяльнага фонду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь за асабісты ўклад у разьвіцьцё здольнасьцяў таленавітай моладзі. У 2002 г. узнагароджваўся знакам «Выдатнік адукацыі». У 2006 годзе — мэдалём Францішка Скарыны. У 2009 г. — Падзякай Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь і Ганаровай граматай НАНБ. У 2006 г. стаўся сапраўдным чальцом Міжнароднай славянскай акадэміі адукацыі імя Яна Каменскага за ўклад ва ўмацаваньне адзінства славянскіх народаў[2].

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]