Перайсьці да зьместу

Дзьвіна

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Заходняя Дзьвіна»)
Рака
Дзьвіна
лац. Dźvina
Дзьвіна ў Полацку
Дзьвіна ў Полацку
Агульныя зьвесткі
Выток возера Каракіна (Расея)
Вусьце Рыскі заліў
Краіны басэйну Беларусь, Латвія, Расея
Вобласьці Віцебская вобласьць, Цьвярская вобласьць, Смаленская вобласьць, Краслаўскі край, Аўгшдаўгаўскі край, Дзьвінск, Ліванскі край, Екабпілскі край, Айзкраўкльскі край, Огрскі край, Саласьпілскі край, Кекаўскі край і Рыга
Даўжыня 1020 км
Сярэднегадавы сьцёк 666 м³/с
Плошча басэйну 87,9 тыс. км²
Нахіл воднай паверхні 0,12 ‰
Месцазнаходжаньне
Дзьвіна на мапе

Дзьвіна́ (Захо́дняя Дзьвіна́; рас. Западная Двина, лат. Daugava) — рака ў Беларусі, Латвіі і Расеі, адна з найбуйнейшых у Беларусі. Даўжыня 1020 км (у межах Беларусі 328 км). Плошча вадазбору 87,9 тыс. км² (у межах Беларусі 33,2 тыс. км²). Выдатак вады ў вусьці 666 м³/с. Агульны спад ракі на тэрыторыі Беларусі 38 м. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,12 .

Старыя назвы — Эрыда́н, Рубо́н, Рудо́н, Дуна́, Дзіна́, Віна́[1].

Агульныя зьвесткі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пачынаецца на Валдайскім узвышшы з возера Каракіна за 14 км на паўднёвы захад ад вёскі Пена Цьвярской вобласьці (Расея) на вышыні 221 м над узроўнем мора, упадае ў Рыскую затоку Балтыйскага мора. Цячэ на Беларусі пераважна з усходу на захад Сураскай нізінай, паміж Гарадоцкім і Віцебскім узвышшамі і на большым сваім працягу — Полацкай нізінай.

Даліна трапэцападобнай формы, каля мястэчка Руба — каньёнападобная. Шырыня яе ў асноўным 3—4 км, паблізу ўтоку Вулы і на крайняй усходняй частцы Беларусі дасягае 10—15 км. Глыбіня ўрэза зьменьваецца ад 20—30 м да 40—50 м. У будове даліны часьцей за ўсё вылучаецца абалона і 2 (некаторыя дасьледнікі адзначаюць 3—4) надабалонавыя тэрасы. Абалона ў межах Сураскай нізіны вузкая — да 60 см. Вылучаюць 2 узроўні: нізкі (1,5—2 м над летнім урэзам ракі, штогод заліваецца ў разводзьдзе) і высокі (4—5 м, заліваецца толькі па шматсьнегавых зімах). Аналягічная будова захоўваецца да Віцебску, прычым шырыня нізкай абалоны 40—50 м, а высокай не перавышае 15—20 м. Каля мястэчка Руба абалона звужаецца да 10—20 м. На Полацкай нізіне яна таксама вузкая, з двума ўзроўнямі: ніжняя (2,5—3,5 м над летнім узроўнем вады) шырынёй 5—10 м і верхняя (5—5,5 м) 15—20 м. Толькі на асобных дзялянках абалона пашыраецца да 300—500 м (зрэдку да 3 км). Рэчышча зьвілістае, зарастае пераважна каля берагоў. Шырыня яго да вусьця ракі Вула 60—120 м, зрэдку да 190 м, каля граніцы з Латвіяй 100—140 м, зрэдку да 240 м. На рацэ існуюць парогі — на працягу 12 км вышэй за Віцебск цягнецца Вярхоўскі парог, утвораны выхадам блізка да дзённай паверхні дэвонскіх далямітаў: парожыстыя дзялянкі трапляюцца ў сутоках Дзісны і Дзьвіны каля места Дзісна, а таксама каля места Дрыса. Дно пяскова-камяністае і пясковае або пяскова-аточнае. Берагі ўмерана-стромкія, супясковыя, радзей — пяскова-гліністыя з валунамі, вышынёй да 8 м, зрэдку да 22 м.

Жыўленьне ракі мяшанае (пераважна сьнегавое зь вялікай доляй грунтавога). Асаблівасьць рэжыму — высокае веснавое разводзьдзе, нізкая летня-восеньская межань з частымі дажджавымі паводкамі, устойлівая зімовая межань. На пэрыяд веснавога разводзьдзя прыпадае 56%, летня-восеньскую межань 33%, зімовую — 11% сярэдняга сьцёку. Веснавое разводзьдзе доўжыцца 60—70 дзён (з канца сакавіка да 1-й дэкады чэрвеня). Сярэдняя вышыня над найніжэйшай межаньню 4,4—9 м, найбольшы ўзровень у межах Беларусі 13,5 м (1931). Летне-восеньская межань (доўжыцца 4—5 месяцаў) нярэдка парушаецца дажджавымі паводкамі вышынёй да 6 м. Зімовая межань каля 70—80 дзён. Замярзае ў 1-й дэкадзе сьнежня, крыгалом у 1-й дэкадзе красавіка. Найбольшая таўшчыня лёду 50—78 см (люты — сакавік). Веснавы ледаход 4—10 дзён. Найбольшы выдатак вады каля Віцебску 3320 м³/с (1991), Полацку 4060 м³/с (1956), найменшы адпаведна 8 м³/с (1940) і 25,4 м³/с (1938—1939). Сярэдні сьцёк завіслых наносаў каля 320 тыс. т. Вада на працягу року (з выняткам пэрыядаў веснавога разводзьдзя і летне-восеньскіх паводак) гідракарбанатна-кальцыевай клясы з рэзка выражаным гідракарбанатным характарам. Для памяншэньня забруджваньня Дзьвіны на прамысловых і камунальных прадпрыемствах ствараюцца ачышчальныя збудаваньні, вядзецца кантроль за гідратэхнічным рэжымам ракі, аднак яе стан пакуль не паляпшаецца. У 1990 у Наваполацку адбылося здарэньне, якое адмоўна паўплывала на іхтыяфаўну да самага вусьця ракі[2], падобная аварыя адбылася і ў 2007. Назіраньне за гідралягічным рэжымам на тэрыторыі Беларусі сыстэматычна вядзецца з 1878 (16 пастоў). У 1983 дзейнічалі гідралягічныя пасты Сураж, Віцебск, Ула, Полацак, Дрыса.

Рэльеф пераважна градава-ўзгорысты. З падвышаных формаў вылучаюцца паўночна-заходняя ўскраіна Смаленскай грады, Аршанска-Віцебскія вышыні, горы Катарсы, Браслаўская града і Невельска-Гарадоцкія вышыні. Значную частку вадазбору займаюць шырокія нізіны: Полацкая, Чашніцкая і Сураская. Сярэдняя вышыня вадазбору 187 м, сярэдні ўхіл 9,51‰.

Расьліннасьць прадстаўленая пераважна мяшаным лесам зь перавагай іглічных пародаў. Масівы сухога лесу, якія займаюць каля 27% плошчы вадазбору, разьмешчаныя нераўнамерна. У вярхоўі (да вусьця ракі Мяжы) яны займаюць каля паловы тэрыторыі, ніжэй па плыні ў асноўным засяроджаныя па правабярэжжы, у Полацкай нізіне.

Балоты мохавыя або травяныя, забалочаныя землі і забалочаныя лясы займаюць 20% плошчы. Большасьць балотаў разьмяшчаюцца ў верхняй частцы вадазбору (П’янішнік, Красны Мох, Бельскі Мох, Вялікасельскае балота і інш.).

Азёрнасьць вадазбору каля 3%. Адметнасьць левабярэжных азёраў — ланцугападобнае разьмяшчэньне (Жыжыцкае, Дрысьвяты, Лукомальскае, Дрывяты, Снуды, Струста, Вялінскае, Охват і інш.). Правабярэжныя звычайна невялікія, плыткія, зарослыя. Найбольшыя зь іх — Асьвейскае, Нешчарда, Езярышча.

Гаспадарчая дзейнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З даўніх часоў Дзьвіна — важны гандлёвы шлях, у ІХ—ХІ стагодзьдзях ёй праходзіла адно з асноўных адгалінаваньняў шляху з варагаў у грэкі. Засяленьне мясьціны адбылося яшчэ ў эпоху мэзаліту[3].

Рака злучаецца Бярэзінскай воднай сыстэмай (ня дзейнічае) з Дняпром. Суднаходзтва ажыцьцяўляецца ад Вяліжу (Расея) да Дрысы, у ніжняй плыні (у межах Латвіі) — на асобных дзялянках. Суднаходзтву перашкаджаюць парогі.

Значная частка (больш за 16%) плошчы вадазбору ў межах Беларусі на 1 студзеня 2006 мэліяраваная. Мэліярацыйныя працы ў большай ступені праводзіліся ў басэйнах такіх прытокаў Дзьвіны, як: Каспля (20.3%), Крывінка (31.2%), Вула (20.2%), Дзісна (23.5%), Масьніца (47.8%), Янка (42.9%)[4].

  1. ^ Дзесяць вякоў беларускай гісторыі (862—1918): Падзеі. Даты. Ілюстрацыі. / У. Арлоў, Г. Сагановіч. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 223 с.
  2. ^ Блакітная кніга Беларусі. Энцыкл. — Мн.: 1994.
  3. ^ Энцыклапедыя прыроды Беларусі: у 5 т. Т. 2: Гатня ― Катынь / Рэдкал.: І. П. Шамякін (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1983.
  4. ^ Гідрамэтцэнтар Беларусі (рас.)
  • Блакітная кніга Беларусі: энцыкл / Рэдкал.: Н. А. Дзісько, М. М. Курловіч, Я. В. Малашэвіч і інш.; Маст. В. Г. Загародні. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — ISBN 5-85700-133-1
  • Энцыклапедыя прыроды Беларусі: у 5 т. Т. 2: Гатня ― Катынь / Рэдкал.: І. П. Шамякін (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1983. — 520 с.
  • Государственный водный кадастр: Водные ресурсы, их использование и качество вод (за 2004 год) / М-во природных ресурсов и охраны окружающей среды. — Мн., 2005. — 135 с.
  • Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1—2. — Л., 1971.