Перайсьці да зьместу

Віцебская гідраэлектрастанцыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Віцебская ГЭС»)
Віцебская гідраэлектрастанцыя
2023 год
Краіна Беларусь
Месцазнаходжаньне Лужасна (Віцебскі раён)
Пачатак будаўніцтва 2013
Пачатак эксплюатацыі 31 ліпеня 2017 (7 гадоў таму)[1]
Кошт будаўніцтва 189,55 млн даляраў
Уласьнік Віцебскэнэрга[d][2]
Эксплюатуючая арганізацыя «Віцебскэнэрга»
Тэхнічныя парамэтры
На вадаёме Дзьвіна[3]
Генэруючая магутнасьць 40 мэгават
Месцазнаходжаньне
Геаграфічныя каардынаты 55° пн. ш. 30° у. д. / 55° пн. ш. 30° у. д. / 55; 30Каардынаты: 55° пн. ш. 30° у. д. / 55° пн. ш. 30° у. д. / 55; 30
Віцебская гідраэлектрастанцыя на мапе Беларусі
Віцебская гідраэлектрастанцыя
Віцебская гідраэлектрастанцыя
Віцебская гідраэлектрастанцыя

Ві́цебская гідраэлектраста́нцыя — гідраэлектрастанцыя Беларусі, запушчаная ў ліпені 2017 году на рацэ Дзьвіне ў Віцебскім раёне.

Узводзілася 5 гадоў. Мела 4 турбіны агульнай магутнасьцю 40 мэгаватаў, якіх ставала для забесьпячэньня электраэнэргіяй Віцебскага раёну[4]. Суднаходным шлюзам ГЭС на поўдзень ад Букаціна загадвала падразьдзяленьне «Віцебскводтранс» прадпрыемства «Дняпроўска-Бускі водны шлях». Даўжыня камэры шлюза складала 94 м, яе шырыня — 13,5 м, а перапад узроўню між верхнім і ніжнім б’ефам — 13 м[5].

Вадасховішча ГЭС плошчай 8,22 кв.км мела ёмістасьць 4,1 млн м³ пры нармальным падпорным узроўні (НПУ) 139 м. Абсталяваньне электрастанцыі ўлучала гідравузел, водазьліўную і земляную плаціны, а таксама адкрытую разьмеркавальную прыладу (АРП) напругай 110 кілявольт[6].

16 траўня 2014 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 219 «Аб будаўніцтве Віцебскай ГЭС на рацэ Заходняя Дзьвіна», якое сумесна з кітайскім прадпрыемствам мелі ажыцьцявіць да 2019 году[7]. Згодна зь 1-м пунктам Указу гідраэлектрастанцыю мелі ўзьвесьці «ў адпаведнасьці з кантрактам ад 27 сьнежня 2010 г., заключаным між РУП „Віцебскэнэрга“ і ТАА „Кітайская электраэнэргетыка“». Паводле 4-га пункту, у 2014—2018 гадох «Віцебскэнэрга» вызвалілі ад: 1) пакрыцьця стратаў, выкліканых выняцьцём сельскагаспадарчых і лясных земляў; 2) мытаў і падатку на дададзеную вартасьць (ПДВ) пры ўвозе абсталяваньня, вузлоў, сыравіны і матэрыялаў для будоўлі; 3) ад ПДВ на працы кітайскага прадпрыемства[8].

Да канца ліпеня 2014 году з катлавана гідраэлектрастанцыі выкапалі 70 000 кубамэтраў грунту. Таксама ўзьвялі арматурны цэх і бэтонны завод. Для кітайскіх будаўнікоў пабудавалі інтэрнат, страўню і офіс. Дапамогу ў будоўлі аказвалі беларускія дарожнікі. Таксама на беларускі бок лягла частка праектаваньня, якое прадугледжвала захаваньне плаваньня цеплаходаў і ветразьнікаў па Дзьвіне. Пазыку на будоўлю выдаў Дзяржаўны банк разьвіцьця Кітаю. Кошт будаўніцтва складаў 189,55 млн даляраў і ўлучаў гарантыйны рамонт і навучаньне пэрсаналу. Віцебская ГЭС мела пачаць выпрацоўваць электраэнэргію ў 2017 годзе. Яе праектная магутнасьць перавышала патрэбы Віцебскага раёну, у якім яе будавалі. 28 ліпеня 2014 году міністар энэргетыкі Беларусі Ўладзімер Патупчык заявіў: «Сёньня пачынаюцца асноўныя работы па ўзьвядзеньні самай буйной у краіне гідраэлектрастанцыі магутнасьцю 40 мэгават. Яе запуск дазволіць штогод эканоміць 38,6 тысячы тонаў умоўнага паліва. Па сёньняшніх цэнах эканомія валюты — 7 млн даляраў ЗША. Пры гэтым станцыя будзе выпрацоўваць 138 млн кіляватаў-гадзінаў электраэнэргіі ў год». Патупчык дадаў, што Віцебская ГЭС забясьпечыць 30 працоўных месцаў, а на вадасховішчы створаць зону адпачынку. Старшыня «Кітайскай электраэнэргетыкі» Цзынь Чуньшэн адзначыў: «Віцебская ГЭС стане вельмі добрай „прэзэнтацыяй“ нашых сумесных магчымасьцяў», бо гэта была першая будоўля яго прадпрыемства ў Беларусі. Віцебская ГЭС з 4-ма гідрагенэратарамі мела стаць рэчышчавай. Яе бэтонная, вадазьліўная плаціна мусіла быць вышынёй 22 м і даўжынёй звыш 110 м[9].

Будоўля Віцебскай ГЭС (2014 год)

Да траўня 2015 году «Віцебскэнэрга» выплаціла 7 млрд рублёў (430 тыс. даляраў) уласьнікам лецішчаў у садовым таварыстве «Суднабудаўнік» (Мазалаўскі сельсавет), якія падлягалі затапленьню пасьля будоўлі ГЭС[10]. Зносу падлягалі 72 са 130 лецішчаў каля Цяцёрак праз падвышэньне ўзроўню вады на 7 мэтраў. ГЭС будавалі за 9 км ад Віцебска, вышэй па плыні Дзьвіны[11].

Да красавіка 2016 году пачалі мантаж энэргаагрэгатаў у гідравузлах бэтоннай сьцяны Віцебскай ГЭС, а Дзьвіну вярнулі ў старое рэчышча. Прапускная здольнасьць лопасьцяў складала 200 кубамэтраў вады за сэкунду. Бэтонныя працы ў галоўным гідравузьле амаль завяршылі і распачалі будоўлю шлюза шырынёй 13,5 м у былым абводным канале. Для захаваньня суднаходнасьці Дзьвіны прадугледжвалася скарыстаць некалькі тысячаў вагонаў бэтону. Адначасна ўзводзілі дарожныя разьвязкі, высакавольтныя лініі электраперадачы, масты і ўмацаваньні берагоў на 20 км уздоўж ракі. На штучных вадаёмах глыбынёй 3 мэтры прадугледжвалася стварыць базы адпачынку[12]. 1 сьнежня 2016 году ў ходзе пусканаладкі ўключылі ў працу з выдачай электраэнэргіі 1-ы гідраагрэгат Віцебскай гідраэлектрастанцыі, а 7 сьнежня запусьцілі 2-і гідраагрэгат. У выніку пачалі выпрабавальную выдачу электраэнэргіі ў сетку Беларускай энэргасыстэмы[13].

Падтапленьне далямітавага кар’еру

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2014 годзе падразьдзяленьне «Геадэзічнай экспэдыцыі» дадаткова ацаніла прыток вады ў далямітавы кар’ер «Гралева» каля мястэчка Руба падчас распрацоўкі справаздачы аб узьдзеяньні на навакольнае асяродзьдзе будаўніцтва Віцебскай ГЭС у Лужасьне. Дадатковы прыток ад Дзьвіны меў скласьці 15 780 кубамэтраў пасьля запаўненьня вадасховішча Віцебскай ГЭС да нармальнага падпорнага ўзроўню (НПУ) ў 139 мэтраў. Гэта складала 3,7% агульнага абсягу ад 13 прытокаў вады ў кар’еры, што было ніжэй за прынятую дакладнасьць гідрагеалягічных разьлікаў у 5%[14].

Пры канцы траўня 2017 году паводле распараджэньня старшыні ўраду Беларусі Андрэя Кабякова стварылі міжведамасную працоўную групу, каб высьветліць прычыну падтапленьня адзінага далямітавага кар’еру ў Беларусі. Групу ўзначаліў намесьнік міністра архітэктуры і будаўніцтва Беларусі Аляксандар Сідараў. 5 чэрвеня 2017 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 422 аб вылучэньні 430 600 рублёў (222 тыс. даляраў) для прадухіленьня затапленьня кар’еру «Гралева». Міністэрства фінансаў Беларусі мела пералічыць грошы да канца чэрвеня празь Мінархбуд Беларусі на карысьць віцебскага заводу «Даляміт», якому належаў кар’ер. Сродкі прызначаліся для закупкі абсталяваньня для безупыннай працы помпавай станцыі і тэрміновага рамонту, каб пазьбегнуць затапленьня кар’еру[14][15].

Абмежаваньне рыбалоўства

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Да 9 красавіка 2026 году дзейнічала забарона на рыбалоўства на адлегласьці 800 м ад плаціны Віцебскай ГЭС уніз па цячэньні Дзьвіны да вусьця ракі Лужасьнянкі. Спагнаньне за парушэньне забароны складала ад 10 да 30 базавых велічыняў, а ў выпадку здабычы за кожную рыбу спаганялі трайное пакрыцьцё прычыненай навакольлю шкоды[16].

  1. ^ «Белэнэрга» і карпарацыя «Кітайская электраэнэргетыка» падпісалі мэмарандум аб узаемаразуменьні // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 11 сакавіка 2021 г. Архіўная копія ад 11 сакавіка 2021 г. Праверана 12 чэрвеня 2024 г.
  2. ^ Наша Ніва (белар.) — 2016. — ISSN 1819-1614; 1819-1630
  3. ^ Зьвязда (белар.)Выдавецкі дом «Звязда», 2014. — вып. 140 (27750). — С. 2. — ISSN 1990-763X
  4. ^ Віцебская вобласьць пашырае супрацоўніцтва зь кітайскімі інвэстарамі // «Агульнанацыянальнае тэлебачаньне», 1 жніўня 2018 г. Архіўная копія ад 1 жніўня 2018 г. Праверана 12 чэрвеня 2024 г.
  5. ^ «Віцебскводтранс» // УП «Дняпроўска-Бускі водны шлях», 2024 г. Праверана 12 чэрвеня 2024 г.
  6. ^ Віцебская ГЭС (рас.) // УП «Віцебскэнэрга», 2024 г. Праверана 12 чэрвеня 2024 г.
  7. ^ Коратка // Зьвязда : газэта. — 17 траўня 2014. — № 90 (27700). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
  8. ^ А. Лукашэнка. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 траўня 2014 г. № 219 «Аб будаўніцтве Віцебскай ГЭС на рацэ Заходняя Дзьвіна» (рас.) // Нацыянальны прававы партал Беларусі, 20 траўня 2014 г. Праверана 12 чэрвеня 2024 г.
  9. ^ Аляксандар Пукшанскі. Вялікая карысьць ад малой энэргетыкі // Зьвязда. — 29 ліпеня 2014. — № 140 (27750). — С. 2.
  10. ^ «Агульнанацыянальнае тэлебачаньне». Віцэ-прэм’ер даручыў разабрацца ў пытаньні зносу дач ў зоне падтапленьня Віцебскай ГЭС // Праваабарончы цэнтар «Віцебская вясна», 22 траўня 2015 г. Праверана 12 чэрвеня 2024 г.
  11. ^ Людзі пратэстуюць супраць зносу лецішчаў дзеля Віцебскай ГЭС // Беларуская служба Радыё «Свабода», 7 чэрвеня 2015 г. Праверана 12 чэрвеня 2024 г.
  12. ^ Артур Смалякоў, тэлеканал «Беларусь 1». Віцебская гідраэлектрастанцыя на апошнім этапе будаўніцтва // Белтэлерадыёкампанія, 16 красавіка 2016 г. Архіўная копія ад 16 красавіка 2016 г. Праверана 12 чэрвеня 2024 г.
  13. ^ БелТА. Віцебская ГЭС пачала выпрацоўваць электраэнергію // Газэта «Наша ніва», 13 сьнежня 2016 г. Праверана 12 чэрвеня 2024 г.
  14. ^ а б «Народныя навіны Віцебска». Пры будаўніцтве Віцебскай ГЭС не пралічылі затапленьне кар'ера даляміту // Газэта «Наша ніва», 8 чэрвеня 2017 г. Праверана 12 чэрвеня 2024 г.
  15. ^ Андрэй Кабякоў. Пастанова Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 5 чэрвеня 2017 г. № 422 «Аб вылучэньні сродкаў з рэспубліканскага бюджэту» (рас.) // Нацыянальны прававы партал Беларусі, 7 чэрвеня 2017 г. Праверана 12 чэрвеня 2024 г.
  16. ^ Да 9 красавіка 2026 году дзейнічае забарона на лоўлю рыбы ў Віцебскай ГЭС // Талачынскі раённы выканаўчы камітэт, 14 сакавіка 2024 г. Праверана 12 чэрвеня 2024 г.