Бельск Падляскі
Бельск Падляскі лац. Bielsk Padlaski | |||||
польск. Bielsk Podlaski | |||||
Меская ратуша | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 1252 | ||||
Магдэбурскае права: | 18 лістапада 1495 | ||||
Краіна: | Польшча | ||||
Ваяводзтва: | Падляскае | ||||
Павет: | Бельскі | ||||
Плошча: | 26,88 км² | ||||
Вышыня: | 140 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва (2009) | |||||
колькасьць: | 26 493 чал. | ||||
шчыльнасьць: | 985,6 чал./км² | ||||
Часавы пас: | UTC+1 | ||||
летні час: | UTC+2 | ||||
Тэлефонны код: | +48 85 | ||||
Паштовыя індэксы: | 17-100 — 17-102 | ||||
Нумарны знак: | BBI | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 52°45′50.76″ пн. ш. 23°11′24.72″ у. д. / 52.7641° пн. ш. 23.1902° у. д.Каардынаты: 52°45′50.76″ пн. ш. 23°11′24.72″ у. д. / 52.7641° пн. ш. 23.1902° у. д. | ||||
Бельск Падляскі | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||||
http://www.bielsk-podlaski.pl |
Бельск Падля́скі (польск. Bielsk Podlaski, падляск.: Biêlśk Pudláśki) — места ў Польшчы, на рацэ Белай. Адміністрацыйны цэнтар Бельскага павету Падляскага ваяводзтва. Плошча 26,88 км². Насельніцтва на 2009 год — 26 493 чалавекі. Знаходзіцца за 50 км на поўдзень ад Беластоку.
Бельск — магдэбурскае места гістарычнага Падляшша, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага, на этнічнай тэрыторыі беларусаў. Да нашага часу тут захавалася капліца Сьвятога Мікалая і цэрквы Раства Багародзіцы, Сьвятога Міхала Арханёла і Сьвятой Тройцы, збудаваныя ў стылі традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры[a], а таксама меская ратуша, Фарны касьцёл, комплекс кляштару кармэлітаў з касьцёлам Маці Божай з Гары Кармэль і царква Ўваскрасеньня Хрыстова[b], помнікі архітэктуры XVII—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучалася царква Сьвятога Мікалая, помнік традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры.
Назва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Тапонім «Бельск» утварыўся ад назвы ракі Белай паводле найбольш старажытнай мадэлі — уласная назва ракі + суфікс -ск. Увогуле, у айканіміі этнічных беларускіх зямель суфікс -ск (-цак) зьяўляецца глыбока традыцыйнай рэліктавай зьявай, якая падкрэсьлівае самабытнасьць беларускага народа і старажытнасьць тэрыторыі яго расьсяленьня. Такі суфікс адзначаецца з IX—X стагодзьдзяў, у тым ліку ў назвах двух найстаражытнейшых местаў Полацку і Смаленску, засьведчаных летапісамі пад 862 і 863 гадамі. Звыш паловы гарадоў з назвамі на -ск, памянёных у летапісах XI стагодзьдзя, прыпадае менавіта на зону фармаваньня беларусаў, дзе гэты суфікс выяўляе прадуктыўнасьць і ў наступныя стагодзьдзі. Кожнае трэцяе беларускае места зь ліку занесеных у «Сьпіс рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» канца XIV стагодзьдзя сканчаецца на -ск (-цак)[1].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каралеўствам Польскім
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першы пісьмовы ўпамін пра Бельск датуецца 1252 годам, калі ён уваходзіў у склад Галіцка-Валынскага княства[2]. У 1-й палове XIV ст. Бельск далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага[2]. У 1377 годзе тутэйшы замак вытрымаў крыжацкую аблогу. 2 верасьня 1391 году[2] кароль польскі Ягайла перадаў Бельск мазавецкаму князю Янушу I, які надаў месту Хэлмінскае права.
У пачатку XV ст. вялікі князь Вітаўт вярнуў Дарагічынскую зямлю разам зь Бельскам у склад Літвы. У 1430 годзе места атрымала прывілеі ад Вітаўта, які збудаваў тут касьцёл Панны Марыі. У гэты час Бельск уваходзіў у склад Дарагічынскага павету. У 2-я палове XV ст. ён стаў цэнтрам Бельскага павету. 18 лістапада 1495 году вялікі князь Аляксандар надаў месту Магдэбурскае права.
У 1501 годзе Бельск атрымаў герб «у срэбным полі выява чырвонага зубра з залатымі рагамі на зялёнай зямлі»[3]. У 1507 годзе места перайшло ў валоданьне Алены Іванаўны, удавы вялікага князя Аляксандра. У XVI ст. тут дзеялі цэрквы Богаяўленская, Раства Багародзіцы, Сьвятой Тройцы, Васкрасенская, манастыр Сьвятога Мікалая; пры касьцёле Сьвятога Марціна існаваў шпіталь для бедных. У 1513 годзе Бельск увайшоў у склад Падляскага ваяводзтве. 1 ліпеня 1564 году ў месьце на сойме Вялікага Княства Літоўскага абвясьцілі Бельскі прывілей і зацьвердзілі Статут Вялікага Княства Літоўскага 1566 году.
У 1569 годзе згодна з умовамі Люблінскай уніі Бельск перайшоў да Каралеўства Польскага. У 1570 годзе вялікі пажар зьнішчыў замак. У 1636 годзе цэрквы Раства Багародзіцы і Сьвятой Тройцы прынялі Берасьцейскую унію. У 1641 годзе Адам і Альжбэта Казаноўскія збудавалі ў Бельску касьцёл Сьвятога Міхала для кляштару кармэлітаў абутых. У 1710 годзе места спустошыла эпідэмія. У 1783 годзе Ян Клемэнс Браніцкі збудаваў у Бельску касьцёл.
Захаваліся сьведчаньні азначэньня жыхароў Бельску і ваколіцаў ліцьвінамі: шляхціч Станіслаў Будлеўскі ў 1746 годзе азначаўся як Nobilis Lithuanus ex terra Bielscensi districtus Branscensis[4].
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Бельск апынуўся ў складзе Прусіі, а з 1807 году — у Расейскай імпэрыі. У 1808 годзе ён стаў цэнтрам павету Беластоцкай вобласьці (з 1842 году ў Гарадзенскай губэрні). На 1857 год у Бельску былло 10 мураваных і 216 драўляных будынкаў, дзеяла 5 цэркваў, працавала 5 прадпрыемстваў; пад юрысдыкцыяй места знаходзіліся вёскі Відава, Сьпічкі, Шасталы, Стрыкі, Парцэва, Аўгустава і Пасечнікі[5].
Народжаны ў ваколіцах Бельску віленскі доктар Людвік Чаркоўскі сьведчыў у сваёй этнаграфічнай працы (1907 год), што падляскія мазуры і русіны называюць беларускую мову «літоўскай», а яе носьбітаў — «ліцьвінамі»[6].
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Бельск занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Бельск абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году ён апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі.
З пачаткам Другой сусьветнай вайны 15 верасьня 1939 году Бельск акупавалі войскі Трэцяга Райху, але праз тыдзень места перадалі СССР згодна з пактам Молатава-Рыбэнтропа. У лістападзе 1939 году Бельск увайшоў у склад БССР, дзе стаў цэнтрам раёну Беластоцкай вобласьці. У 1941—1944 гадох места зноў знаходзілася пад акупацыяй нацысцкай Нямеччыны. 16 жніўня 1945 году ўлады СССР перадалі Бельск Польскай Народнай Рэспубліцы.
-
Царква Сьвятога Мікалая, 1933 г.
-
Капліца Сьвятога Мікалая, 1936 г.
-
Замкавая вуліца, да 1939 г.
-
Царква Раства Багародзіцы па надбудове купала-цыбуліны, 1915—1918 гг.
-
Царква Сьвятога Міхала па маскоўскай перабудове, да 1939 г.
-
Вуліца каля царквы Сьвятога Міхала, 1934 г.
-
Вуліца каля царквы Сьвятога Міхала, 1941 г.
-
Касьцёл кармэлітаў па маскоўскай перабудове, 1916 г.
Геаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Бельск разьмяшчаецца на Бельскай раўніне і займае 1,94% паверхні Бельскага павету.
Клімат мерна кантынэнтальны, характарызуецца мерна цёплым летам і мерна халоднай зімой. Колькасьць ападкаў складае 550 мм.
Кліматычныя зьвесткі для Бельску Падляскага | |||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Паказьнік | Сту | Лют | Сак | Кра | Тра | Чэр | Ліп | Жні | Вер | Кас | Ліс | Сьн | Год |
Сярэдні максымум t, °C | −3 | −3 | 4 | 11 | 17 | 20 | 21 | 21 | 16 | 11 | 4 | 1 | 11 |
Сярэдні мінімум t, °C | −6 | −6 | −2 | 2 | 7 | 10 | 12 | 11 | 8 | 4 | 0 | −4 | 3 |
Крыніца: Weatherbase |
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- XIX стагодзьдзе: 1857 год — 2788 чал.[7]; 1878 год — 5810 чал. (2756 муж. і 3054 жан.), зь іх 940 праваслаўных, 895 каталікоў, 7 эвангелістаў і 3968 юдэяў[8]; 1889 год — 7012 чал. (3583 муж. і 3428 жан.), зь іх паводле стану: шляхты нашчадкавай і асабістай 65, праваслаўнага духавенства 22, каталіцкага 1, юдаісцкага 2, грамадзянаў нашчадкавых і асабістых 14, купцоў 60, мяшчанаў 5942, цэхавых 110, вайскоўцаў (з радзінамі) 781, замежных падданых 15; паводле веры: праваслаўных 2870, каталікоў 1883, пратэстантаў 27, юдэяў 2222, мусульманаў 10[9]
- XXI стагодзьдзе: 2009 год — 26 493 чал.
Адукацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Бельску дзее Комплекс школаў з дадатковай беларускай мовай навучаньня імя Яраслава Кастыцэвіча. Агулам у 2 школах комплексу — больш за 700 вучняў. Апроч таго, у месьце працуе Беларускі ліцэй імя Браніслава Тарашкевіча, дзе беларуская мова зьяўляецца абавязковым прадметам.
У Бельску знаходзіцца адзіная ў Польшчы школа іканапісу.
Культура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Бельск — адзін з найбольш значных цэнтраў беларускай культуры ў Польшчы. Дзейнічаў Бельскі павятовы аддзел БГКТ. Тут штогод праводзіцца фэст беларускай аўтарскай песьні «Бардаўская восень»[10], дзеюць самадзейныя беларускія музычныя калектывы.
Эканоміка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Бельску працуюць прадпрыемствы па вытворчасьці прамысловага абсталяваньня, зборачных вузлоў, будаўнічых матэрыялаў (мэталічных вырабаў і інш.). Існуе льноапрацоўчае прадпрыемства «Lenpol», вырабляецца трыкатаж, ёсьць значныя прадпрыемствы па перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі, абслугоўваньні сельскай гаспадаркі. Разьмешчане ў Бельску-Падляскім малочнае прадпрыемства «Mlekovita-Bielmlek» пастаўляе прадукцыю ў розныя рэгіёны Польшчы. Бельскі аддзел прадпрыемства «Netter» прапануе мяса і разнастайныя мясапрадукты, фірма «Hoop» буйны вытворца, экспартэр напояў і водаў.
Транспарт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Бельск — значны вузел аўтамабільных шляхоў: № 19 (Беласток — Бельск Падляскі — Люблін — Жэшаў, № 66 (Замбраў — Бельск Падляскі — Палоўцы), № 689 (Бельск Падляскі — Гайнаўка — Белавежа)
Празь места праходзіць чыгунка Беласток — Чарэмха — Берасьце.
Турыстычная інфармацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Інфраструктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дзее Музэй малой айчыны ў Бельску — Студзіводах, ініцыятарам стварэньня якога быў вядомы краязнавец, галоўны рэдактар часопісу «Бельскі гостінэць» Дарафей Фёнік.
Славутасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Гарадзішча (XIII ст.)
- Забудова гістарычная (XIX — пачатак XX ст.; фрагмэнты)
- Капліца Сьвятога Мікалая (1678; адноўлена ў 1996)
- Капліца Сьвятога Юрыя (1900)
- Касьцёл Раства Найсьвяцейшай Панны Марыі і Сьвятога Мікалая (1783)
- Касьцёл Маці Божай з Гары Кармэль (1641)
- Кляштар кармэлітаў (1641)
- Могілкі: вайсковыя часоў 1-й сусьветнай вайны; каталіцкія, капліца Сьвятога Вінцэнта (1859); праваслаўныя, царква Сьвятой Тройцы (кан. XVIII ст.)
- Ратуша (пасьля 1776)
- Сядзібна-паркавы комплекс Смульскіх (XIX ст.)
- Царква Раства Багародзіцы (Замкавая або Прачысьценская; XVII ст.)
- Царква Сьвятога Міхала Арханёла (1789, 1914)
- Царква Ўваскрасеньня Хрыстова (1716, 1912—1913)
Страчаная спадчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Царква Сьвятога Мікалая
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Капліца Сьвятога Мікалая
-
Касьцёл Раства Найсьвяцейшай Панны Марыі
-
Касьцёл Маці Божай з Гары Кармэль
-
Кляштар кармэлітаў
-
Царква Раства Багародзіцы
-
Царква Сьвятога Міхала Арханёла
-
Царква Сьвятой Тройцы
-
Царква Ўваскрасеньня Хрыстова
Асобы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Надзея Артымовіч (1946—2023) — беларуская паэтка ў Польшчы
- Юрка Асеньнік (нар. 1969) — музыка
- Якаў Бранштэйн (1897—1937) — беларускі крытык і літаратуразнавец габрэйскага паходжаньня
- Пётар Буйко(be) (1895—1943) — доктар мэдычных навук беларускага паходжаньня
- Ёсіф Лянгбард (1882—1951) — беларускі савецкі архітэктар, пэдагог
Месты-сябры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пералік местаў-сяброў Бельску |
---|
|
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Мастацкае аблічча цэркваў пацярпела ад маскоўскіх перабудоваў
- ^ Таксама пацяпела ад маскоўскай перабудовы
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. Лемцюговай. — Менск: Тэхналогія, 2010.
- ^ а б в Грынявецкі В. Бельск // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 308.
- ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 119.
- ^ Czapiewski P. Stosunki narodowościowe w Kartuzji Pomorskiej // Księga pamiątkowa 75-lecia Towarzystwa Naukowego w Toruniu. — Toruń, 1952. S. 23.
- ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 120.
- ^ Czarkowski L. Powiat Bielski w gub. Grodzieńskiej // Rocznik Towarzystwa Przyjaciół Nauk w Wilnie. T. 1, 1907. S. 97—98.
- ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 119—120.
- ^ Sulimierski F. Bielsk // Słownik geograficzny... T. I. — Warszawa, 1880. S. 215.
- ^ Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). СПб, 1890—1907.
- ^ Фестываль «Бардаўская восень» святкуе 20-годдзе
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
- Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: «Полымя», 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna. — Warszawa, 1880.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
|