Перайсьці да зьместу

Няміраў (Падляскае ваяводзтва)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Няміраў
лац. Niamiraŭ
польск. Niemirów
Рынак
Рынак
Першыя згадкі: 1495
Магдэбурскае права: 1616
Былая назва: Нівічы
Мясцовая назва: Nymyrovo
Краіна: Польшча
Ваяводзтва: Падляскае
Павет: Сямяціцкі
Гміна: Мельнік
Насельніцтва:
Часавы пас: UTC+1
летні час: UTC+2
Тэлефонны код: (+48) 85
Паштовы індэкс: 17-307
Нумарны знак: BSI
Геаграфічныя каардынаты: 52°18′0″ пн. ш. 23°9′0″ у. д. / 52.3° пн. ш. 23.15° у. д. / 52.3; 23.15Каардынаты: 52°18′0″ пн. ш. 23°9′0″ у. д. / 52.3° пн. ш. 23.15° у. д. / 52.3; 23.15
Няміраў на мапе Польшчы
Няміраў
Няміраў
Няміраў
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Нямі́раў (польск. Niemirów, падляск.: Nymyróvo[2]) — вёска ў Польшчы, на рацэ Бугу. Уваходзіць у склад гміны Мельнік Сямяціцкага павету Падляскага ваяводзтва. Насельніцтва на 2006 год — 240 чалавек. Знаходзіцца за 8 км на паўднёвы ўсход ад Мельніку, за 25 км ад Сямяцічаў, каля беларуска-польскай граніцы.

Няміраў — даўняе мястэчка гістарычнага Падляшша, на этнічнай тэрыторыі беларусаў. Да нашага часу тут захаваўся касьцёл Сьвятога Станіслава, помнік архітэктуры XVIII ст.

Паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каралеўствам Польскім

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Відаць, у XI—XV стагодзьдях на месцы сучаснага Нямірава існавала заселенае гарадзішча[3]. Першы пісьмовы ўпамін пра паселішча пад назвай Нівічы датуецца 1495 годам. У 1496 годзе уладальнікам вёскі быў Хведзька Храптовіч, пазьнейшы падскарбі вялікі літоўскі[4]. У 1548 годзе кароль і вялікі князь Жыгімонт Аўгуст надаў Нівічы Станіславу Няміры, які збудаваў тут каля даўняга гарадзішча умацаваную сядзібу роду Няміраў.

У 1569 годзе згодна з умовамі Люблінскай уніі Нівічы перайшлі да Каралеўства Польскага. У 1616 годзе кашталян падляскі Станіслаў Няміра надаў Нівічам статус мястэчка і зьмяніў іх назву ў гонар свайго дзеда — С. Няміры. У 1620 годзе тут збудавалі драўляны касьцёл. Першы пісьмовы ўпамін пра жыдоўскае насельніцтва Нямірава датуецца 1708 годам, але яно ніколі не было вялікім[5]. Па пажары 1775 году, у якім згарэў драўляны касьцёл, у 1780—1790 гадох у мястэчку збудавалі новы мураваны касьцёл[3]. Уладальнікам Нямірава ў той час быў Міхал Чартарыйскі, а самое мястэчка налічвала 19 мяшчанскіх дамоў і 64 сялянскія[6][7].

Пад уладай Прусіі і Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) і да падпісаньня Тыльзіцкае дамовы 1807 году каля сучаснага Нямірава праходзіла граніца між прускім, аўстрыйскім і расейскім падзеламі, мястэчка апынулася ў Бельскім павеце Беластоцкай вобласьці Расейскай імпэрыі. У час паўстаньня 1863 году жыхары Нямірава падтрымалі дзеяньні паўстанцаў, за што ў 1866 годзе расейскія ўлады ліквідавалі тутэйшую парафію. На 1894 год у мястэчку было 106 будынкаў[3].

За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Няміраў занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Няміраў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году мястэчка апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у гміне Радзівілаўцы Бельскага павету Беластоцкага ваяводзтва. У гэты час тут было 120 жылых дамоў.

З пачаткам Другой сусьветнай вайны 15 верасьня 1939 году Няміраў акупавалі войскі Трэцяга Райху, але праз тыдзень мястэчка перадалі СССР згодна з пактам Молатава-Рыбэнтропа. У лістападзе 1939 году Няміраў увайшоў у склад БССР, у Берасьцейскую вобласьць. Савецкія ўлады выселілі жыхароў мястэчка з прычыны яго разьмяшчэньня ў пагранічнай зоне з Трэцім Райхам. З чэрвеня 1941 да ліпеня 1944 году Няміраў зноў знаходзіўся пад акупацыяй нацысцкай Нямеччыны, жыхары вярнуліся ў свае дамы. У 1944 годзе статус Нямірава панізілі да вёскі[3]. 16 жніўня 1945 году ўлады СССР перадалі вёску Польскай Народнай Рэспубліцы.

  • XIX стагодзьдзе: 1894 год — 812 чал.[3]
  • XX стагодзьдзе: 1921 год — 777 чал., зь іх паводле веры 557 каталікоў, 71 праваслаўны і 149 юдэяў; паводле нацыянальнасьці (згодна з афіцыйнай польскай статыстыкай) 591 паляк, 54 беларусы і 132 жыды[8]
  • XXI стагодзьдзе: 2006 год — 240 чал.

Турыстычная інфармацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Касьцёл Сьвятога Станіслава
  • Гарадзішча на Замкавай гары
  • Забудова гістарычная (XIX — пачатак XX ст.; фрагмэнты)
  • Касьцёл Сьвятога Станіслава[4] (1780)
  • Могілкі юдэйскія

Страчаная спадчына

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Сынагога (XIX ст.)
  • Сядзіба Няміраў (XVI ст.)
  1. ^ https://bdl.stat.gov.pl/api/v1/data/localities/by-unit/062013810052-0035062?var-id=1639616&format=jsonapi
  2. ^ Pudlaśki nazvy. Nemirovo svoja.org Праверана 22 сакавіка 2016 г.
  3. ^ а б в г д Agnieszka Olędzka Dzieje miejscowości i parafii rzymsko-katolickiej Niemirów nad Bugiem (пол.). Parafia Rzymskokatolicka św. Stanisława BPM w Niemirowie. Праверана 23 сакавіка 2016 г.
  4. ^ а б NIEMIRÓW – Parafia świętego Stanisława Biskupa i Męczennika (пол.) Праверана 23 сакавіка 2016 г.
  5. ^ Historia (Niemirów, woj. podlaskie) (пол.). Wirtualny Sztetl. Праверана 23 сакавіка 2016 г.
  6. ^ Krzywicki J. Niemirów // Słownik geograficzny... T. VII. — Warszawa, 1886. S. 90.
  7. ^ Zarys historyczny (пол.). Urząd Gminy Mielnik. Праверана 23 сакавіка 2016 г.
  8. ^ Skorowidz miejscowości Rzeczypospolitej Polskiej: opracowany na podstawie wyników pierwszego powszechnego spisu ludności z dn. 30 września 1921 r. i innych źródeł urzędowych. T. 5: województwo białostockie. — Warszawa: Główny Urząd Statystyczny, 1924. S. 26.