Цеханавец
| Цеханавец лац. Ciechanaviec польск. Ciechanowiec | |||||
| Населены пункт | |||||
У цэнтры места | |||||
| |||||
| Краіна | Польшча | ||||
|---|---|---|---|---|---|
| Ваяводзтва | Падляскае | ||||
| Павет | Высокамазавецкі | ||||
| Гміна | Цеханавец | ||||
| Геаграфія | |||||
| Плошча |
| ||||
| Часавы пас | |||||
| Каардынаты | 52°41′10″ пн. ш. 22°29′30″ у. д.HGЯO | ||||
| Насельніцтва | |||||
| Колькасьць | 4655 чал. (2018) | ||||
| Лічбавыя ідэнтыфікатары | |||||
| Тэлефонны код | +48 86 | ||||
| Паштовы індэкс | 19-230 | ||||
| Нумарны знак | BWM | ||||
| Сайт | ciechanowiec.pl | ||||
| Цеханавец на мапе Польшчы Цеханавец | |||||
Цеханавец (польск. Ciechanowiec) — места ў Польшчы, на рацэ Нурцы. Цэнтар меска-сельскай гміны Высокамазавецкага павету Падляскага ваяводзтва. Насельніцтва на 2018 год — 4655 чалавек. Знаходзіцца на за 65 км на паўднёвы захад ад Беластоку. Аўтамабільныя дарогі на Бельск, Востраў Мазавецкі, Сямятычы, Замбраў.
Цеханавец — магдэбурскае места гістарычнага Падляшша каля мяжы з Мазовіяй, адна з рэзыдэнцыяў магнацкага роду Кішкаў і старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваліся касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы і кляштар шарытак, помнікі архітэктуры XVIII ст.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каралеўствам Польскім
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Цеханавец заснаваў у XV ст. адзін з прадстаўнікоў роду Кішкаў, якіх пазьней пачал зваць Кішкамі Цеханавецкімі[1]. У 1429 годзе вялікі князь Вітаўт надаў месту Магдэбурскае права. У сярэдзіне XVI ст. кашталян троцкі Пётар Кішка збудаваў замак на правым беразе Нурцу. У гэты час у месьце дзеяла царква.
У 1569 годзе згодна з умовамі Люблінскай уніі Цеханавец перайшоў да Каралеўства Польскага. Па сьмерці апошняга з прадстаўнікоў роду Януша Кішкі ў 1653 годзе места па кудзелі стала ўладаньнем Брэмэраў. Потым Цеханавец знаходзіўся ў валоданьні Асалінскіх, Шчукаў, Цяцерскіх. За часамі Паўночнай вайны швэдзкія войскі зруйнавалі замак. На 1794 год у Цеханаўцы было 230 будынкаў.
Пад уладай Прусіі і Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Цеханавец апынуўся ў складзе Прусіі, з 1807 году — у складзе Расейскае імпэрыі, у Бельскім павеце Беластоцкай вобласьці (левабярэжны Стары Цеханавец) і Ломжынскай губэрні (правабярэжны Новы Цеханавец). 5 сакавіка 1870 году зьявіўся праект мескага гербу: «у срэбным полі чырвоны конь з залатымі вачыма і языком»[2].
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Цеханавец занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Цеханавец апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі. У гэты час было 361 жылы дом у Старым Цеханаўцы і 193 жылыя дамы ў Новым Цеханаўцы. У 1938 годзе абедзьве чатскі места злучыліся.
З пачаткам Другой сусьветнай вайны ў верасьні 1939 году Цеханавец акупавалі войскі Трэцяга Райху, але праз тыдзень места перадалі СССР згодна з пактам Молатава-Рыбэнтропа. У лістападзе 1939 году Цеханавец увайшоў у склад БССР, дзе стаў цэнтрам раёну Беластоцкай вобласьці. У 1941—1944 гадох места зноў знаходзілася пад акупацыяй нацысцкай Нямеччыны. 16 жніўня 1945 году ўлады СССР перадалі Цеханавец Польскай Народнай Рэспубліцы.
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- XVIII стагодзьдзе: 1794 год — 2650 чал.
- XIX стагодзьдзе: 1880 год — 4462 чал.
- XX стагодзьдзе: 1921 год — 3291 чал. у Старым Цеханаўцы (1525 муж. і 1766 жан.), зь іх паводле веры 1568 каталікоў, 39 праваслаўных, 34 эвангелісты і 1649 юдэяў, паводле нацыянальнасьці (згодна з афіцыйнай польскай статыстыкай) 1653 палякі, 11 беларусаў, 21 немец, 3 расейцы і 1603 жыдоў[3]; 1658 чал. у Новым Цеханаўцы (776 муж. і 882 жан.), зь іх 736 палякаў, 1 немец, 919 жыдоў і 2 іншай
- XXI стагодзьдзе: 2018 год — 4655 чал.
Турыстычная інфармацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Інфраструктура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У Цеханаўцы працуе музэй сельскай гаспадаркі імя Крыштапа Клюка.
Славутасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Замчышча з аркадным мурам
- Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы (1731–1737)
- Кляштар Сясьцёр Міласэрнасьці (шарытак; XVIII ст.)
- Могілкі: каталіцкія, капліца-пахавальня Шчукаў (1859); праваслаўныя; юдэйскія; эвангелісцкія
- Сынагога Старая (канец XIX ст.)
- Сядзіба Старынскіх (XIX ст.)
- Царква Ўшэсьця Гасподняга (1864; мураўёўка)
Страчаная спадчына
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Замак Кішкаў (XVI ст.)
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Славутасьці Цеханаўцу
- Замкавы мур
- Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы
- Кляштар шарытак
- Капліца-пахавальня Шчукаў
- Сядзіба Старынскіх
- Царква-мураўёўка
- Сынагога
- Юдэйскія могілкі
Асобы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Аляксандар Чыжэўскі (1897—1964) — біяфізык, адзін з заснавальнікаў геліябіялёгіі
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ Chlebowski B. Ciechanowiec // Słownik geograficzny... T. I. — Warszawa, 1880. S. 677.
- ↑ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 249.
- ↑ Skorowidz miejscowości Rzeczypospolitej Polskiej: opracowany na podstawie wyników pierwszego powszechnego spisu ludności z dn. 30 września 1921 r. i innych źródeł urzędowych. T. 5: województwo białostockie. — Warszawa: Główny Urząd Statystyczny, 1924. S. 19.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: «Полымя», 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna. — Warszawa, 1880.
| ||||||||