Перайсьці да зьместу

Хаславічы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Хіславічы»)
Хаславічы
лац. Chasłavičy
Першыя згадкі: 1526
Краіна: Расея
Суб’ект фэдэрацыі: Смаленская вобласьць
Муніцыпальны раён: Хаславіцкі
Насельніцтва: 3772 чал. (2016)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: 48140
Паштовы індэкс: 216620
Нумарны знак: 67
Геаграфічныя каардынаты: 54°11′0″ пн. ш. 32°9′0″ у. д. / 54.18333° пн. ш. 32.15° у. д. / 54.18333; 32.15Каардынаты: 54°11′0″ пн. ш. 32°9′0″ у. д. / 54.18333° пн. ш. 32.15° у. д. / 54.18333; 32.15
Хаславічы на мапе Расеі
Хаславічы
Хаславічы
Хаславічы
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
http://admin.smolensk.ru/~hislav/

Хасла́вічы, Хісла́вічы — мястэчка ў Расеі, на рацэ Сажы. Адміністрацыйны цэнтар Хаславіцкага раёну Смаленскай вобласьці. Насельніцтва на 2016 год — 3772 чалавекі. Знаходзяцца за 70 км на поўдзень ад Смаленску, за 35 км на паўднёвы захад ад чыгуначнай станцыі Пачынак (лінія Смаленск — Рослаў).

Хаславічы — даўняе мястэчка гістарычнай Амсьціслаўшчыны, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага, на этнічнай тэрыторыі беларусаў. Да нашага часу тут захавалася царква Сьвятых Барыса і Глеба, помнік традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры XIX ст.

Вуліца мястэчка, 1930 г.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы пісьмовы ўпамін пра Хаславічы (Хотславичи) датуецца 1450 годам[1] сярод пацьверджаных вялікім князем Казімерам выслуг князя Андрэя Порхаўскага ў амсьціслаўскага князя Лугвена (Сямёна). Як сяло, цэнтар воласьці, разьмешчанай паміж Крычавам і Амсьціславам, Хаславічы ўпамінаюцца ў разгранічэньнях з Маскоўскай дзяржавай 1523 году — пачатку XVII ст.

Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Хаславічы сталі цэнтрам нягродавага староства Амсьціслаўскага ваяводзтва. У 1620 годзе паселішча перайшло ў валоданьне Салтыковых. У XVIII ст. Салтыковы збудавалі тут царкву і сядзібу з паркам.

Пад 1710 годам Хаславічы ўпамінаюцца як мястэчка з царквой Сьвятых Барыса і Глеба, уладаньне К. Цеханавецкага. У 1719 годзе зь мястэчка выплачвалася чопавае ў памеры 800 злотых (адно з найбольшых у Амсьціслаўскім ваяводзтве). 13 лютага 1754 году кароль і вялікі князь Аўгуст Сас прызначыў апошняга старосту хаславіцкага — Яна Цеханавецкага[2].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Хаславічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі. У 1773 годзе расейская імпэратрыца Кацярына II падаравала Хаславіцкае староства таемнаму дарадцу Кохміну. Паводле рэвіскай сказкі 1778 году, у мястэчку было 2 плянавальныя цэнтры: стары — Замак, і новы — забудаваны з усіх бакоў Рынак, ад якога адыходзілі вуліцы Амсьціслаўская, Смаленская, Лызкова, Чавуская, Козараўская і Падалянская[1]. У 1783—1785 гадох у Хаславічах было 143 будынкі; жылі ганчары, кавалі, сьлесары, краўцы, шаўцы, кушняры, кухары, сталяры[3]. У 1784 мястэчка ўвайшло ў склад Амсьціслаўскага павету Магілёўскай губэрні.

На 1880 год у Хаславічах было 617 драўляных (171 хрысьціянскі і 446 юдэйскіх) і 1 мураваны дом, дзеялі цэрквы Сьвятых Барыса і Глеба (захавалася і дзее) і Сьвятой Кацярыны (згарэла ў 1949 годзе), а таксама 8 юдэйскіх малітоўных школаў, працавалі расейская народная вучэльня, сельская лякарня, гарбарны завод і бровар. На 1910 год у мястэчку было 603 будынкі, зь іх 3 мураваныя; працавалі валасная і мяшчанская ўправы, паштова-тэлеграфны аддзел, пазыкова-ашчаднае і пажарнае таварыствы.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Хаславічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе нягледзячы на перавагу беларускага насельніцтва Хаславічы не вярнулі БССР[4] і перавялі ў Рослаўскі павет РСФСР. У 1928 годзе Хаславічы сталі цэнтрам раёну, у 1935 годзе — атрымалі афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу. У Другую сусьветную вайну з 16 ліпеня 1941 да 26 верасьня 1943 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.

У 1963—1965 гадох Хаславічы ўваходзілі ў склад Манастыршчанскага раёну.

  • XVIII стагодзьдзе: 1783—1785 гады — 770 чал.[1]
  • XIX стагодзьдзе: 1861 год — 3408 чал.; 1880 год — 4361 чал. (2095 муж. і 2266 жан.), зь іх 739 праваслаўных і 3642 юдэі
  • XX стагодзьдзе: 1910 год — 6894 чал., зь іх шляхты і службоўцаў — 10, духоўнага стану — 7, купцоў — 30, мяшчанаў — 5947, сялянаў — 886, іншых — 14; 1931 год — 3158 чал.; 1959 год — 3785 чал.; 1970 год — 3682 чал.; 1979 год — 4451 чал.; 1989 год — 5013 чал.;
  • XXI стагодзьдзе: 2002 год — 4617 чал.; 2007 год — 4399 чал.; 2009 год — 4342 чал.; 2012 год — 3982 чал.; 2013 год — 3862 чал.; 2014 год — 3763 чал.; 2015 год — 3755 чал.; 2016 год — 3772 чал.

У Хаславічах працуюць сярэдняя і мастацкая школы, лякарня, 2 бібліятэкі, кінатэатар.

У Хаславічах у розны час існавалі вуліцы Амсьціслаўская, Замкавая[5], Козараўская, Лызкова, Падалянская, Смаленская і Чавуская.

Ільнозавод, цагельня, прадпрыемствы харчовай прамысловасьці.

Турыстычная інфармацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Гарадзішча (XIIXIII стагодзьдзі)
  • Сядзіба Салтыковых (XIX—XX стагодзьдзі)
  • Царква Сьвятых Барыса і Глеба (1880)

Страчаная спадчына

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Царква Сьвятой Кацярыны
  1. ^ а б в Мяцельскі А.. Хіславічы // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2010 Т. 3. С. 412.
  2. ^ Słownik geograficzny... T. XV, cz. 1. — Warszawa, 1900. S. 324.
  3. ^ Мяцельскі А. Мястэчкі Мсціслаўскага ваяводства XVI—XVIII стст. // Гістарычна-археалагічны зборнік. № 23. — Менск, 2008.
  4. ^ Тручаў А. Як мяняліся нашы межы ў ХХ ст. // «Наша Слова» № 32 (820) 22 жніўня 2007 г.
  5. ^ Историческая справка, Хаславіцкі раён

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]