Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь
Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь | |
Заканадаўчы орган | |
---|---|
Нумар | 166-З |
Прыняцьце | Палатай прадстаўнікоў 15 лістапада 2002 (22 гады таму) |
Ухваленьне | Саветам Рэспублікі 2 сьнежня 2002 (21 год таму) |
Падпісаньне | прэзыдэнтам Беларусі 19 сьнежня 2002 (21 год таму) |
Уступ у сілу | 10 студзеня 2003 (21 год таму) |
Першая публікацыя | 9—10 студзеня 2003 (21 год таму) Газэта «Зьвязда», № 4—6 (24688—24690)[1][2] |
Падатко́вы ко́дэкс Рэспу́блікі Белару́сь — звод заканадаўства Беларусі аб падатках і зборах у бюджэт, які набыў моц у студзені 2003 году.
Паводле 1-га артыкула, «рэгулюе ўладныя адносіны па ўстанаўленьні і ўвядзеньні, зьмяненьні і спыненьні дзеяньня падаткаў і збораў ды адносіны, якія ўзьнікаюць у працэсе выкананьня падатковага абавязку, ажыцьцяўленьня падатковага кантролю і абскарджаньня рашэньняў падатковых органаў і дзеяньняў іх службовых асобаў, а таксама ўстанаўлівае правы і абавязкі плацежнікаў падаткаў і збораў ды падатковых органаў». На 2021 год налічваў 386 артыкулаў і падзяляўся на Агульную і Асаблівую часткі з 4-мі разьдзеламі ў кожнай, а таксама ўлучаў 27 Дадаткаў. На 2021 год Падатковы кодэкс Беларусі дзейнічаў з 24-ма зьмяненьнямі і дапаўненьнямі 2003—2016 і 2018 гадоў[3]. 10 жніўня 2021 году Аб’яднаны інстытут праблемаў інфарматыкі НАНБ абнародаваў беларускі пераклад Агульнай часткі Падатковага кодэксу са зьмяненьнямі і дапаўненьнямі паводле Закону ад 30 сьнежня 2018 г. № 159-З[4].
Агульная частка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Агульная частка Падатковага кодэксу Беларусі налічвала 111 артыкулаў у складзе 4-х разьдзелаў: 1) «Агульныя палажэньні»; 2) «Падатковы абавязак»; 3) «Улік плацежнікаў. Падатковы кантроль»; 4) «Абскарджаньне рашэньняў падатковых органаў. Падатковыя і мытныя органы». Найбольшым зь іх быў 1-ы разьдзел з 38 артыкулаў. У 2-м артыкуле Кодэксу згадвалася 8 прынцыпаў падаткаабкладаньня ў Беларусі: 1) законнасьці; 2) абавязковасьці, 3) роўнасьці без увагі да асобы і яе веравызнаньня і народнасьці, 4) меркаванай сумленнасьці падаткаплатніка да пісьмовага доказу адваротнага, 5) справядлівасьці з абкладаньнем плацежніцы і плацежніка адным падаткам толькі аднойчы за падатковы пэрыяд, 6) устойлівасьці заканадаўства цягам фінансавага году, 7) абнародаваньня заканадаўства, 8) гаспадарчай абгрунтаванасьці з улікам раўнавагі выдаткаў і даходаў бюджэту. Таксама «не дапускаецца ўсталяваньне падаткаў, збораў і льготаў па іх выплаце, якія наносяць шкоду нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь, яе тэрытарыяльнай цэласнасьці, палітычнай і фінансавай стабільнасьці, у тым ліку тых, якія абмяжоўваюць вольнае перамяшчэньне фізычных асобаў, перамяшчэньне тавараў ці фінансавых сродкаў у межах тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ці тых, якія ствараюць у парушэньне Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і прынятых у адпаведнасьці зь ёй заканадаўчых актаў іншыя перашкоды для ажыцьцяўленьня прадпрымальніцкай і іншай дзейнасьці арганізацыяў і фізычных асобаў». Паводле 4-га артыкула, «тэрмін, які падлічваецца тыднямі, сканчаецца ў апошні працоўны дзень апошняга тыдня тэрміну. Пры гэтым тыднем прызнаецца пэрыяд, які складаецца зь 5 працоўных дзён, якія ідуць запар. У выпадках, калі апошні дзень тэрміну, усталяванага для зьдзяйсьненьня дзеяньня, прыпадае на дзень, які прызнаецца ў адпаведнасьці з заканадаўствам выхадным днём і непрацоўным дзяржаўным сьвятам, днём заканчэньня тэрміну лічыцца найбліжэйшы наступны працоўны дзень»[3].
Згодна з 6-м артыкулам Кодэксу «падаткам прызнаецца абавязковы індывідуальны бязвыплатны плацеж, які зьбіраецца з арганізацыяў і фізычных асобаў у форме адчужэньня грашовых сродкаў, якія належаць ім на праве ўласнасьці, гаспадарчага вядзеньня ці апэратыўнага кіраваньня, у рэспубліканскі і мясцовыя бюджэты». Пры гэтым зборам прызнаецца абавязковы плацеж у рэспубліканскі і мясцовыя бюджэты, які зьбіраецца з арганізацыяў і фізычных асобаў «ў выглядзе адной з умоваў зьдзяйсьненьня ў дачыненьні да іх дзяржаўнымі органамі, у тым ліку мясцовымі Саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі, іншымі ўпаўнаважанымі арганізацыямі і службовымі асобамі, юрыдычна значных дзеяньняў». Таксама «падатак лічыцца ўсталяваным у выпадку, калі вызначаныя плацежнікі і наступныя элемэнты падаткаабкладаньня: 1) аб’ект падаткаабкладаньня; 2) падатковая база; 3) падатковая стаўка; 4) падатковы пэрыяд; 5) парадак падліку; 6) парадак і тэрміны выплаты». Урэшце «пры ўсталяваньні збору вызначаюцца яго плацежнікі і аб’екты абкладаньня, стаўкі і тэрміны выплаты». У 7-м артыкуле згадвалася, што «рэспубліканскімі прызнаюцца падаткі і зборы, усталяваныя Падатковым кодэксам, прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь, ці міжнароднымі дамовамі, якія складаюць права Эўразійскага эканамічнага зьвязу, і абавязковыя да выплаты на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь». У сваю чаргу «мясцовымі прызнаюцца падаткі і зборы, усталяваныя нарматыўнымі прававымі актамі мясцовых Саветаў дэпутатаў». Паводле 8-га артыкула, «да рэспубліканскіх падаткаў і збораў адносяцца: 1) падатак на дададзеную вартасьць; 2) акцызы; 3) падатак на прыбытак; 4) падатак на даходы замежных арганізацыяў, якія не ажыцьцяўляюць дзейнасьць у Рэспубліцы Беларусь праз пастаяннае прадстаўніцтва; 5) падаходны падатак зь фізычных асобаў; 6) падатак на нерухомую маёмасьць; 7) зямельны падатак; 8) экалягічны падатак; 9) падатак за здабычу прыродных рэсурсаў; 10) афшорны збор; 11) гербавы збор; 12) консульскі збор; 13) дзяржаўнае мыта; 14) патэнтныя мыты; 15) мыты, мытныя зборы і мытныя плацяжы ў дачыненьні да тавараў для асабістага карыстаньня; 15) утылізацыйны збор. Згодна зь 9-м артыкулам «да мясцовых падаткаў і збораў адносяцца: 1) падатак за валоданьне сабакамі; 2) курортны збор; 3) збор з нарыхтоўнікаў»[3].
Агульныя палажэньні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першы разьдзел Падатковага кодэксу зьмяшчаў 38 артыкулаў у складзе 3-х главаў: 1) «Агульныя палажэньні»; 2) «Плацежнікі падаткаў і збораў. Падатковыя агенты і іншыя асобы»; 3) «Элемэнты падаткаабкладаньня». Найбольшай была 2-я глава з 16 артыкулаў (14—29), дзе акрэсьліваліся: плацежніцы і плацежнікі падаткаў і збораў, месцазнаходжаньне арганізацыі, жыхары Беларусі і месцажыхарства; індывідуальныя прадпрымальнікі, узаемазалежныя асобы, абавязкі і правы плацежніцаў і плацежнікаў, падатковыя агенты, права на прадстаўніцтва ў падатковых дачыненьнях і дзеяньні прадстаўнікоў падаткаплатніка; права на ўдзел у падатковых дачыненьнях, парадак узаемадзеяньня з плацежніцай і плацежнікам, асабісты кабінэт падаткаплатніка і падатковая таямніца. Згодна зь 15-м артыкулам «Беларуская арганізацыя мае статус падатковага рэзыдэнта Рэспублікі Беларусь і выконвае падатковыя абавязкі ў дачыненьні да даходаў ад крыніцаў у Рэспубліцы Беларусь, даходаў ад крыніцаў за межамі Рэспублікі Беларусь, а таксама ў дачыненьні да маёмасьці, разьмешчанай як на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, так і за яе межамі. Замежная арганізацыя не зьяўляецца падатковым рэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь і выконвае падатковыя абавязкі толькі па дзейнасьці, якая ажыцьцяўляецца ў Рэспубліцы Беларусь, ці ў дачыненьні да даходаў ад крыніцаў у Рэспубліцы Беларусь, а таксама ў дачыненьні да маёмасьці, разьмешчанай на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь». Паводле 17-га артыкула, «падатковымі рэзыдэнтамі Рэспублікі Беларусь прызнаюцца фізычныя асобы, якія фактычна знаходзіліся на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у каляндарным годзе больш за 183 дні». Пры гэтым да часу знаходжаньня ў Беларусі адносяць «таксама час, на які гэтая асоба выязджала за межы тэрыторыі Рэспублікі Беларусь: 1) на лячэньне і ў камандзіроўку; 2) на адпачынак, пры ўмове, калі час знаходжаньня на такім адпачынку ў сукупнасьці не перавышаў 2 месяцы на працягу каляндарнага году». У 20-м артыкуле вызначалася, што «фізічныя асобы і арганізацыі прызнаюцца ўзаемазалежнымі асобамі пры наяўнасьці паміж імі дачыненьняў, якія аказваюць і могуць аказваць непасрэдны ўплыў на ўмовы і эканамічныя вынікі іх дзейнасьці і дзейнасьці асобаў, якія прадстаўляюцца імі. Да такіх дачыненьняў адносяцца дачыненьні:
- паміж асобамі, якія зьяўляюцца заснавальнікамі адной арганізацыі, калі доля наўпроставага і ўскоснага ўдзелу кожнай з такіх асобаў у арганізацыі складае прынамсі 20 %;
- паміж арганізацыямі, калі адна асоба наўпрост і ўскосна ўдзельнічае ў гэтых арганізацыях і доля такога ўдзелу ў кожнай з гэтых арганізацыяў складае прынамсі 20 %, а таксама калі іх сапраўдным уладальнікам зьяўляецца адна і тая ж фізычная асоба;
- паміж арганізацыямі, склад калегіяльнага выканаўчага органу ці рады дырэктараў якіх больш чым на 50 % складаецца з адных і тых жа фізычных асобаў сумесна з узаемазалежнымі асобамі»;
- «калі адна асоба выступае заснавальнікам іншай арганізацыі, калі доля яе наўпроставага і ўскоснага ўдзелу складае прынамсі 20 %»;
- «калі адна асоба ажыцьцяўляе кантроль над іншай асобай;
- калі фізычныя асобы знаходзяцца ў адпаведнасьці з заканадаўствам у шлюбе, дачыненьнях блізкай роднасьці ці сваяцтва, усынаўляльніка і ўсыноўленага, апекуна, папячыцеля і падапечнага, а таксама паміж арганізацыямі, заснавальнікамі якіх яны зьяўляюцца, калі доля наўпроставага і ўскоснага ўдзелу такіх фізычных асобаў у гэтых арганізацыях складае прынамсі 20 %»[3].
Паводле 21-га артыкула, «плацежнік мае права:
- атрымліваць ад падатковых органаў і іншых упаўнаважаных дзяржаўных органаў растлумачэньні аб пытаньнях прымяненьня актаў падатковага заканадаўства;
- прадстаўляць свае інтарэсы ў падатковых органах самастойна ці праз свайго прадстаўніка;
- выкарыстоўваць падатковыя льготы пры наяўнасьці падставаў і ў парадку, устаноўленых гэтым Кодэксам і іншымі актамі падатковага заканадаўства. Для пацьверджаньня права на выкарыстаньне падатковых ільготаў плацежнік можа весьці разьдзельны ўлік аб’ектаў падаткаабкладаньня, па якіх ёсьць падставы для прымяненьня падатковых ільготаў;
- зьвяртацца за зьмяненьнем усталяванага заканадаўствам тэрміну выплаты падаткаў, збораў і пеняў;
- зьвяртацца за ажыцьцяўленьнем адміністрацыйных працэдураў у падатковы орган па месцы пастаноўкі на ўлік»;
- «прысутнічаць пры правядзеньні праверкі, даваць тлумачэньні аб пытаньнях, якія адносяцца да прадмета праверкі, атрымліваць даведку праверкі;
- падаваць у падатковыя органы і іх службовым асобам тлумачэньні аб падліку і выплаце падаткаў і збораў, а таксама пярэчаньні аб даведцы праверкі;
- патрабаваць ад службовых асобаў падатковых органаў прытрымлівацца актаў падатковага заканадаўства пры зьдзяйсьненьні імі дзеяньняў у дачыненьні да плацежнікаў;
- патрабаваць захаваньня падатковай таямніцы;
- абскарджваць рашэньні падатковых органаў і дзеяньні іх службовых асобаў;
- на пакрыцьцё стратаў, прычыненых незаконнымі рашэньнямі падатковых органаў і неправамернымі дзеяньнямі іх службовых асобаў»;
- «не выконваць рашэньні падатковых органаў і патрабаваньні іх службовых асобаў, якія не адпавядаюць палажэньням гэтага Кодэксу і іншага заканадаўства;
- у мэтах праверкі добранадзейнасьці справавой рэпутацыі выкарыстоўваць інфармацыю, якая не складае падатковую таямніцу і ўтрымліваецца ў дзяржаўных інфармацыйных рэсурсах, падаецца пры дапамозе адзінага парталу электронных паслуг агульнадзяржаўнай аўтаматызаванай сыстэмы;
- знаёміцца з падатковымі разьлікамі, якія знаходзяцца ў падатковым органе, іншымі дакумэнтамі і інфармацыяй, якія адносяцца да падліку і выплаты ім падаткаў і збораў, калі гэта не закранае правы, свабоды і законныя інтарэсы іншых асобаў і ў матэрыялах не ўтрымліваюцца зьвесткі, якія складаюць дзяржаўныя сакрэты, камэрцыйную і іншую таямніцу, якая ахоўваецца законам»[3].
Згодна з 23-м артыкулам падатковымі агентамі прызнаюцца «асобы, якія зьяўляюцца крыніцай выплаты даходаў плацежніку» і на якіх «ўскладаюцца абавязкі па падліку, утрыманьні ў плацежніка і пераліку ў бюджэт падаткаў і збораў». Падатковы агент абавязаны: 1) падлічваць, утрымліваць з грашовых сродкаў, належных плацежніку, і пералічваць у бюджэт адпаведныя падаткі і зборы; 2) па кожным плацежніку весьці ўлік налічаных і выплачаных даходаў, утрыманых і пералічаных у бюджэт адпаведных падаткаў і збораў і выдаваць плацежнікам на іх звароты па вызначанай форме даведкі аб даходах, падлічаных і ўтрыманых падатках; 3) падаваць на патрабаваньне падатковых органаў дакумэнты і інфармацыю, неабходныя для кантролю за правільнасьцю падліку, вылічэньня і пераліку ў бюджэт адпаведных падаткаў і збораў; 4) забясьпечваць на працягу тэрмінаў, усталяваных заканадаўствам, захаванасьць дакумэнтаў і зьвестак, неабходных для кантролю за правільнасьцю падліку, вылічэньня і пераліку ў бюджэт адпаведных падаткаў і збораў. Паводле 28-га артыкула, «асабісты кабінэт плацежніка, разьмешчаны ў сетцы Інтэрнэт, зьяўляецца інфармацыйным рэсурсам, вядзеньне якога ажыцьцяўляе Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь». Ён выкарыстоўваецца «для атрыманьня ад падатковых органаў і накіраваньня ў падатковыя органы электронных дакумэнтаў, дакумэнтаў і інфармацыі ў электронным выглядзе». У 29-м артыкуле прадугледжвалася, што «падатковую таямніцу складаюць любыя зьвесткі аб плацежніках, якія ёсьць у падатковых, мытных і фінансавых органах, органах дзяржаўнага кантролю, рэспубліканскіх органах дзяржаўнага кіраваньня, органах мясцовага кіраваньня і самакіраваньня, упаўнаважаных органах, арганізацыях і ў службовых асобаў, якія зьяўляюцца ўдзельнікамі падатковых дачыненьняў, за выняткам зьвестак, якія даюцца плацежніку ў адносінах да самога сябе, а таксама зьвестак:
- аб прозьвішчы, уласным імі, імі па бацьку плацежніка — фізычнай асобы, у тым ліку індывідуальнага прадпрымальніка, найменьні і месцы знаходжаньня плацежніцы-арганізацыі;
- абнародаваных плацежнікам самастойна ці зь яго згоды;
- якія зьяўляюцца агульнадаступнымі, у тым ліку гадавая бухгальтарская і фінансавая справаздачнасьць арганізацыяў, абнародаваная ў адпаведнасьці з заканадаўствам для ўсеагульнага ведама;
- аб уліковым нумары плацежніка[5], у тым ліку аб даце яго прысваеньня;
- аб даце выплаты асобамі, якія ажыцьцяўляюць рамесную дзейнасьць, дзейнасьць у галіне аграэкатурызму, адпаведна збору за ажыцьцяўленьне рамеснай дзейнасьці і збору за ажыцьцяўленьне дзейнасьці па аказаньні паслуг у галіне аграэкатурызму;
- аб найменьні падатковага органу паводле месца пастаноўкі на ўлік плацежніка;
- аб знаходжаньні плацежніка ў працэсе спыненьня дзейнасьці, даце рашэньня рэгістрацыйнага органу аб выключэньні плацежніка з Адзінага дзяржаўнага рэгістру юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў;
- аб статутным фондзе (капітале) арганізацыі;
- аб парушэньнях падатковага і іншага заканадаўства і захадах адказнасьці за гэтыя парушэньні;
- якія выдаюцца падатковым, праваахоўным ці іншым органам іншых дзяржаваў у адпаведнасьці зь міжнароднымі дамовамі Рэспублікі Беларусь;
- якія выдаюцца дзяржаўным органам, іншым арганізацыям, а таксама міжведамаснай і іншай камісіі, да кампэтэнцыі якіх адносіцца ажыцьцяўленьне адміністрацыйных працэдураў, у мэтах ажыцьцяўленьня імі адміністрацыйных працэдураў;
- якія выдаюцца ўдзельнікам электроннага ўзаемадзеяньня ў рамках праграмна-тэхнічнага комплексу ўліку падатковых рахункаў-фактураў (аўтаматызаваная інфармацыйная сыстэма «Улік рахункаў-фактураў»);
- аб рэгістрацыі ў якасьці рэзыдэнта свабоднай эканамічнай зоны, Парка высокіх тэхналёгіяў, спэцыяльнага турысцка-рэкрэацыйнага парку «Аўгустоўскі канал» і Беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку «Вялікі камень»[3].
Падатковы абавязак
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Другі разьдзел Падатковага кодэксу Беларусі ўлучаў 30 артыкулаў (39—68) у складзе 5 главаў: 1) «Падатковы ўлік і падатковая дэклярацыя, падатковы абавязак і яго выкананьне»; 2) «Зьмяненьне ўсталяванага заканадаўствам тэрміну выплаты падаткаў, збораў і пеняў»; 3) «Спосабы забесьпячэньня выкананьня падатковага абавязку і выплаты пеняў»; 4) «Прымусовае выкананьне падатковага абавязку і спагнаньне пеняў»; 5) «Залік і вяртаньне падаткаў, збораў і пеняў». Найбольшай зь іх была першая глава зь 10 артыкулаў пра: падатковы ўлік і разьлік, падатковы абавязак і яго выкананьне; абавязкі банкаў па выкананьні аплатных інструкцыяў на выплату падаткаў, збораў і пеняў, а таксама рашэньняў аб іх спагнаньні; падаваньне падатковага разьліку і выкананьне падатковага абавязку пры спыненьні дзейнасьці ўстановы, індывідуальнага прадпрымальніка і простага таварыства, а таксама пры пераўтварэньні ўстановы і заліку сумаў падаткаў, збораў і пеняў, як і пры перадачы маёмасьці ў давернае кіраваньне; выкананьне падатковага абавязку нядзеяздольнай, адсутнай бязь вестак і памерлай асобы. Паводле 39-га артыкула, «падатковым улікам прызнаецца ажыцьцяўленьне плацежнікамі ўліку аб’ектаў падаткаабкладаньня і вызначэньня падатковай базы па падатках і зборах шляхам разьліковых карэктаваньняў зьвестак бухгальтарскага ўліку». Згодна з 40-м артыкулам «падатковыя разьлікі паводле ўсталяваных фарматаў у выглядзе электроннага дакумэнту абавязаныя падаваць: 1) плацежнікі, сярэднясьпісачная колькасьць працаўнікоў якіх за папярэдні каляндарны год складае 15 і больш чалавек»; 2) плацежнікі падатку на дададзеную вартасьць (ПДВ)[3].
У 43-м артыкуле прадугледжвалася, што «банк пры наяўнасьці грашовых сродкаў на рахунку, электронных грошай у электронным гаманцы абавязаны выканаць ва ўсталяванай заканадаўчымі актамі чарговасьці аплатную інструкцыю на выплату падатку, збору (пошліны), пеняў ці рашэньне падатковага ці мытнага органа аб спагнаньні падатку, збору і пеняў з прыкладаньнем аплатнага патрабаваньня, у тым ліку з продажам замежнай валюты». Пры гэтым «банк купляе замежную валюту паводле афіцыйнага курсу беларускага рубля, усталяваным Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь на дзень выкананьня аплатнай інструкцыі ... ці рашэньня падатковага ці мытнага органа». Таксама пералічэньне банкамі падаткаў, прынятых у касу паводле аплатных інструкцыяў гатоўкай, «праводзіцца не пазьней за дзень, які ідзе сьледам за днём прыёму пазначаных выплатаў». Пры гэтым, не дапускаецца спагнаньне банкамі платы за: 1) прыём гатоўкі пры выплаце падаткаў у бюджэт, 2) куплю замежнай валюты пры выплаце падаткаў, 3) прыём і перадачу дакумэнтаў, якія выкарыстоўваюць падатковыя і мытныя органы, пры іх праходжаньні ў рэспубліканскай цэнтралізаванай сыстэме абмену міжбанкаўскай карэспандэнцыі ў выглядзе электронных дакумэнтаў. Паводле 54-га артыкула, «спосабамі забесьпячэньня выкананьня падатковага абавязку і выплаты пеняў зьяўляюцца: 1) пені; 2) прыпыненьне аперацыяў па рахунках і электронных гаманцах; 3) арышт маёмасьці; 4) заклад маёмасьці; 5) паручальніцтва; 6) банкаўская гарантыя». Згодна зь 55-м артыкулам, «разьлік пеняў праводзіцца па кожным такім пэрыядзе паводле формулы: П = (НПА х КД х СР) / (360 х 100)», дзе: П — пеня; НПА — нявыкананы падатковы абавязак; КД — колькасьць каляндарных дзён нявыплаты падатку; СР — уліковая стаўка Нацыянальнага банку Беларусі[3].
Падатковы нагляд
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Трэці разьдзел Падатковага кодэксу налічваў 33 артыкулы (69—101) ў складзе 3-х главаў: 1) «Улік плацежнікаў», 2) «Падатковы кантроль», 3) «Прынцыпы вызначэньня цаны на тавары і маёмасныя правы для мэтаў падаткаабкладаньня». Найбольшай зь іх была другая глава зь 16 артыкулаў (71—86), якія апісвала: спосабы падатковага нагляду, выязную, камэральную і сустрэчную праверкі; назіраньне хронамэтражом, прыцягненьне адмыслоўцы і доступ падатковых службоўцаў на тэрыторыю плацежніка пры выязной праверцы; выпатрабаваньне дакумэнтаў і адабраньне іх арыгіналаў, а таксама выклік у падатковы орган падчас праверкі; падатковы нагляд за буйнымі плацежнікамі, выязныя праверкі дзяржаўных органаў і захады выяўленьня маёмасьці падаткаплатніка і яго даўжнікоў; падатковыя ўзаеміны зь дзяржаўнымі ўстановамі і натарыюсамі, банкамі і дэпазыторыямі каштоўных папераў. Паводле 72-га артыкула выязныя праверкі праводзяць: 1) на заяву падаткаплатніка, 2) пры пераўтварэньні падаткаплатніка, 3) для пацьверджаньня абгрунтаванасьці вяртаньня розьніцы між сумай падатковых вылікаў і агульнай сумай ПДВ за збыт тавараў і маёмасных правоў, 4) датычна адноўленых дакумэнтаў бухгальтарскага і падатковага ўліку, 5) дзеля выкананьня абавязкаў паводле міжнародных дамоваў Беларусі, 6) пры неажыцьцяўленьні юрыдычнай асобай і індывідуальным прадпрымальнікам (ІП) дзейнасьці цягам апошніх 6 месяцаў запар дзеля сьпісаньня запазычанасьці за безнадзейны абавязак, 7) пры спыненьні прадпрымальнацкай дзейнасьці ўстановаў і ІП цягам 24-х месяцаў запар або на даручэньне суду і органаў крымінальнага сьледства, 8) датычна фізычных асобаў паводле тэматычнай апэрацыі, 9) датычна дзяржаўных органаў, 10) пры спыненьні дзейнасьці замежных установаў і іх прадстаўніцтваў. Згодна зь 74-м артыкулам «праверкі праводзяцца за пэрыяд, які не перавышае 5 каляндарных гадоў, што папярэднічаюць году, у якім ва ўсталяваным парадку прынята рашэньне аб прызначэньні праверкі, і за мінулы пэрыяд бягучага каляндарнага году». Пры гэтым «перад пачаткам правядзеньня выязной праверкі службовая асоба падатковага органу, якая праводзіць праверку, абавязана прад'явіць плацежніку ці яго прадстаўніку службовае пасьведчаньне, прадпісаньне на правядзеньне праверкі, а таксама ўнесьці неабходныя зьвесткі ў кнігу ўліку праверак». Урэшце тэрмін правядзеньня праверкі ня можа перавышаць:
- 15 працоўных дзён у выпадку праверкі ІП і натарыюса ў бюро, адваката і рамесьніка, часовага кіраўніка і арэндадаўцы сельскай сядзібы;
- 30 працоўных дзён — іншых падаткаплатнікаў;
- 3-х працоўных дзён — тэматычнай апэрацыі (датычна фіз.асобы);
- 10 працоўных дзён — дадатковай праверкі[3].
Таксама «на рашэньне кіраўніка падатковага органу правядзеньне выязной праверкі можа быць аднаразова прадоўжана, але ня болей чым на 15 працоўных дзён пры наяўнасьці значнага аб'ёму дакумэнтаў, якія падлягаюць праверцы, а таксама пры патрэбе правядзеньня значнай колькасьці кантрольных мерапрыемстваў (інвэнтарызацыі, дасьледаваньні і сустрэчныя праверкі)». Паводле 76-га артыкула, хронамэтраж ладзяць дзеля вызначэньня выручкі плацежніка, які ажыцьцяўляе: 1) грамадзкае харчаваньне, 2) побытавае абслугоўваньне, 3) лекавыя паслугі. «Мінімальная працягласьць назіраньня ў кожным з абслуговых аб'ектаў складае 7 пасьлядоўных каляндарных дзён яго функцыянаваньня. Пры гэтым назіраньне мае ажыцьцяўляцца на працягу ўсяго часу функцыянаваньня такога аб'екту за дзень. Пасьля заканчэньня кожнага дня назіраньня выяўленая фактычная выручка плацежніка за дзень пазначаецца ў хронамэтражна-наглядальнай карту», форму якой устанаўлівае МПЗ Беларусі. «Пасьля завяршэньня назіраньня хронамэтражна-наглядальную карту падпісваюць правяральнік і плацежнік ці яго прадстаўнік. Плацежнік ці яго прадстаўнік мае права атрымаць копію хронамэтражна-наглядальнай карты». У 78-м артыкуле згадвалася, што «доступ службовых асобаў падатковых органаў у жылыя памяшканьні, іншыя законныя ўладаньні фізычных асобаў апрача ці супраць іх волі дапускаецца толькі з санкцыі пракурора на падставе матываванай пастановы кіраўніка падатковага органу з удзелам прысутнікаў і пры наяўнасьці дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць патрэбу правядзеньня праверкі інфармацыі: 1) аб захоўваньні і рэалізацыі тавараў, выкананьні працаў, аб аказаньні паслуг у жылым памяшканьні і іншым законным уладаньні ў парушэньне ўстаноўленага парадку; 2) аб здачы ў арэнду і наём жылых і нежылых памяшканьняў бяз выплаты падатку». Паводле 82-га артыкула, «арганізацыі, уключаныя ў пералік буйных плацежнікаў, падаюць у падатковыя органы паводле месца пастаноўкі на ўлік паводле ўсталяваных Міністэрствам па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь фарматах у выглядзе электроннага дакумэнту: 1) гадавую індывідуальную бухгальтарскую і фінансавую справаздачнасьць — не пазьней за 31 сакавіка году, які ідзе следам за мінулым каляндарным годам; 2) прамежкавую індывідуальную бухгальтарскую і фінансавую справаздачнасць — не пазьней за 15 дзень 2-га месяца, які ідзе сьледам за справаздачным кварталам». Пры гэтым, «пералік буйных плацежнікаў зацьвярджае МПЗ Беларусі да 1 кастрычніка году, які папярэднічае году яго ўвядзеньня ў дзеяньне. Пералік буйных плацежнікаў уводзіцца ў дзеяньне зь 1 студзеня году, які ідзе сьледам за годам яго зацьвярджэньня, і не падлягае зьмяненьню на працягу 2-х каляндарных гадоў». Пагатоў, «у пералік буйных плацежнікаў уключаюцца беларускія арганізацыі, якія маюць выручку ад рэалізацыі тавараў і маёмасных правоў згодна з падатковымі разьлікамі па падатку на прыбытак за год ... прынамсі 180 млн беларускіх рублёў» (70 млн даляраў), калі:
- сумарны памер падаткаў і збораў, падлічаных арганізацыяй, перавышае 14 млн беларускіх рублёў;
- або розьніца між сумай падатковых вылікаў і агульнай сумай ПДВ, падлічанай пры збыце тавараў і маёмасных правоў, перавышае 14 млн рублёў[3] (5,5 млн $).
Паводле 85-га артыкула, «натарыюсы абавязаныя паведамляць у падатковыя органы паводле свайго месца пастаноўкі на ўлік штоквартальна не пазьней за 15-ты дзень месяца, які ідзе сьледам за кварталам, аб выдачы імі на працягу квартала пасьведчаньняў аб праве на спадчыну і аб засьведчаньні на працягу квартала дамоваў адчужэньня (дарэньня і мены, куплі-продажу і рэнты) маёмасьці». У сваю чаргу «Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Мінпрацы Беларусі падае ў МПЗ Беларусі інфармацыю аб даходах фізычных асобаў за мінулы каляндарны год не пазней за 1 чэрвеня году, які ідзе следам за мінулым каляндарным годам». Таксама «апэратары паштовай сувязі падаюць у падатковыя органы паводле месца сваёй пастаноўкі на ўлік зьвесткі аб выдадзеных і пералічаных імі грашовых сродках, якія паступілі фізычным асобам пераводам з-за мяжы, не пазьней за 15-ты дзень месяца, які ідзе сьледам за кварталам, у якім пазначаныя грашовыя сродкі былі выдадзеныя і пералічаныя фізычным асобам». Згодна з 86-м артыкулам камэрцыйныя банкі і Нацыянальны банк Беларусі абавязаныя паведамляць у МПЗ Беларусі ў пісьмовым і электронным выглядзе цягам 1-га працоўнага для аб: 1) «адкрыцьці і закрыцьці рахунку і электроннага гаманца арганізацыі і індывідуальнага прадпрымальніка, электроннага гаманца фізычнай асобы»; 2) «адкрыцьці і закрыцьці рахункаў па ўліку ўкладаў і карэспандэнцкага рахунку замежнага банка, адкрыцьці і закрыцьці рахунку і электроннага гаманца іншай замежнай арганізацыі». Таксама «на запыт ад падатковага органу банк абавязаны паведамляць у пісьмовай ці электроннай форме не пазьней за 3 працоўныя дні» зьвесткі аб:
- «наяўнасьці рахункаў, электронных гаманцоў і аб рэштах грашовых сродкаў на іх, налічаных адсотках па ўкладах, зьвесткі аб крэдытах (выдадзеных, вернутых і пагашаных) і канкрэтных зьдзелках, аб апэрацыях без адкрыцьця рахунку і маёмасьці, якая знаходзіцца на захоўваньні ў банку»;
- «уладальніку электроннага гаманца і апэрацыях, ажыцьцёўленых па дадзеным электронным гаманцы, аб рэштах электронных грошай і даце прыпыненьня апэрацыяў з электроннымі грашыма ў электронным гаманцы»;
- «руху грашовых сродкаў па рахунках і электронных гаманцах плацежнікаў»[3].
Сярод іншага, апэратары электрасувязі і пастаўнікі Сеціве падаюць на запыт МПЗ Беларусі і яго інспэкцыі па Менску цягам 3-х дзён зьвесткі пра аказаньне замежнай установай электронных паслугаў фізычным асобам. Урэшце «банкі падаюць у падатковыя органы паводле месцасваёй пастаноўкі на ўлік зьвесткі аб выдадзеных і пералічаных імі грашовых сродках, якія паступілі фізычным асобам пераводам з-за мяжы, не пазьней за 15-ы дзень месяца, які ідзе сьледам за кварталам, у якім згаданыя грашовыя сродкі былі выдадзеныя і пералічаныя». Паводле 88-га артыкуда, да зьдзелак, якія падлягаюць кантролю адпаведнасьці рынкавым цэнам, адносяцца: 1) «зьнешнегандлёвая зьдзелка з узаемазалежнай асобай»; 2) «зьдзелка па рэалізацыі ці набыцьці тавараў і маёмасных праваў, заключаная з узаемазалежнай асобай – падатковым рэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь, якая не падлічвае і не выплачвае падатак на прыбытак у каляндарным годзе, у якім заключаная зьдзелка»; 3) зьдзелка з узаемазалежнай асобай плацежнікам, які выкарыстоўвае асаблівыя рэжымы падаткаабкладаньня, па рэалізацыі ці набыцьці нерухомай маёмасьці і жыльлёвых аблігацыяў пасьля дзяржаўнага ўліку стварэньня будынка; 4) «зьнешнегандлёвая зьдзелка па рэалізацыі ці набыцьці стратэгічных тавараў». Пры гэтым нагляд ажыцьцяўляюць пры цане зьдзелкі з адным бокам цягам году звыш 400 000 рублёў (156 тыс. $), а ў выпадку буйных падаткаплатнікаў — 2 млн рублёў (780 тыс. $). У 91-м артыкуле прадугледжвалася, што пры супастаўленьні вынікаў камэрцыйных і фінансавых умоваў аналізаванай і супастаўнай зьдзелак выкарыстоўваюць 5 спосабаў: 1) супастаўных рынкавых цэнаў; 2) цаны наступнай рэалізацыі; 3) затратны; 4) супастаўнай рэнтабэльнасьці; 5) разьмеркаваньня прыбытку[3].
Абскарджаньне рашэньняў падатковых органаў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Чацьверты разьдзел Кодэксу зьмяшчаў 10 артыкулаў (102—111) у складзе 2-х главаў: 1) «Парадак і тэрміны абскарджаньня рашэньняў падатковых органаў і дзеяньняў службовых асобаў»; 2) «Падатковыя і мытныя органы». Большай была другая глава з 6 артыкулаў (106—111), якія тычыліся: абавязкаў і правоў, а таксама абавязковага дзяржаўнага страхаваньня падатковых службоўцаў; абавязкаў і правоў мытных органаў, а таксама адказнасьці мытных і падатковых службоўцаў. Згодна са 103-м артыкулам «рашэньні падатковых органаў, дзеяньні іх службовых асобаў могуць быць абскарджаныя ў вышэйстаячы падатковы орган ці вышэйстаячай службовай асобе, якой службовыя асобы, дзеяньні якіх абскарджваюцца, непасрэдна падначаленыя, і ў суд». У 104-м артыкуле прадугледжвалася, што «скарга на рашэньне інспэкцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па раёне, горадзе і раёне ў горадзе можа быць пададзеная ў інспэкцыю МПЗ Беларусі па вобласьці і горадзе Менску ці ў МПЗ Беларусі на працягу 30 каляндарных дзён з дня яго вынясеньня». Такі самы тэрмін працягласьцю 30 дзён вызначаўся для падачы скаргі на дзеяньні і рашэньне службовых асобаў падатковай інспэкцыі, як і для наступнага абскарджаньня разгляду такой скаргі. Паводле 105-га артыкула, «скарга разглядаецца ў месячны тэрмін з дня яе атрыманьня. Па выніках разгляду скаргі на рашэньне падатковага органу вышэйстаячы падатковы орган ці вышэйстаячая службовая асоба, якой службовыя асобы, якія прынялі рашэньне, непасрэдна падначаленыя, мае права: 1) пакінуць рашэньне безь зьмяненьня, а скаргу без задавальненьня; 2) адмяніць рашэньне поўнасьцю ці часткова; 3) адмяніць рашэньне і прызначыць дадатковую праверку; 4) унесьці зьмяненьні ў рашэньне». Пры гэтым, «рашэньне па скарзе на працягу 3-х працоўных дзён з дня яго прыняцьця накіроўваецца асобе, якая падала скаргу, заказным лістом з паведамленьнем аб уручэньні ці ўручаецца яму ці яго прадстаўніку пад росьпіс. Копія рашэньня ў такі ж тэрмін накіроўваецца ў падатковы орган, рашэньне ці дзеяньні службовых асобаў якой былі абскарджаныя»[3].
Паводле 108-га артыкула, «падатковыя органы і іх службовыя асобы абавязаныя:
- дзейнічаць у строгай адпаведнасьці з заканадаўствам, карэктна і ўважліва адносіцца да плацежнікаў, іх прадстаўнікоў, не зьневажаць іх гонар, годнасьць, справавую рэпутацыю;
- весьці ўлік плацежнікаў у Дзяржаўным рэестры плацежнікаў і іншых усталяваных заканадаўствам рэестрах;
- кантраляваць выкананьне падатковага заканадаўства, правільны падлік, поўную і своечасовую выплату падаткаў, збораў і пеняў, а таксама за правільнасьць спагнаньня, своечасовасьць і паўнату пералічэньня ў бюджэт падаткаў і збораў;
- залічваць ці вяртаць залішне заплачаныя ці залішне спагнаныя сумы падаткаў, збораў, пеняў і адсоткаў па іх;
- спаганяць незаплачаныя сумы падатку, збору і пеняў і забясьпечваць нявыкананы падатковы абавязак налічэньнем пеняў;
- улічваць належныя да выплаты і фактычна заплачаныя плацежнікамі сумы падаткаў, збораў і пеняў, складаць і падаваць падатковую справаздачнасьць па форме і ў парадку, усталяваным заканадаўствам;
- штомесяц не пазьней за 15-ты дзень месяца, які ідзе сьледам за справаздачным, разьмяшчаць на афіцыйным сайце Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь у сетцы Інтэрнэт у парадку, усталяваным МПЗ Беларусі, пералік арганізацыяў і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць на 1-ты дзень месяца, які ідзе сьледам за справаздачным, запазычанасьць па падатках, зборах і пенях, кантроль за якімі ўскладзены на падатковыя органы;
- даваць растлумачэньні плацежнікам аб пытаньнях прымяненьня падатковага заканадаўства, у тым ліку па ўзгадненьні зь Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Рэспублікі Беларусь ці яго тэрытарыяльнымі органамі (абласнымі і Менскім гарадзкім камітэтамі) — у пытаньнях вызначэньня падатковай базы экалягічнага падатку і падатку за здабычу прыродных рэсурсаў;
- ажыцьцяўляць у межах кампэтэнцыі адміністрацыйныя працэдуры;
- праводзіць праверкі;
- патрабаваць ад плацежнікаў ліквідацыі выяўленых парушэньняў заканадаўства і кантраляваць выкананьне гэтых патрабаваньняў;
- накіроўваць плацежніку ці яго прадстаўніку свае рашэньні;
- перадаваць у парадку, устаноўленым заканадаўствам, матэрыялы праверак і іншыя матэрыялы па фактах парушэньняў заканадаўства, за якія прадугледжана крымінальная адказнасьць, у органы крымінальнага перасьледу ў адпаведнасьці зь іх кампэтэнцыяй;
- адмяняць не адпаведныя заканадаўству рашэньні ніжэйстаячых падатковых органаў;
- захоўваць падатковую таямніцу і правілы захоўваньня зьвестак аб плацежніках;
- прымаць і рэгістраваць заявы, паведамленьні і іншую інфармацыю аб парушэньнях падатковага заканадаўства і праводзіць ва ўсталяваным парадку іх праверку»[3].
У 109-м артыкуле згадвалася, што «службовыя асобы падатковых органаў, якія ажыцьцяўляюць і непасрэдна забясьпечваюць кантрольную дзейнасьць, паводле пераліку, які вызначае Савет міністраў Рэспублікі Беларусь, падлягаюць абавязковаму дзяржаўнаму страхаваньню за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. У выпадку сьмерці ўключанай у пералік службовай асобы, якая надышла з прычыны злачыннага замаху на яе жыцьцё ці здароўе ў сувязі з выкананьнем ёй службовых абавязкаў ці з прычыны прыняцьця ёй захадаў па прадухіленьні злачынства ці іншага правапарушэньня, яго спадкаемцам выплачваецца аднаразовая страхавая сума ў памеры 10-гадовай сумы заработнай платы загінулага. Дадзеная страхавая сума выплачваецца на пазначаных падставах таксама ў выпадку сьмерці ўключанай у пералік службовай асобы, якая надышла на працягу 1-го году пасьля спыненьня ёй працы ў падатковым органе». Пры ўстанаўленьні ўключанай у пералік службовай асобе, у тым ліку на працягу 1-го году пасьля спыненьня ёй працы ў падатковым органе, інваліднасьці, якая надышла з прычыны злачыннага замаху на яе жыцьцё ці здароўе і пацьверджанай мэдычным заключэньнем, ёй выплачваецца аднаразовая страхавая сума ў памеры:
- 5-гадовай сумы заробку — інваліду I групы;
- 4-гадовай сумы заборку — інваліду II групы;
- 3-гадовай сумы заробку — інваліду III групы[3].
Асаблівая частка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Асаблівая частка Падатковага кодэксу Беларусі налічвала 275 артыкулаў (112—386), што складала звыш 70 % усіх артыкулаў Кодэксу. У Асаблівай частцы Кодэксу налічвалася 4 разьдзелы: 1) «Рэспубліканскія падаткі і зборы», 2) «Мясцовыя падаткі і зборы», 3) «Асаблівыя рэжымы падаткаабкладаньня», 3) «Падаткаабкладаньне асобных катэгорыяў плацежнікаў». Найбольшым быў разьдзел пра рэспубліканскія падаткі ў складзе 196 артыкулаў (112—308). Асаблівую частку Кодэксу зацьвердзілі 29 сьнежня 2009 году. На 2021 год Асаблівая частка Падатковага кодэксу дзейнічала з 31-м зьмяненьнем і дапаўненьням 2010—2020 гадоў[6].
Рэспубліканскія падаткі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пяты разьдзел Падатковага кодэксу зьмяшчаў 196 артыкулаў (112—307), што складала звыш паловы Кодэксу. У 5-м разьдзеле налічвалася 16 главаў: 1) «Падатак на дададзеную вартасьць», 2) «Акцызы», 3) «Падатак на прыбытак», 4) «Падатак на даходы замежных арганізацыяў, якія не ажыцьцяўляюць дзейнасьць у Рэспубліцы Беларусь праз пастаяннае прадстаўніцтва», 5) «Падаходны падатак зь фізычных асобаў», 6) «Падатак на нерухомасьць», 7) «Зямельны падатак», 8) «Экалягічны падатак», 9) «Падатак на здабычу прыродных рэсурсаў», 10) «Афшорны збор», 11) «Гербавы збор», 12) «Консульскі збор», 13) «Дзяржаўнае мыта», 14) «Патэнтныя мыты», 15) «Утылізацыйны збор», 16) «Транспартны падатак». Найбольшай была глава пра ПДВ з 33-х артыкулаў (112—144), якая вызначала: падаткаплатнікаў, прызнаньне падаткаплатнікамі індывідуальных прадпрымальнікаў і выкананьне абавязкаў падаткаплатніка пры збыце замежнымі арганізацыямі; прадметы падаткаабкладаньня, месца збыту тавара і працы, паслугі і маёмасных правоў, вызваленьне ад падатку кошта абарачэньня па збыце і тавараў пры ўвозе ў Беларусь; падатковую базу, момант збыту і стаўкі падатку; парадак дакумэнтаваньня вывазу за мяжу тавара пад мытнай працэдурай, у дзяржавы Эўразійскага эканамічнага зьвязу і з давальніцкай сыравіны; парадак пацьверджаньня абгрунтаванасьці нулявой стаўкі падатку, падатковы і справаздачны пэрыяды, парадак налічэньня падатку і карэктаваньня абарачэньня; суму падатку для паказу пакупніку і электронны рахунак-фактура, парадак прымяненьня і спосаб разьмеркаваньня падатковых вылікаў, суму падатку для выплаты ў бюджэт; парадак і тэрміны падачы падатковых разьлікаў і сплаты падатку, парадак вяртаньня розьніцы між сумай падатковых вылікаў і агульнай сумай падатку; падаткаабкладаньне мытнымі і падатковымі органамі пры ўвозе тавараў у Беларусь, налічэньне і прыём да выліку сумаў падатку пры спрошчаным падаткаабкладаньні, налічэньне і сплата падатку пры аказаньні электронных паслугаў замежнымі арганізацыямі для фізычных асобаў; вяртаньне сумаў падатку дыпляматычным прадстаўніцтвам і консульскім установам замежных дзяржаваў, прадстаўніцтвам і ўстановам міжнародных арганізацыяў і міждзяржаўных утварэньняў, а таксама іх супрацоўнікам; умовы, парадак і тэрміны вяртаньня падатку іншаземцам пры набыцьці тавараў праз раздробныя крамы[6].
Мясцовыя падаткі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Шосты разьдзел Кодэксу ўлучаў 16 артыкулаў (308—323) у складзе 3-х главаў: 1) «Падатак за валоданьне сабакамі», 2) «Курортны збор», 3) «Збор з нарыхтоўнікаў». Найбольшай была глава пра курортны збор зь 7 артыкулаў наконт: яго плацежнікаў, прадмету абкладаньня, падатковай базы і стаўкі, падатковага пэрыяду, парадку налічэньня і тэрміну сплаты. Паводле 309-га артыкула, «падатковая база падатку за валоданьне сабакамі вызначаецца як колькасьць сабакаў у веку ад 3-х месяцаў і старэйшых на 1-ы дзень першага месяца падатковага пэрыяду», які складае каляндарны квартал. Згодна з 310-м артыкулам стаўка падатку на сабакаў складала 0,3 базавай велічыні за квартал. Пры гэтым «Менскі гарадзкі Савет дэпутатаў і мясцовыя Саветы дэпутатаў базавага тэрытарыяльнага ўзроўню маюць права зьмяншчаць (ня больш як удвая) стаўкі падатку». Разам з тым, за «патэнцэцыйна небясьпечныя» пароды сабакаў стаўка падатку складала 1,5 базавай велічыні[6].
Рэжымы падабкаабкладаньня
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сёмы разьдзел Падатковага кодэксу Беларусі налічваў 58 артыкулаў (324—381) у складзе 8 главаў: 1) «Падатак пры спрошчанай сыстэме падаткаабкладаньня», 2) «Адзіны падатак зь індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізычных асобаў», 3) «Адзіны падатак для вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі», 4) «Падатак на гульнявы бізнэс», 5) «Падатак на даходы ад ажыцьцяўленьня лятарэйнай дзейнасьці», 6) «Падатак на даходы ад правядзеньня электронных інтэрактыўных гульняў», 7) «Збор за ажыцьцяўленьне рамесьніцкай дзейнасьці», 8) «Збор за ажыцьцяўленьне дзейнасьці па аказаньні паслуг у галіне аграэкатурызму». Найбольшай была глава пра адзіны падатак зь ІП, што налічвала 11 артыкулаў (334—344), якія акрэсьлівалі: адпаведных падаткаплатнікаў і ўмовы прымяненьня такога падатку, прадмет падаткаабкладаньня і падатковую базу, парадак усталяваньня стаўкі падатку; ільготы, падатковы і справаздачны пэрыяды, тэрміны падачы апавяшчэньняў; парадак і тэрміны сплаты, залік і вяртаньне падатку. Паводле 336-га артыкула, сплата адзінага падатку замяняе сплату: 1) падаходнага падатку, 2) падатку на дададзеную вартасьць, 3) экалягічнага падатку, 4) падатку на здабычу карысных выкапняў, 5) мясцовых падаткаў і збораў[6].
Віды падаткаплатнікаў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Восьмы разьдзел Падатковага кодэксу ўлучаў 5 артыкулаў (382—386) у складзе 2-х главаў: 1) «Асаблівасьці падаткаабкладаньня ў свабодных эканамічных зонах», 2) «Падаткаабкладаньне сялянскіх гаспадарак, калегіяў адвакатаў, адвакацкіх бюро, Беларускай натарыяльнай палаты і яе арганізацыйных структураў, дзяржаўных органаў і іншых дзяржаўных арганізацыяў». Большай зь іх была апошняя глава з 3-х артыкулаў. Паводле 384-га артыкула, сялянскія гаспадаркі цягам 3-х гадоў з дня іх дзяржаўнага ўліку вызваляюцца ад падаткаў і збораў за дзейнасьць у галіне расьлінаводзтва і жывёлагадоўлі, рыбаводзтва і пчалярства, за выняткам транспартнага падатку і мытных плацяжоў, ПДВ і акцызаў пры ўвозе тавараў з краінаў ЭАЭЗ. Згодна з 385-м артыкулам калегіі адвакатаў і адвакацкія бюро, Беларуская натарыяльная палата і яе аддзяленьні вызваляюцца ад падаткаў і збораў, за выняткам дзяржаўнага мыта[6].
Дадаткі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Падатковы кодэкс Беларусі налічваў 27 Дадаткаў:
- «Стаўкі акцызаў на падакцызныя тавары»;
- «Стаўкі падаходнага падатку зь фізычных асобаў у фіксаваных сумах»;
- «Стаўкі зямельнага падатку на сельскагаспадарчыя землі сельскагаспадарчага прызначэньня»;
- «Сярэднія стаўкі зямельнага падатку паводле раёнаў»;
- «Функцыянальнае выкарыстаньне зямельных дзялянак (віды ацэнкавых зонаў)»;
- «Стаўкі зямельнага падатку на зямельныя дзялянкі, разьмешчаныя ў населеных пунктах, а таксама за межамі населеных пунктаў, зямельныя дзялянкі садаводчых таварыстваў і лецішчавых каапэратываў»;
- «Стаўкі экалягічнага падатку за выкіды забруджвальных рэчываў у атмасфэрнае паветра»;
- «Стаўкі экалягічнага падатку за скід сьцёкавых водаў у навакольнае асяродзьдзе»;
- «Стаўкі экалягічнага падатку за пахаваньне і захоўваньне адкідаў вытворчасьці»;
- «Стаўкі падатку за здабычу прыродных рэсурсаў»;
- «Стаўкі падатку на здабычу прыродных рэсурсаў датычна нафты»;
- «Стаўкі консульскага збору»;
- «Стаўкі дзяржаўнага мыта пры звароце ў суды...»;
- «Стаўкі дзяржаўнага мыта пры звароце ў судовую калегію ў справах інтэлектуальнай уласнасьці Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусь»;
- «Стаўкі дзяржаўнага мыта пры звароце ў судовую калегію гаспадарчых справаў Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусь і гаспадарчыя суды вобласьцяў»;
- «Стаўкі дзяржаўнага мыта пры звароце ў органы прымусовага выкананьня»;
- «Стаўкі дзяржаўнага мыта пры звароце ў органы пракуратуры»;
- «Стаўкі дзяржаўнага мыта пры звароце да ўпаўнаважаных службовых асобаў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў»;
- «Стаўкі дзяржаўнага мыта пры звароце да рэгістратараў рэспубліканскай і тэрытарыяльных арганізацыяў па дзяржаўным уліку нерухомай маёмасьці, правоў на яе і зьдзелак зь ёй»;
- «Стаўкі дзяржаўнага мыта за ажыцьцяўленьне дзеяньняў, зьвязаных з улікам актаў грамадзянскага стану»;
- «Стаўкі дзяржаўнага мыта за выдачу і засьведчаньне дакумэнтаў для выезду зь Беларусі і ўезду ў Беларусь, выдачу або працяг тэрміну дзеяньня дакумэнтаў для знаходжаньня замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства ў Беларусі, за разгляд пытаньняў датычна грамадзянства Беларусі»;
- «Стаўкі дзяржаўнага мыта па іншых прадметах абкладаньня дзяржаўным мытам»;
- «Стаўкі патэнтных мытаў»;
- «Стаўкі адзінага падатку зь індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізычных асобаў»;
- «Пералік транспартных сродкаў»;
- «Пералік харчовых тавараў і тавараў для дзяцей, па якіх прымяняецца стаўка ПДВ у памеры 10 % пры ўвозе ў Беларусь і пры збыце ў Беларусі»;
- «Стаўкі транспартнага падатку»[6].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]19 сьнежня 2002 г. А.Лукашэнка падпісаў Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь № 116-З, які складаўся з 89 артыкулаў[2].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ А.Лукашэнка. Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь (пачатак) // Зьвязда : газэта. — 9 студзеня 2003. — № 4 (24688). — С. 2, 3. — ISSN 1990-763x.
- ^ а б А.Лукашэнка. Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь (заканчэньне) // Зьвязда. — 10 студзеня 2003. — № 5-6 (24689-24690). — С. 7.
- ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о А. Лукашэнка. Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь (Агульная частка) ад 19 сьнежня 2002 г. № 166-З // Лябараторыя распазнаваньня і сынтэзу маўленьня АІПІ, 10 жніўня 2021 г. Праверана 4 кастрычніка 2021 г.
- ^ Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь (Агульная частка) // Лябараторыя распазнаваньня і сынтэзу маўленьня АІПІ, 10 жніўня 2021 г. Праверана 4 кастрычніка 2021 г.
- ^ Мікола Гуткоўскі. 10. плательщик — плацежнік // Тэрмінолёгія права / рэд. Іван Луцэвіч, Канстанцін Міцкевіч, Язэп Лёсік, Сьцяпан Некрашэвіч і Ўладзіслаў Чаржынскі. — Менск: Інбелкульт, 1926. — (Беларуская навуковая тэрміналёгія).
- ^ а б в г д е А. Лукашэнка. Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь (Асаблівая частка) ад 29 сьнежня 2009 г. № 71-З (рас.) // Партал «Эталён-анлайн», 1 студзеня 2021 г. Праверана 9 кастрычніка 2021 г.