Перайсьці да зьместу

Утылізацыйны збор

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Утылізацы́йны збор (утыльзбор; франц. utilisation — выкарыстаньне) — аднаразовае мыта за карыстаньне доўгатэрміновым таварам.

1 сакавіка 2014 году ўведзены ў Беларусі на ўвозімыя самаходы ў сувязі з удзелам у Мытным зьвязе Беларусі, Казахстану і Расеі[1].

4 лютага 2014 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 64 «Аб утылізацыйным зборы ў дачыненьні транспартных сродкаў», які ўводзіўся зь 1 сакавіка 2014 году пры ўвозе самаходаў у Беларусь[2]. У пункце 1.2 Указу вызначалася, што «ўтылізацыйны збор у Рэспубліцы Беларусь сплачваецца паводле базавых ставак і каэфіцыентаў да іх, якія вызначае Савет міністраў Рэспублікі Беларусь, аднаразова за кожны транспартны сродак»[3]. Указ зацьвердзілі дзеля «забесьпячэньня рацыянальнага выкарыстаньня прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя, а таксама максымальнага прыцягненьня адкідаў у абарот у якасьці другаснай сыравіны». Утылізацыйны збор увялі на ўзор Расеі, дзе яго пачалі зьбіраць з пачатку 2014 году, бо Беларусь уваходзіла ў Мытны зьвяз Беларусі, Казахстану і Расеі[4]. Пагатоў, стаўкі збору былі аднолькавымі з расейскімі. Для фізычных асобаў каэфіцыент да базавай стаўкі збору складаў 0,1. Пры ўвазе з-за мяжы яго спаганяў Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі, а з аўтавытворцаў у Беларусі — Міністэрства па падатках і зборах Беларусі[5]. 27 лютага 2014 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 172, якой зацьвердзіў утыльзбор за самаход векам да 3-х гадоў у памеры 60 даляраў, а за старэйшы за 3 гады — 85 даляраў[6].

30 кастрычніка 2015 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 445, якім пашырыў утылізацыйны збор на самаходы, дабудаваныя ў Беларусі на шасі заказчыка. Указ зацьвердзілі з уліку тэхнічнага рэглямэнту Мытнага зьвязу ЭАЭЗ[7]. 30 студзеня 2016 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 74, якой з 4 лютага 2016 году павысіў памер утыльзбору зь фізычных асобаў у 8,25 разы да 4,95 млн рублёў (247 даляраў) за самаход векам да 3-х гадоў і да 7,425 млн рублёў (371 $) за старэйшыя за 3 гады[8]. Гэтую Пастанову зацьвердзілі праз удзел Беларусі ў Эўразійскім эканамічным зьвязе, бо ўрад Расеі ўзьняў стаўкі ўтыльзбору 1 студзеня 2016 году. Таксама стаўкі сталі вылічаць у беларускіх рублях замест расейскіх[9]. 15 лютага 2018 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 67 «Аб захадах разьвіцьця міжнародных аўтамабільных перавозак грузаў», якім вызваліў ад утыльзбору ў 2018 годзе седлавыя цягачы і грузавікі поўнай вагой ад 12 да 50 тонаў, якія належалі да 6-й экалягічнай клясы[10].

4 кастрычніка 2018 году А. Лукашэнка падпісаў Указ аб увядзеньні ўтыльзбору пры ўвозе прычэпа і паўпрычэпа найбольшай вагой звыш 10 тонаў. Стаўка збору была супастаўнай з расейскай[11]. 16 лістапада 2020 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 647, якой зь 2021 году увёў павышаны ўтыльзбор за ўвоз самаходаў, старэйшых за 7 гадоў, у памеры 1225,1 рублёў (482 $)[12].

  1. ^ Утылізацыйны збор // УП «Белмытсэрвіс», 2022 г. Праверана 14 студзеня 2022 г.
  2. ^ Уводзіцца ўтылізацыйны збор // Зьвязда : газэта. — 7 лютага 2014. — № 23 (27633). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
  3. ^ У Беларусі ўведзены ўтылізацыйны збор на аўтамабілі // Белтэлерадыёкампанія, 6 лютага 2014 г. Праверана 14 студзеня 2022 г.
  4. ^ Ігар Карней. Лукашэнка падпісаў указ пра ўтылізацыйны збор // Беларуская служба Радыё «Свабода», 6 лютага 2014 г. Праверана 14 студзеня 2022 г.
  5. ^ З 1 сакавіка ў Беларусі ўводзіцца ўтылізацыйны збор для аўтамабіляў // Белтэлерадыёкампанія, 7 лютага 2014 г. Праверана 14 студзеня 2022 г.
  6. ^ Зьміцер Цітоў. З 1 сакавіка ў Беларусі ўводзіцца ўтылізацыйны збор для аўтамабіляў // Белтэлерадыёкампанія, 10 лютага 2014 г. Праверана 14 студзеня 2022 г.
  7. ^ У Беларусі ўдакладнена заканадаўства, зьвязанае з выплатай утылізацыйнага збору // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 30 кастрычніка 2015 г. Праверана 14 студзеня 2022 г.
  8. ^ Утыльзбор на аўтамабілі для фізычных асобаў у Беларусі падаражэў у 8,25 раза, для юрыдычных асобаў - у 1,65 раза // БелТА, 2 лютага 2016 г. Праверана 14 студзеня 2022 г.
  9. ^ Іна Студзінская. У Беларусі падаражэў утылізацыйны збор на аўтамабілі: для аўтааматараў — у 8,25 раза // Беларуская служба Радыё «Свабода», 2 лютага 2016 г. Праверана 14 студзеня 2022 г.
  10. ^ Грузавікі стандарту Эўра-6 вызваляюцца ад выплаты ўтылізацыйнага збору ў Беларусі ў 2018 годзе // БелТА, 16 лютага 2018 г. Праверана 14 студзеня 2022 г.
  11. ^ БелаПАН. У Беларусі ўводзіцца ўтылізацыйны збор за цяжкія прычэпы і паўпрычэпы // Радыё «Рацыя», 4 кастрычніка 2018 г. Праверана 14 студзеня 2022 г.
  12. ^ Новыя стаўкі ўтылізацыйнага збору увядуць з 1 студзеня 2021 году // Газэта «Зьвязда», 19 лістапада 2020 г. Праверана 14 студзеня 2022 г.