Падатак на дададзеную вартасьць

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Падатак на дададзеную вартасьць (ПДВ) — сыстэма абкладаньня тавараў і паслугаў падаткам на суму вартасьці, дададзенае да зыходнага кошту сыравіны на кожным этапе іхняе вытворчасьці, абмену або перапродажу. Працэнтовая стаўка можа адрозьнівацца ў залежнасьці ад віду прадукцыі.

ПДВ улучаецца вытворцам у цану тавара, аплочваецца пакупніком і разьлічваецца як розьніца між ПДВ, уплочаным пакупніком, і ПДВ, уплочанага ў сувязі з выдаткамі, якія ўлучаюцца ў сабекошт прадукцыі. У выплатных дакумэнтах ПДВ выдзяляецца асобным радком.

Падатковая база[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Згодна з 97-м артыкулам асаблівай часткі Падатковага кодэксу Беларусі 2009 году «падатковая база падатку на дададзеную вартасьць вызначаецца зыходзячы з усіх паступленьняў плацежніка, атрыманых ім у грашовай, натуральнай і іншых формах ад збыту тавараў, маёмасных правоў». Паводле 98-га артыкула, «падатковая база ПДВ пры збыце тавараў, маёмасных правоў вызначаецца як вартасьць гэтых тавараў, маёмасных правоў, вылiчаная зыходзячы з цэнаў». Пагатоў «падатковая база ПДВ пры:

  • збыце па рэгуляваных раздробных цэнах з улікам ПДВ набытых тавараў вызначаецца як станоўчая розьніца між цаной збыту і цаной набыцьця гэтых тавараў»;
  • «збыце працы па вытворчасьці тавараў з давальніцкай сыравіны вызначаецца як кошт апрацоўкі, перапрацоўкі або іншай трансфармацыі названай сыравіны»;
  • «ажыцьцяўленьні пасярэдніцкай дзейнасьці вызначаецца як сума, атрыманая ў выглядзе ўзнагароджаньняў па дамовах даручэньня, камісіі»;
  • «збыце тавараў, маёмасных правоў па тэрміновых зьдзелках, якія прадугледжваюць пастаўку тавараў, маёмасных правоў, выкананьне працы, аказаньне паслугаў па заканчэньні ўсталяванага дамовай тэрміну па пазначанай непасрэдна ў гэтай дамове цане, вызначаецца зыходзячы з пазначанай непасрэдна ў дамове цаны тавараў, маёмасных правоў, павялічанай на вартасьць адпаведных форвардных і ф'ючарсных кантрактаў, апцыёнаў»;
  • «перадачы лізінгадаўцам прадмета лізінгу лізінгаатрымальніку вызначаецца як сума лізінгавых плацяжоў»;
  • «паслугах транспартнай экспэдыцыі вызначаецца як сума, атрыманая ў выглядзе ўзнагароджаньня экспэдытара па дамове»;
  • «збыце прадпрыемства ў цэлым як маёмаснага комплексу ... па кожным відзе маёмасьці прымяняецца папраўчы каэфіцыент, разьлічаны як адносіны вартасьці збыту прадпрыемства да балянсавага кошту маёмасьці»;
  • «збыце на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь тавараў, маёмасных правоў замежнымі арганізацыямі, якiя не знаходзяцца на ўліку ў падатковых органах Рэспублікі Беларусь ... вызначаецца як вартасьць гэтых тавараў, маёмасных правоў»;
  • «збыце прадукцыі, вырабленай з каштоўных мэталаў і каштоўных камянёў, вызначаецца як вартасьць прадукцыі з улікам вартасьці выкарыстаных у вытворчасьці каштоўных мэталаў і каштоўных камянёў»;
  • «збыце па падпісцы друкаваных сродкаў масавай інфармацыі юрыдычнымі асобамі, на якія ўскладзеныя функцыі рэдакцыяў друкаваных СМІ, ... вызначаецца як падпісная вартасьць накладу гэтых друкаваных СМІ за вылікам сумаў, якія застаюцца на рахунках: 1) арганізацыяў сувязі («Белпошта») за кошт аплаты аказаных імі паслугаў сувязі паводле ўсталяваных расцэнак пры збыце друкаваных СМІ па падпісцы, паслугаў па афармленьні падпіскі і выдачы друкаваных СМІ праз гандлёвую сетку гэтых арганізацыяў; 2) арганізацыяў, што ўдзельнічаюць у працэсе збыту друкаваных СМІ па падпісцы («Белсаюздрук»), за кошт аплаты іх выдаткаў»;
  • «саступцы права патрабаваньня першапачатковым крэдыторам, якая адбываецца паводле дамоваў, накіраваных на збыт тавараў, маёмасных правоў,... вызначаецца як сума перавышэньня памеру абавязкаў па такіх дамовах»;
  • «саступцы права патрабаваньня новым крэдыторам, якія атрымалі грашовае патрабаваньне, што вынікае з дамовы, накіраванай на збыт тавараў,... вызначаецца як сума перавышэньня даходу, атрыманага новым крэдыторам пры наступнай саступцы права патрабаваньня або пры спыненьні адпаведнага абавязку, над выдаткамі на набыцьцё пазначанага патрабаваньня»;
  • «перадачы маёмасных правоў плацежнікамі, у тым ліку удзельнікамі долевага будаўніцтва, на аб’екты нерухомасьці, доляў у праве ўласнасьці на аб’екты нерухомасьці, гаражы і месцы аўтамабільных стаянак ... вызначаецца як станоўчая розьніца між вартасьцю, паводле якой перадаюцца маёмасныя правы з улікам ПДВ, і выдаткамі на набыцьцё дадзеных правоў з улікам ПДВ»;
  • «набыцьці грашовага патрабаваньня у трэціх асобаў ... вызначаецца як сума перавышэньня даходу, атрыманага ад даўжнiка i (або) пры наступнай саступцы, над выдаткамі на набыцьцё гэтага патрабаваньня»;
  • «перадачы правоў, зьвязаных з правам заключэньня дамовы,... вызначаецца як вартасьць такога права»;
  • «збыце падраднікамі будаўнічых працаў (улучна з праектнымі працамі), выкананых з удзелам субпадраднікаў, вызначаецца падраднікам як вартасьць выкананых працаў, якая ўключае вартасьць працаў, выкананых субпадраднікамі»;
  • «збыце паслугаў давернага кіраваньня маёмасьцю, аказаных даверніку, вызначаецца даверным кіраўніком як сума ўзнагароджаньня, атрыманая ім па дамове давернага кіраваньня»;
  • «кантрактнай вытворчасьці тытунёвых вырабаў ... вызначаецца як вартасьць працаў па вытворчасьці названых тытунёвых вырабаў з улікам кошту матэрыялаў арганізацыі-вытворцы, улучна з сумамі акцызаў, вылічанымі арганізацыяй-вытворцам тытунёвых вырабаў»;
  • «перадачы тавараў па дамове пазыкі ў выглядзе рэчаў вызначаецца як вартасьць перадаваных тавараў, прадугледжаная дамовай, пры адсутнасці вартасьці ў дамове — як вартасьць, пазначаная ў таварасуправаджальных дакумэнтах, а пры адсутнасьці вартасьці ў мовае і таварасуправаджальных дакумэнтах — як вартасьць тавараў, адлюстраваная ў бухгальтарскім уліку»;
  • «выдачы лямбардамі мікрапазыкаў фізычным асобам пад заклад рухомай маёмасьці, прызначанай для асабістага, сямейнага або хатняга карыстаньня, вызначаецца як сума даходаў (адсоткаў і іншых даходаў), зьвязаных з выдачай такіх пазыкаў»;
  • «вядзеньні будаўніцтва ў зацікаўленасьцях трэціх асобаў ... як узнагароджаньне, якое вызначаецца ў выглядзе розьніцы між сумай сродкаў з улікам ПДВ, якая падлягае атрыманьню па дамове..., і сумай фактычна зробленых выдаткаў з улікам ПДВ па будаўніцтве аб’екта,... але ня менш за вартасьць паслугаў заказчыка (забудоўніка), вызначаную зыходзячы з абсягу сродкаў, прадугледжаных на ўтрыманьне заказчыка (забудоўніка) праектна-каштарыснай дакумэнтацыяй на будаўніцтва аб’екта з улікам ПДВ»[1].

Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле агульнай часткі Падатковага кодэксу Рэспублікі Беларусь 2002 году, падатак на дададзеную вартасьць ёсьць ускосным (артыкул 6) і рэспубліканскім (арт. 8). Згодна з 63-м артыкулам Падатковага кодэксу «плацежнікі ПДВ падаюць у падатковы орган падатковыя разьлікі... у выглядзе электроннага дакумэнта»[2]. Асаблівая частка Падатковага кодэксу Беларусі 2009 году зьмяшчала главу 12 «Падатак на дададзеную вартасьць», якая ўлучала артыкулы з 90-га па 108-ы. Паводле 90-га артыкула, «плацежнікамі падатку на дададзеную вартасьць прызнаюцца:

  • арганізацыі;
  • індывідуальныя прадпрымальнікі»;
  • «даверныя кіраўнікі па абаротах збыту тавараў, маёмасных правоў, якія ўзьнікаюць у сувязі з даверным кіраваньнем маёмасьцю, атрыманай у давернае кіраваньне, у зацікаўленасьцях давернікаў і выгаданабывальнікаў;
  • фізычныя асобы, на якіх ... ускладзены абавязак па сплаце ПДВ, які спаганяецца пры ўвозе тавараў на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь»[1].

Пагатоў згодна з 91-м артыкулам Падатковага кодэксу «індывідуальныя прадпрымальнікі прызнаюцца плацежнікамі..., калі сума ... выручкі... за 3 папярэднія пасьлядоўныя каляндарныя месяцы перавысіла ў сукупнасьці 40 000 эўра па афіцыйным курсе беларускага рубля, усталяванага Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь ... на апошні дзень апошняга з такіх месяцаў». Паводле 92-га артыкула «замежныя арганізацыі, у тым ліку генэральныя падраднікі, субпадраднікі, якія ажыцьцяўляюць будаўніцтва або зборку аб’ектаў і стаяць на ўліку ў падатковых органах Рэспублікі Беларусь, выплачваюць ПДВ з пачатку ажыцьцяўлення такой дзейнасьці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь». Таксама «замежныя арганізацыі, якія аказваюць паслугі ў электроннай форме для фізычных асобаў, месцам збыту якіх прызнаецца Рэспубліка Беларусь, выконваюць вылічэньне і сплату ПДВ, падачу падатковай дэклярацыі ў падатковы орган Рэспублікі Беларусь»[1].

Згодна з 93-м артыкулам Падатковага кодэксу «аб’ектамі падаткаабкладаньня падаткам на дададзеную вартасьць прызнаюцца: 1) абароты па збыце тавараў, маёмасных правоў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь»; 2) «увоз тавараў на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь». Паводле 95-га артыкула, «пры ўвозе тавараў ... спагнаньне ПДВ ажыцьцяўляецца мытнымі органамі». Пагатоў «пры ўвозе ... з тэрыторыі дзяржаваў-удзельніцаў Эўразійскага эканамічнага зьвязу спагнаньне ПДВ ажыцьцяўляюць падатковыя органы». Паводле артыкула 1061 Кодэксу, «электронны рахунак-фактура ёсьць абавязковым электронным дакумэнтам для ўсіх плацежнікаў ПДВ. «Форма і фармат электроннага рахунка-фактуры, парадак яго стварэньня, выстаўленьня, атрыманьня, падпісаньня і захоўваньня зацьвярджаецца Міністэрствам па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь». Пагатоў «электронны дакумэнтаабарот электронных рахункаў-фактураў між прадаўцамі і пакупнікамі ажыцьцяўляецца з выкарыстаньнем Партала электронных рахункаў-фактураў, які ёсьць інфармацыйным рэсурсам Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь. Электронны рахунак-фактура ствараецца плацежнікам непасрэдна на Партале або запампоўваецца ў выглядзе файла XML-фармату, падрыхтаванага плацежнікам, і ёсьць крыніцай зьвестак пра вылічаныя і падлеглыя выліку сумы ПДВ, якія падаюцца ў падатковыя органы». Згодна са 108-м артыкулам «Падатковым пэрыядам па ПДВ прызаецца каляндарны год». Справаздачным пэрыядам па ПДВ прызнаецца квартал. Пагатоў «справаздачным пэрыядам па ПДВ для плацежнікаў, якія збываюць паслугі электрасувязі, што аказваюцца абанэнтам, прызнаецца каляндарны месяц. Плацежнікі падаюць у падатковыя органы падатковы разьлік ... не пазьней за 20-ы дзень месяца, які ідзе за мінулым справаздачным пэрыядам. Сплата ПДВ выконваецца не пазьней за 22-і дзень месяца, які ідзе за мінулым справаздачным пэрыядам»[1].

Стаўкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле 102-га артыкула асаблівай часткі Падатковага кодэксу Беларусі 2009 году, «Стаўкі падатку на дададзеную вартасьць усталёўваюцца ў» памеры:

  • «10 % пры — 1) збыце вырабленай на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь прадукцыі расьлінаводзтва, дзікарослых ягадаў, арэхаў i iншых пладоў, грыбоў, іншай дзікарослай прадукцыі, пчалярства, жывёлагадоўлі і рыбаводзтва»; 2) «увозе на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь і збыце харчовых тавараў і тавараў для дзяцей»;
  • «20 %[3] пры — 1) збыце тавараў,... перадачы маёмасных правоў»; 2) «увозе на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь тавараў»; 3) «збыце паслугаў у электроннай форме»;
  • «9,09 % або 16,67 % — пры збыце тавараў па рэгуляваных раздробных цэнах з улікам ПДВ»;
  • «25 % — пры збыце паслугаў электрасувязі»[1].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г д А.Лукашэнка. Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 29 сьнежня 2009 г. № 71-З (асаблівая частка)(рас.) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 12 студзеня 2017 г. Архіўная копія ад 12 студзеня 2017 г. Праверана 2 кастрычніка 2018 г.
  2. ^ А.Лукашэнка. Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 19 сьнежня 2002 г. № 166-З (агульная частка)(рас.) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 26 кастрычніка 2016 г. Архіўная копія ад 26 кастрычніка 2016 г. Праверана 2 кастрычніка 2018 г.
  3. ^ Уладзіслаў Кулецкі. Дзяржава і бізнэс разам шукаюць выйсьце // Зьвязда : газэта. — 27 жніўня 2013. — № 159 (27524). — С. 2. — ISSN 1990-763x.