Перайсьці да зьместу

Граніцы Рэспублікі Беларусь

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Межы Беларусі»)

Дзяржаўная граніца Беларусі або дзяржаўная мяжа[a][2] — лінія і праходная гэтай лініяй вэртыкальная паверхня, якая вызначае межы тэрыторыі Беларусі — сушы, водаў, нетраў і паветранай прасторы[3].

Паводле 18-га артыкула Канстытуцыі Беларусі, «Рэспубліка Беларусь у сваёй замежнай палітыцы зыходзіць з прынцыпаў ... непарушнасьці межаў». Згодна з 30-м артыкулам «грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права свабодна перамяшчацца і выбіраць месца жыхарства ў межах Рэспублікі Беларусь». Таксама ў 9-м артыкуле згадвалася, што «тэрыторыя Рэспублікі Беларусь зьяўляецца ... прасторавай мяжой самавызначэння народу»[4].

Граніца Беларусі
Краіна Працягласьць, км
Сьцяг Латвіі Латвія 172,912
Сьцяг Летувы Летува 678,819
Сьцяг Польшчы Польшча 398,624
Сьцяг Расеі Расея 1283
Сьцяг Украіны Украіна 1084

Найбольшую працягласьць мае граніца з Расеяй (1 283 км), найменшую — з Латвіяй (172,912 км)[5].

На беларуска-летувіскай граніцы ўсталявана 1 957 пагранічных слупоў, на беларуска-латвійскай — 417, на беларуска-польскай — 667[6].

Спрэчныя дзялянкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На сёньняшні дзень дзяржаўная граніца рэгулюецца Дамоваю паміж Беларусьсю і Ўкраінаю аб сяброўстве, дабрасуседзтве і супрацоўніцтве ад 17 чэрвеня 1995. Дамова аб Дзяржаўнай граніцы паміж Беларусьсю і Ўкраінаю ад 12 траўня 1997 у той самы год была ратыфікаваная Вярхоўнай Радаю Ўкраіны, аднак да сёньня не ратыфікаваная Нацыянальным Сходам РБ[7].

Пытаньне ратыфікацыі Дамовы будзе разглядацца на вясновай сэсіі Нацыянальнага Сходу, якая пачне працу 2 красавіка 2010 году[8][9]. Паводле старшыні Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Ігара Рачкоўскага, працягласьць працы па дэмаркацыі граніцы можа працягвацца да 10 год і патрабуе Br51 млрд[10].

На пачатку 1990-х паміж Беларусьсю і Летувой разгарэлася тэрытарыяльная спрэчка за прыналежнасьць чыгуначнай станцыі Адуцішкі. Станцыя хоць і знаходзілася ў савецкія часы на тэрыторыі ЛетССР, аднак адміністрацыйна падпарадкоўвалася Беларускай чыгунцы [11]. Толькі ўвосень 1994 беларускі бок, які раней патрабаваў ад Летувы грашовую кампэнсацыю за выкарыстаньне станцыі, перадаў яе Летуве бязвыплатна.

На 2021 год налічвалася 26 пунктаў пропуску празь дзяржаўную мяжу Беларусі з 4-ма зь 5 суседніх краінаў, зь іх 22 былі грузапасажырскімі, 3 пасажырскімі і 1 грузавым. Па 2 пункты пропуску з Латвіяй, Летувой і Польшчай мелі электронную чаргу. На беларуска-ўкраінскай мяжы 4 з 12 пунктаў пропуску былі міждзяржаўнымі, таму прызначаліся толькі для грамадзянаў Беларусі і Ўкраіны.

  • 2 з Латвіяй — Грыгораўшчына (Дрысенскі раён, Віцебская вобласьць) і Ўрбаны (Браслаўскі раён, Віцебская вобласьць) — міжнародныя грузапасажырскія з электроннай чаргой;
  • 6 зь Летувой — Катлоўка (Астравецкі раён, Гарадзенская вобласьць), Лоша (Гарадзенская вобласьць), Каменны Лог (Ашмянскі раён, Гарадзенская вобласьць), Відзы (Браслаўскі раён, Віцебская вобласьць), Беняконі (Вярэнаўскі раён, Гарадзенская вобласьць) і Прывалка (Гарадзенскі раён) — усе міжнародныя, зь якіх 2 пасажырскія і 4 грузапасажырскія, у тым ліку 2 з электроннай чаргой;
  • 6 з Польшчай — Брузгі (Гарадзенскі раён), Бераставіца (Гарадзенская вобласьць), Пясчатка (Камянецкі раён, Берасьцейская вобласьць), Казловічы (Ленінскі раён Берасьця), Берасьце і Дамачава (Берасьцейскі раён) — усе міжнародныя, зь іх па адным грузавым і пасажырскім ды 4 грузапасажырскія, зь якіх 2 з электроннай чаргой;
  • 12 з Украінай — Тамашоўка (Берасьцейскі раён), Олтуш (Маларыцкі раён, Берасьцейская вобласьць), Макраны (Маларыцкі раён), Махро (Янаўскі раён, Берасьцейская вобласьць), Невель (Пінскі раён, Берасьцейская вобласьць), Верхні Церабяжоў (Столінскі раён, Берасьцейская вобласьць), Глушкавічы (Лельчыцкі раён, Гомельская вобласьць), Новая Рудня (Ельскі раён, Гомельская вобласьць), Аляксандраўка (Нараўлянскі раён, Гомельская вобласьць), Камарын (Брагінскі раён, Гомельская вобласьць), Новая Гута (Гомельскі раён) і Весялоўка (Добрускі раён, Гомельская вобласьць) — усе 12 грузапасажырскія, зь іх 4 міждзяржаўныя (толькі для грамадзянаў Беларусі і Ўкраіны) і 8 міжнародных[12].
  1. ^ Слова мяжа атрымала значэньне 'дзяржаўнай граніцы' ў пачатку XX стагодзьдзя. У міжваенны час граніца і мяжа былі ў гэтым значэньні сынонімамі. Толькі ў 1980-я гады для мескіх беларускамоўных слова мяжа стала асноўным дзеля пазначэньня лініі міждзяржаўнага падзелу[1]
  1. ^ Вінцук Вячорка, Памежнікі ці пагранічнікі? А што яны мусяць ахоўваць? Пра назву важнай службы, Радыё Свабода, 24 лістапада 2021 г.
  2. ^ Мечыслаў Грыб. Канстытуцыя 1994 году (Мяжа — артыкулы 6, 9, 10, 18, 30 і 87) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 2003 г. Праверана 18 траўня 2021 г.
  3. ^ Артыкул 1 Закону Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь» // Ведомости Верховного Совета Республики Беларусь. 1992. № 31. Ст. 509; Ведомости Национального собрания Республики Беларусь, 1999 г., № 4, ст. 89.
  4. ^ А. Лукашэнка. Канстытуцыя 1994 году са зьмяненьнямі і дапаўненьнямі (Мяжа — артыкулы 9, 10, 18 і 30) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 2004 г. Праверана 18 траўня 2021 г.
  5. ^ Государственная территория и государственная граница Республики Беларусь
  6. ^ Прохождение государственной границы Республики Беларусь и ее обозначение
  7. ^ Государственная территория и государственная граница Республики Беларусь
  8. ^ Депутаты рассмотрят договор о белорусско-украинской границе // Interfax, 5.01.2010
  9. ^ Вопрос по ратификации Договора о белорусско-украинской границе может быть решен в ближайшее время — посол Украины // Interfax, 04.11.2009
  10. ^ Кацярына Нячаева (19 студзеня 2010) Для дэмаркацыі беларуска-ўкраінскай граніцы спатрэбіцца да дзесяці гадоў - І.Рачкоўскі. Беларускае тэлеграфнае агенцтваПраверана 14 верасьня 2010 г.
  11. ^ Алег Трусаў. Як мяняліся нашы межы ў ХХ ст. // «Наша Слова» № 32 (820) 22 жніўня 2007 г.
  12. ^ Пункты пропуску // Дзяржаўны памежны камітэт Рэспублікі Беларусь, 2021 г. Праверана 19 траўня 2021 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]