Перайсьці да зьместу

Электронныя грошы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Электронныя грошы — адзінкі кошту ў электронным выглядзе, выпушчаныя ў абарачэньне ў абмен на ўласна грошы і прымальныя ў якасьці сродку аплаты пры ажыцьцяўленьні разьлікаў у сувязі з абавязкам выпускальніка вярнуць грошы ўсялякай асобе пры іх прад’яўленьні. У 1983 годзе амэрыканскі крыптограф Дэйвід Чаўм(en) выдаў дасьледаваньне аб магчымасьці выпуску лічбавых наяўных грошай. У 1990 годзе заснаваў адпаведнае прадпрыемства DigiCash(en). У 2000 годзе Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь увёў першае адпаведнае заканадаўства, што дазволіла выпуск такіх адзінак кошту камэрцыйнымі банкамі[1]. На 2015 год налічвалася 9 такіх банкаў[2].

26 лістапада 2003 году Нацбанк Беларусі Пастановай № 201 зацьвердзіў Правілы ажыцьцяўленьня апэрацыяў з электроннымі грашыма[1]. 6 кастрычніка 2004 году «Белгазпрамбанк» і прадпрыемства «Адкрыты кантакт» запусьцілі першы ў краіне аплатны шлюз(en) «EasyPay»(ru) для грашовых пераводаў і аплаты тавараў у Сеціве з выкарыстаньнем беларускіх рублёў. 1 ліпеня 2005 году «Белгазпрамбанк» дадаў безнаяўныя разьлікі «Берліё» для аплаты паліва і спадарожных тавараў на аўтазаправачных станцыях. 12 красавіка 2006 году «Тэхнабанк» падпісаў з расейскім прадпрыемствам «Вылічальныя сілы» (Масква) дамову аб разьліках «WebMoney»(en) у Беларусі, выпуск якіх пачаў 10 кастрычніка ў беларускіх рублях. 1 студзеня 2009 году «Парытэтбанк» сумесна з сотавым апэратарам «Мабільныя ТэлеСыстэмы» ў Беларусі і прадпрыемствам «БіСмарт» запусьціў паслугу «iPay» для аплаты тавараў шляхам сьпісаньня грошай з сотавага рахунку. Пазьней «Трастбанк» і «Прыёрбанк» далучыліся да выпуску «iPay» для сотавага апэратару «Лайф».

29 кастрычніка 2012 году «Прыёрбанк» пачаў ажыцьцяўляць разьлікі для тэрміналаў «Аб’яднанай сыстэмы імгненных плацяжоў»(ru), што належалі расейскаму прадпрыемству «Ківі». 1 ліпеня 2013 году «Прыёрбанк» сумесна з расейскім прадпрыемствам «Ківі»(en) адчыніў аплатны шлюз «Belqi». У жніўні «ІнтэрПэйБанк» запусьціў паслугу «Адзіны гаманец»(ru) ад расейскага «Інфармацыйна-працэсінгавага цэнтру» (Арэнбург), супрацу зь якім 17 красавіка 2015 году пераняў банк «Масква-Менск». 23 красавіка 2014 году «Прыёрбанк» выпусьціў першую перадаплочаную картку «БелКарт»[3]. У наступным «Белаграпрамбанк», «Беларусбанк» і «Белінвэстбанк» далучыліся да выпуску перадаплочаных картак «МайстарКард»(en) (Пэрчэс(en), штат Нью-Ёрк, ЗША) і «Visa»(en) (Фостэр-Сіці(en), штат Каліфорнія, ЗША). За 2014 г. банкі Беларусі выпусьцілі 3277,291 млрд электронных рублёў ($319,419 млн)[4]. На 1 студзеня 2015 г. налічвалася 2 858 611 электронных гаманцоў (30% ад насельніцтва Беларусі)[1].

  1. ^ а б в Электронныя грошы // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 14 жніўня 2015 г. Праверана 17 кастрычніка 2015 г.
  2. ^ Электронныя грошы ў Беларусі выпускаюць 9 банкаў // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 14 жніўня 2015 г. Праверана 17 кастрычніка 2015 г.
  3. ^ Уладзіслаў Кулецкі. Грошы на хакейным полі // Алімпіец. — 23 красавіка 2014. — № 3 (24). — С. 6.
  4. ^ Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2014 год (10 260,18 руб за $) // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь Праверана 17 кастрычніка 2015 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]