Перайсьці да зьместу

Актавіян Аўгуст

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Актавіян Аўгуст
лац. Gaius Iulius Caesar Augustus
1-ы рымскі імпэратар
Бюст імпэратара. Капіталійскі музэй, Рым.
1-ы Рымскі імпэратар
Наступнік Тыбэрыюс
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Gaius Octavius Thurinus
Нарадзіўся 23 верасьня 63 да н. э., Рым
Памёр 19 жніўня 14, Нола
Пахаваны Рым, Італія
Нашчадкі Юлія Старэйшая
Дынастыя Дынастыя Юліюсаў-Кляўдыюсаў
Жонкі Клёдыя Пульхра
Скрыбонія
Лівія Друзільлё
Бацька Гай Актавіюс
Маці Атыя Бальба Цэзонія

Гай Ю́ліюс Цэ́зар Актавія́н А́ўгуст (па-лацінску: Gaius Iulius Caesar Octavianus, пры нараджэньні — Гай Актавіюс Турын, па-лацінску: Gaius Octavius Thurinus; 23 верасьня 63 году да н. э., Рым — 19 жніўня 14 году, Нола) — рымскі палітык, першы імпэратар Рыму, заснавальнік прынцыпату пад іменем Imperator Caesar Augustus, з 16 студзеня 27 году да н. э., Вялікі пантыфік з 12 году н. э. Бацька айчыны з 2 году да н. э. Унучаты пляменьнік Юліюса Цэзара, усыноўлены ім у тэстаманце.

Таксама шматкратны консул (43 год да н. э., 33 да н. э., 31 да н. э. — 23 да н. э., 5 да н. э., 2 да н. э., трыбун (па-лацінску: Tribuniciae potestatis), з 23 да н. э.), цэнзар (з 29 году да н. э.). Поўны тытул да моманту сьмерці: Imperator Caesar Divi filius Augustus, Pontifex Maximus, Consul XIII, Imperator XXI, Tribuniciae potestatis XXXVII, Pater Patriae (Імпэратар, сын Боскага Цэзара, Аўгуст, Вялікі Пантыфік, 13-ы Консул, 21-ы Імпэратар, нададзены ўладай народнага трыбуна 37 разоў, Бацька Айчыны).

Паходзіў з заможнага плебэйскага роду, пераведзенага Юліюсам Цэзарам у патрыцыі. Рос у становішчы сталай барацьбы за ўладу. Меў слабае здароўе, але імкнуўся ў палітыку і, стаўшы цэзарыянцам, ужо ў 15 гадоў выконваў дзяржаўныя даручэньні й пэўны час нават быў прэфэктам Рыму. У адкрытым пасьля сьмерці Цэзара тэстаманце быў усыноўлены Цэзарам й атрымаў ад яго большую частку маёмасьці. Пасьля ваганьняў і насуперак матчынай волі Актавіян вырашыў прыняць дары ў спадчыну, зьехаў у Рым, абвесьціў, што зробіць усё магчымае для выкананьня пасьмяротнае волі Цэзара й адпомсьціць забойцам.

Актавіян набраў папулярнасьці й пасябраваў з Цыцэронам. У выніку бязьлітаснага змаганьня й сэрыі міжусобных войнаў Актавіян заваяваў уладу, стаўшы першым імпэратарам і ўсталяваўшы стабільнасьць у краіне. Яму давялося сутыкнуцца зь іншым цэзарыянцам — Маркам Антоніюсам, і каб мець ягоную прыхільнасьць, малады консул вымушаны быў даць згоду на забойства Цыцэрона.

Зьнешняя палітыка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Статуя Актавіяна Аўгуста

Зьнешнепалітычная дзейнасьць Аўгуста, накіраваная на ўмацаваньне магутнасьці Рыму, была адзначана як посьпехамі, гэтак і паразамі. Пры ім было завершана заваяваньне Гішпаніі ў 2719 гадох да н. э. Пірэнэйскі паўвостраў і Галія трывала ўвайшлі ў сыстэму рымскіх правінцыяў. Тыбэрыюс, старэйшы сын Лібіі, пакарыў Панонію й Далматыю. Ля падножжа Альпаў Актавіяна Аўгуста ўсталяваў помнікі сваім перамогам над горнымі плямёнамі, рэшткі гэтых велічных збудаваньняў яшчэ й цяпер можна бачыць у Сузе й Аосьце. Германік, малодшы сын Лібіі, дасягнуўшы берагоў Эльбы, падпарадкаваў заходніх германцаў, такім чынам была ўмацаваная мяжа па Райне.

Найвялікшую сваю няўдачу Аўгуст атрымаў у 9 годзе н. э., калі тры рымскія легіёны пад камандаваньнем Публіюса Квінтыліюса Вара былі разьбіты ў Тэўтобурскім Лесе ў выніку раптоўнага нападу германцаў пад правадырствам Армініюса. Акрамя гэтай падзеі яшчэ й наймагутнейшае паўстаньне ў Паноніі ў 69 гадох н. э. вымусілі Аўгуста адмовіцца ад далейшых паходаў. Там, дзе рымляне не засноўвалі новых правінцыяў, іхны ўплыў гарантаваўся саюзнымі дзяржавамі, як то Тракіяй, Кападокіяй, Комагенай і іншымі.

Частка спэцыялістаў схіляецца да думкі, што пад прыкрыцьцём міратворчых лёзунгаў Аўгустам у рэчаіснасьці прадпрымалася грандыёзная й прадуманая праграма па поўным заваяваньні айкумэны[6]. Колькасьць і арганізацыя рэфармаванага рымскага войска дазваляла ў сьціслыя тэрміны мабілізаваць значныя сілы для вядзеньня наступальных апэрацыяў. Пасьля заваяваньня Гішпаніі войскі, якія набылі каштоўны вопыт баявых дзеяньняў у горнай мясцовасьці, былі перакіданы ў Паўночныя Альпы, дзе, пад падставай неабходнасьці прадухіленьня набегаў на Італію барбараў, да Рымскай дзяржавы былі далучаны новаўтвораныя правінцыі Норык і Рэцыя. Гэта вывела рымлянаў да мяжы Германіі з поўдня й дало магчымасьць нанесьці канцэнтраваны ўдар па зьбежных напрамках у цэнтар ейнай тэрыторыі. На ўсходзе рымляне ўсталявалі сваё панаваньне ў Баспорскім царстве ў Крыме й, карыстаючыся саслабленьнем Партыі з прычыны дынастычнай звады, заключылі зь ёй новую мірную дамову на больш выгадных для сябе ўмовах: партыяне вярнулі сьцягі й палонных, захопленых пры разгроме Краса.

Не апошнюю ролю ў ваеннай актыўнасьці Аўгуста гуляла й неабходнасьць гучных вайсковых посьпехаў, здольных умацаваць ягонае становішча на ўнутранай арэне. Так, у часы ягонага панаваньня тройчы закрываўся храм Януса й абвяшчалася, што «ўсе народы цяпер пачціва трываюць рымскі закон» — мелася на ўвазе, што такое становішча рэчаў дасягнута не ў апошнюю чаргу сілай зброі, што накіроўваецца рукой прынцэпса. Тыя ж матывы заахвоцілі яго аб’явіць пра пераможнае заканчэньне паходу ў Брытанію, але цьвёрда вядома, што ў Брытаніі Аўгуст не ваяваў, і дэманстраваць нібыта ўзятыя там трафэі, захопленыя на самой справе Гаем Юліюсам Цэзарам.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]