Перайсьці да зьместу

Гісторыя Слуцку

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Плян Слуцкай фартэцыі

Слуцакмагдэбурскае места, цэнтар гістарычнага рэгіёну, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Колішняя рэзыдэнцыя князёў Алелькавічаў, якая за Радзівіламі стала цэнтрам вытворчасьці шаўковых паясоў, аднаго з сымбаляў беларусаў. У 1920 годзе ў ваколіцах Слуцку адбылося ўзброенае выступленьне ў абарону незалежнасьці Беларусі. Да нашага часу захаваліся барокавыя царква Сьвятога Міхала Арханёла і жылы корпус кляштару бэрнардынаў, клясыцыстычныя будынкі шляхецкага сходу, Трайчанскага манастыра і кальвінскай гімназіі, помнікі архітэктуры XVIII—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся мескія ўмацаваньні з трыма мураванымі брамамі, зруйнаваныя расейскімі ўладамі, а таксама царква Сьвятой Тройцы, касьцёл Сьвятога Антонія, кальвінскі збор і сынагога, помнікі архітэктуры XVII—XIX стагодзьдзяў, зьнішчаныя савецкімі ўладамі. Апроч таго, у месьце знаходзілася вялікая колькасьць помнікаў традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры.

Траецкая царква. Абраз XVII ст.
Царква, XVII ст.

Першым пісьмовым упамінам пра Слуцак традыцыйна лічыцца запіс у «Аповесьці мінулых гадоў»: «В лѣто 6624. Приходи Володимеръ на Глѣба; Глѣбъ бо бѧше воевалъ Дрѣговичи и Случескъ пожегъ…»[1] Між тым, у розных гістарычных крыніцах існуюць ўпаміны Слуцку раней за 1116 год, якія ня маюць спасылак на дакумэнты: паводле зьвестак кіева-пячэрскага архімандрыта Ёсіфа Трызны (XVII ст.), Уладзімер Сьвятаславіч надаў Тураўскай япархіі ў 1005 годзе разам зь іншымі гарадамі і Слуцак[2]. Каля 1020-х гадоў у абмен на вайсковую падтрымку Кіева Менскі ўдзел быў перададзены Полацкаму княству, праз што Слуцак надоўга стаў памежным фарпостам Тураўскае зямлі, што цягам двух наступных стагодзьдзяў вызначала яго сувязі. У пачатку ХІІ ст. Слуцак з навакольлем некалькі разоў ваяваў Глеб Менскі, але беспасьпяхова.

У 1160 годзе Слуцак паводле запавету тураўскага князя Юрыя стаў сталіцай удзельнага Слуцкага княства, першым князем якога быў Уладзімер Мсьціславіч, унук Уладзімера Манамаха. Княжаньне яго доўжылася два гады, па чым яго зрынула група князёў, ачоленых Расьціславам Мсьціславічам, ягоным братам і кіеўскім князем. На кароткі час Слуцкае княства ўвайшло ў склад Тураўскага, але ў 1190-я гады канчаткова адасобілася ад іншых[2].

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Праект ратушы, 1650

У першай палове XIV ст. Слуцкае княства далучылася да Вялікага Княства Літоўскага. Уладзімер Альгердавіч, брат Ягайлы, замест Кіеўскага княства атрымаў меней магутнае Слуцкае. Алелькавічы, нашчадкі Ўладзімера Альгердавіча, валодалі княствам у 1395—1612 гадох[2]. У Сьпісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх (канец XIV ст.) Слуцак значыцца сярод «літоўскіх» замкаў.

Вуліца Ўсьцінаўская. Касьцёл і кляштар бэрнардынаў

У XV ст. Слуцак стаў адным з буйных фэадальных гарадоў. Тут існавалі Верхні, Ніжні і Новы замкі. Узрасла роля Слуцку ў палітычным жыцьці Вялікага Княства Літоўскага. У 1433 годзе места было цэнтрам выступленьня незадаволеных фэадалаў супраць вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча[3]. У 1481 годзе тут сплянавалі і распачалі выступленьне ўжо супраць Казімера Ягайлавіча[3].

У грамаце 1441 году кароль і вялікі князь Казімер пералічыў 15 найбольшых местаў Вялікага Княства Літоўскага, сярод якіх значыўся Слуцак. 21 красавіка 1441 году трэцім зь местаў сучаснай Беларусі яму надалі Магдэбурскае права паводле граматы[4]. Слуцак таксама стаў першым прыватнаўласьніцкім местам, які атрымаў права на самакіраваньне, бо ўсе папярэднія належалі да дзяржаўнага скарбу. Органам самакіраваньня зьяўляўся магістрат, ачолены войтам і бурмістрамі[3].

Улетку 1502 году адбыўся першы набег татараў на Слуцак. Князь Сямён Алелькавіч з ваяводам падольскім Янам Бучацкім разьбілі загон татараў колькасьцю 150 чалавек (паводле зьвестак Хронікі Літоўскай і Жамойцкай — 1500)[5] на рацэ Вушы пад Бабруйскам[6]. У Хроніцы Быхаўца ёсьць зьвесткі на гэты конт:

Тою ж восеньню прыйшла вестка каралю Аляксандру, што татары, перайшоўшы раку Прыпяць, ваююць па воласьцях. І кароль напісаў да князя Сямёна Міхайлавіча Слуцкага і паслаў яму на дапамогу ваяводзіча падольскага Яна Бучацкага, а зь ім дваран сваіх літоўскіх ды рускіх і радцаў нямала. Князь жа Сямён Слуцкі з панам ваяводзічам і з усімі вышэйназванымі дваранамі гналіся за татарамі і дагналі некаторых за Бабруйскам, за шэсьць міляў ад гораду, на рацэ Ўшы. Было іх усяго паўтары сотні. І, дагнаўшы, пабілі іх і назад вярнуліся.

Арыгінальны тэкст  (ст.-бел.)
Toie że oseni pryde west korolu Alexandru, iże tatarowe, pereszedszy reku Prypiat, wojuiut po wołostem. Korol że pisał do kniazia Semena Michayłowicza Słuckoho, y posłał k nemu na pomocz wojewodycza podolskoho pana Jana Buczackoho, a s nim dworan swoich litowskich y ruskich y racow nemało; kniaź Semen że Słucki z panom wojewodyczom y so wsimi wyszereczennymi dworany honili za tatary y dohnali ich nemnohich za Bobruyskom w szesty milach, na rece na Usze; było ich tolko pułtorasta.

Хроніка Быхаўца, частка трэцяя

Царква Сьвятога Сімяона

5 жніўня 1506 году, у час аднаго з наступных набегаў, войска Вялікага Княства Літоўскага на чале зь Міхалам Глінскім ўшчэнт разьбіла крымскіх татараў пад Клецкам.

Зарэчча. Касьцёл езуітаў, XVIII ст.

З 1507 году Слуцак увайшоў у склад Наваградзкага ваяводзтва, у гэты час тут існавалі замкавы суд і паспалітае рушаньне[7]. У 1508 годзе князь Міхал Львовіч Глінскі ўчыніў фэадальны мяцеж, у час якога Слуцак быў спалены, акрамя замка. З прычыны разбурэньня места і зьнішчэньня большай часткі ягонага насельніцтва татарамі, а таксама паўстаньня князь слуцкі Сямён Алелькавіч адклікаў права на самакіраваньне[8].

Па сьмерці Юрыя Алелькавіча (1578 год) у 1582 годзе Слуцак падзялілі паміж сабой тры ягоныя сыны на тры часткі: Старое Места, Новае Места і Востраў (прадмесьце па-за мескімі ўмацаваньнямі) — у кожнай зь якіх быў свой князь і войт[9]. Такім чынам, места кіравалася трыма князямі і трыма войтамі. Слуцак быў зноў аб’яднаны ў 1592 годзе: па сьмерці Юрыя ў траўні 1586 году, Аляксандра — у чэрвені 1591 году і Яна Сямёна — у сакавіку 1592 году ўся спадчына дасталася малалетняй дачцы Ю. Алелькавіча Соф’і, якую апякаў спачатку Юры, а потым яго брат Геранім Хадкевіч.

Пячатка магістрату

Соф’я Алелькавіч, апошняя прадстаўніца роду Алелькавічаў[10], памерла 19 сакавіка 1612 году ў час родаў, нарадзіўшы нежывое дзіця[11], па чым ўся маёмасьць перайшла да яе мужа Януша VI Радзівіла[12].

У траўні 1617 году ў Слуцку заклалі кальвінскую гімназію, якую адкрылі ў 1624 годзе[13]. Таго ж году таксама адкрылася школа для месьцічаў[13]. У 1630—1640 гады Багуслаў Радзівіл ператварыў Слуцак у места-фартэцыю; пры княскім двары вёўся Слуцкі летапіс, існавала бібліятэка, на падставе кніг і летапісу якой напісаў сваю «Хроніку» Мацей Стрыйкоўскі[14].


Захаваліся сьведчаньні азначэньня жыхароў Слуцку і ваколіцаў ліцьвінамі: «показывал… тот литвин Федька [Яковлев слутчанин] проезжею память, писана по-литовски» (1621 год)[15], «старец Мелетий (литвин Слуцкого уезда)» (1624 год)[16], «…литвину слутчанину Василью Павлову <…> литвину слутчанину Илье Павлову» (1675 год)[17], «…сказался Мартинко родом литвин[a] города Слутца» (1684—1685 гады)[20]. У матрыкуле Марбурскага ўнівэрсытэту пад 1682 годам значыцца Florianus Svida Lithuanus Sluccensis[21], у матрыкуле Франкфурцкага ўнівэрсытэту пад 1695 годам — Daniel Borźimowski, Slucensis Litwanus[22], у матрыкуле Гданьскага ўнівэрсытэту пад 1700 годам — Vladislaus et Boguslaus Kopiewicz, Slucensis, Lithvani[23], у матрыкуле Гальскага ўнівэрсытэту пад 1707 годам — Petr. Wolck, Slucko-Litvanus[24], у матрыкуле Каралявецкага ўнівэрсытэту пад 1711 годам — Myslick Joh., Schluzka-Litthuan. <…> Chomontowski Mich., Schluzka-Litthuan., таксама пад 1717 годам — Joschmannus Joh., Sluzko-Lithvan.[25]

Трайчанскі манастыр. Н. Орда, 1864

На просьбу жыхароў Слуцку, перададзеную Багуславам Радзівілам каралю 27 жніўня 1652 году, места паўторна атрымала Магдэбурскае права, пацьверджанае 24 сакавіка 1653 году соймам Рэчы Паспалітай[26]. Згодна з прывілеем, Слуцку таксама надалі герб. Паводле адных зьвестак, гэта была «Пагоня» («у чырвоным полі на белым кані збройны рыцар імчыцца ўлева»[26]). Згодна зь іншымі крыніцамі, места атрымала герб «Пагоньчык» («у блакітным полі срэбны конь з крыламі; на чырвонай гуньцы пад княскай каронай манаграма Radzivil Dux»[27]; таксама разглядаецца вэрсія, што манаграма расшыфроўваецца як Boguslaus Radzivil Dux[28]), што таксама пацьвярджаецца знаходжаньнем гэтага гербу на мескай пячатцы ў XVII—XVIII стагодзьдзях[26].

Гімназія і збор на Сэнатарскай вуліцы. Н. Орда, 1864

У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) маскоўскія войскі некалькі разоў спрабавалі захапіць места, але здабыць яго так і ня здолелі. Хоць сам Слуцак ня быў разбураны, аднак захопнікі спалілі і зруйнавалі ягоныя прадмесьці[26]. У той час грамадзка-палітычная сытуацыя ў Слуцку была нестабільнай, што прыводзіла да выступленьняў супраць уладаў места. Гэтак, у 1661 годзе мяшчанаў незадаволіла ўвядзеньне новага гандлёвага падатку[29]. У 1684, 1685, 1695 і 1699 гадох адбыліся выступленьні жыхароў[29].

З 1672 годзе ў Слуцку працавала друкарня, перавезеная сюды зь Мітавы. На ёй друкаваліся як кнігі рэлігійнага зьместу, гэтак і сьвецкая літаратура, календары, геаграфічныя даведнікі. У 1673—1687 гадох з друкарні выйшла 23 кнігі агульным накладам 24 200 асобнікаў[30]. Аднак у 1705 годзе яе перавезьлі ў Каралявец.

Гімназія, абмеры

У Вялікую Паўночную вайну Слуцак тройчы наведваў маскоўскі гаспадар Пётар I, а 12 траўня 1706 году ў месьце спыняўся швэдзкі кароль Карл XII. У гэты час тут праходзіў Генэральный сынод пратэстантаў Вялікага Княства Літоўскага[31].

На 1683 год у Слуцку працавала 16 рамесных цэхаў (у 1777 годзе — 18)[32]. У 1730—1740-я гады ў месьце ўзьніклі суконная, палатняная мануфактуры, Слуцкая мануфактура шаўковых паясоў. У XVII ст. у Слуцку зьявілася першая на тэрыторыі сучаснай Беларусі аптэка[33].

20 сакавіка 1767 году ўтварылася Слуцкая канфэдэрацыя, мэтай якой было прымусіць Станіслава Аўгуста Панятоўскага ўраўнаць у правах канфэдэратаў і каталіцкую шляхту[34]. Фактычна мэтай гэтай канфэдэрацыі, як і Торунскай пратэстанцкай і Радамскай каталіцкай канфэдэрацыяў, была дэстабілізацыя ўнутранага становішча Рэчы Паспалітай[34]. Канфэдэрацыю прыняла пад «найвышэйшую пратэкцыю» Кацярына II, расейская імпэратрыца.

У лістападзе 1791 году на базе Слуцкага княства ўтварыўся Случарэцкі павет у складзе Наваградзкага ваяводзтва.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Герб Слуцкага павету

Па падпісаньні канвэнцыі аб другім падзеле Рэчы Паспалітай 23 студзеня [ст. ст. 12 студзеня] 1793 году Слуцак разам зь іншымі местамі Вялікага Княства Літоўскага апынуўся пад уладай Расейскай імпэрыі, дзе ў якасьці павятовага цэнтру ўвайшоў у склад Менскай губэрні[34]. Новыя ўлады пайшлі на паступовае выкараньне практыкі прыватнаўласьніцкіх местаў і мястэчак, што было неўласьціва самой Расеі[35]. Працэс набыцьця дзяржавай Слуцку цягнуўся амаль паўстагодзьдзя. Дамінік Радзівіл, уласьнік Слуцку ў пачатку XIX ст., прапанаваў міністру ўнутраных справаў Аляксею Куракіну(be) адкласьці выплату доўгу на 15 гадоў з дазволам набыць Слуцак. Але ў вайну 1812 году Д. Радзівіл перайшоў на бок Напалеона і браў удзел у кампаніі супраць Расейскай імпэрыі. Улетку 1813 году расейскія ўлады сэквэстравалі ўсю ягоную ўласнасьць, а 11 лістапада на бітве пад Ханаў Д. Радзівіл загінуў. У 1814 годзе ўсю маёмасьць вярнулі ягоным сваякам — дачка Стэфанія атрымала Слуцак і Капыль.

Вуліца Фарская. Фарны касьцёл

Па сьмерці Стэфаніі Радзівіл у 1832 годзе ўся маёмасьць, у тым ліку і Слуцак, перайшла да яе мужа — Людвіга Вітгенштэйна. Па некалькіх гадох ліставаньня 10 сьнежня 1846 году места набылі ў дзяржаўны скарб за 342 821 рубель срэбрам[36].

Дакумэнт Слуцкай духоўнай вучэльні Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі, у якім загадваецца прымушаць вучняў як у час заняткаў, так і па-за заняткамі размаўляць выняткова на расейскай мове, а за беларускую мовуштрафаваць

У 1823 годзе быў складзены плян забудовы Слуцку, які прадугледжваў упарадкаваньне вулічнай сеткі, будаваньне новых будынкаў, зьліцьцё цэнтру з ускраінамі. У 1831 годзе завяршылася будаваньне дзялянкі Маскоўска-Варшаўскай шашы, што праходзіла праз Слуцак і павет (работы на самой шашы скончыліся ў 1846 годзе)[36].

У 1896 годзе пачалося будаваньне чыгуначнай лініі Асіпавічы — Слуцак, але на 1904 год лінію давялі толькі ад Асіпавічаў да Ўрэчча. Работы на чыгунцы скончыліся толькі ў 1915 годзе. Таксама існавала вузкакалейная чыгунка да Ляхавічаў[37]. Да гэтага пасажыры перавозіліся ў адных зь першых на тэрыторыі сучаснай Беларусі аўтобусах. У часе выбараў у 1909 годзе ў мескую раду абралі 10 праваслаўных, 4 каталікоў і 1 юдэя[38].

Этнограф і фальклярыст Аляксандар Сержпутоўскі засьведчыў бытаваньне на Случчыне ў канцы XIX — пачатку XX стагодзьдзяў саманазвы «ліцьвіны»[b][39]. Бытаваньне ў гэты час саманазвы «ліцьвіны» таксама засьведчыў беларускі паэт і эміграцыйны дзяяч Аляксандар Яцэвіч (Алесь Змагар)[40][c]. Яшчэ ў 1808 годзе ў матрыкуле Каралявецкага ўнівэрсытэтуту адзначыўся Cichanski Alexander aus Sluczk in Russia Lithuan[us][41].

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Слуцак занялі войскі Нямецкай імпэрыі. Таго ж году ў месьце дзеяў Беларускі нацыянальны камітэт, адкрылася беларуская гімназія.

Халодная сынагога, 1921

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Слуцак абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У месьце ўтварылася Беларуская рада, а жыхары Слуцку і Вязьненскай, Грэскай, Кіявіцкай, Круговіцкай, Ляхавіцкай, Пагосцкай, Пацейкаўскай, Раманаўскай, Слуцкай, Царэвіцкай і Цялядавіцкай воласьцяў Слуцкага павету атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР[42]. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Слуцак увайшоў у склад Беларускай ССР. Таго ж году пачала дзеяць культурна-асьветніцкая арганізацыя «Папараць-кветка». 10 жніўня 1919 году Слуцак занялі польскія войскі, а 15 верасьня яго ўлучылі ў склад Грамадзкай управы Ўсходніх земляў (ГУУЗ), часовай польскай адміністрацыйнай адзінкі; цэнтар павету Менскай акругі ГУУЗ[43]. 15 ліпеня 1920 году Слуцак занялі бальшавікі.

У лістападзе — сьнежні 1920 году на Случчыне адбылося ўзброенае антыбальшавіцкае паўстаньне, мэтай якога была абарона незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі[44]; Слуцкі збройны чын жорстка здушыла Чырвоная Армія. У 1924 годзе Слуцак стаў цэнтрам акругі і раёну. 27 верасьня 1938 году ён атрымаў статус места абласнога падпарадкаваньня. У Другую сусьветную вайну з 27 чэрвеня 1941 да 30 чэрвеня 1944 году места знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху, у час якой дзеялі 3 лягеры сьмерці. Агулам нацысты зьнішчылі больш за 25 тысячаў чалавек, а жыдоўскае насельніцтва Слуцка было амаль цалкам зьнішчанае.

12 кастрычніка 1967 году ў Слуцку прайшлі масавыя хваляваньні, у час якіх жыхары места спалілі будынак савецкага суду[45]. У 2003 годзе знайшлося страчанае ў апошнюю вайну Слуцкае Эвангельле, якое ўпершыню трапіла ў Слуцак 22—24 траўня 2009 году.

Трайчанскі манастыр

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кальвінскі збор і гімназія

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Касьцёл і кляштар бэрнардынаў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ Ранейшыя сьведчаньні ўжываньня канструкцыі «родам ліцьвін (літоўка)»: «сіи Андрѣи бяше родомъ Литвинъ, сынъ Ерденевъ, Литовскаго князя»[18] (Траецкі летапіс пад 1289 годам); «литвин родом» (жывот Даўмонта Пскоўскага першай трэці XIV стагодзьдзя[19]); «родом литовка, а прозвище ей бысть литовское Августа» пра дачку вялікага князя літоўскага Гедзіміна (Ніканаўскі летапіс 1526—1530 гадоў, адкуль перайшло ў Ліцавы летапісны звод 1568—1576 гадоў)
  2. ^ рас. «Мало известные нам племена, жившие по берегам Припяти и ее левых притоков составили в исторические времена большой народ, который теперь принято называть белорусами. Сами себе они дают другие названия: живующих в малолесных полевых местах называют палевиками или лицьвинами, а занимающих полесскую часть Беларуси — палешуками»
  3. ^ «Што датычыцца майго дзеда па мацеры, то… ён быў таленавіты красамоўца — баечнік. Апавядаў ён вельмі цікавыя байкі, часта пераплятаючы з гістарычнымі слаўнымі падзеямі Вялікага Княства Літоўскага. „Ведайце, дзеткі, — казаў ён, — што мы ня рускія. Мы й не беларусы. Мы — ліцьвіны. Наша слаўнае калісь магутнае Вялікае Княства Літоўскае заваявалі маскалі, назвалі сябе рускімі, а нам далі назоў „беларусы“ дзеля падабенства з рускімі. Не забудзьце гэтага, як вырасьцеце. Любеце волю“»
  1. ^ Повѣсть временныхъ лѣт черноризца Федосьева манастыря Пачерьскаго
  2. ^ а б в Грыцкевіч 1985. С. 3—6.
  3. ^ а б в Грыцкевіч 1985. С. 7—9.
  4. ^ Даты, падзеі, людзі // Зьвязда : газэта. — 21 красавіка 2012. — № 79 (27194). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
  5. ^ Канановіч У. Набегі крымскіх татар на Случчыну // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Слуцкага р-на і г. Слуцка. Кн. 1. — Мн., 2000.
  6. ^ Грыцкевіч 1985. С. 10—11.
  7. ^ Грыцкевіч А. Слуцк // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 589.
  8. ^ Кананскі І. Загадкі слуцкага герба // Інфа-Кур’ер.
  9. ^ Грыцкевіч 1985. С. 12.
  10. ^ 890 год з часу першага летапіснага ўпамінання (1116) г. Слуцка
  11. ^ Святло далёкай зоркі
  12. ^ Грыцкевіч 1985. С. 14.
  13. ^ а б Грыцкевіч 1985. С. 129—130.
  14. ^ Семянчук А. Беларуска-літоўскія летапісы і польскія хронікі. — Горадня: ГрДУ, 2000. [1]
  15. ^ Русско-белорусские связи: сборник документов : 1570—1667 гг. — Минск, 1963. С. 78.
  16. ^ Малороссийское влияние на великорусскую церковную жизнь. Т. 1. — Казань, 1914. С. 31.
  17. ^ Русско-белорусские связи во второй половине XVII в. (1667—1686 гг.). Сборник документов. — Мн., 1972. С. 158—160.
  18. ^ Троицкая летопись. Реконструкция текста. Изд. М. Д. Присёлков. — М. — Л., 1950. С. 344—345.
  19. ^ Лосева О. В. Жития русских святых в составе древнерусских Прологов XII — первой трети XV веков. — М., 2009. С. 199—201.
  20. ^ Труды… Тульской Губернской Учетной Архивной Комиссии. Кн. 1. — Тула, 1915. С. 515.
  21. ^ Reklaitis P. Lietuvos studentai Marburge XVII ir XVIII amžiuje // Aidai. Nr. 3, 1978.
  22. ^ Aeltere Universitäts-Matrikeln: I. Universität Frankfurt. Bd. 2. — Leipzig, 1888. S. 235.
  23. ^ Oliančyn D. Aus dem Kultur- und Geistesleben der Ukraine // Kyrios. Vierteljahresschrift für Kirchen- und Geistesgeschichte Osteuropas. Bd. 2, 1937. S. 274.
  24. ^ Oliančyn D. Aus dem Kultur- und Geistesleben der Ukraine // Kyrios. Vierteljahresschrift für Kirchen- und Geistesgeschichte Osteuropas. Bd. 2, 1937. S. 276.
  25. ^ Die Matrikel der Albertus-Universität zu Königsberg i. Pr. 1544—1829. Bd. 2: Die Immatrikulationen von 1657—1829. — Leipzig, 1911/1912. S. 271, 297.
  26. ^ а б в г Грыцкевіч 1985. С. 17—20.
  27. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 234.
  28. ^ Карлюк К. Манаграма князя Багуслава або загадка герба Слуцка // Наша Ніва. — 2011. — № 23.
  29. ^ а б Грыцкевіч 1985. С. 22—23.
  30. ^ Грыцкевіч 1985. С. 114—115.
  31. ^ Катлярчук А. Швэды ў гісторыі й культуры беларусаў. — Вільня, 2007. С. 94.
  32. ^ Грыцкевіч А. Слуцк // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 590.
  33. ^ Упершыню Слуцкі краязнаўчы музей за 50-гадовую гісторыю паказвае сваю археалагічную калекцыю. Тэлеканал «ЛАД».
  34. ^ а б в Грыцкевіч 1985. С. 28—29.
  35. ^ Иванов В. Последние владельцы Слуцка (рас.) Інфа-Кур’ер
  36. ^ а б Грыцкевіч 1985. С. 33—37.
  37. ^ Грыцкевіч 1985. С. 41.
  38. ^ Tarasiuk D. Między nadzieją a niepokojem. — Lublin, 2007. S. 169.
  39. ^ Сержпутовский А. Земледельческие орудия белорусского Полесья // Материалы по этнографии России. Т. 1. — СПб., 1910. С. 45.
  40. ^ Алесь Змагар. Мой жыцьцяпіс // Беларуская мэмуарыстыка на эміграцыі. — Нью-Ёрк, 1999. С. 201—213.
  41. ^ Die Matrikel der Albertus-Universität zu Königsberg i. Pr. 1544—1829. Bd. 2: Die Immatrikulationen von 1657—1829. — Leipzig, 1911/1912. S. 692.
  42. ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
  43. ^ Gierowska-Kałłaur J. Powiat słucki w raportach agentów Wydziału Werbunkowo-Zaciągowego Okręgu Mińskiego Zarządu Cywilnego Ziem Wschodnich w roku 1919(недаступная спасылка) // Annales UMCS: Historia. — Vol. 65, Nr. 2. — Warsaw: Versita, 2010. S. 134.
  44. ^ Беларусь мяцежная: з гісторыі ўзброенага антысавецкага супраціву: 20-я гг. XX ст. / Н. Стужынская. — Вільня: 2000. С. 8
  45. ^ Згарэў у Слуцку суд народны… // Народная Воля. №185—186, 22 лістапада 2007 г.