Беларускі нацыянальны камітэт (Слуцак)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Белару́скі нацыяна́льны камітэ́т (БНК) у Слуцку, таксама Слуцкі беларускі нацыянальны камітэт, Часовы беларускі нацыянальны камітэт Случчыны — прадстаўнічы орган беларускіх нацыянальных арганізацыяў Случчыны ў 1918—1920 гадах.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Створаны ў красавіку 1918 году. У кіраўніцтва ўвайшлі Яніслаўскі (старшыня), С. К. Петрашкевіч (сакратар), М. А. Асьвяцімскі (скарбнік). Стаяў на пазыцыях Рады Беларускае Народнае Рэспублікі. Меў на мэце пашырэньне нацыянальнае сьвядомасьці беларусаў, арганізацыю беларускага школьніцтва, культурна-асьветных гурткоў, каапэратываў, матэрыяльна падтрымліваў таварыства «Папараць-кветка». У сьнежні 1918 году стварыў патрыятычную падпольную арганізацыю «Саюз абароны краю». Пасьля прыходу Чырвонае Арміі на нелегальным становішчы, бальшавікі арыштавалі Яніслаўскага, В. М. Русака, П. Я. Жаўрыда й іншых. Аднавіў дзейнасьць у студзені 1919 году. У новае кіраўніцтва выбраны Жаўрыд (старшыня), У. Дубіна, Русак, А. Ю. Бараноўскі й інш. Пры кіраўніцтве створаные аддзелы: арганізацыйны, культурна-асьветны, каапэратыўны, юрыдычны, дабрачынны. Меў цесную сувязь і фінансаваўся Часовым беларускім нацыянальным камітэтам у Менску. Палітычна знаходзіўся пад уплывам беларускіх эсэраў, падтрымліваў антыпольскі падпольны й партызанскі рух. Кааптаваў сваіх чальцоў у мясцовыя органы самакіраваньня, праводзіў культурна-асьветную работу, стварыў гарадзкую й павятовую беларускую міліцыю. У траўні 1920 году выступіў з пратэстамі ў адрас Польшчы й Савецкае Расеі, у якіх асудзіў тайныя перамовы пра падзел Беларусі. Падчас наступленьня Чырвонае Арміі (ліпень 1920 году) частка чальцоў камітэту (Петрашкевіч, Бараноўскі, Асьвяцімскі, К. Кецка й інш.) выступіла за супрацоўніцтва з савецкай уладай. 1 лістапада 1920 году створаны новы склад камітэту на чале з А. Паўлюкевічам, які стаяў на пазыцыях Найвышэйшае Рады БНР. На І-м беларускім зьезьдзе Случчыны 14 лістапада 1920 году перадаў свае паўнамоцтвы абранай Беларускай радзе Случчыны.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]